Вы тут

«Я ў адказе за салдат...»


На днях усю інфармацыйную прастору («Звязда» таксама пра гэта пісала) абляцела навіна: старшы лейтэнант падарыў другое жыццё вайскоўцу тэрміновай службы, які выпусціў з рук баявую гранату. Па гарачых слядах удалося высветліць толькі тое, што гэтая гісторыя, якая адбылася на вучэбным палігоне 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, са шчаслівым канцом. Сёння мы падрабязна раскажам пра чалавека, які, рызыкуючы сабой, папярэдзіў трагедыю.


Адведаць Аляксея Харламава ў ваенны медыцынскі цэнтр прыйшлі мінскія сувораўцы. Фота: «Ваяр»

Аляксей Харламаў, які ўласна і з'яўляецца аўтарам подзвігу, яшчэ знаходзіцца ў 432-м галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл. Адчувае намеснік камандзіра мотастралковай роты па ідэалагічнай рабоце сябе добра, але ў сувязі з напружанай эпідэміялагічнай абстаноўкай асабіста пазнаёміцца з вайскоўцам не атрымалася. Затое мы доўга размаўлялі па тэлефоне: бадзёры, жыццярадасны голас ніколькі не выдае таго, што яшчэ нядаўна ў целе гэтага чалавека знаходзілася каля 30 аскепкаў гранаты, а сам ён увогуле быў за некалькі крокаў (прычым у прамым сэнсе) ад смерці.

Той дзень Аляксей памятае ў дэталях. Гэта былі планавыя заняткі па баявой падрыхтоўцы, ваеннаслужачыя брыгады выехалі на палігон. Старшы лейтэнант кіраваў заняткамі па кіданні гранаты. Папярэдне ваеннаслужачыя паспяхова прайшлі тэарэтычную падрыхтоўку. Перш-наперш салдаты тэрміновай службы кідалі вучэбныя гранаты, потым проціпяхотныя гранаты «РГД-5». І толькі паказаўшы добрыя вынікі падчас выканання практыкаванняў, перайшлі да кідання гранаты «Ф-1», якую ў народзе называюць «лімонкай».

Супадзенне ці не, за некалькі хвілін да пачатку заняткаў Аляксей Харламаў, які добра азнаёмлены з правіламі бяспекі, выпадкова зачапіўся вачыма за плакат, які паведамляў, што ў выпадку падзення боепрыпасу ні ў якім разе нельга яго падымаць. Вайсковец адразу выбудаваў у галаве міні-палан: як бы ён сябе павёў, калі б здарылася надзвычайная сітуацыя. Ніхто нават падумаць не мог, што адбудзецца яна ўжо праз некалькі гадзін...

Усё ішло па плане. Адзін за адным вайскоўцы спраўляліся з заданнямі. Афіцэр стаяў побач: кантраляваў працэс, даваў рэкамендацыі, як правільна кідаць гранату, у некаторых выпадках дапамагаў. Дайшла чарга і да таго салдата, з-за няўважлівасці якога магла здарыцца трагедыя.

— Ваеннаслужачы — малайчына, што не разгубіўся, — лічыць Аляксей Харламаў. — Ён уважліва слухаў мае каманды і добрасумленна выконваў тое, што я яму казаў. Пакуль салдат бег у небяспечнае месца, я адфутболіў гранату ў бок акопа (праўда, зусім крыху яна не дакацілася) і рынуўся за ім.

Далей усё было як у кіно. Адбыўся выбух. Афіцэр упаў на салдата, закрыўшы яго сваім целам. Затым цішыня...

— Ці праўда, што падчас выбуху ў чалавека перад вачыма пралятае ўсё жыццё? — пытаюся ў Аляксея.

— Сапраўды, гэта нешта перадсмяротнае, — прызнаецца ён. — Першая думка была: трэба жыць. Больш за ўсё я перажываў нават не за сябе: думаў, ці справіцца з гэтым болем мая мама, не хацеў прыносіць гора ў сем'і маіх родных і сяброў. Таму ўзяў сябе ў рукі і не дапусціў панікі.

Аляксей адразу зразумеў: паранены. Устаў, самастойна дайшоў да медыцынскага пункта. Першую дапамогу яму аказалі ў санчасці, затым за маладым чалавекам прыбыла машына з ваеннага медыцынскага цэнтра, дзе ўжо праз некалькі гадзін старшы лейтэнант быў прааперыраваны.

Ваеннаслужачы брыгады ўпэўнены: калі б не бронекамізэлька і каска, якія былі на ім, усё магло скончыцца інакш. Ён жартуе, што яшчэ лёгка абышлося. Кажучы гэта, чалавек, які атрымаў траўму спіны, удар у галаву, асколачныя раненні канечнасцяў, — безумоўна, рэдкі аптыміст і жыццялюб. І гэта пры ўсім тым, што адзін аскепак нават заляцеў яму пад бронекамізэльку. На шчасце, жыццёва важныя органы не закранула.

Салдат тэрміновай службы ўвогуле шчасліўшчык: нават ніякай драпіны не засталося. Тое, што сваім жыццём абавязаны камандзіру, вайсковец добра разумее: цяпер мае поўнае права адзначаць дзень нараджэння двойчы на год. А яшчэ Аляксей Харламаў, сам таго не падазраючы, зрабіў падарунак яго матулі: пазаштатная сітуацыя адбылася акурат напярэдадні Дня маці.

Сваёй жа маці афіцэр адразу пасля трагедыі патэлефанаваць не адважыўся. Перш звязаўся з сястрой, якая знайшла як паднесці ёй гэтую навіну. Праўда, супакоілася маці толькі тады, калі пачула сынаў голас. Яе можна зразумець. Жанчына выхоўвала сына адна. У свой час не хацела яго адпускаць вучыцца ў Мінскае ваеннае сувораўскае вучылішча: шкадавала — зусім жа яшчэ дзіця. Але на свой 12-гадовы ўзрост Аляксей быў вельмі сур'ёзны і мэтанакіраваны: ён з самага дзяцінства марыў насіць пагоны.

Пасля заканчэння сувораўскага малады чалавек паступіў у Ваенную акадэмію: пасля вучылішча гэта было нескладана. Не заўважыў, як праляцелі чатыры гады навучання. Па размеркаванні трапіў у вайсковую часць у Слоніме, адкуль да роднага пасёлка Поразава, што ў Свіслацкім раёне, — рукой падаць. Каб не выпадак з гранатай, то пасля службы акурат збіраўся наведаць маці, павіншаваць яе са святам.

— Калі б можна было вярнуць усё назад, паступілі гэтак жа? — цікаўлюся ў Аляксея напрыканцы размовы.

— А як іначай!? — здзіўляецца ён. — Я адказваю за жыццё і здароўе сваіх салдат. Адзінае: калі можна было б вярнуцца ў мінулае, я б падалей адштурхнуў гранату…

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.