Вы тут

Лукашэнка: «У Гродзенскай вобласці сітуацыя з COVID-19 лепшая, чым у іншых абласцях»


«У Гродзенскай вобласці сітуацыя з COVID-19 лепшая, чым у іншых абласцях»Гродзенскі рэгіён шмат у чым перадавік. Вылучыўся ён і ў барацьбе з каранавірусам. Дасягнуць гэтага ўдалося шмат у чым таму, што на чале вобласці — чалавек, што стаяў ля вытокаў айчыннай методыкі лячэння COVID-19, былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Пазнаёміцца з тым, як змагаюцца ўрачы з ковідам на Гродзеншчыне і ці варта перанесці іх падыходы на іншыя рэгіёны, прыехаў Прэзідэнт.


Па прылёце ў Ліду Аляксандр Лукашэнка найперш пацікавіўся, як ідуць справы з сяльгасработамі. У гэтым плане ён выказаў шэраг нараканняў і паставіў задачы: у сціслыя і аптымальныя тэрміны выканаць шэраг работ. Першае — уборка кукурузы. «Сёння трэба астатнюю кукурузу ўбіраць на зерне. Але гэта ж трэба ўбіраць. Не трэба чакаць, што да канца лістапада будзе стаяць надвор’е. Застаўся адзін тыдзень пагодлівых дзён. Усё астатняе — выпадзе снег і не зможаце ўбраць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён папярэдзіў віцэ-прэм’ера Аляксандра Субоціна, які адказвае за сельскую гаспадарку: «Не дай Бог, хоць дзесьці ў краіне пойдзе пад снег кукуруза, якую мы пакінулі на зерне».

Прэзідэнт паставіў задачу на працягу тыдня ў буйных гаспадарках на ўзворванні зябліва вывесці не менш чым па два трактары, а ў сярэдніх, малых па адным. «Расслабіліся, далей няма куды! — сказаў Прэзідэнт. — Дзе энерганасычаныя трактары? Мы ж тысячы энерганасычаных трактароў паставілі ў гэтым і мінулым гадах. Чым яны цяпер займаюцца?»

Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на шэраг іншых канкрэтных недахопаў у правядзенні сяльгасработ, даўшы на гэты конт дакладныя даручэнні. «Гэта нецярпіма! Ні адзін губернатар не будзе працаваць, калі ў гэтым годзе зябліва не будзе ўзнята», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама засяродзіў увагу на пытаннях выканальніцкай дысцыпліны, работы з кадрамі. І важная роля тут адводзіцца памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па абласцях.

Адправіўшыся ў бальніцу, кіраўнік краіны перад тым, як заслухаць даклад, падзяліўся сваімі разважаннямі наконт цячэння ковіду на Гродзеншчыне.

Прэзідэнт растлумачыў, каб ацаніць узровень захворвання, бягучую хвалю параўноўвалі з першай. Цяпер Гродзенская вобласць (адзіная з усіх рэгіёнаў) далёка ад максімальнага ўзроўню першай хвалі. Мінск жа крыху вышэй за ўзровень, зафіксаваны ў першую хвалю. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік расказаў, што цяпер выкарыстоўваецца толькі трэць выдзеленых пад ковід ложкаў у рэгіёне. Для лячэння ковід выдзелілі 66 працэнтаў, якія ёсць у рэгіёне, кропак рэспіраторнай падтрымкі, занята менш як 80 працэнтаў.

Прэзідэнт адзначае, што прадстаўнікі апазіцыйных сіл спрабуюць стварыць праблему на адсутнасці кіслароду.

«З усіх кіслародных кропак у нас толькі 52 працэнты заняты! Як не хапае», — сцвярджае Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Каранік падзякаваў за прадстаўленыя сродкі рэспубліканскага бюджэту на закупку трох апаратаў КТ. Яшчэ адзін набыты за грошы вобласці. Яны ўсталяваны ў Лідзе, Слоніме і Гродне. КТ апараты ёсць ва ўсіх апорных бальніцах вобласці.

Заклікае Прэзідэнт вырашыць і праблему з МРТ. Прыборы для высокадакладнай дыягностыкі ёсць у Гродне і Астраўцы, неабходны яны таксама ў Лідзе і Ваўкавыску. Кошт аднаго апарата даходзіць да 1,3 мільёна долараў. Аляксандр Лукашэнка дадае — задачу неабходна вырашыць за будучы год.

«Калі крыху трэба дапамагчы, скажаш. Трэба закрыць гэтую праблему, каб іншыя вобласці бачылі, як трэба працаваць і гэтым шляхам ішлі. Без МРТ няма дыягназу і няма лячэння. МРТ — гэта дакладны дыягназ па многіх хваробах», — сцвярджае Прэзідэнт.

Губернатар рапартуе, што рэгіён цалкам захаваў аказанне планавай дапамогі, і нагадвае, што пасля хвалі пандэміі магчымы «адкладзены запыт» з боку хворых пацыентаў.«Я казаў: ні ў якім разе нельга спыняць дапамогу людзям па іншых хваробах. Закрываць планавыя аперацыі. Я вас прымусіў не рабіць гэтага. Ты правільна сказаў: ковід сыдзе і на нас хлыне гэтая „адкладзеная“ анкалогія. У нас будуць чэргі на гэтыя аперацыі. Нельга спыняць лячэнне іншых хвароб», — мяркуе кіраўнік краіны.

У тэму ён пытаецца, калі скончаць будаўніцтва абласнога анкалагічнага дыспансера. Уладзімір Каранік абяцае ўвесці першую чаргу ў наступным годзе, а за 1,5-2 гады будаўніцтва цалкам спыняць.

Старшыня аблвыканкама прапаноўвае механізм, як звязаць аплату працы медыкаў з ложкавым фондам. Заробак урача будзе залежыць ад колькасці аказаных паслуг. Ложкі скароцяць, але будуць трымаць на базе на ўсялякі выпадак.

«Тады мы атрымаем кампактную медыцыну з высокім патэнцыялам, якая ў надзвычайным выпадку зможа развярнуцца, бо мы захаваем кадравы патэнцыял, — расказаў аб прапановах Уладзімір Каранік. — Мы хочам прапанаваць варыянт, калі скарачэнне ложкаў не прывядзе да зніжэння колькасці медработнікаў і заробкаў. Калі атрымаецца, мы зможам рацыянальна выкарыстоўваць ложкі: не трэба — скарацілі, пандэмія — хутка развярнулі».

Стабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне, па словах, кіраўніка вобласці дапамагла вакцынацыя. Першым кампанентам на Гродзеншчыне прышчэплены 31 % жыхароў. Гэтую лічбу сфарміравалі прадстаўнікі «зоны рызыкі» (тыя катэгорыі працоўных, што знаходзяцца ў пастаянным кантакце з насельніцтвам) — медыкі, настаўнікі, сацыяльныя работнікі.

Прэзідэнт адзначае, што, на яго думку, цячэнне хваробы ў кожнага пацыента рознае і залежыць ад маральнага стану. «Усе зараз канцэнтруюцца, што Прэзідэнт у чырвоную зону ходзіць і яшчэ не памёр. Адзін мярзотнік зрабіў заяву, але яна развіцця не атрымала — «Лукашэнка не памірае, бо прышчапіўся нейкай замежнай вакцынай». Слухайце, у нас у краіне няма замежных вакцын. У нас акрамя «Спадарожніка V» і кітайскай няма ніякіх вакцын. І гэтыя вакцыны не горш«,— упэўнены кіраўнік краіны.

Ён сцвярджае, што прапановы ўвесці ў краіну еўрапейскія вакцыны і дазволіць імі прышчапляцца зыходзяць ад жадаючых з’ехаць з краіны. Прэзідэнт нагадаў яшчэ раз, наколькі апраўдана было рашэнне аб стварэнні ўласнай вакцыны і наколькі прышчэпка эфектыўна для захавання жыцця нават пры хваробе. Але пераконвае на сваім падыходзе да праблемы: «Не трэба на грудзі каленам ціснуць чалавеку і шпрыцам калоць вакцыну. Я супраць гвалту. Трэба вакцынавацца, тады лягчэй пераносіцца хвароба і людзі амаль не паміраюць».

Прэзідэнт запэўнівае, што ён не супраць і масак. Але, па яго словах, культура нашэння гэтага сродку індывідуальнай аховы ёсць толькі ва ўрачоў, бо яны ведаюць, калі неабходна памяняць маску, як правільна адзець і зняць яе.

«Калі мы пачынаем ціснуць, некаторыя на вуліцах пачынаюць хадзіць у масках. Ідыятызм поўны, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — А культура... Маску сунуць у кішэню і тыдзень не мяняюць яе».

На думку кіраўніка краіны, тэматыкай масачнага рэжыму спекулююць дэструктыўныя тэлеграм-каналы, якія жадаюць такім чынам выклікаць новыя пратэсныя настроі ў грамадстве.

«Дэльта-штам больш небяспечным аказаўся. Яны гэта раскручваюць, каб пад рэферэндум падвесці, і людзей выкінуць на вуліцу. Вось у чым сутнасць», — заяўляе Прэзідэнт.
Ён тлумачыць, што каштоўнасць падыходаў Гродзенскай вобласці ў лячэнні хворых — у лагістыцы. Ковід-хворых з раённых цэнтраў прывозяць у больш абсталяваныя і вялікія бальніцы. Таму ў вобласці меншая колькасць бальніц займаецца каранавіруснымі пацыентамі.

«То-бок тут не размазваюць ковід па ўсіх бальніцах, па ўсёй вобласці. Яны пачалі канцэнтраваць. Гэта дало свой вынік і ў грашовым выражэнні. Шчыра кажучы, калі мы ў буйным цэнтры сканцэнтравалі хворых ковідам. Там і медперсанал больш падрыхтаваны, абкатаны. Гэта правільна. Гэты вопыт, Дзмітрый (Піневіч, міністр аховы здароўя. — „Зв.“), неабходна пераносіць і на іншыя вобласці. Калі мы пойдзем падаць, захваральнасць будзе менш, неабходна хворых канцэнтраваць у канкрэтных бальніцах, цэнтрах», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка. 

Гледзячы на графік захваральнасці, Прэзідэнт звяртае ўвагу, што Гродзенская вобласць нават не дасягнула піку, і ўжо пачала падаць па ўзроўню захваральнасці. Зніжэнне адзначаюць па ўсіх абласцях, акрамя Мінска.

«Мінск крыху знізіўся і спыніўся. Гэта таксама добра, што ў нас няма росту. Мінск трэба кантраляваць больш жорстка», — канстатуе кіраўнік краіны.

Ён абагульняе: «У Гродзенскай вобласці сітуацыя лепшая (з ковідам. — „Зв.“), чым у іншых абласцях, але і там тэндэнцыі тыя ж — да стабілізацыі і невялікага спаўзання».

Лідская цэнтральная раённая бальніца мае ложкавы фонд для 862 пацыентаў. У Лідзе 373 з іх выдзелены для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Перапрафіляваныя месцы размешчаны ў акушэрскім, тэрапеўтычным, пульманалагічным, ЛОР-карпусах і інфекцыйным аддзяленні. Зараз лячэнне ў іх праходзяць 345 пацыентаў з ковідам, яшчэ 20 — у аддзяленнях рэанімацыі і анестэзіялогіі. 

Вадзім Трубчык, галоўны ўрач Лідскай бальніцы расказвае, што самых цяжкіх ковід-пацыентаў кладуць у акушэрскі корпус, дзе захавалася самая вялікая канцэнтрацыя кіслародных кропак. Парадзіх не пакрыўдзілі — перавялі ў іншы корпус з яшчэ больш лепшымі ўмовы.

Прэзідэнт адзначае, што Уладзіміра Караніка неабходна падключыць да абмеркавання праблемы, дзе неабходна перад усім будаўніцтва новых медкарпусоў. Але асноўнае патрабаванне — функцыянальнасць новых медустаноў.

«Нам неабходна вызначыцца, дзе вось ніяк нельга не пабудаваць, — дадае Прэзідэнт. — Перадусім, гэта буйныя нашы 11 міжрэгіянальных цэнтраў. Іх трэба аснашчаць. Калі неабходна сцены пабудаваць, набыць МРТ, КТ, лапараскоп, эндаскоп, мы гэтым будзем займацца. Мы і па Лідзе вызначымся. Потым мы паглядзім, колькі гэта будзе каштаваць, і я вам скажу, дзе мы возьмем гэтыя грошы». 

Прэзідэнт прапанаваў стварыць новыя грамадскія фонды, якія будуць дапамагаць краіне.

«Створым фонд першага Прэзідэнта Беларусі, як ва ўсім свеце. Пад Прэзідэнта людзі грошы дадуць, разумеючы, што ўсё кантралюем, створым філіялы. Калі на Захадзе хтосьці хоча нам дапамагчы, дапамагайце і прыходзьце правярайце. І мы праз гэта атрымаем грошы. Дай Бог, іх засвоіць», — рэзюмую думку Аляксандр Лукашэнка.


«Калі Гасподзь нас будзе любіць, як да сёння, то да новага году, не зусім сыдзем ад гэтай заразы, але супакоімся»

Пасля візіту ў чырвоную зону Прэзідэнт сустрэўся з працоўным калектывам Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, адказаў на пытанні медыкаў і журналістаў.

Размову пачаў з пазітыўнага. «Калі Гасподзь нас будзе любіць, як да сёння, то да новага года мы не зусім сыдзем ад гэтай заразы, але супакоімся», — сказаў кіраўнік краіны і яшчэ раз падзякаваў урачам за іх працу.

Вырашаем кропкава

Першае пытанне — пра магчымасці заставацца на чарзе на ўласную кватэру пасля атрымання арэнднага жылля.

«Арэнднае жыллё было фактарам стрымлівання цякучасці кадраў: на табе кватэру, жыві ў ёй, пакуль тут працуеш. Бывае, мы перавялі чалавека з аднаго месца ў другое. Мы вас з арэнднага жылля не выганяем. Такіх фактараў было нямала. Магчыма перапрафіляваць арэнднае жыллё, але толькі з дазволу Прэзідэнта. Амаль забаронена», — тлумачыць кіраўнік краіны.

Але асноўная праблема ў гэтым плане — грошы. Чалавеку дапамаглі з арэндным жыллём, а потым ён просіць падмогі з і будаўніцтвам кватэры.

«Мы падумаем. Магчыма, трэба вызначаць нейкія катэгорыі, — дадаў Прэзідэнт. — Я ведаю гэтую праблему. Кропкава вырашаем гэтае пытанне ў Мінскай вобласці».
Прэзідэнт, размаўляючы з медыкамі, нагадаў пра цяжкую сітуацыю на заходніх граніцах Беларусі.

«Учора ўжо „Леапарды“ (танкі) падкінулі да нашых граніц. Ты Юра (Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці. — „Зв.“ ), глядзі, ты ж генерал, што яны тут твораць. Часова падказвайце. Мярзотнікі, баюся, каб яны вайну не развязалі тут», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў да слова, чаму павялічылася інфляцыя. Прэзідэнт адзначыў, што замежныя краіны надрукавалі з-за пандэміі вялікую колькасць нічым не забяспечаных грошай.

«Мы імпартазалежная краіна. Мы нафту, газ, металы купляем і тут перарабляем. Падняліся цэны. Калі цэны падняліся на трактар, падняліся цэны на паліва і на прадукты харчавання. То-бок прыйшла інфляцыя з-за межаў. Калі тармазнуць, у стратах будуць усе прадпрыемствы», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што гэты перыяд неабходна перажыць.

Ён адзначыў, што краіна вытрымае, калі людзі будуць чуць і слухаць словы кіраўніка дзяржавы.

«Пытанне не ва ўтрыманні ўлады Лукашэнка. Ні ў гэтым справа. Пытанне сёння ў нашых дзецях і кавалку зямлі, на якім жывём», — сцвярджае кіраўнік краіны.

Гэта ж нашы людзі

Адно з пытанняў лідчан датычылася забяспечанасці энергіяй пасля ўвядзення БелАЭС. Прэзідэнт нагадвае, што напярэдадні выбараў альтэрнатыўныя кандыдаты прапанавалі закрыць атамную станцыю і сцвярджае, што такія выказванні былі неабгрунтаваныя.

Сёння з уводам атамнай станцыі электраэнергіі залішне. Дзве электрычныя станцыі, што працуюць на прыродным газе, трымаем у халодным рэжыме, то-бок у рэзерве», — кажа Прэзідэнт.

Будаўніцтва ўласнай станцыі беларусамі выклікала нараканне заходніх суседзяў, па словах кіраўніка краіны, з-за канкурэнцыі, бо многія еўрапейскія краіны маюць свае АЭС. Пабудаваўшы станцыю пад кантролем расіян, адзначае Прэзідэнт, мы атрымалі кампетэнцыі і вопыт работы над такімі маштабнымі энергетычнымі праектамі.

Канстатуе Прэзідэнт, што залішкі электраэнергіі мяркуюць пастаўляюць Літве і Украіне, нягледзячы на праблемы ў адносінах.

«Мы маглі б закрыцца і Літве не пастаўляць гэтую электраэнергію, хай купляюць у Еўрапейскім саюзе ў дзесяць разоў даражэй. Але людзей шкада, гэта ж нашы суседзі. Жылі ў адной краіне, а сёння яны адвярнуліся ад нас. А вазьміце Украіну. Там заўсёды былі нашы людзі. Яны ж у такім цяжкім становішчы», — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Лукашэнка.

«Асцярожны аптымізм»

Адна з медыкаў запытала ў Прэзідэнта, што ён укладае ў гэты выраз адносна каранавіруса?

Паводле Прэзідэнта, краіна забралася на плато бягучай хвалі ковіду. «Мы кожны дзень, па дню сталі спаўзаць. Не зніжацца, а менавіта спаўзаць. У выніку адбываецца зніжэнне тэмпаў захваральнасці. Так, людзі хварэюць, але тэмпы не тыя, што былі два-тры тыдні таму. Захваральнасць ёсць, мы спыніліся на высокім узроўні, але няма тэмпаў росту», — тлумачыць Аляксандр Лукашэнка.

Па яго інфармацыі, сярэднетыднёвы прырост новых выпадкаў ковіду знізіўся ў 1,5 разы за апошні тыдзень. Паменшылася колькасць людзей на ШВЛ. Павялічваецца колькасць пацыентаў з пнеўманіямі, што выпісваюцца са стацыянараў, а некаторыя медустановы вяртаюцца да аказання планавай меддапамогі.

«Вось, што выклікае асцярожны аптымізм. Я малю Бога кожную раніцу, каб не пагоршылася сітуацыя. Хопіць, наеліся гэтага залішне. Трэба ўжо, каб ён нас пашкадаваў», — дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны, адказваючы на пытанне журналістаў, сказаў, што бачыць і недахопы ў лячэнні ад каранавірусу. Па яго меркаванні, хворым людзям неабходна дыхаць свежым паветрам, па магчымасці гуляць на вуліцы.

«Я папярэдзіў міністра, што непарадак, калі ў бальніцы горача, што дыхаць нельга. Калі і чырвоная зона, не трымайце людзей у палатах. Хай, хто можа, выйдзе, паходзіць па калідоры. Ёсць жаданне дзесьці ўзяць бальніцу, людзей адзець цёпла і павадзіць па вуліцы. Паверце, у два разы хутчэй выздараўліваў бы чалавек ад каранавіруса»,— рэзюмуе Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

г. Ліда

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.