Вы тут

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай


З кожным днём на нашых дарогах усё больш электратранспарту, не ў навіну сонечныя батарэі нават у прыватных дамах, даўно папулярны шэрынг. Ці можна сёння гаварыць пра тое, што «зялёная» эканоміка — ужо не модны трэнд, а практычнае ўвасабленне найлепшых практык? Пра гэта распавёў Баляслаў Пірштук, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Фота Ігара Сака

— У сувязі з глабальнай зменай клімату ўвесь свет занепакоены павелічэннем выкідаў парніковых газаў. Як на агульным фоне выглядае Беларусь?

— Большасць краін свету, практычна ўсе краіны Еўрасаюза прымаюць на сябе новыя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і дасягненні вугляроднай нейтральнасці. Напрыклад, у Швецыі прыярытэтнымі напрамкамі з'яўляюцца кіраванне адходамі, уключаючы ўпакоўку, развіццё аднаўляльных крыніц энергіі з давядзеннем іх долі ў вытворчасці энергіі да 100 % да 2040 года. У Фінляндыі даследуюцца пытанні пераходу да біяэканомікі, развіцця «зялёных» фінансаў. У Германіі ключавымі напрамкамі дасягнення «зялёнага» росту вызначаны ўстойлівыя вытворчасць і спажыванне, рэсурсаэфектыўнасць і ўстойлівы турызм. Стратэгічнай мэтай Кітая, Казахстана з'яўляецца дасягненне вугляроднай нейтральнасці да 2060 года.

Наша краіна адказвае за 0,19 % выкідаў парніковых газаў у сусветным маштабе. У Беларусі плануецца іх скарачэнне на 35 % да 2030 года ў параўнанні з узроўнем 1990 года.

— У нашай краіне створана сучасная заканадаўчая база для развіцця «зялёнай» эканомікі. Што можна сказаць аб практычным увасабленні закладзеных у ёй нормаў?

— Паспяхова рэалізоўваецца Праграма стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў. У 2018 годзе ў нас было 85 такіх станцый, да канца гэтага года чакаецца 600. Нядзіўна, што адбыўся рэзкі скачок колькасці электратранспарту. Яна павялічылася больш чым у 40 разоў у параўнанні з 2017 годам і дасягнула 4 тыс. адзінак.

Мінпрыроды сумесна з РУП «Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта» і Праграмай развіцця ААН распрацаваны і знаходзіцца на стадыі ўзгаднення праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі Глабальнага экалагічнага фонду «Зніжэнне бар'ераў для развіцця электрамабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь шляхам стварэння сеткі суперхуткіх зарадных станцый». Меркаваны тэрмін рэалізацыі праекта — 2022—2026 гады. Ён будзе спрыяць павышэнню даступнасці электрамабіляў для насельніцтва.

Развіваецца шэрынгавая эканоміка, гэта значыць сумеснае выкарыстанне аўтамабіляў і электрамабіляў, ровараў, самакатаў і іншых мабільных сродкаў.

— Часта кажуць, што наяўнасць Беларускай АЭС не з'яўляецца перашкодай для развіцця аднаўляльнай энергетыкі...

— Гэта насамрэч так. Наша краіна валодае дастатковым патэнцыялам у сферы аднаўляльнай энергетыкі. Найбольш традыцыйным відам аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі з'яўляецца драўнянае паліва, перспектыўнае выкарыстанне энергіі ветру і сонца. За тры гады доля вытворчасці элекраэнергіі за кошт выкарыстання АКЭ ўзрасла больш чым у два разы.

У рамках развіцця «зялёнага» будаўніцтва асноўны акцэнт зроблены на выкарыстанні энергазберагальных рашэнняў, тэхналогій «разумнага дому», уключаючы будаўніцтва электрадамоў.

Фота прэс-службы Мінпрыроды.

— Якія прыярытэтныя напрамкі развіцця «зялёнай» эканомікі ў нашай краіне?

— Мінпрыроды сумесна з 48 зацікаўленымі дзяржорганамі і арганізацыямі распрацаваны праект Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў нашай краіне да 2025 года. Што прапануецца? Перш за ўсё, укараненне прынцыпаў устойлівага спажывання і вытворчасці; фарміраванне «разумных» і энергаэфектыўных гарадоў. Неабходна развіваць эканоміку замкнёнага цыкла, арганічную сельскую гаспадарку і экалагічны турызм, электратранспарт і гарадскую мабільнасць. Больш падрабязна спынюся на тэме «зялёнага» фінансавання, то-бок інвестыцый, ільготнага крэдытавання, субсідый, накіраваных на рэалізацыю экалагічна чыстых, энергаэфектыўных і нізкавугляродных праектаў. Першарадным застаецца пытанне змякчэння наступстваў змены клімату і адаптацыі да кліматычных змен, а таксама захаванне і ўстойлівае выкарыстанне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. Уся гэтая работа грунтуецца на навуковым забеспячэнні пераходу да «зялёнай» эканомікі. Бачу неабходнасць і ў папулярызацыі дадзенай тэмы сярод насельніцтва, таму што, несумненна, будучыня — за «зялёнай» эканомікай.

— Баляслаў Казіміравіч, ці гатовая наша краіна да трансгранічнага вугляроднага падатку, які ўводзіць Еўрасаюз?

— Увядзенне Еўрапейскім саюзам гэтага падатку закране эканамічныя інтарэсы ўсіх краін-экспарцёраў, у тым ліку Беларусі. Паводле інфармацыі Мінэканомікі, страты нашых экспарцёраў складуць прыкладна 96 млн еўра ў год (пры цане звыш 50 еўра за тону CO2). Асноўны ўдар прыйдзецца на энергаёмістыя сектары прамысловасці, такія як вытворчасць жалеза, сталі, алюмінію, цэменту, угнаенняў і электраэнергіі.

Мінпрыроды сумесна з зацікаўленымі ведамствамі распрацаваны план мерапрыемстваў па мінімізацыі рызык для эканомікі Беларусі, звязаных з планаваным укараненнем ЕС трансгранічнага вугляроднага рэгулявання.

Вядзецца сістэмная работа па падрыхтоўцы Стратэгіі доўгатэрміновага развіцця Беларусі з нізкім узроўнем парніковых газаў да 2050 года. У ёй перагледжаны адпаведныя меры ў сферах выпрацоўкі цеплавой і электраэнергіі, павышэння энергаэфектыўнасці ў прамысловым, транспартным, будаўнічым і жыллёва-камунальным сектарах. У любым выпадку, неабходна працаваць у напрамку зніжэння вугляродаёмістасці эканомікі.

— Развіццё «зялёнай» эканомікі цесна звязанае з мінімізацыяй наступстваў змены клімату і скарачэння выкідаў парніковых газаў. У гэтай сувязі можна гаварыць і аб захаванні біяразнастайнасці?

— У Беларусі адзін з самых высокіх паказчыкаў лясістасці ў Еўропе — каля 40 %. Як вядома, лес паглынае парніковыя газы. У найбліжэйшай будучыні плануецца павелічэнне плошчы ляснога фонду. Плошчы неасушаных балот складаюць каля 7 %, ці 863 тысячы га ад усёй тэрыторыі Беларусі. Праводзіцца планамерная работа па паўторным забалочванні, аднаўленні тарфянікаў, што спрыяе скарачэнню выкідаў дыяксіду вугляроду.

За папярэднюю пяцігодку рэалізаваны праекты ў галіне аднаўлення асушаных тарфянікаў на плошчы 64 тысячы га, праведзены эфектыўныя мерапрыемствы па захаванні ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці.

— «Зялёная» эканоміка — гэта ж не толькі пра экалогію?

— Менавіта так. «Зялёная» эканоміка — гэта стратэгія для вырашэння многіх праблем як экалагічных, так эканамічных і сацыяльных. Перш за ўсё, гэта экалагічная бяспека, устойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. «Зялёная» эканоміка спрыяе занятасці насельніцтва і канкурэнтаздольнасці нашых тавараў на сусветных рынках. Дзякуючы ёй забяспечваецца паэтапны сістэмны падыход па дасягненні нашай краінай Мэт устойлівага развіцця. У выніку гэта дазволіць палепшыць якасць жыцця людзей, зберагчы і прымножыць прыродныя багацці Беларусі.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.