Вы тут

Журналістка і танцорка Ганна Ровіна


Усе студэнты журфака мараць аб падарожжах, сустрэчах з цікавымі людзьмі, адбыцца ў прафесійным плане, навучыцца валодаць словам і інфармацыяй. А разам з тым мы такія ж людзі са сваімі хобі, творчымі планамі, асабістымі амбіцыямі. Журналіст не проста пераносіць навіны, часам ён сам з'яўляецца цікавай крыніцай і скарбніцай талентаў. Я хачу расказаць пра сваю аднакурсніцу Ганну Ровіну і яе захапленні.


Яшчэ да паступлення яна была ўпэўненая, што журналістыка — прафесія яе мары. Будучы супрацоўнік сродкаў масавай інфармацыі спадзявалася паступіць у замежную ВНУ, аднак па збегу акалічнасцяў падала дакументы ў БДУ. Ганна зусім не шкадуе аб такім выбары і нават рада, што ўсё склалася менавіта так.

У першыя тыдні вучобы дзяўчына праявіла ініцыятыву на месца старасты, з чым добра спраўляецца і па гэты дзень. Нягледзячы на актыўнае студэнцкае жыццё, яна таксама захапляецца рознымі хобі: піша вершы і прозу, займаецца спартыўным турызмам і танцамі. Апошняе з пералічанага займае асаблівае месца ў жыцці Ганны, аб чым дзяўчына падзялілася з намі.

У чатыры гады бацькі адвялі дачку на гімнастыку — з гэтага моманту пачалося яе танцавальнае жыццё. Да 14 гадоў дзяўчына паспрабавала сябе ў розных напрамках: народны танец, класічны, сучасны, усходні. А потым медыкі паставілі дыягназ «скаліёз». Было цяжка справіцца з унутранымі эмоцыямі, бо дзесяць гадоў упартай працы над сабой маглі быць марныя.

Але потым Ганна паехала ў лінгвістычны лагер, дзе пазнаёмілася са сваім будучым партнёрам Паўлам Ермаковічам. Менавіта ён змог вярнуць дзяўчыне веру ў сябе і пазнаёміў з гістарычным танцам і танга. На дадзены момант яны — пара. Адна з перашкод, якую спрабуюць перажыць, — гэта адлегласць. Павел вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце грамадзянскай авіяцыі на пілота.

Танец, на думку дзяўчыны, — гэта маленькая гісторыя, якую ты перажываеш і спрабуеш данесці гледачу праз рухі. «Я прыхільніца таго, каб укладваць у танец сваю сутнасць і думкі», — падзялілася дзяўчына. Кожны чалавек шукае ў свеце натхненне, каб зарадзіць сябе на творчасць, на працу. Ідэямі для танца можа стаць усё што заўгодна: літаратура, фільмы, спектаклі ці нейкая падзея.

Стварэнне паўнавартаснай танцавальнай гісторыі займае нейкі час. Рухі, якія могуць стаць часткай твора, часцей за ўсё атрымліваюцца выпадкова. «Мы спрабавалі зрабіць адно — атрымалася іншае. І дадаём». Бываюць выпадкі, калі Ганна і Павел шукаюць рухі праз майстар-класы, відэа, заняткі ў харэографаў. І на выхадзе атрымліваецца сапраўдная гісторыя, поўная адпаведных эмоцый і пачуццяў.

Пара ўжо праявіла сябе ў Санкт-Пецярбургу на Мікалаеўскім балі, у ліцэі, які скончыла Ганна. І на гэтым яны не збіраюцца спыняцца. У Беларусі штогод праходзіць Восеньскі баль, прысвечаны пераправе праз Бярэзіну, у Мірскім замку вясной.

У Ганны ёсць фаварыт сярод усіх відаў танца — гэта танга. Нядзіўна, бо гэта запал у поўным значэнні і ўвасабленні гэтага слова. Адпаведна, гэты кірунак мае найбольшую прастору для творчасці. Многія лічаць, што танга бывае толькі гарачым, аднак гэта не зусім так. Танец таксама можа быць і сумным, і пачуццёвым.

Касцюмы для кожнага танца розныя — усё залежыць ад мерапрыемства і віду выступлення. Напрыклад, для танга гэта можа быць і адзенне з паўсядзённага жыцця. Што датычыцца гістарычных танцаў — для іх касцюмы шыюцца ў атэлье, у тым ліку і ў тых, што займаюцца рэканструкцыяй гістарычнага касцюма розных эпох.

Як лічыць Марта Грэм (амерыканская танцорка і харэограф), «танец — таемная мова душы». Гэта праўда. І каб даведацца, аб чым кажа душа маёй суразмоўніцы Ганны, варта хоць раз убачыць, як яна танцуе разам са сваім партнёрам.

Антон АНТОНАЎ, студэнт ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота з архіва герояў

Загаловак у газеце: У актыўным рытме

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».