Спікер Савета Рэспублікі правяла прамую тэлефонную лінію. За час яе правядзення свае праблемы і пытанні змаглі агучыць 37 чалавек.
Большай часткай яны датычыліся маёмасных пытанняў: падзелу зямельных участкаў, жылой плошчы былых сужэнцаў, нюансаў жыллёвага заканадаўства і гэтак далей. Былі і пытанні агульнага характару, якія закранаюць інтарэсы кожнага грамадзяніна: шанавання дзяржаўных сімвалаў, выканання гімна на мерапрыемствах усіх узроўняў, патрыятычнага выхавання моладзі.
– Прамая тэлефонная лінія – гэта добрая форма стасункаў з людзьмі, – пераканана Наталля Качанава. У гутарцы з журналістамі яна патлумачыла свой пункт гледжання. – Калі ты праводзіш прыём па асабістых пытаннях, за тры гадзіны такую колькасць людзей прыняць проста немагчыма.
Яна падкрэсліла, што ў Савеце Рэспублікі ўсе формы зваротаў разглядаюць аднолькава ўважліва:
– Паверце, мы гэтак сама як тэлефонны, разглядаем любы іншы: і пісьмовы, і электронны звароты. У гэтым няма ніякага сумневу, – акцэнтуе яна.
Што датычыцца тэматыкі зваротаў, якія паступаюць у Савет Рэспублікі, Наталля Качанава звярнула ўвагу на апошнюю тэндэнцыю – стала менш нараканняў на работу камунальнікаў:
– Пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі, – шмат. Радуе, што стала менш пытанняў, якія датычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі (рамонту жылога фонду, добраўпарадкавання). У большай ступені – гэта маёмасныя пытанні, якія звязаны з правамі людзей на іх уласнасць, – расказала яна.
Спікер верхняй палаты парламента звярнула ўвагу і на яшчэ адну пазітыўную тэндэнцыю ў рабоце са зваротамі грамадзян: людзі акцэнтуюць увагу на агульнадзяржаўных і агульначалавечых тэмах:
– Пытаннях, якія хвалююць кожнага грамадзяніна ў нашай краіне – гэта мір, спакой, нашы дзяржаўныя сімвалы, выкананне гімна, пытанні, якія датычацца адукацыйнай сістэмы, і ў большай ступені, чым павінны займацца настаўнікі, – кажа яна. – Ёсць прапановы, каб святары часцей бывалі ў школах. То-бок дастаткова цікавыя пытанні, і мы для сябе кожны раз робім высновы, дзе, на якіх пытаннях нам трэба акцэнтаваць увагу ў сваёй рабоце, у рабоце з законапраектамі.
Старшыня Савета Рэспублікі расказала, што апошнім часам людзі дастаткова часта звяртаюцца па пытаннях, якія дапамагаюць удасканальваць заканадаўства.
У прыватнасці, шмат пытанняў узнікае ў сферы зямельнага заканадаўства:
— І мы бачым, дзе сёння вузкія месцы — зямля, — падкрэсліла яна. — Ведаеце, у большай ступені гэта датычыцца асабістых пытанняў кожнага чалавека, у якога ва ўласнасці ці арэндзе ёсць зямельны ўчастак.
Трэба сказаць, што гэтыя пытанні дастаткова балючыя, бо не заўсёды завязаны на дзеючае заканадаўства, колькі на адносіны паміж суседзямі.
— Там, дзе гэта датычыцца заканадаўства (у сферы зямельных адносін. — Аўт.), паверце, мы вельмі шмат працуем па гэтым кірунку і, канешне, узнятыя пытанні знойдуць адлюстраванне ў заканадаўчых, нарматыўных прававых актах, над якімі мы працуем, — падкрэсліла яна.
Разам з тым, чалавечы фактар і ўзаемаадносіны паміж людзьмі — сфера іншага ўплыву.
— Ёсць пытанні, якія немагчыма вырашыць, таму што дзесьці ёсць міжасабасны канфлікт, дзесьці ўжо гэтыя пытанні былі разгледжаны на ўсіх узроўнях, у тым ліку і Вярхоўным судзе — тады ўжо чалавеку дапамагчы вельмі складана, — тлумачыць Наталля Качанава.
Між іншым, станоўчых прыкладаў вырашэння агучаных праблем з удзелам сенатараў дастаткова шмат.
— Я хачу сказаць, што да членаў Савета Рэспублікі пасля правядзення сустрэч з насельніцтвам, прамых тэлефонных ліній, паступае дастаткова шмат удзячных лістоў, — кажа спікер верхняй палаты парламента.
Вось і днямі на імя яго старшыні прыйшла падзяка ад мінчанкі Анастасіі Сяргееўны, якая падзякавала Наталлі Качанавай за садзейнічанне ў рэгістрацыі яе нованароджанага сына Андрэя ў кватэры, наймальнікам якой з’яўляецца яе маці. Аб немагчымасці рэгістрацыі немаўляці жанчына расказала на прыёме грамадзян, які спікер Савета Рэспублікі праводзіла ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Тады маладая маці прыйшла з малым на руках.
Сутнасць справы ў тым, што ў сацыяльнае жыллё — трохпакаёўку на вуліцы Калеснікава — па нормах дзеючага заканадаўства бабуля не магла зарэгістраваць нованароджанага ўнука. Паколькі дзеці павінны быць зарэгістраваны з бацькамі, іншых варыянтаў тут не было — Настасся адна выхоўвае двух дзяцей. Дарэчы, са старэйшай дачкой Верай таксама ўзніклі гэтыя ж складанасці ў РСЦ. Нейкі час дзяўчынка наогул не мела ніякай рэгістрацыі. А пасля нараджэння другога дзіцяці Настасся занялася гэтым пытаннем больш настойліва, бо ад папяровых спраў залежалі выплаты грашовых дапамог на малога, гарантаваных дзяржавай.
Аб тым, што сітуацыю неабходна выпраўляць тэрмінова, Наталля Качанава паведаміла адразу ж на прыёме.
Карэспандэнт «МС» звязаўся з заяўніцай, якая расказала, што ўсе ранейшыя адказы з розных інстанцый, у якіх спасылаліся на нормы закона, сталі неактуальныя са зменамі нарматыўных прававых актаў, што пачалі дзейнічаць з 1 верасня бягучага года.
— Я вельмі рада, што змагла адстаяць і абараніць правы сваіх дзяцей, — з задавальненнем паведаміла суразмоўніца. — Яшчэ больш мяне задавальняе тое, што мой зварот стаў карысным і выніковым для іншых, хто апынуўся ў такім жа становішчы.
Яна нагадала, што вельмі доўга (калі пазбавілі рэгістрацыі яе старэйшую дачку) вяла перапіску з дзяржорганамі, але сітуацыя выглядала надта складанай. Але зварот на асабістым прыёме да спікера верхняй палаты парламента цалкам вырашыў гэтую праблему.
— Карыстаючыся магчымасцю, магу я яшчэ раз падзякаваць Наталлі Іванаўне і праз вашу газету за садзейнічанне? — пытае жанчына і, атрымаўшы станоўчы адказ, просіць. — Так і напішыце, абавязкова!
Аднак вернемся да сённяшніх званкоў. Мінчанін Валянцін Дзмітрыевіч расказаў спікеру Савета Рэспублікі аб тым, што дом, у якім жыве яго сям’я, хутка будзе знесены. Людзям прапанавалі іншы дом, праўда, недабудаваны і паабяцалі ў дадатак грашовую кампенсацыю, каб людзі маглі яго дабудаваць самастойна. Мужчына паскардзіўся: грошай няма да гэтага часу.
Наталля Качанава, у тым ліку і як упаўнаважаная Прэзідэнта па горадзе Мінску, паабяцала заняцца гэтым пытаннем і давесці яго да лагічнага завяршэння.
Пенсіянер Мікалай Аляксандравіч з Баранавіцкага раёна агучыў другую праблему: на зямельны ўчастак, якім ён валодае з 1995 года, існуе два рашэнні мясцовага сельвыканкама, якія супярэчаць адно аднаму. Маўляў, дапамажыце разабрацца. Дарэчы, як высветлілася падчас размовы, пытанне ўжо не новае для дзяржорганаў — з ім мужчына звяртаўся ў розныя інстанцыі, аднак, адказы яго не задавальняюць.
Спікер Савета Рэспублікі запэўніла заяўніка, што да яго прыедуць сенатары, каб дэтальна разабрацца ў становішчы, якое склалася.
Аб заканадаўчай калізіі, якая зноў жа, датычыцца жыллёвага заканадаўства, расказала мінчанка Вольга Зіноўеўна. Жанчына працуе ў адной арганізацыі, аднак з прасоўваннем па службе на розны тэрытарыяльны ўзровень, сутыкнулася з тым, што на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў яе ставяць наноў, як новага супрацоўніка. Аднак жанчына пераканана, што тут гаворка ідзе аб узнаўленні ў чарговасці, а не ў пастаноўцы ў канец спіса.
— Мы дакладна ўсё высветлім і разбярэмся, — запэўніла жанчыну спікер.
Яшчэ адзін званок — і яшчэ адна жыллёвая праблема. Сяргей Віктаравіч з Мінска расказаў, што ў свой час пабудаваў кватэру ў Дворышчы па чарзе цесця (зараз ужо былога), але з жонкай не ўжыўся. Як высветлілася, па законе кватэра не можа лічыцца сумесна нажытай маёмасцю, бо была аформлена на бацьку жонкі. Зараз малады мужчына жыве, дзе давядзецца і просіць дапамагчы аднавіць справядлівасць.
А вось Валянціну Іванаўну з Оршы турбавалі льготы пры налічэнні пенсіі з улікам стажу, які быў адпрацаваны ў складзе ведамства, падпарадкаванага Міністэрству абароны. Пенсіянерку з Гомеля Надзею Спірыдонаўну хвалявала тэма медыцынскага абслугоўвання ў мясцовай паліклініцы: пажылая жанчына — інвалід ІІІ групы, аднак лічыць, што стан яе здароўя сведчыць аб наяўнасці захворванняў, з якімі належыць мець ІІ групу інваліднасці.
Наталля Качанава запэўніла абедзвюх жанчын, што па кожным агучаным пытанні дэталёва будуць разбірацца спецыялісты, а звароты да іх канчатковага вырашэння будуць знаходзіцца на кантролі ў Савеце Рэспублікі.
Цікавым аказаўся званок неабыякавага мінчаніна Сяргея Георгіевіча, які ўзняў цэлы блок тэм, пачынаючы ад зменах у Кодэкс аб адукацыі, заканчваючы пытаннямі цэнаўтварэння ў краіне.
— Зараз мы працуем над Кодэксам аб адукацыі, таму яшчэ раз прагледзім, наколькі ў новай рэдакцыі Кодэкса прапісана, тое, з чым звяртаюцца да нас грамадзяне на прамых тэлефонных лініях, — адзначыла ў гутарцы з журналістамі Наталля Качанава.
Акрамя таго, яна нагадала, што заўтра адбудзецца сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, дзе перад парламентарыямі выступіць профільны віцэ-прем’ер па пытаннях, якія датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва:
— І пытанні, якія назапасіліся ў нас падчас правядзення сустрэч з людзьмі, канешне, заўтра будуць агучаны намесніку прэм’ер-міністра для таго, каб мы атрымалі на іх адказы. Гэта добрая форма работы, таму ў першай палове дня працуем сумесна з Палатай прадстаўнікоў, а ў другой палове дня мы будзем разглядаць тыя законапраекты, якія паступілі на разгляд да нас, у Савет Рэспублікі, — рэзюмавала яна.
Загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела Савета Рэспублікі Кацярына РЭЧЫЦ:
— Грамадзяне праявілі вялікую зацікаўленасць да прамой лініі спікера верхняй палаты парламента. Толькі за першую гадзіну было зарэгістравана больш за 64 тысяч спроб дазваніцца да Наталлі Іванаўны Качанавай.
Паводле яе слоў, усяго з 10 да 14 гадзін было боль за 208 тысяч спроб дазваніцца на сённяшнюю прамую лінію. Прычым, нават пасля яе заканчэння людзі працягвалі спробы звязацца са Старшынёй Савета Рэспублікі на працягу ўсяго дня.
Трэба сказаць, што прамая лінія доўжылася больш запланаванага часу і працягнулася фактычна да 13.30. Асабіста спікерам было прынята 37 зваротаў.
— Іх тэматыка самая розная — пытанні рамонту жылых памяшканняў, правядзення газу і электрычнасці, зямельных спрэчак, цэнаўтварэння, добраўпарадкавання тэрыторый. Неаднаразова закраналіся пытанні адукацыі, выхавання моладзі і развіцця патрыятызму, — патлумачыла суразмоўніца. — Гэта сведчыць аб аўтарытэце і высокім грамадскім даверы насельніцтва краіны ў дачыненні да верхняй палаты парламента і асабіста Качанавай Наталлі Іванаўне. Часта для грамадзян зварот да спікера — гэта апошняя надзея адшукаць праўду ў рашэнні ўласнага пытання.
Акрамя таго, загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела расказала, што людзі, якія звярнуліся сёння, выказвалі ўдзячнасць спікеру за прафесійны падыход, за ўважлівае стаўленне да кожнага з іх. Таксама яны выказвалі словы падзякі за жыццёва мудрую і прынцыповую пазіцыю палітычнага кіраўніцтва Беларусі, якая дазваляе супрацьстаяць сучасным выклікам і захаваць суверэннасць нашай дзяржавы.
— Асабліва прыемна тое, што падчас гэтага, здавалася б, афіцыйнага мерапрыемства людзі чыталі вершы і малітвы, каб Беларусь, як і раней, заставалася мірнай і спакойнай дзяржавай, — падкрэсліла Кацярына Рэчыц.
Яна адзначыла, што з улікам высокай эфектыўнасці прамых ліній Старшынёй Савета Рэспублікі ў вырашэнні надзённых пытанняў нашых грамадзян дадзены фармат будзе практыкавацца з большай рэгулярнасцю.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БелТА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.