Вы тут

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі


У прыродзе зязюлі «за!» гадаванне дзяцей праз, як кажуць сёння, аўтсорсінг. Адкладвае яйка ў пакінутае без нагляду гняздо, а потым «прыёмным бацькам» даводзіцца карміць выхаванца на шкоду сваім птушанятам. Чалавечыя матулі-зязюлі, здараецца, да вывадкавага паразітызму недацягваюць...


Лес каля гарадской дзіцячай бальніцы ў Мазыры, дзе 30 ліпеня бягучага года ў каробцы было знойдзена цела немаўляці.

У Гомелі следчыя ўстанаўліваюць абставіны замаху на забойства нованароджанага, які адбыўся 15 кастрычніка. Немаўля цудам засталося жывым у памыйнай яме вулічнай прыбіральні на тэрыторыі пункта прыёму шклотары. У дачыненні да жыхаркі абласнога цэнтра, якая нарадзіла і пакінула ў гэтым месцы дзіця, узбуджана крымінальная справа. Між тым, выратаваны хлопчык упарта змагаецца за жыццё з дапамогай медыкаў.

Першыя пялёнкі — баявая вопратка ратавальнікаў

Наступнай пасля Дня маці раніцай у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Гомельскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб тым, што ў прыбіральні пункта прыёму шклотары па вуліцы Герцэна знаходзіцца немаўля. На месца выкліку ратавальнікі прыбылі праз 5 хвілін, гаворыць начальнік варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 11 Гомельскага раёна Аляксандр Сабадаш:

— У першыя секунды я і не зразумеў, што гэта дзіця. Пачуў вельмі слабы плач, скокнуў у яму, дастаў дзіця і перадаў ратавальніку Андрэю Бадзюкову. Ён адразу ж захутаў хлопчыка ў куртку баявой вопраткі і ручнікі, якія прынеслі работніцы пункта. У гэты момант прыбылі супрацоўнікі хуткай медыцынскай дапамогі і забралі дзіця.

Работнікам пункта прыёму другаснай сыравіны, якія знайшлі дзіця, і ратавальнікам была аказана псіхалагічная дапамога.

Маці пад вартай

На месцы здарэння ў навабеліцкім пункце прыёму шклотары адразу пачала працаваць следча-аператыўная група. Супрацоўнікі Навабеліцкага РАУС устанавілі месца знаходжання жанчыны, якая нарадзіла хлопчыка. Яе таксама шпіталізавалі. Пры вывучэнні асобы падазраванай, як адзначылі праваахоўнікі, было ўстаноўлена, што самастойна нарадзіла дзіця і пакінула яго ў памыйнай яме прыбіральні жыхарка Гомеля 1995 года нараджэння. Яна вядзе асацыяльны лад жыцця, раней неаднаразова прыцягвалася да крымінальнай адказнасці.

Пункт прыёму шклотары ў Гомелі, дзе быў знойдзены нованароджаны.

— Жанчыну ўжо выпісалі з бальніцы, дзе яна знаходзілася пад канвоем. Да яе прыменена мера стрымлівання ў выглядзе ўзяцця пад варту, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Гамяльчанка абвінавачваецца ў замаху на забойства з асаблівай жорсткасцю заведама малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане. Па крымінальнай справе працягваюцца следчыя дзеянні.

Чырвоны крыж запрашае цвярозых

Дарэчы, у 18 хвілінах хады ад таго самага пункта прыёму шклотары ў Гомелі, дзе ледзь не загінула немаўля, знаходзіцца крызісны цэнтр Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Ён прызначаны для ўсіх, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і шукае дапамогі. У цяжарнай жанчыны была магчымасць звярнуцца туды да спецыялістаў, нават каля яна хацела адмовіцца ад дзіцяці.

Дарэчы, звяртае ўвагу адміністратар крызіснага цэнтра Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК Таццяна Гарэлік, уся кантактная інфармацыя аб установе спецыяльна размяшчаецца ў пунктах прыёму другаснай сыравіны як месцах традыцыйна папулярных сярод людзей, якія вядуць бадзяжніцкі лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напоямі. Спецыяліст у сваёй рабоце штодня сутыкаецца з людзьмі без пэўнага месца жыхарства:

— Часцей за ўсё да нас у цэнтр трапляюць людзі, якія атрымліваюць накіраванні ад дзяржструктур і ведамстваў — міліцыі, следчага камітэта, пракуратуры, аддзелаў адукацыі, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райадміністрацый. Але прыходзяць і проста з вуліцы. Перад тым як засяліцца ў цэнтр, неабходна выканаць шэраг патрабаванняў, безумоўнае — захаванне цвярозасці. Здараецца, людзі пагаджаюцца, але потым не вяртаюцца: не жадаюць выконваць правілы. А вось тыя, хто сапраўды хоча вярнуцца да нармальнага жыцця, вельмі ўдзячныя нашым спецыялістам.

Дзясяткі людзей атрымалі тут дапамогу ў аднаўленні дакументаў, каб мець магчымасць уладкавацца на работу ці атрымліваць пенсію. Многім аказалі неабходнае медабслугоўванне, дапамаглі знайсці новае месца жыхарства, аднавіць сувязь з роднымі... Таццяна Гарэлік кажа: часцей за ўсё менавіта жанчыны, якія доўгі час вялі асацыяльны, бадзяжніцкі лад жыцця, не могуць потым вярнуцца да нармальнага ўкладу, зусім страчваюць сябе як асобу.

Акно жыцця?

Пасля гучных гісторый з падкідышамі ў грамадстве традыцыйна «пульсуе» тэма бэбі-боксаў — спецыяльнага абсталяванага месца для ананімнай адмовы ад дзіцяці. Да дарагой прылады ў розных краінах свету ставяцца неадназначна. Меркаванні па тэме — палярныя.

Адны лічаць, што наяўнасць бэбі-боксаў правакуюць жанчын на роды па-за медыцынскімі ўстановамі. Калі дзіця знікне пасля радзільнага дома, маці могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за забойства. Жанчыны, якім дзіця непатрэбнае, гэта ведаюць. Яны будуць рызыкаваць сваім здароўем і здароўем дзіцяці — нараджаць самастойна, калі вырашаць, што бэбі-бокс — гэта выйсце.

Адваротная пазіцыя: бэбі-боксы дапамогуць маці, якія, напрыклад, у стане глыбокай пасляродавай дэпрэсіі вырашылі пазбавіцца ад дзіцяці, але хочуць пакінуць яго ў цяпле і бяспецы. Бэбі-боксы, кажуць іх прыхільнікі, пакідаюць маці шанц праз некаторы час усвядоміць свой учынак і вярнуцца па малое.

Такой думкі прытрымліваецца і член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ала Смаляк:

— Былі б у нас такія бэбі-боксы — гэта дазволіла б некаторым парадзіхам пакідаць дзяцей і пры гэтым не баяцца крымінальнага пераследу. Гэта дае магчымасць захаваць жыццё нежаданаму дзіцяці. Жанчыны пакідаюць дзяцей паміраць з-за боязі крымінальнага пераследу. Лічу, што дзяржава можа аб'явіць дзяржзаказ, выдзеліць пэўныя бюджэтныя сродкі на праект па захаванні жыццяў дзяцей, даглядаць і выхоўваць якіх маці не жадаюць або не могуць, а грамадскія арганізацыі, напрыклад, Чырвоны Крыж, могуць узяць удзел у яго рэалізацыі. Можа, гэта папярэдзіць паўтарэнне падобных сітуацый.

Дзіця як функцыянал

Многія спецыялісты прытрымліваюцца меркавання, што наяўнасць бэбі-боксаў, на жаль, не вырашыць праблему «непатрэбных» дзяцей. Жанчыне, якая вядзе асацыяльны лад жыцця, доўгі час бадзяжнічае, пакутуе ад хранічнага алкагалізму або нарказалежнасці, увогуле не прыйдзе ў галаву пакінуць сваё дзіця ў бэбі-боксе ці ў любым бяспечным месцы, дзе немаўля знойдуць, лічыць практыкуючы псіхолаг, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Таццяна САСНОЎСКАЯ.

— Такія, як правіла, не становяцца на ўлік па цяжарнасці, ніяк не сочаць за сваім здароўем, бо ім абсалютна пляваць на лёс таго, каго выношваюць, — звяртае ўвагу псіхолаг. — У такіх выпадках не зусім дакладна казаць аб псіхалагічнай дэградацыі. Гэта пра псіхапатычнае развіццё асобы — калі пэўныя ўласцівасці, у тым ліку і маральныя якасці, і каштоўнасныя арыенціры, у чалавека не былі развітыя. Гаворка не толькі пра мацярынскі інстынкт, а ўвогуле пра развіццё базавых навыкаў псіхалагічна развітага чалавека, які прайшоў шлях развіцця псіхікі ад дзіцяці да дарослага. На паводзінах асацыяльных людзей, якія існуюць па-за культурай, гэта асабліва выразна прасочваецца: для іх дапамога блізкаму, клопат, падтрымка, спагада — па-за разуменнем. Людзей навокал яны ўспрымаюць выключна як функцыянальныя аб'екты: ёсць мне ад яго карысць ці не? Такая маці пачуццяў да свайго дзіцяці не адчувае. Па-першае, яна не развілася псіхічна да ўзроўню дарослага чалавека, таму ў яе няма так званага мацярынскага інстынкту. Па-другое, дзіця яна таксама ўспрымае як функцыянальны аб'ект — выгадна ці не? Яна прынесла б немаўля ў бэбі-бокс, калі б ведала, што за яго атрымае матэрыяльнае ўзнагароджанне, а не таму, што ёй шкада малога. Часцей за ўсё такія жанчыны самі родам з маргінальных сем'яў, дзе пра дзяцей не клапаціліся, за людзей іх не лічылі, падвяргалі фізічнаму, а нярэдка і сексуальнаму гвалту, мінімальныя жыццёвыя патрэбы іх ніяк не задавальняліся.

У ідэале, дадае спецыяліст, варта накіроўваць такіх людзей на грунтоўную псіхалагічную абілітацыю (не блытаць з рэабілітацыяй — аднаўленнем, бо ў такіх выпадках няма чаго аднаўляць, трэба будаваць нанава):

— Але калі казаць шчыра, — працягвае Таццяна Сасноўская, — у нас для гэтых мэт няма ні фінансавых рэсурсаў, ні дастатковай колькасці спецыялістаў, бо такая работа сапраўды вельмі складаная.

Пры гэтым цяжка пераацаніць важнасць псіхалагічнай дапамогі людзям, якія з прычыны жыццёвых абставін апусціліся, але не страцілі ў сабе чалавечыя якасці. Вельмі актуальная сёння і ідэя даступнай ананімнай псіхалагічнай кансультацыі цяжарных і парадзіх. Бо на адмову ад дзіцяці могуць паўплываць падзеі падчас цяжарнасці жанчыны: калі сышоў бацька дзіцяці, калі сваякі не падтрымліваюць, калі няма грошай, а пры гэтым дома іншыя дзеці... У радзільным доме жанчына таксама застаецца сам-насам з рашэннем: забраць ці пакінуць сваё дзіця.

Медыкі далі шанц

Сёння стан здароўя хлопчыка, выратаванага 15 кастрычніка, гомельскія медыкі ацэньваюць як стабільны, з паляпшэннямі. Пасля знаходжання малога адразу адвезлі ў найбліжэйшую бальніцу, адтуль — у рэанімацыйнае аддзяленне дзіцячай абласной клінічнай бальніцы.

— Цяпер медыцынская дапамога дзіцяці аказваецца ў педыятрычным аддзяленні Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі (па педыятрыі) галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Таццяна Веліканава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота МНС і СК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.