Вы тут

Ігар Сергеенка правёў прыём грамадзян у Вілейскім раёне


На асабістую сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта прыйшлі сем чалавек. Адна з мясцовых жыхароў загадзя запісацца не змагла, аднак яе зварот усё роўна быў пачуты з першых вуснаў. Большасць пытанняў, якія да Ігара Сергеенкі чыноўніка адрасавалі людзі, былі звязаны з асфальтаваннем дарог мясцовага значэння, аптымізацыяй транспартных маршрутаў.


Таццяна Печанева прыехала на прыём па просьбе неабыякавых жыхароў аграгарадка Ждановічы. Яна распавяла, што ў населеным пункце ў пачатку кастрычніка былі зняты маршрутныя таксі, а таксама не былі адноўлены аўтобусныя маршруты, якія адмянілі раней. Праблема заключаецца ў тым, што многім жыхарам вуліцы Паркавая пасля выхаду на апошнім прыпынку трэба ісці да дому яшчэ добрых чатыры-шэсць кіламетраў. Сярод гэтых пешаходаў — нямала і дзяцей, якія пры ўсім тым дабіраюцца дахаты па неасветленай вуліцы, на якой яшчэ да ўсяго адсутнічае тратуар. «Трагедыя можа адбыцца ў любы момант», — падкрэсліла Таццяна Печанева.

Уважліва выслухаўшы жанчыну, Ігар Сергеенка звярнуўся да прысутных мясцовых чыноўнікаў, якія патлумачылі адсутнасць транспарту эканамічнай затратнасцю, і даў два тыдні на тое, каб разабрацца ў сітуацыі і знайсці аптымальны варыянт. «Мы ставім пад пытанне бяспеку дзяцей, а гэтага быць не павінна», — рэзюмаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

З просьбай паспрыяць у асфальтаванні дарог да Ігара Сергеенкі звярнуліся жыхары некалькіх населеных пунктаў. І калі ў адной сітуацыі гэта больш рэальна (трэба замяніць дарожнае палатно на ўчастку крыху больш чым у паўтара кіламетра), то ў другім выпадку, як падлічылі спецыялісты, гэта выльецца ў капейчыну. «Па-першае, трэба кантраляваць дарожнае палатно на рэгулярнай аснове, па-другое, неабходна наладзіць аўтобусныя шляхі», — рэзюмаваў кіраўнік прэзідэнцкай Адміністрацыі. Адобрыў Ігар Пятровіч і прапанову мясцовых жыхароў — аб’яднаць транспартную лагістыку Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў. Таксама ён заўважыў,што скарачэнне аўтобусных маршрутаў — ключавая тэма: куды б ён ні прыехаў, усюды чуе гэтую праблему.

Вольга Жукава (між іншым, маці пяцярых сыноў), якая падзякавала дзяржаве ў асобе Ігара Пятровіча за падтрымку шматдзетных сем’яў, звярнулася да прадстаўніка ўлады з асабістым пытаннем. Як шматдзетная сям’я разам з мужам яны пабудавалі двухпакаёвую кватэру ў аграгарадку Сеніца. Часткова былі выкарыстаны ўласныя сродкі. У ходзе будаўніцтва нарадзілася яшчэ двое дзяцей, а таму льготны крэдыт перакрыў усю неабходную суму. Забудоўшчык адмаўляецца вяртаць сям’і, якая ў складзе сямі чалавек вымушана жыць на 57 квадратных метрах, задзейнічаныя ў будаўніцтве ўласныя сродкі, аргуметуючы сваё рашэнне іх адсутнасцю. На будаўнічую кампанію будзе заведзена крымінальная справа. «Толькі чалавеку ад гэтага не лягчэй», — заўважыў Ігар Сергеенка і ўзяў сітуацыю на асабісты кантроль.

Гучала на прыёме грамадзян і прапанова скараціць пенсійны ўзрост для тых, хто па віне працадаўцы атрымаў на працоўным месцы траўму. А мясцовы бізнесмен скардзіўся на тое, што з-за новых прававых нормаў ён вымушаны закрыць сваё прадпрыемства, а адпаведна пакінуць без працы людзей.

Мясцовая жыхарка Ганна Гілеўская прыйшла на прыём, каб падзякаваць Адміністрацыі Прэзідэнта за садзейнічанне ў рамонце прысядзібнай тэрыторыі. Была ў жанчыны і новая просьба — дазволіць выкупіць арэндную кватэру, у якой яна жыве. На жаль, вырашыць гэтае пытанне праблематычна: згодна з Жыллёвым кодэксам, жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання не перадаюцца ва ўласнасць, калі гэта не ўстаноўлена кіраўніком дзяржавы. Але не ўсё так безнадзейна, і ў Адміністрацыі Прэзідэнта будуць думаць, як вырашыць пытанне грамадзянкі.

— Самае галоўнае падчас такіх прыёмаў — уважліва выслухаць чалавека, паспрабаваць унікнуць у праблему і вырашыць яе, у тым ліку і з дапамогай спецыялістаў, якія прысутнічаюць падчас такіх сустрэч, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Ёсць пытанні, якія ў сілу пэўных абставінаў выходзяць за межы заканадаўства, таму яны не могуць быць вырашаны. І тут у той ці іншай канкрэтнай сітуацыі даводзіцца тлумачыць, чаму. Калі казаць пра Вілейскі раён, аналіз зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта паказвае, што сёлета іх колькасць з гэтага рэгіёна значна знізілася. Сённяшні прыём паказаў, што пытанні жыллёва-камунальнай, гарадской гаспадаркі вырашаюцца дастаткова аператыўна на мясцовым узроўні.

Тое, што сустрэчы і размовы прадстаўнікоў улады з насельніцтвам маюць станоўчы эфект, пацвярджае і нядаўняе вырашэнне праблемы жыхароў прысталічных Калодзішчаў. Калі мясцовая актывістка Тамара Барауля агучвала хвалюючае пытанне Ігару Сергіенку падчас прыёму грамадзян у Валожынскім раёне, жанчына нават не разлічвала на такі хуткі вынік.

Грамадзянку і яе суседзяў непакоіла прыватнае прадпрыемства па вытворчасці мэблі, якое размясцілася паблізу жылых дамоў. Шум, пыл драўніны, моцныя непрыемныя пахі, а таксама пастаянны рух грузавікоў парушалі спакой жыхароў аграгарадка. Дзякуючы рэагаванню на сітуацыю Ігара Сергіенкі, праблема хутка вырашылася: прадпрымальнік пакінуў арандаваную плошчу і пераехаў падалей ад жылой забудовы. Прычым такім рашэннем вытворца мэблі не быў пакрыўджаны: яму, як добрасумленнаму падаткаплацельшчыку і працадаўцу для мясцовых жыхароў, прапанавалі нядрэнную альтэрнатыву.

Вераніка КАНЮТА

Вілейскі раён

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.