Вы тут

Лявончык: Трэба рэканструяваць 500 кіламетраў рэспубліканскіх дарог


Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення развіцця аўтамабільных дарог Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Лявончык.


Фота Яўгена Пясецкага

Як вядома, у нашай краіне была зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады, якой вызначаны мэты, задачы, прыярытэтныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, а таксама меры па іх рэалізацыі, мэтавыя індыкатары развіцця галін, сфер эканомікі і рэгіёнаў.

«У гэтай праграме закладзены асноўныя для нас, дарожнікаў, параметры, якія мы павінны выканаць, каб забяспечыць нармальныя тэмпы развіцця аўтамабільных дарог. У дакуменце сказана, што мы павінны за пяць гадоў рэканструяваць не менш за 500 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння і выканаць работы па бягучым і капітальным рамонце, а дзесьці, можа, нават рэканструяваць 7 тысяч кіламетраў мясцовых дарог», — адзначыў начальнік упраўлення.

Паводле яго інфармацыі, разам з дадзенай праграмай была зацверджана Праграма «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады. «У гэтым дакуменце больш падрабязна і шырока адлюстраваны асноўныя напрамкі, па якіх будзе развівацца дарожная галіна. Там і развіццё навукова-тэхнічнага патэнцыялу, абнаўленне парку дарожнай тэхнікі, пашырэнне сеткі платных дарог, а таксама вялікае значэнне надаецца стану маставых збудаванняў у нашай краіне», — дадаў Сяргей Лявончык.

Як паведаміў прадстаўнік Мінтранса, у планах на пяцігадовы перыяд значыцца рэканструкцыя такога буйнога аб'екта, як аўтадарога М3 Мінск — Віцебск на ўчастку Мінск — Плешчаніцы. Зараз з банкаўскімі структурамі вядуцца актыўныя перагаворы па структураванні і падрыхтоўцы згаданага праекта. Акрамя таго, Мінтранс выходзіць з ініцыятывай наконт таго, каб акрамя дарогі М3, правесці перагаворы аб фінансаванні рэканструкцый маставых збудаванняў. Плануецца больш за 20 мастоў уключыць у прыведзены праект, каб закрыць пытанні па тых аб'ектах, якія патрабуюць першачарговага рамонту.

Таксама падрыхтавана праектная дакументацыя для рэалізацыі праекта па рэканструкцыі дарогі Р46 на ўчастку Лепель — Полацк.

«Мы там хочам задзейнічаць Экспартна-імпартны банк Кітая. У нас заўсёды былі добрыя і цёплыя дружалюбныя адносіны з Кітаем, да таго ж ужо быў рэалізаваны з імі адзін праект па рэканструкцыя аўтадарогі, мы бачым значны патэнцыял узаемадзеяння з кітайскімі партнёрамі па рэканструкцыі аўтамабільных дарог», — дадаў начальнік упраўлення.

Сёлета ў міністэрстве запланавана завяршыць рэканструкцыю ўчасткаў дарогі Р23 Мінск — Мікашэвічы і Р53 Слабада — Навасады. Усе гэтыя аб'екты рэалізоўваюцца з удзелам беларускіх падрадных арганізацый, там прымяняюцца самыя сучасныя тэхналогіі.

Мясцовыя дарогі і не толькі...

Начальнік аддзела ўтрымання дарожнай сеткі і бяспекі руху камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскаблдарбуд» Валянцін Воўчанка адзначыў, што на іх балансе знаходзіцца каля 16,2 тысячы кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог агульнага карыстання Мінскай вобласці. Прадпрыемства абслугоўвае 696 маставых збудаванняў і 4 433 прыпыначныя пункты.

Гэтая структура цэнтральнага рэгіёна толькі за бягучы год ліквідавала 191,2 тысячы метраў ям. За гэты час імі выканана рамонтнае прафіляванне 21,8 тысячы кіламетраў аўтамабільных дарог з грунтавым і гравійным пакрыццём, у тым ліку абочын — на працягу 3,8 тысячы кіламетраў. Летась на бягучы рамонт аўтамабільных дарог гэтаму ўнітарнаму прадпрыемству было выдзелена 78 млн рублёў, а сёлета — 51,6 млн рублёў.

Валянцін Воўчанка адзначыў, што іх прадпрыемства бярэ ўдзел у рэалізацыі значных для краіны аб'ектаў. Гэта будаўніцтва вуліц з інжынернымі сеткамі на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» на агульную суму 55,3 млн рублёў. Іх прадпрыемствы дапамагаюць пры будаўніцтве горна-абагачальнага комплексу на сыравіннай базе Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных соляў. Вядзецца будаўніцтва інжынерных сетак і добраўпарадкаванне квартала ў паўночна-заходняй частцы горада Смалявічы.

Сталіца жыве па асаблівым графіку

У час пік — раніцай і ўвечары — на маршруты Мінска і прыгарада выходзіць больш за тысячу аўтобусаў, каля 600 тралейбусаў, амаль 90 трамваяў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік генеральнага дырэктара ДП «Мінсктранс» Віктар Тозік.

Ён распавёў таксама, што гэта адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў Еўропе. «У нас сёння 11 тысяч працоўных, 16 філіялаў, з якіх 10 транспартных. Яны забяспечваюць больш за 90 % наземных перавозак пасажырскім транспартам сталіцы і прыгарада», — удакладніў намеснік дырэктара.

Адказваючы на пытанне аб кадравых праблемах у дарожнай галіне і ў транспартнай сферы краіны, Віктар Тозік адзначыў: «На нашым прадпрыемстве няма дэфіцыту кадраў кіроўцаў. Ёсць невялікі недакамплект у тралейбусных парках, што некрытычна, хутчэй, наадварот: гэта дае магчымасць для кіроўцаў зарабіць дадаткова. Усе перавозкі забяспечваем у поўным аб'ёме, і калі раптам недадаём адну машыну на маршрут, для нас гэта надзвычайнае здарэнне.

Сяргей ПАЛІНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?