Вы тут

Вуліца ў гонар Мітрапаліта Філарэта з’явіцца ў Гродне


Дакладней, частцы існуючай вуліцы дадуць новае найменне: гаворка ідзе аб наданні свайго імя частцы вуліцы Максіма Горкага ад плошчы Антонія Тызенгаўза да перакрыжавання з вуліцамі 17 Верасня і Камунальнай у гонар Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага экзарха ўсея Беларусі. У далейшым гэты кавалак, які вылучае такі аб’ект як Архірэйскі падворак, будзе самастойнай вуліцай. 


Трэба сказаць, што напярэдадні прыняцця рашэння народнымі абраннікамі прапановы гарадской тапанімічнай камісіі былі апублікаваны ў мясцовых СМІ дзеля таго, каб пачуць меркаванне гараджан. У выніку заўвагі і прапановы паступілі ад 1968 жыхароў Гродна, Мінска і іншых рэгіёнаў Беларусі. Падтрымалі гэтае рашэнне 1772 чалавекі, выказаліся «супраць» перайменавання — 193 чалавекі. Трое грамадзян аказаліся «згодны» з прысваеннем наймення вуліцы ў гонар Мітрапаліта Філарэта, але прапанавалі перайменаваць вуліцу Леніна і ці Акадэмічную.

Адзначым, што перайменаванне часткі цяпер існуючага элемента вулічна-дарожнай сеткі дадзена ў гонар асобы, якая мае заслугі перад дзяржавай і грамадствам.

З самага пачатку свайго служэння ў Беларусі Мітрапаліт Філарэт рэгулярна наведваў Гродзенскую вобласць і горад Гродна, здзяйсняў тут набажэнствы, меў зносіны з паствай, праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных і мясцовых уладаў, навуковай і творчай інтэлігенцыяй.

Дзякуючы свайму міжнароднаму аўтарытэту Мітрапаліт Філарэт выратаваў ад закрыцця адну з галоўных славутасцяў Гродзенскай вобласці — Успенскі Жыровіцкі манастыр.
У 1989-1992 гадах Уладыка Філарэт быў Мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім. У гэты перыяд Гродна з’яўляўся другім кафедральным горадам, то-бок другой «сталіцай» той тэрыторыі, якой кіраваў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, што сімвалічна падвышала прэстыж старажытнага горада над Нёманам.

Мітрапаліт Філарэт унёс вялікі асабісты ўклад у развіццё міжхрысціянскага дыялогу на нашай зямлі. Паказальна, што ў 1991 годзе падчас свайго візіту ў Шчучын Уладыка сустрэўся з нядаўна пасвечаным рыма-каталіцкім Гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам, каб засведчыць сваю гатоўнасць да зносін і супрацоўніцтва дзеля міру і згоды ў рэгіёне.

Годам пазней Уладыка Філарэт ініцыяваў адраджэнне самастойнай Гродзенскай дыяцэзіі, кіраўніком якой быў прызначаны арцыбіскуп Валянцін (Мішчук). Пасля пераводу ўладыкі Валянціна на новае месца служэння Мітрапаліт Філарэт часова (з 1994 па 1996 гадах) кіраваў Гродзенскай епархіяй асабіста. 

Па благаславенні Мітрапаліта Філарэта з 1992 годзе аднавілася манаскае жыццё ў Раства-Багародзічным жаночым манастыры ў Гродне, які праз 10 гадоў стаў стаўрапігіяльным, то-бок які знаходзіцца ў непасрэдным вядзенні Патрыяршага Экзарха.

Мітрапаліт Філарэт не раз здзяйсняў набажэнствы ў Пакроўскім кафедральным саборы Гродна, часта бываў у Барысаглебскім Каложскім храме, уважліва ўнікаў у дыскусіі аб перспектывах рэстаўрацыі нацыянальнай святыні.

У 1984 годзе Уладыка Філарэт ініцыяваў устанаўленне агульнацаркоўнага святкавання ў гонар Сабора Беларускіх святых. Ён вельмі шчыра ставіўся да шанавання падзвіжнікаў Белай Русі і настаяў на тым, каб менавіта Сабору Беларускіх святых быў прысвечаны храм у Гродзенскім мікрараёне Вішнявец. Дарэчы, у 2011 годзе ён сам узначаліў асвячэнне гэтага храма. Як ініцыятар праслаўлення навамучанікаў і вызнаўцаў беларускіх (1999 г.) Патрыяршы Экзарх надаў імя гэтых святых ХХ стагоддзя храму ў Скідзелі, які зараз з’яўляецца цэнтрам Гродзенскай раённай царкоўнай акругі.

Меў ён і ганаровыя ступені: Мітрапаліт Філарэт быў абраны ганаровым доктарам Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта і ганаровым прафесарам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. У цэлым, архіпастыр быў уладальнікам 12 ганаровых навуковых ступеняў, у ліку якіх звання ганаровага доктара вышэйшых навучальных устаноў Парыжа (Францыя), Нью-Ёрка (ЗША), Варшавы (Польшча), Прагі (Чэхія), Браціславы (Славакія) і гэтак далей.

У эпоху Мітрапаліта Філарэта колькасць праваслаўных епархій на тэрыторыі Беларусі вырасла з 1 да 11 (цяпер іх 15), колькасць праваслаўных прыходаў па краіне павялічылася з 430 да 1600, былі адкрыты 24 жаночых і 10 мужчынскіх манастыроў. Уладыка блаславіў працу над перакладам Святога Пісання на сучасную літаратурную беларускую мову, аднаўленне Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля (Арыгінал помніка — XVI ст.).

Падзвіжніцкая асветніцкая дзейнасць Мітрапаліта Філарэта была адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — ордэнамі Айчыны III ступені, Дружбы народаў, пашаны, Францыска Скарыны, расійскім ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені, шэрагам узнагарод Памесных Праваслаўных Цэркваў. 

Для праваслаўных хрысціян Беларусі Мітрапаліт Філарэт з’яўляўся гарантам адзінства Царквы, а для абсалютнай большасці беларусаў незалежна ад іх веравызнання — прыкладам мудрасці і прытрымлівання евангельскім маральным ідэалам.


...а ў Савеце Рэспублікі — тэматычная экспазіцыя

Трэба сказаць, што пакуль часовая (а з часам, магчыма, і пастаянная) экспазіцыя зараз рыхтуецца да выставы ў Савеце Рэспублікі. Тут будуць прадстаўлены ўзнагароды Уладыкі, памятныя фотаздымкі, выданні, якія ён блаславіў і іншыя рэчы Мітрапаліта.

Больш падрабязна аб гэтай экспазіцыі мы расказам у бліжэйшых нумарах «МС».

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».