Вы тут

Сучасны тэатр: жыццё на сцэне і за кулісамі


Аўдыторыі, якая любіць тэатральнае мастацтва, у эфіры сацыякультурнага тэлеканала «Беларусь 3» працягваюць ладзіць паказы спектакляў і сустрэчы з выдатнымі майстрамі сцэны ў аўтарскіх праграмах.


З найбліжэйшага — 30 кастрычніка ў дзень нараджэння балетмайстра, харэографа, педагога, народнага артыста СССР Валянціна Елізар'ева на «Беларусь 3» выйдзе чарговы выпуск праекта «Сучасны тэатр» у 16.30. У ім гаворка пойдзе пра балет Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь «Рамэа і Джульета». А адразу пасля таго ў 16.45 запланаваны і паказ самога спектакля, у якім Валянцін Елізар'еў з'яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Калі зазірнуць у гісторыю пастановак балета па матывах аднайменнага твора Шэкспіра, то першая пастаноўка балета на музыку Сяргея Пракофьева адбылася ў 1940 годзе на сцэне Марыінскага тэатра. І працяглы час тая версія аўтарства Леаніда Лаўроўскага была кананічнай, а праз 25 гадоў пачалі з'яўляцца іншыя. У афішах Вялікага тэатра Беларусі гэты твор загучаў у 1988 годзе. Менавіта тады сваё бачанне класічнай бессмяротнай трагедыі прадставіў Валянцін Елізар'еў. У трох дзеях майстар сцэны распавёў усю гісторыю закаханых ад іх знаёмства да смерці. Сярод крытыкаў гэтая работа выклікала станоўчыя водгукі. А Валянцін Мікалаевіч адзначаў: «Наш спектакль пра каханне і нянавісць, пра шчырае сяброўства і бессэнсоўную варожасць, бессмяротную, як любоў, моцную, як смерць, як вечнае пытанне, якое зноў і зноў задае сабе чалавецтва...» Пазней, восенню 2018 года, балет прадставілі публіцы ў новай рэдакцыі рэжысёра. І да сёння знакаміты і непаўторна ўвасоблены твор вабіць прыхільнікаў балетнага мастацтва.

Варта адзначыць і тое, што ў гэты ж дзень, але ўжо ў вячэрнім эфіры на «Беларусь 3» нам падрыхтавалі прэм'еру — паказ оперы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета «Фауст» Шарля Гуно. Гэты твор вось ужо больш за 150 гадоў не пакідае сусветныя оперныя пляцоўкі. А ў нас дадзены спектакль прадставілі гледачам восенню мінулага года рэжысёр Ганна Маторная, дырыжор Андрэй Іваноў і мастак Вячаслаў Окунеў. Опера была напісана на сюжэт першай часткі трагедыі Гётэ «Фауст». І некалі яе нават адмовіліся ставіць у Нацыянальным доме оперы ў Парыжы на падставе нібыта адсутнасці «відовішча», а тэатр «Лірык» адклаў яе з прычыны таго, што ў той час паказвалі драму Дэнэры «Фауст». А пасля пастаноўкі вясной 1859 года опера не займела спачатку вялікага поспеху, хоць яе ставілі ў Германіі, Італіі, Бельгіі, але так было толькі да 1862 года. Калі ў пастаноўцы з'явіліся балетныя сцэны «Вальпургіева ноч», опера стала адной з самых запатрабаваных на працягу дзесяцігоддзяў. Дарэчы, цікава і тое, што сам Шарль Гуно задумаў яе за сямнаццаць гадоў да ўласна напісання... На сцэне Вялікага тэатра оперы і балета ў пастаноўцы Ганны Маторнай опера прагучала 21 лістапада 2020 года. У рэжысёрскім бачанні «Фауст» заклікае шукаць адказы на сур'ёзныя філасофскія пытанні і думаць пра маральна-этычныя праблемы. Па словах самой Ганны Маторнай, «Опера Шарля Гуно... прадугледжвае абсалютную бездань сэнсаў, але самае галоўнае — мае неверагодную эмацыянальнасць, якая можа прымусіць вас суперажываць». Дарэчы, «Фауст» быў дэбютам рэжысёра на сцэне Вялікага тэатра. Цяпер там ідзе з лета яшчэ і опера «Дзікае паляванне караля Стаха» ў пастаноўцы Ганны Маторнай.

А ў нядзелю ў праграме «Кадры жыцця» аўдыторыю чакае сустрэча з акцёрам тэатра і кіно, тэлевядучым і рэжысёрам Дзмітрыем Пусцільнікам, якому сёлета спаўняецца 50 гадоў. Артыст працуе ў Тэатры-студыі кінаакцёра і вядомы гледачам па спектаклях «Хто смяецца апошнім», «Пігмаліён», «Механічны чалавек», па фільмах «Мужчыны не плачуць», «Апошні бой маёра Пугачова», «Выклік» і многіх іншых. Убачым кадры яго жыцця і пачуем думкі пра творчасць і не толькі ў эфіры «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО

Фота з сайта: bolshoіbelarus.by.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.