Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Начальнік — кату па пяту, а шуму — як ад вялікага

...«Пасаду» старшага па паверсе ў сваім студэнцкім інтэрнаце я атрымаў, па-першае, дзякуючы знешнасці. Ведама, пасля дзембеля... Ды яшчэ і вусы... Так што на фоне ўчарашніх школьнікаў я выглядаў досыць самавіта. А па-другое, паспрыяў выпадак.


Па дрэннай савецкай традыцыі студэнты ў верасні вучыцца не маглі — хіба што бульбу капаць. Вось і мы дзень пры дні працавалі на палях вучэбнай гаспадаркі, потым прыязджалі ў інтэрнат. Вечар быў свабодны.

Як яго праводзіць, калі матуліны вочы не ўбачаць і бацькава папруга не дастане, расказваць, відаць, не трэба было б, але...

Зусім непадалёк ад нашага, працэнтаў на 80 хлапечага, інтэрната быў яшчэ адзін — працэнтаў на 80 дзявочы. І каб жа тыя дзяўчаты ды сядзелі як мышы пад венікам — чыталі кніжкі, глядзелі тэлевізар. А то ж не! Кожны вечар у іх дыскатэка. І адпаведна музыка — прамой наводкай, праз стадыён, да нас у вокны!

Здавалася б, што было б прасцей — сабраліся і на танцы. Мы так і зрабілі, ды марна: усе ўваходы там перакрытыя: «апрычнікі» стаяць з чырвонымі павязкамі. Мыш не праскочыць!

Праўда, мне з таварышам неяк пашчасціла. Мы нават «адарваліся», як моладзь кажа: патанцавалі крыху, пакуль тыя «апрычнікі» нас не заўважылі, не пабеглі, каб прагнаць... А калі зловяць — казалі — бывай інстытут...

Быць адлічаным, вядома ж, не хацелася. Таму рванулі мы ў бок лесвіцы, з яе — у акно і на казырок над ганкам, адтуль — на клумбу.

Скокнуўшы, таварыш падвярнуў нагу, і ў інтэрнат мне прыйшлося цягнуць яго на сабе...

Здавалася б, атрымалі ўрок? Заракліся? Зноў не, бо маладыя, дурныя, «раны» хутка зажылі, страх забыўся, а вось дзяўчаты — тыя не. Захацелася яшчэ раз паўтарыць свой «подзвіг». І што вы думаеце? Нам, як здавалася, яшчэ раз пашчасціла: мы прарваліся!..

Потым убачылі, што «апрычнікі» проста змянілі тактыку. Нейкі час далі нам пацешыцца, патанцаваць, а ў перапынку да мяне падышлі двое (і ўжо без ніякіх павязак), акуратна ўзялі пад рукі (ніхто нічога не зразумеў) і «папрасілі» «прайсці»...

Смажаным пахла моцна, але я не тузаўся, не ўцякаў: проста ў думках развітваўся — калі не з радзімай, то з інстытутам дакладна...

Ну а далей — як у дэтэктыве: пакой, накрыты стол, вакол яго дарослыя хлопцы. Мне прапануюць прысесці, наліваюць віна... Гэта, думаю, наўмысна, каб узмацніць віну: маўляў, мала таго, што я парушыў парадак, прарваўся ў чужы інтэрнат, дык яшчэ і п'яны...

Сітуацыя, аднак, хутка праяснілася. Па-першае, усе застольнікі аказаліся без пяці хвілін выпускнікамі нашага інстытута, па-другое — прадстаўнікамі розных галін студэнцкай улады, ад якой — па іх словах — даўно стаміліся (ды і дыпломамі трэба займацца) і якую вельмі хацелі б перадаць. Мне, напрыклад, — пасаду старшага па паверсе.

Спытаў, вядома ж, за што вось такі давер. Адказалі, што «зацанілі» і мой знешні выгляд, і той спрыт, з якім я сігануў на клумбу і потым валок таварыша, паглядзелі і асабістую справу.

Карацей — адступаць не было куды: прыйшлося згадзіцца, да таго ж — стаць сябрам студсавета інтэрната.

...З тых часоў у памяці многае. Тут і зараз толькі два смешныя выпадкі.

Аднойчы камендантка інтэрната папрасіла мяне як адказную асобу падзяжурыць. Задача заключалася ў тым, каб у нядзелю позна ўвечары замкнуць уваходныя дзверы, а ў панядзелак рана раніцай адамкнуць.

Для гэтага мне даверылі ключы, адзін з якіх быў ад утульнага кабінета... самой каменданткі.

На правах «гаспадара» я туды (тэлевізар, вазоны, дыван, халадзільнік...) запрасіў сяброў. Мы «трохі» пасядзелі і тую раннюю раніцу паспяхова праспалі, з-за чаго першым студэнтам прыйшлося пакідаць інтэрнат праз вокны...

А другі раз мне пазваніў мой школьны таварыш з Таліна. Бабуля-вахцёрка сарвалася з крэсла, каб мяне паклікаць. Дзе мой пакой, ведала, а вось прозвішча па дарозе забылася. І таму ўвесь паверх напружыўся ад яе галасістага «Сталіна да тэлефона!», «Сталіна...»

Вось так я ім стаў (у маштабах паверха) і прабыў ажно тры гады.

Іван ГАРАЛЬЧУК

г. Мінск.


І злоўлены... І не злодзей

Як гэта ў нас бывае? Едзеш у аўтобусе і міжволі нешта пачуеш. Дзве жанчыны пра вяселлі гутарку вялі. Маўляў, ніякага клопату сёння з імі: грошы аддаў, самых блізкіх сабраў, як госць за сталом пасядзеў ды і дадому... Гэта, маўляў, некалі...

А яно ж, тое некалі, не так даўно і было.

...Адзін хлопец, значыць, пазнаёміўся з дзяўчынай (інтэрнэт дапамог), прызначыў ёй спатканне. Прыйшоў па-людску — з кветкамі. Яна, відаць, ацаніла. Сталі сустракацца яшчэ, а праз нейкі час і да вяселля дайшло.

Спраўляць яго вырашылі ў вёсцы — у бацькоў нявесты. Яны да гэтага дня ўжо і хату падладзілі, і гасцей запрасілі, і прадуктаў набралі. Засталося сталы падрыхтаваць. У памочніцы маці жаніха прыехала. Дзве гаспадыні стала на кухні, да таго ж — дзве Сямёнаўны... Справы аж гарэлі ў руках!.. Час ад часу хіба кот замінаў — круціўся пад нагамі... Прыйшлося за дзверы выставіць...

А перад гэтым жанчыны мяса на фарш круцілі. І Сямёнаўна-госця, перш чым вымешваць яго, пярсцёнкі з рук паздымала. У пакецік злажыла і ў сумачку ў сваю...

За работай ды размовамі — ведама, дзве жанчыны! — час непрыкметна прайшоў. Недзе за поўнач змарыліся яны — захацелі адпачыць, перакусіць. Па чарзе памылі рукі. Госця адразу ж да свайго пакеціка з золатам, а на месцы яго... няма!

Сямёнаўне, мякка кажучы, няёмка — сама ж паклала! І гаспадарам як анучай па зубах, бо чужых жа ў хаце не было... Значыць, што злодзей тут, у гэтай сямейцы? Ды не можа ж быць?!

— Можа, — раптам заўважыла дзіця (малодшая сястра нявесты). — Наш Дым, я бачыла, — нешта ў спальню валок...

Там, на ложку, злодзея і «накрылі»: можна сказаць, на гарачым, бо сам ён, разваліўшыся, соладка спаў. А збоку ў яго ляжаў парваны пакецік з пярсцёнкамі.

...Факт, што злодзея ў той раз не судзілі. Частку віны ўзялі на сябе: не пакармілі Дымка, прагналі з кухні. Дык ён і ў калідоры «мяса» знайшоў... А калі дакладней — дык толькі пах, з пакеціка. Але ж і яго — у іншым выпадку — магло стаць дастаткова, каб сарваць вяселле.

Іван БУКОЎСКІ

в. Шуневічы, Глыбоцкі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж.

Днямі сярод старых газет-чарнавікоў трапіўся абрывак старонкі: без пачатку, без канца, але ж з нейкай гісторыяй. Цытую: «...Пра вось такога палітінфарматара і пісаў артыкул наш звяздоўскі карэспандэнт. Ён ужо «намаляваў» для чытача месца дзеяння — калгасную ніву, партрэт перадавіка-трактарыста... Спыніўся на моманце, калі той заглушыў рухавік, прысеў на траву, каб з'есці прынесены з сабой падмацунак. Апошні радок быў прыкладна такім: «Дапіваючы малако, механізатар убачыў, як па краі поля да яго набліжаецца палітінфарматар Ягоравіч».

Усё астатняе было зразумела без слоў: не галодны і палітычна падкаваны механізатар ідзе працаваць далей: шчаслівы канец. У артыкуле можна паставіць кропку.

Перш чым гэта зрабіць, журналіст захацеў пакурыць: узяў «беламорыну» (файныя былі папяросы!), выйшаў у калідор.

У гэты час яго суседзі па «камеры» (калегі, што працавалі ў тым жа пакоі) вырашылі пажартаваць. Пасля апошняга сказа, надрукаванага на машынцы (пра Ягоравіча, які набліжаўся...) дадалі: «Убачыў трактарыст палітінфарматара і падумаў: «Зноў яго нячысцік нясе! І што яму толькі трэба? Прыйдзецца на дваіх маю чакушку дзяліць».

Толькі дапісалі гэтыя словы, з калідора вярнуўся аўтар і змен у сваім тэксце не ўбачыў (бо не перачытваў), хуценька паставіў подпіс і здаў матэрыял.

Пільнае начальства «жарт», вядома ж, заўважыла, і ў гэткім выглядзе артыкул пра палітінфарматара да чытача не дайшоў — тады. А зараз...»

На гэтым тэкст абрываецца — канца няма. Але і без яго можна здагадацца, што пісаў гэтую гісторыю нехта са звяздоўскіх ветэранаў... Магчыма, перад нейкім юбілеем газеты...

Не так важна, якім...

Важна, што мы... яшчэ раз усміхнуліся (ці нават засмяяліся). А гэта дарагога каштуе. Асабліва цяпер.

Пішыце.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».