Вы тут

Размовы на кухні. Нежаночая прафесія: міф альбо праўда?


Усе мы калі-небудзь у жыцці выбіралі сабе дарогу. Яшчэ Сэнт-Экзюперы казаў: «У кожнага чалавека свае зоркі. Адным — тым, хто вандруе, яны паказваюць шлях. Для іншых гэта проста агеньчыкі». Сёння наша гутарка паміж Сяргеем Куркачом і Лізаветай Тананой прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат. Мы паспрабуем на ўласным прыкладзе разабрацца, ці зможа Лізавета, напрыклад, стаць трэнерам па тхэквандо, пілотам метрапалітэна або шахцёрам. Сяргей Куркач змяніў шмат прафесій, хоць у дзяцінстве марыў вязаць шалікі. А змог бы стаць майстрам па пазногцям?..


Буданы ў кожнага свае

Сяргей: Дарагая мая студэнтка БДУ, не паверу я, што будучы школьніцай ты сваю будучую прафесію журналістыкай называла. Пэўна, мадэллю або спявачкай марыла быць?

Лізавета: Былі і такія думкі, вядома, але ўсё не так адназначна. Мне заўсёды падабаліся самыя разнастайныя прафесіі, неяк нават хацела як тата быць разьбяром па драўніне — было цікава працаваць з дрэвам. 

Сяргей: Ты яшчэ скажы, што пілу з малатком у руках трымаць умееш? Можа ты яшчэ ведаеш, што такое стамеска?

Лізавета: Вядома ведаю, крыўдзіце. Мы з братамі заўсёды нешта майстравалі, пісталеты ўсякія, стрэльбы, лукі — хоць мне цікавей было домікі-буданы рабіць. А вось вы гэбель у руках даўно трымалі?

Сяргей: Напэўна, трымаў. Даўно гэта было... Ты вось кажаш — буданы. А да рэальных пабудоў справа-то нябось, не дайшла.

Лізавета: У-у-у, ну тут зусім ужо мяне недаацэньваеце. Буданоў у маім жыцці было шмат, а самы апошні адносна нядаўна нават будавала, калі ў класе 10-м была. І ведаеце, дзе? На высачэзным дубе, у пяці метрах ад зямлі, у мяне нават фатаграфіі засталіся, праўда там ён не зусім дабудаваны яшчэ. Да гэтага часу памятаю, як, седзячы на галінцы, забівала ў тую ж галінку цвікі... а потым у гэтым будане на гітары гулялі, нават агонь у старой каструлі разводзілі і «шашлыкі» пяклі.

«Не дзявочых» прафесій не бывае?

Сяргей: Кажаш, у цябе павучыцца мог столяр-вышыннік? Не зусім дзявочая прафесія.

Лізавета: Наогул-то, у нас па Канстытуцыі забаронена дыскрымінаваць людзей па прафесіі: будзь то па поле, расе, нацыянальнасці, рэлігійных ці палітычных поглядах. Так што гэта ваша «не дзявочае» вы з лексікона прыбірайце. 

Сяргей: Ты пра дыскрымінацыю ў Працоўным кодэксе прачытала? Дык вось у ПК змяшчаецца агаворка: «не лічацца дыскрымінацыяй любыя адрозненні, выключэнні, перавагі і абмежаванні, напрыклад, абумоўленыя неабходнасцю асаблівага клопату дзяржавы аб асобах, якія маюць патрэбу ў падвышанай сацыяльнай і прававой абароне». Да такіх «агаворак» якраз-такі адносяць у тым ліку і жанчын. І для іх ёсць распрацаваны спіс забароненых прафесій. У гэтым спісе 182 прафесіі. 

Лізавета: Ведаю я пра гэты спіс. Наогул у нашай краіне жанчыны даўно хочуць яго адмяніць. Ён парушае права на свабодны выбар прафесіі або род працы. У лютым гэтага года Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын нават праводзіў інфармацыйную кампанію па яго адмене.

Сяргей: Перад тым як у гэтую «фемінісцкую гульню» заходзіць, ты лепш паглядзела б, што там за прафесіі. Я б не хацеў, каб маці маіх дзяцей працавала майстрам па адліўцы, пракатцы і штампоўцы свінцовых вырабаў. Ці вось, напрыклад, ёсць такая прафесія «па размолцы ртутнага прэцыпітату». Тут адна назва чаго толькі варта. А ртуць рэч даволі небяспечная.

Лізавета: Маці вашых дзяцей, як вы сказалі, наогул нідзе не працавала. А наогул, тут сапраўды дыскрымінацыя: гэтыя прафесіі небяспечныя самі па сабе, незалежна ад таго, хто на іх працуе — мужчыны ці жанчыны. Толькі вось забараняюць чамусьці менавіта жанчынам. 

Сяргей: Ты маю жонку не чапай, калі ласка, гэта мой боль. Яна ў мяне ў дзяцінстве пажарным быць хацела. Але гэта сапраўды небяспечная прафесія, я асабіста не пусціў бы яе туды. 

Лізавета: Так, пажарным у нашай краіне жанчыне быць нельга, што я лічу вельмі несправядлівым. І наогул, думаю камусьці нешта забараняць — няхай гэта будзе нават у адносінах мужа і жонкі — гэта зноў жа дыскрымінацыя. Быццам бы жанчыны акрамя таго, як нараджаць дзяцей нічога не могуць і не павінны, а пад забарону трапляюць менавіта тыя прафесіі, якія якім-небудзь чынам могуць нашкодзіць рэпрадуктыўнай здольнасці жанчыны. У большасці выпадкаў гэтыя ж прафесіі таксама згубна ўплываюць на мужчын, але вось у іх права выбару ніхто не адымае. 

Сяргей: Якая вы, моладзь, някемлівая. Гэтым забароненым спісам мы, мужчыны, жанчын засцерагаем. Цяжкая фізічная праца пад зямлёй мужчыну загартоўвае, а жанчыну можа зламаць. І так, мы турбуемся аб будучых дзецях. 

Лізавета: А што рабіць тым жанчынам, якія дзяцей наогул не хочуць? Або бясплодным? Ці тым, у якіх ужо ёсць дзеці, і больш нараджаць яны свядома не хочуць? Жанчын пазбаўляюць гэтага права без разбору, не гледзячы на сітуацыю. Хоць магчыма яны хацелі б стаць вадалазамі, цеслярамі і мець магчымасць выбраць любую прафесію з гэтага вялізнага спісу.

Сяргей: На гэта магу адказаць, што калі такія працы не адносяцца да шкодных і (або) небяспечных пасля атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы, то жанчына можа там працаваць. 

Лізавета: Ну хоць нейкая паблажка. 

Сяргей: Я вось, напрыклад, таксама не згодны з унясеннем некаторых прафесій у гэты спіс: напрыклад, «па нарыхтоўцы пладоў, лекавай сыравіны з кустоў і дрэў, якія растуць (з уздымам на вышыню вышэй за 1,3 м)» То-бок, у жанчыны галава закружыцца ад такой вышыні, а ў мужчыны — не? 

Лізавета: Вось мы ўсё аб «мужчынскім», аб забароненым. А вы калі-небудзь хацелі працаваць на такой працы, якая стэрэатыпна «жаночай» лічыцца? 

Сяргей: Мая старэйшая сястра неверагодна ўмела (ды і цяпер умее) вязаць на прутках. Так мне гэта спадабалася, як у яе добранька ўсё атрымліваецца, што спіцы ўзяў у рукі і я. І ты ведаеш, я апынуўся годным вучнем — доўгі звязаў бела-чорны шалік. Як цяпер памятаю, вязаў англійскай гумкай. Таксама ўслед за сястрой навучыўся на швейнай машынцы шыць. І гэта ўменне мне дапамагае нават зараз: пакараціць джынсы, навалачку пашыць ці прасціну. Гэтыя ўменні маёй прафесіяй не сталі, але ўжо лішнімі дакладна не сталі. Праўду кажуць: запас бяды не чыніць.

Самая добрая праца — гэта высокааплатнае хобі 

Сяргей: Памятаю адно крылатае выслоўе Джэка Хэрлі: «У кожнага юнака ёсць захапленне, і самае лепшае з іх — захапленне мастацтвам рабіць грошы». Толькі не заўсёды хобі грошы прыносіць. Напрыклад, мая старэйшанькая ў дзіцячым садку як заспявала, так і цяпер у дарослай групе ўжо спявае. Але вось спевам толькі як хобі займаецца. Класны рок-гурт у яе, толькі грошы на музыцы не заробіш. Тэсціроўшчыкам яна працуе ў адной IT-кампаніі. 

Лізавета: Я таксама неяк вакалам займалася, так і ў музычнай школе вучылася. Толькі там не вучылася вакалу, а гульнёй на фартэпіяна займалася. Хоць ніколі не хацела, каб гэта стала маёй прафесіяй, гэта больш як хобі было. Праўда мама настойвала на тым, што ў выпадку чаго магу акампаніятарам стаць у дзіцячым садку. 

Сяргей: А я ў школьныя гады (з другога па дзясяты клас) на секцыю па дзюдо хадзіў, на спаборніцтвы ездзіў. Быццам бы тады нават кандыдатам у майстры спорту стаў. Гэта цяпер у нас прафесійныя добрыя спартсмены сабе на жыццё зарабляюць, займаючыся спортам. У 80-я пра гэта ніхто і марыць не мог. Я потым на ліхія 90-я пару месяцаў трэнерам па тхэквандо быў. Кажуць, зараз модна гэтым відам спорту займацца як раз дзяўчатам. Ты трэнерам ніколі не хацела быць? 

Лізавета: Біцца на кулаках мяне аднакласнікі навучылі, хоць калі і білася, то толькі па справе, ніколі гэта проста забаўкай не было. А спорт і я на розных канцавоссях. І трэнерам мне ніколі не хацелася быць. Вось вы казалі, у вас прыклад быў — бацька старшынёй камітэта фізкультуры і спорту працаваў. А я вясковая — у нас замест спорту градкі, сенажаці — як мама кажа «фітнэс».

Сяргей: А наша з табой прафесія далёка не для ўсіх людзей, якія словы ў сказы складаць умеюць. Кажуць, што журналістам трэба нарадзіцца, гэтаму ніхто не навучыць. Мая жонка, напрыклад, журфак скончыла, а ў газеце працую я. У школе я сачыненні на вольную тэму цікавыя пісаў, ужо тады з настаўнікам рускай мовы і літаратуры пра жыццё спрачаўся. І думкі свае юнацкія пераносіў на паперу. А бацькі мяне прымусілі радыётэхнічны інстытут скончыць. Потым год прапрацаваў на заводзе, тэлевізары збіраў, працаваў грузчыкам. А ўсё роўна праз хобі сваё людзям цікавыя рэчы распавядаць мая прафесія мяне знайшла. Вось ужо 26-ы год працую журналістам.

А ты як у журналістыку трапіла? Тата мэблю збірае, мама — швачка. На каго раўнялася?

Лізавета: Ну, наогул, мама швачка толькі па адукацыі. А так шмат гадоў культработнікам была. Спачатку працавала мастацкім кіраўніком, а потым і дырэктарам сельскага дома культуры. Так што дакладна магу сказаць — у маму пайшла.

Сяргей: А магла быць цесляром-вышыннікам... а, не магла, у спіс трапляеш.

Сяргей КУРКАЧ

Лізавета ТАНАНА

Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ, з асабістага архіву

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.