Вы тут

Рэаніматолаг Дар'я Новікава: Перажываю за кожнага пацыента як за свайго блізкага


Прафесія хірурга, урача-анестаэіёлага асацыіруецца з мужчынамі. Але апошнім часам па гэтых спецыяльнасцях працуюць і жанчыны. Не выключэнне і Дар'я Новікава — малады спецыяліст, урач-рэаніматолаг, загадчыца рэанімацыйнага аддзялення Мар'інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы.


Фота: pixabay.com

— Што паўплывала на выбар такой нялёгкай прафесіі? — цікаўлюся ў Дар'і.

— Я нарадзілася ў пасёлку Плешчаніцы Лагойскага раёна, тут вучылася, тут жывуць мае бацькі. Аднойчы пра наш нулявы клас у дзіцячым садзе здымалі відэа, задавалі пытанне пра тое, хто кім хоча стаць, калі вырасце. Хлопчыкі марылі быць ратавальнікамі, міліцыянерамі, а я сказала, што хачу стаць ўрачом. Пра сваю дзіцячую мару з цягам часу забыла. А ў старэйшых класах падумалася, што нядрэнна было б набыць прафесію фармацэўта-правізара. Стала шмат увагі ўдзяляць такім прадметам, як хімія, біялогія. Аднойчы мой тата прапанаваў падаць дакументы ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. Паспяхова здала экзамены, паступіла.

Так бацька вырашыў лёс сваёй дачкі. Дар'я прызнаецца, што спачатку не разумела, куды ішла і навошта. Асэнсаванне прыйшло праз паўгода, і яна падзякавала тату.

На шостым курсе студэнтка пачала спецыялізавацца на анестэзіёлага-рэаніматолага. У Мар'іну Горку выпускніца трапіла па размеркаванні. У калектыве яе прынялі з радасцю, бо ў бальніцы на той час не было ўрача такога профілю. «За час, што тут працую, зразумела, як важна быць членам адной каманды, калі ў любы час можна падысці да кіраўніцтва бальніцы, старэйшых калег, атрымаць падтрымку», — дзеліцца Дар'я.

— Мы прыехалі ў Пухавіцкі раён з Ленай Леановіч, яна таксама ўрач-анестэзіёлаг. Вучыліся ў адным ўніверсітэце, але не былі знаёмыя. Цяпер працуем разам у аддзяленні рэанімацыі, — кажа Дар'я Новікава.

Дзяўчатам прапанавалі інтэрнат у пасёлку Дружны, але яны вырашылі зняць кватэру. Ім, як маладым спецыялістам, кампенсуюць аплату за арэнднае жыллё.

Спецыяльнасць урача анестэзіёлага-рэаніматолага вельмі адказная, лічыць мая суразмоўніца. Неабходна прыняць правільнае рашэнне пры выбары наркозу для абязбольвання пацыента з улікам яго ўзросту, вагі, стану здароўя, падабраць дазіроўку лекаў. І ў выпадку пагаршэння самаадчування імгненна адрэагаваць адэкватнымі мерамі. Важна і вывесці чалавека з наркозу, каб не было ўскладненняў.

Праз Мар'іну Горку праходзіць чыгунка, побач — ажыўленая аўтатраса. Здараюцца аварыі, людзі трапляюць пад цягнік. Іх прывозяць у раённую бальніцу ў найцяжэйшым стане. У рэанімацыі прыкладваюць усе намаганні, каб іх выратаваць. «Бывалі сітуацыі, калі ў мяне калацілася сэрца і дрыжалі калені», — прызнаецца Дар'я. Але спецыяліст брала сябе ў рукі, супакойвалася: жыццё чалавека даражэйшае за асабістыя пачуцці.

Падчас пандэміі каранавіруса фізічныя, стрэсавыя, эмацыянальныя нагрузкі на медыкаў узраслі ў разы.

— У нашым аддзяленні таксама ляжаць хворыя на ковід. Рэанімацыя раздзелена на чыстую і «чырвоную» зоны. У апошняй можна працаваць толькі ў спецыяльным адзенні.

Раней у рэанімацыі было шэсць ложка-месцаў, цяпер дзевяць. Шэсць «ковідных» і тры чыстыя. Графік работы з 8.00 да 16.00.

— Але бывае, што на рабоце праводзім і паўтара сутак. Павялічылася і колькасць дзяжурстваў. Можна сказаць, практычна жывём у бальніцы. Ды ніхто на гэта не скардзіцца, усе разумеюць, што эпідэміялагічная сітуацыя няпростая. Закончыцца пандэмія, тады можна будзе ўздыхнуць. А людзям, якія не хочуць насіць маскі мне заўсёды хочацца сказаць: «Уявіце, як нам пачуваецца ў рэспіратарах, якія ціснуць на твар, ад іх застаюцца шрамы, псуецца скура.

Дар'я прыехала на работу ў Мар'іну Горку якраз у разгар пандэміі. Бацькі вельмі хваляваліся за дачку, нават спрабавалі не пускаць. Але дзяўчына адказала, што павінна ратаваць людзей, яна ж давала клятву Гіпакрата. Цяпер яны прывыклі, але крыўдзяцца, што рэдка бачацца з ёй — раз у паўтара месяцы.

— Дар'я, вы шмат часу праводзіце на рабоце. Застаецца час на асабістае жыццё? —пацікавілася ў яе.

— Знаходзім час вечарам, у выхадныя наведаць кафэ, трэнажорную залу, басейн, аквапарк, прайсціся па магазінах. Неяк з Ленай Леановіч пакаталіся вярхом на конях. Хочам падарожнічаць па Беларусі, але пакуль не атрымліваецца, таму што ў нас не супадаюць выхадныя, — гучыць у адказ.

Маладыя спецыялісты пасля заканчэння сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, як правіла, імкнуцца ўладкавацца на работу ў абласныя цэнтры, Мінск. Але мая гераіня адназначна не хоча пераязджаць у сталіцу. Яна вырасла ў невялікім населеным пункце. У Мар'інай Горцы ёй усё падабаецца, Шумная сталіца не для яе. Акрамя таго, тут можна расці ў прафесійным плане, будаваць кар'еру.

— Я сфарміравала ў аддзяленні свой маленькі калектыў, які мяне цалкам задавальняе. І развітвацца з ім будзе вельмі цяжка, — дадае ўрач. — А наогул, магчыма маё жыццё калісьці зменіцца. Напрыклад, сустрэну сваю палоўку і паеду за мужам у іншы населены пункт.

Што датычыцца прафесійнага выгарання, то малады доктар лічыць, што ёй гэта не пагражае.

— Я хвалююся за кожнага пацыента як за свайго блізкага, нягледзячы на тое, пажылы ён ці малады або наогул чалавек асацыяльнага ладу жыцця. Што самае цяжкае для ўрача? Выйсці і сказаць сваякам, што не змаглі выратаваць роднага і блізкага ім чалавека, выказаць спачуванні. Нашы педагогі казалі, што ўрач не павінен блізка да сэрца ўспрымаць чужы боль, гора, страты. Калі ўсё трымаць унутры, то мы не зможам далей працаваць. Але пакуль мне гэтаму трэба вучыцца. Ды я вучуся іншаму — змагацца за жыццё чалавека да апошняга. І радуюся, калі ў мяне гэта атрымліваецца, — сказала напрыканцы Дар'я.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Алены ШАНТЫКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.