Вы тут

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?


Аб найбольшай колькасці інфіцыраваных за мінулы тыдзень у свеце СААЗ паведамілі ЗША (512 956). Далей ідуць Вялікабрытанія (330 465), Расія (248 956), Турцыя (196 850) і Украіна (134 235). У апошняй сітуацыя на фоне калапсу ў медыцынскай сферы выглядае насамрэч катастрафічнай. Колішні прэм'ер-міністр Украіны і лідар партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка заклікала склікаць экстраннае пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) з-за крытычнага дэфіцыту лекавых сродкаў і кіслароду на фоне сітуацыі з каранавірусам, паведаміў «Інтэрфакс-Украіна». Паводле яе слоў, у краіне склалася абстаноўка, пры якой для «піяр-шоу і шуму» не засталося месца. Палітык нагадала, што некалькі дзён таму Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19. Яна адзначыла, што ў рэспубліцы да гэтага часу не вырашылася пытанне з даўгамі па зарплаце перад медыкамі ў асобных бальніцах, а таксама рэгулярных паставак медыцынскіх прэпаратаў, кіслароду і лекаў.


Фота: pixabay.com

У многіх ковідных аддзяленнях украінскіх бальніц склалася насамрэч патавая сітуацыя — хворым не хапае запасаў кіслароду, паведаміла ўкраінскае выданне «Страна». Ва Украіне два найбуйнейшыя заводы па вытворчасці медыцынскага кіслароду спынілі работу для... правядзення рэгламентных работ падчас успышкі захваральнасці на COVІD-19. У выніку Украіне давялося купляць кісларод у Польшчы. Аднак закупка польскага кіслароду, відавочна, не вырашыла праблему. Ложка-месцы з падключаным кіслародам заканчваюцца, а ў некаторых месцах жыццёва неабходны рэсурс увогуле скончыўся. Найбольш складаная сітуацыя ў Данецкай, Запарожскай, Сумскай, Адэскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях.

Па факце ўжо сёння ў медыцынскай сістэме здарыўся калапс: у рэгіёнах кісларод шукаюць і дастаўляюць пасля звышнамаганняў і падключэння вышэйшага мясцовага кіраўніцтва. Гэта значыць, выратаванне жыццяў перайшло на ручное кіраванне, адзначае выданне «Страна». Паказальна, што ў разгар эпідэміі ва Украіне адразу два асноўныя пастаўшчыкі кіслароду раптам «зразумелі», што кіслароду на ўсіх не хопіць. Паводле крыніц «Страны» ў Міністэрстве аховы здароўя, кіраўнік ведамства Віктар Ляшко быў загадзя інфармаваны аб хуткім прыпыненні паставак кіслароду. Акрамя таго, кіраўнік Міністэрства аховы здароўя быў яшчэ ў чэрвені папярэджаны, што восенню патрэба ў кіслародзе ўзрасце больш як у пяць разоў, сцвярджае кіраўнік Нацыянальнай медыцынскай палаты эпідэміёлаг Сяргей Краўчанка.

«У краіне ёсць урад, Міністэрства аховы здароўя, офіс прэзідэнта і цэлы прэзідэнт. І «нечакана» для іх у разгар чарговай хвалі захворвання прыватныя прадпрыемствы зрушваюць тэрміны рэгламентных работ з прычыны «крайняй неабходнасці». Усё гэта вельмі падобна да карпаратыўнай змовы. І ўзняць цэны ў разы. Рыхтуйцеся да таго, што цяпер бальніцы будуць купляць кісларод па 20—30 тысяч грыўняў. Якія будуць узяты з дзяржаўнага і муніцыпальных бюджэтаў. Да стварэння штучнага дэфіцыту маюць дачыненне вышэйшыя кіраўнікі Міністэрства аховы здароўя, а таксама ОП. Гэта мільярды грыўняў, украдзеныя з кішэняў украінцаў», — растлумачыў высокапастаўлены супрацоўнік Міністэрства аховы здароўя Украіны.

І тут зноў пачынаецца шоу падчас пандэміі. Прычынай недахопу кіслароду ва ўкраінскіх бальніцах можа быць дыверсія. Пра гэта заявіў кіраўнік камітэта Вярхоўнай рады па пытаннях здароўя нацыі Міхаіл Радуцкі, паведамляе ўкраінская газета «Вести». Міхаіл Радуцкі заявіў, што сілавыя структуры ўжо вывучаюць пытанне, чаму два заводы па вытворчасці кіслароду ва Украіне спыніліся на прафілактыку. «Сёння ўжо СБУ і сілавыя структуры пачалі займацца гэтым пытаннем, таму што ёсць падазрэнні, што гэта можа быць таксама дыверсія... Чамусьці менавіта на прагназаваны пік эпідэміі два самыя магутныя кіслародныя заводы спыніліся на тэхнічную прафілактыку. На просьбу ўрада перанесці прафілактыку там адказалі, што гэта немагчыма», — сказаў ён. Кіраўнік камітэта падкрэсліў, што абодва заводы з'яўляюцца прыватнымі, а вытворчасць на іх будзе адноўлена з 2 лістапада.

Урад Украіны павінен абраць забеспячэнне бальніц медыцынскім кіслародам сваёй першачарговай і неадкладнай задачай. Пра гэта заявіла дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё» (АПЗЖ) Таццяна Плачкова, паведамляецца на афіцыйным сайце партыі. Дэпутат падкрэсліла, што недахоп медыцынскага кіслароду дасягнуў крытычнага ўзроўню. «І, што дзіўна, яшчэ ў пятніцу ў парламенце міністр аховы здароўя запэўніваў, што кіслароднай тэрапіяй будуць забяспечаны ўсе пацыенты ў бальніцах, што да планавага закрыцця заводаў — вытворцаў медыцынскага кіслароду ўрад рыхтаваўся і знайшоў ім замену на гэты перыяд. Але, як заўсёды, у рэальнасці ўсё выглядае інакш», — адзначыла палітык.

«Што адкрылі? Знішчана ўсё на пні. Вы нічога не пабудавалі, нічога. Ні адной фабрыкі, ніводнага завода. Вы знішчаеце і высмоктваеце кроў з краіны — вось што робіць гэтая ўлада, — заўважыў народны дэпутат Вярхоўнай Рады Вадзім Рабіновіч на тэлеканале «Расія-1». — Я з 2014 года слухаю бясконцыя заявы аб тым, як добра мы будзем жыць паслязаўтра, але сёння мы павінны замярзаць, паміраць ад голаду, забіваць сваю краіну, вывозіць яе за мяжу, але мы добра будзем жыць заўтра. Вы добра будзеце жыць заўтра! А мы застанемся ў разбуранай, забітай краіне».

Днямі, падчас сустрэчы з работнікамі Лідскай ЦРБ, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў нашай краіне захавалі базу савецкай медыцыны і ўдасканалілі яе: «Калі б мы не займаліся аховай здароўя, то сёння б мелі тое, што маюць некаторыя нашы суседзі. І тое, што адбываецца на Захадзе». Прыклад таго, што магло здарыцца, — Украіна, якая імкнецца да заходняга варыянта. «Гэта значыць, усю народную ахову здароўя трэба знішчыць, перайсці на прыватную медыцыну. Яны думалі, што прыватная — вырашым усе праблемы. Цяпер адзінкі ўрачоў засталіся, якія за гэта выступаюць», — заўважыў Прэзідэнт.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.