Вы тут

Наталля Качанава: БДУ крочыць разам з краінай, а дзесьці і наперадзе


Напярэдадні юбілейнай даты, 29 кастрычніка адбылося ўрачыстае пасяджэнне Савета ўніверсітэта, у якім прынялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, віцэ-прэм’ер ІгарПетрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс.


Спікер верхняй палаты парламента зачытала віншаванне ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якім адзначалася, што стагадовая гісторыя вядучага ВНУ краіны напоўнена шматлікімі цікавымі падзеямі і вялікімі дасягненнямі.

— Развіваючыся разам з краінай, БДУ фарміраваў нацыянальную інтэлігенцыю, умацоўваў самаcвядомасць народа і беларускую дзяржаўнасць. За гэтыя гады ВНУ падрыхтаваў тысячы спецыялістаў, створаны вядучыя навуковыя школы, распрацаваны новыя ўнікальныя метады, тэхналогіі і практыка, якія дазволілі Беларусі дасягнуць эканамічнага суверэнітэту і стаць прызнаным лідарам у развіцці чалавечага патэнцыялу, — гаворыцца ў віншаванні.

У ім адзначаецца, што, дзякуючы штодзённай напружанай працы некалькіх пакаленняў, БДУ увайшоў у склад найлепшых ВНУ свету, стаў найбуйнейшым навукова-вытворчым цэнтрам. У аснове гэтага поспеху — вернасць традыцыям, дух стварэння і імкненне да новага.

Таксама кіраўнік краіны ў сваім звароце выказаў упэўненасць, што калектыў і надалей будзе прыкладаць усе намаганні для навучання і выхавання сапраўдных патрыётаў, адданых Радзіме, а уклад універсітэта ў развіццё інтэлектуальных, эканамічных і вытворчых рэсурсаў Беларусі будзе толькі памнажацца.

Са свайго боку Наталля Качанава, звяртаючыся да супрацоўнікаў, педагогаў, студэнтаў і выпускнікоў БДУ, адзначыла, што не кожнаму дадзена магчымасць адзначаць такі юбілей:

— Мы сёння спрычыніліся да гістарычнай падзеі ў жыцці не толькі ўніверсітэта, але і нашай краіны. Таму што сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — гэта не проста найбуйнейшы навуковы адукацыйны цэнтр краіны, а ўстанова, прызнаная не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, — пераканана спікер верхняй палаты парламента. — Гэта сур’ёзныя перадавыя навуковыя цэнтры, і выстаўка, якая прадстаўлена тут, пацвярджае гэта — вы крочыце разам з нашай краінай.

Развіваючы гэтую думку далей, спікер верхняй палаты падкрэсліла, што дынаміка гэтага руху зводзіцца не толькі да навукі і адукацыі, але і дапамогі ў рэалізацыі праблем і задач, якія стаяць перад дзяржавай.

— Сёння эксперты і навукоўцы працуюць разам з намі па распрацоўцы заканадаўства краіны, разам займаемся Асноўным законам — Канстытуцыяй, — патлумачыла Наталля Качанава. — Я ўбачыла распрацоўкі па лячэнні і прадухіленні ковід-інфекцыі. Гэта тыя выклікі, якія ставіць перад намі жыццё. І вы крочыце разам, а дзесьці і наперадзе.

Гаворачы пра гісторыю БДУ, Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на пераемнасці традыцый і пакаленняў:

— Працяг славутых традыцый, закладзеных яго заснавальнікамі, дазволіў атрымаць прызнанне ва ўсім свеце, — падкрэсліла яна і падзякавала калектыў ВНУ за гэтую працу. — За працу па падрыхтоўцы спецыялістаў для ўсіх галін краіны, яе патрыётаў.

Наталля Качанава адзначыла, што ў Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, арганізацыі, ці ўстаноў, дзе не працавалі б выпускнікі БДУ. За сто гадоў свайго існавання вядучае ВНУ краіны падрыхтавала 185 тысяч спецыялістаў для розных сфер дзейнасці краіны.

«Нашы выпускнікі — наш гонар»

Як расказаў прысутным рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ, за 100 гадоў прыкладна ў 27 разоў павялічылася колькасць студэнтаў, у 41 раз - колькасць выкладчыкаў. І калі першапачаткова было ўсяго 7 практыка-арыентаваных спецыяльнасцяў, каля 11 спецыяльнасцяў медыцынскага профілю, то сёння адукацыйны працэс у БДУ забяспечвае падрыхтоўку па ўсіх напрамках спецыяльнасцяў, акрамя медыцынскага і сельскагаспадарчага профілю.

— Сучасная структура БДУ прадстаўляе найбуйнейшую ў Беларусі адукацыйную, навукова-вытворчую і інавацыйную карпарацыю, якая дазваляе нам задавальняць запыты эканомікі і сацыяльнай сферы ў элітарных спецыялістах практычна для любой галіны ў дзяржаве. Нашы выпускнікі — наш гонар: гэта вядомыя айчынныя і замежныя навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Андрэя Караля, сучасны ўніверсітэт арыентаваны на развіццё кампетэнцый спецыяліста ХХІ стагоддзя, які будзе канкурэнтаздольным ва ўмовах зменлівага свету. Гаворка ідзе аб крэатыўнасці, уменні выходзіць за свае межы, глядзець на сябе з боку, працаваць у камандзе.

— Ва ўніверсітэце актыўна развіваюцца тэхналогіі па раскрыцці патэнцыялу студэнта, яго самарэалізацыі, — тлумачыць ён. — Гэта тэхналогіі, якія заснаваныя на адкрыцці сябе і навакольнага свету, што забяспечвае цесны сплаў навучання і выхавання для падрыхтоўкі патрыёта сваёй краіны.

Рэктар ВНУ-юбіляра разам з тым звяртае ўвагу і на вынікі такіх падыходаў:

— Ужо сёння мы падышлі да такой мяжы, калі кожная пятая кандыдацкая, кожная шостая доктарская дысертацыя ў краіне абараняецца супрацоўнікамі БДУ, — кажа ён. — Штогод навукоўцы БДУ ўваходзяць у лік самых цытаваных аўтараў у галіне прыродазнаўчых і гуманітарных ведаў у свеце, публікуюць больш за 800 артыкулаў у самых аўтарытэтных сусветных часопісах. Праявай непарыўнасці адукацыі і навукі ў БДУ з’яўляецца ўцягнутасць больш за васьмі тысяч студэнтаў у навуковую дзейнасць.

Як вынік, БДУ сёння — прызнаны ўніверсітэт у міжнароднай адукацыйнай прасторы. Гэта пацвярджаецца ўваходжаннем універсітэта ўпершыню за ўсю яго гісторыю ў 1 % лепшых універсітэтаў свету. А год стагадовага юбілею БДУ ўнесены ў спіс памятных дат ЮНЕСКА.

Віцэ-прэм’ер — выкладчыкам: «Не эканомце веды»

Са словамі віншавання звярнуўся і намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА.

— Сёння знакавая падзея для ўсіх нас — вы перасягнулі 100-гадовы юбілей. І Наступныя 100 гадоў новымі поспехамі і дасягненнямі мы таксама павінны развіваць наш універсітэт, — перакананы ён і паведаміў, што ўрад пільна сочыць за ВНУ, дапамагае яму развівацца ў плане ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы, падтрымцы студэнтаў, развіцця і перападрыхтоўкі выкладчыцкіх кадраў.

Віцэ-прэм’ер пажадаў цяперашнім студэнтам атрымліваць задавальненне ад заняткаў:

— Каб яны ўбіралі тую магутную энергетыку ведаў, шырыню душы выкладчыкаў, імкнуліся стаць добрымі спецыялістамі і цэласнымі асобамі, — скіраваў выкладчыкаў віцэ-прэм’ер і пажадаў ім не эканоміць свае веды, энергетыку, а рэалізоўваць у студэнтах тое, што, на іх погляд, не ўдалося рэалізаваць ім самім. — Менавіта вашы дасягненні, якія потым трансфармуюцца ў вашых студэнтах, — самыя добрыя справы і самая вялікая падзяка, якая толькі можа быць у сапраўднага выкладчыка.

Ён падкрэсліў, што тут працуюць людзі, якія скончылі ВНУ і па загадзе душы і сэрца сталі выкладаць, выхоўваюць студэнтаў, каб тыя сталі не толькі добрымі і таленавітымі спецыялістамі, але і ўсебакова развітымі асобамі. А ўсё гэта ёсць у БДУ.

У аснове — любоў да Радзімы

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга ЧУПРЫС ад імя кіраўніка Адміністрацыі Ігара СЕРГЕЕНКІ і сябе асабіста, як абодвух выпускнікоў гэтага ўніверсітэта, павіншавала ўсіх з выдатным святам. 

— Ва ўніверсітэце ёсць дзве вялікія каштоўнасці — выкладчыкі і выпускнікі. Разам яны фарміруюць імідж універсітэта, — лічыць яна і падкрэслівае, што аб’ядноўваючым стрыжнем, асновай існавання двух гэтых элементаў і іх ўзаемадзеяння з’яўляюцца духоўна-маральныя каштоўнасці, сфармаваныя ў беларускай дзяржаве і грамадстве. —Гэта любоў да Радзімы і, адпаведна, любоў да сваёй alma mater. Гэта павага да старэйшым пакаленням і да нашых настаўнікаў, якія далі нам пуцёўку ў жыццё. Гэта ўслаўленне дасягненняў краіны, БДУ і іх прымнажэнне ўласнымі намаганнямі. Гэта, вядома, карпаратыўнасць, якую я нават назвала б сямейнасцю ў добрым сэнсе гэтага слова, як фарміраванне і развіццё дынастый. Бо, калі ва ўніверсітэт прыходзяць вучыцца дзеці былога студэнта, а потым — унукі, праўнукі, адпаведна, універсітэт жыве і развіваецца. Калі ўслед за бацькам ва ўніверсітэт прыходзяць працаваць яго дзеці, карпарацыя мацнее.

Вольга Чупрыс расказала, што ёй пашчасціла быць ва ўсіх ролях:

— Услед за сваімі продкамі вучылася ва ўніверсітэце, тут вучыўся мой сын. Я працавала ва ўніверсітэце, мой сын падзарабляе тут па прызванні.

Яна прызналася, што хацела б, каб ва ўніверсітэт захацелі прыйсці яе ўнукі і праўнукі, і пажадала роднаму ўніверсітэту не адно стагоддзе развіцця і росквіту на карысць Рэспублікі Беларусь.

Ушанаванне заслуг

У рамках афіцыйнай часткі Савета БДУ ганаровыя госці ўшанавалі прадстаўнікоў ВНУ дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі. У ліку ўзнагароджаных – супрацоўнікі, навукоўцы, дэканы факультэтаў і дырэктара інстытутаў, загадчыкі кафедраў, прафесары і супрацоўнікі розных структур ВНУ. Ордэны, медалі і ганаровыя званні атрымалі прадстаўнікі ВНУ за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўнёсак у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, укараненне вынікаў навуковых даследаванняў у вытворчасць, развіццё беларускай культуры і выхаванне творчай моладзі, дасягненні ў сферы навукі, аховы здароўя і медыцыны.

Трэба дадаць, што за сто год свайго існавання ў БДУ было падрыхтавана 4700 кандыдатаў навук, больш за 15 тысяч замежных спецыялістаў, магістрантаў, аспірантаў. У ліку выпускнікоў — вядомыя навукоўцы, акадэмікі, прафесары, лаўрэаты дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Беларусі, менеджары вышэйшая звяна буйных кампаній. Са сцен БДУ выйшлі народныя паэты, заслужаныя дзеячы, прызёры Алімпійскіх гульняў.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА

Выбар рэдакцыі