Вы тут

Маленькі заробак выклікае падазрэнне


Напэўна, колькі будзе існаваць бізнес, без спробы сэканоміць на падатках не абыдзецца. Прыклады, прыведзеныя ў гэтым артыкуле, бадай, тыповыя не толькі для рэгіёна, усёй Беларусі, але і для іншых краін.


Заробак белы і... чорны

Начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Валерый Лабацэвіч распавёў, што толькі ў першым паўгоддзі выявілі сямнаццаць фактаў выплаты заработнай платы ў канверце. Па выніках кантрольных мерапрыемстваў прад'яўлена да выплаты 748 тысяч рублёў падаходнага падатку.

Напрыклад, у ходзе правядзення пазапланавай праверкі адной фірмы было ўстаноўлена, што яе дырэктарам у мінулым годзе каля 800 тысяч рублёў наяўнымі знята з карпаратыўных банкаўскіх картак. Дакументаў, якія пацвярджаюць расход знятых грошай, не знайшлося. У бюджэт было дадаткова налічана каля 128 тысяч рублёў, у тым ліку падаходны падатак на суму 103,5 тысячы.

Зацікавіла і яшчэ адна фірма, якая ажыццяўляе рэалізацыю тавараў нізкага цэнавага сегмента. Былі выяўлены факты ўтойвання выручкі на 495 тысяч рублёў. Грошы расходаваліся на набыццё тавараў на тэрыторыі Расіі за наяўны разлік без дакументаў, якія гэта пацвярджаюць, а таксама на выплату заработнай платы ў канвертах і іншых даходаў кіраўніку. Рэальная заработная плата работнікаў значна перавышала памер, адлюстраваны ў бухгалтарскім уліку. Усяго па выніках праверкі дадаткова налічана плацяжоў у бюджэт на агульную суму 757,5 тысячы рублёў, у тым ліку 301,2 тысячы — падаходнага падатку.

Як і ў папярэднія гады, у вобласці маюцца арганізацыі, якія заработную плату работнікам не выплачваюць. Адпаведна падаходны падатак у бюджэт не пералічваюць. У першым паўгоддзі ўстаноўлена 14 такіх суб'ектаў гаспадарання ў сямі раёнах вобласці.

Няўлічаная выручка

У ЗША, еўрапейскіх краінах з паспяховай эканомікай утойванне даходаў караецца жорстка. Зарабляеш шмат — плаці падаткі большыя, чым людзі з сярэднім дастаткам. Не ўсім гэта падабаецца, таму ёсць прыклады, калі зоркі атрымлівалі грамадзянства іншай краіны, каб пазбегнуць выплаты буйного падатку. Вядома, што французскі акцёр Жэрар Дэпардзье, дзякуючы расійскаму грамадзянству (з 2013 года), як індывідуальны прадпрымальнік з усіх даходаў плаціць усяго 6 %. Для параўнання: у Францыі плаціў бы па розных крыніцах каля 45 %. Розніца, канешне, вялікая. Сярод жыхароў Прыдзвінскага краю, якія таксама хацелі б пазбегнуць падатку са сваіх даходаў, напэўна, зорак такой велічыні няма. Але ёсць тыя, хто і на радзіме падаткі не плаціць, і грамадзянства не змяняе.

Валерый Лабацэвіч расказаў пра маніторынг арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць таксі і з'яўляюцца партнёрамі кампаніі «Uber ML B.V.».

— Пры ўстанаўленні фактаў утойвання арганізацыямі выручкі (шляхам прыёму грашовых сродкаў без касавага абсталявання), наяўнасці ў работнікаў нізкай зарплаты робіцца збор доказаў, якія пацвярджаюць факт атрымання кіроўцамі таксі дадатковых даходаў у выглядзе няўлічанай выручкі. З гэтых сум падаходны падатак арганізацыямі не вылічаўся, не ўтрымліваўся і не пералічваўся ў бюджэт, — растлумачыў ён. — Меркаваная сума падаткаў да даплаты — 58 тысяч рублёў (у тым ліку падаходнага падатку — 53 тысячы).

І сумленныя прадпрымальнікі

Колькасць людзей, якія спрабуюць пабудаваць уласны бізнес, павялічваецца. Улады гэты трэнд падтрымліваць, у тым ліку налічэннем мінімальнага падатку для самазанятых. Пашыраецца пералік відаў дзейнасці, якімі можна займацца па заяўным прынцыпе, — калі дастаткова паведаміць у падатковы орган і выплаціць падатак. У Віцебскай вобласці ўстойліва расце колькасць міні-бізнесаў, якія не патрабуюць дзяржаўнай рэгістрацыі, канстатаваў галоўны падаткавік рэгіёна.

— За шэсць месяцаў 2021 года колькасць фізічных асоб, якія ажыццяўляюць віды дзейнасці, што не патрабуюць дзяржаўнай рэгістрацыі, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 587 і склала 4772 чалавекі, — удакладніў начальнік інспекцыі.

Найбольшая колькасць такіх прадпрымальнікаў у Віцебску (1143 чалавекі) і Наваполацку (525), Полацкім (519) і Аршанскім (427 чалавек) раёнах.

Часцей за ўсё гэта цырульнікі і касметолагі (1351 чалавек). Рэалізацыяй прадукцыі кветкаводства, жывёл, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў займаюцца 1070 чалавек. «Бронза» па папулярнасці — паслугі рэпетытараў (650 чалавек).

157 чалавек вырошчваюць сельскагаспадарчую прадукцыю, 200 — прапануюць паслугі грузчыкаў і дрывасекаў. Прыкладна столькі ж — па доглядзе дарослых і дзяцей, прыбіранні тэрыторыі, 145 — па аздабленні памяшканняў.

— Падчас кантролю за выплатай адзінага падатку фізічнымі асобамі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у заяўным парадку, намі зроблены акцэнт на актывізацыю растлумачальнай работы, перш за ўсё з мэтай стымулявання добраахвотнай выплаты падаткаў і прафілактыкі здзяйснення правапарушэнняў. І гэта дало свае вынікі, — канстатаваў кіраўнік падатковай.

А яшчэ на ўліку ў інспекцыях вобласці больш за 5,5 тысячы грамадзян, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, а таксама прыблізна 700, якія аказваюць паслугі ў сферы аграрнага і экалагічнага турызму.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».