Вы тут

Жаночыя перамогі беларускага спорту


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, чым запомніўся мінулы спартыўны тыдзень.


Гераіні тыдня. Беларускія спартсменкі выступілі на чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы, дзе сем разоў падымаліся на п'едэстал. Сапраўдны фурор стварыла Аліна Гарнасько. Аліна стала сярэбраным прызёрам у практыкаваннях з абручом, суддзі ацанілі яе выступленне на 25,950 бала, такі ж медаль яна заваявала ў мнагаборстве, атрымаўшы 105,300 бала. У кампазіцыі з мячом Аліна стала трэцяй, за сваю праграму яна атрымала 27,300 бала. Залаты медаль гімнастка заваявала ў кампазіцыі са стужкай. Пераможная адзнака Аліны Гарнасько — 23,950 бала.

На п'едэстал чэмпіянату свету падымалася і Настасся Салас. У практыкаваннях з булавамі яна заваявала «бронзу». Яе выступленне суддзі ацанілі на 26,400 бала. Па выніках групавых практыкаванняў па праграме мнагаборства беларускія спартсменкі занялі трэцяе месца. За нацыянальную каманду выступілі Ганна Гайдукевіч, Настасся Малаканава, Настасся Рыбакова, Арына Цыцыліна і Карына Ярмоленка. Агульны вынік дзяўчат — 85,400 бала.

У агульным медальным заліку каманда Беларусі размясцілася на трэцім месцы, прапусціўшы наперад каманды Расіі і Італіі.

Каманда тыдня. Баскетбалісткі юнацкай зборнай Беларусі (U-15) сталі сярэбранымі прызёрамі конкурсу баскетбольнага майстэрства Skіlls Challenge. У вырашальным завочным супрацьстаянні сусветнага фіналу беларускі ўступілі ізраільскім равесніцам — 130:111. У заключным этапе спаборніцтваў — эстафеце — у складзе беларускай каманды выступалі Анастасія Аўсіевіч, Марыя Ляскоўская, Дзіяна Ліндэрава, Яна Барысевіч і Аляксандра Палубок. Услед за беларускімі дзяўчатамі фінішавалі кітаянкі, якія заваявалі бронзавыя ўзнагароды.

Сусветны конкурс баскетбольнага майстэрства Skіlls Challenge быў арганізаваны Міжнароднай федэрацыяй баскетбола (ФІБА) у якасці замены юнацкіх чэмпіянатаў у сувязі з пандэміяй COVІD-19. Сістэма правядзення Skіlls Challenge простая: кожная каманда праходзіць этапы эстафеты, пасля чаго відэазапіс адразу адпраўляецца ў ФІБА для вызначэння якасці і хуткасці праходжання выпрабавання. За парушэнні і недакладнасці налічваюцца штрафныя ачкі, а пераможцам становіцца калектыў, у якога іх менш.

Перамога тыдня. Беларуская фігурыстка Вікторыя Сафонава выйграла турнір серыі «Чэленджэр», прысвечаны памяці Дзяніса Тэна, у Казахстане. У суме дзвюх праграм яна атрымала адзнаку 190,06 бала. Акрамя беларускай спартсменкі, на п'едэстал узышлі Кацярына Рабава (179,50 бала), якая выступае за Азербайджан, і ўкраінка Анастасія Шаботава (175,21 бала).

Надзеі тыдня. Беларускія баксёры выйгралі тры медалі на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы (U-18) у Будве (Чарнагорыя). Найлепшы вынік на планетарным першынстве паказаў Мацвей Давыдаў (63,5 кг), які стаў уладальнікам сярэбранай узнагароды.

Яшчэ двума медалямі папоўнілі скарбонку зборнай Беларусі Андрэй Масалаў (86 кг) і Мікіта Нагорны (92 кг). Абодва спартсмены без паражэнняў дайшлі да паўфінальнай стадыі турніру, уступіўшы сваім апанентам, і згодна з рэгламентам спаборніцтваў сталі бронзавымі медалістамі спаборніцтваў.

Страта тыдня. Пайшоў з жыцця вядомы беларускі спартыўны псіхолаг, кандыдат педагагічных навук, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Мікалай Волкаў. Ён узначальваў Цэнтр псіхалагічнай службы адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму, створаны ў 2000 годзе.

Сярод тых, з кім супрацоўнічаў Мікалай Канстанцінавіч, такія зоркі айчыннага спорту, як Уладзімір Самсонаў, Максім Мірны, Вікторыя Азаранка, Дар'я Домрачава, Ала Цупер і іншыя тытулаваныя спартсмены.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?