Вы тут

Валянцін Елізар’еў: Балет немагчыма стварыць з халодным сэрцам


Дзякуючы Валянціну Елізар'еву беларускі балет стаў адным з найлепшых у Савецкім Саюзе, а потым здабыў і сусветную вядомасць. Красамоўнае сведчанне гэтаму — прысуджэнне Елізар'еву ў 1996 годзе прэміі Міжнароднай асацыяцыі дзеячаў харэаграфіі «Бенуа дэ ля данс» як найлепшаму харэографу свету (за пастаноўку балета «Страсці» Мдзівані).


Фота: БелТА

Творчасць знакамітага харэографа сучаснасці па заслугах ацэнена і на дзяржаўным узроўні. Валянцін Елізар'еў — кавалер ордэна Францыска Скарыны, ордэна Дружбы народаў, ордэна Айчыны другой і трэцяй ступені. Ён — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы.

Але ёсць і адваротны бок неверагоднай папулярнасці Елізар'ева-харэографа. Зайздрасць. Нядобразычлівасць. Скептыцызм. На жаль, усе гэтыя крыватолкі прывялі аднойчы да неверагоднага: знакамітага харэографа на цэлых дзевяць гадоў адлучылі ад роднага тэатра. Ад тэатра, але не ад любімага балета.

У рэшце рэшт справядлівасць перамагла. І восенню 2017 года Елізар'еў трыумфальна вярнуўся ў Вялікі тэатр. Трыумфальна, бо за няпоўныя два гады паставіў у новай рэдакцыі пяць сваіх шэдэўральных спектакляў. А на нядаўняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі атрымаў яшчэ адну ўзнагароду — «За шматгадовае служэнне сцэне».

Балет — мастацтва думкі

— Валянцін Мікалаевіч, вы неяк выказалі даволі парадаксальнае меркаванне пра тое, што балет — гэта мастацтва думкі.

— А ў чым парадокс?

— Ну, хоць бы ў тым, што гэта мастацтва без слоў.

— Вы ведаеце, балет, напэўна, тым і цудоўны, што ён можа адным ці некалькімі жэстамі перадаць думку, на якую словамі спатрэбілася б цэлая старонка. Магу назваць толькі адну ўмову-абмежаванне: балет немагчыма ствараць з халодным сэрцам.

— Іншымі словамі — не быць рамеснікам.

— Вы ведаеце, я да гэтага вызначэння стаўлюся вельмі паважліва. Калі гэта рамеснік высокага ўзроўню. У балеце, асабліва ў выканаўцаў, поспех на пяцьдзясят працэнтаў залежыць ад прыроды і на пяцьдзясят працэнтаў — ад адукацыі. Рамяство павінна быць атрымана з вельмі добрых педагагічных рук. Сапраўдны педагог не ламае чалавечае цела, а як бы фарміруе яго наноў, адточвае, удасканальвае яго пластыку.

— Вы згадалі важнасць добрай педагагічнай школы. Ці склалася такая школа ў нас у краіне?

— Так, яшчэ ў даўнія часы сюды, на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, запрашаліся найлепшыя французскія, італьянскія педагогі, якія працавалі з мясцовымі балетнымі школамі. А ў ХVІІІ стагоддзі такіх школ было нямала. Дастаткова назваць Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Ружанскі тэатр Сапегаў, Слуцкую і Шклоўскую балетныя трупы і іншыя.

Найлепшыя вучні з гэтых школ былі адабраны рускім балетам у Маскве, Санкт-Пецярбургу, а таксама ў Варшаве. Так, напрыклад, прыгонная балетная трупа са Шклова прыдворнага тэатра Сямёна Зорыча была перададзена дырэкцыі Санкт-Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў і вывезена ў сталіцу Расійскай імперыі. А «Таварыства танцоўшчыкаў Яго Каралеўскай Вялікасці» ў Варшаве сфарміравана з выпускнікоў балетных школ Гродна і Слоніма. Шмат таленавітых беларускіх танцоўшчыкаў было перададзена Міхалам Казімірам Агінскім польскаму каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму ў вечнае валоданне.

У выніку такога шчодрага донарства ў беларускім балеце, росквіт якога прыпадае на ХVІІІ стагоддзе, у наступныя гады нічога значнага не адбывалася. Усё было сканцэнтравана ў трох сталіцах — Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве.

Новы ўздым у развіцці беларускага балета намеціўся ў пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады пры Першым беларускім дзяржаўным тэатры была сфарміравана прафесійная балетная трупа. Заняткі будаваліся на аснове методыкі выдатнага рускага педагога Агрыпіны Ваганавай. Такім чынам, у ХХ стагоддзі сапраўдная методыка класічнага балета ў Беларусь прыйшла ўжо не з Захаду, а з Расіі.

Бурнае развіццё беларуская харэаграфія атрымала пасля Вялікай Айчыннай вайны. Многае адбывалася ўжо і на маіх вачах. Прыняўшы творчую эстафету ад маіх папярэднікаў — Канстанціна Алексютовіча, Канстанціна Мулера, Атара Дадышкіліяні, я паставіў перад сабой задачу не толькі не ўпусціць высока паднятую планку, але і па магчымасці падняць яе яшчэ вышэй.

— Кажуць, рэжысёру-пастаноўшчыку неабходна быць у нейкім сэнсе дыктатарам. А як складваюцца адносіны з калектывам у вас?

— Дыктатура павінна быць, але дыктатура таленту. Два гады таму я прыняў, як бы гэта сказаць мякчэй, няправільна сфарміраваныя трупы. Вось зараз я спрабую навесці там парадак. Даць дарогу маладым, таленавітым кадрам. Гэта — вялікая і складаная работа.

Ніхто не зацікаўлены рабіць беларускі рэпертуар, акрамя нас саміх. Хачу, каб у нас была свая школа і рэжысёрская, і харэаграфічная, таму так многа зараз уводжу моладзі.

Якія ў мяне адносіны ў калектыве? Самыя паважлівыя. Асабліва да дзяўчат, жанчын. Ніколі ў сваім жыцці я не дазволіў сабе сказаць грубае, дрэннае слова ў адрас артыстаў. Магу сказаць крыўдную праўду аб рабоце. Але абавязкова ў мяккай, інтэлігентнай форме. І то стараюся рабіць гэта сам-насам. А вось хвалю заўсёды публічна. Бо ў творчых людзей павышаная ранімасць. Таму, нягледзячы ні на што, крыўды часам бываюць. Але мы іх пераадольваем у працэсе работы.

Перарваны палёт

— Пасля таго як вы бліскуча скончылі Ленінградскую кансерваторыю, напэўна, у вас былі шматабяцальныя запрашэнні. А як апынуліся ў Мінску?

— Сапраўды, такія запрашэнні былі. Адно з іх — у Сафійскі тэатр оперы і балета. У мяне жонка балгарка, і, зразумела, яна агітавала мяне паехаць працаваць на яе радзіму. Але гэтаму не суджана было збыцца. Мяне выклікалі ў Міністэрства культуры СССР і строга сказалі: «На вас паступіла заяўка з Мінска, галоўным балетмайстрам у Вялікі тэатр оперы і балета. Настойліва вам раім падумаць над гэтым».

Беларускі тэатр у той час быў якраз на гастролях у Кіеве. Я паехаў туды прыгледзецца. Балетная трупа ў мяне асаблівага захаплення не выклікала. Але калі крыху пазней я пабываў у Мінску, пабачыў сцэну Вялікага — раз і назаўсёды ў яе ўлюбіўся. Працаваць на такой шыкоўнай сцэне — мара любога харэографа. І я даў згоду.

— Паслухайце, у дваццаць шэсць гадоў — і адразу на такую адказную пасаду. Не страшнавата было?

— Вядома, страшнавата. Але мяне вельмі цёпла прынялі ў Мінску. Міністр культуры Беларусі Юрый Міхайлавіч Міхневіч (а гэта ён быў ініцыятарам майго запрашэння) даў мне карт-бланш у творчасці. Пашчасціла і з кіраўніцтвам тэатра. Яго дырэктар Мікалай Панцеляймонавіч Шаўчук, чалавек не выпадковы ў мастацтве, першы час пастаянна дапамагаў мне і словам, і справай.

— А як сустрэла трупа?

— Спачатку насцярожана. Глядзелі паблажліва. І гэта зразумела: прыйшоў нейкі хлапчук, мала каму вядомы харэограф, і будзе наводзіць тут парадкі. А перада мной былі ўжо паспяховыя майстры, народныя і заслужаныя артысты.

На шчасце, у мяне быў які-ніякі вопыт работы з выканаўцамі, акрамя таго, я дастаткова рана адчуў у сабе лідарскія якасці. А потым я зрабіў беспамылковы крок: далучыў да работы над сваім першым спектаклем найбольш здольную моладзь. А трэба сказаць, што тады ў тэатры сапраўды працавала шмат таленавітых танцоўшчыкаў: Людміла Бржазоўская, Юрый Траян, Віктар Саркісьян, Уладзімір Іваноў, Сяргей Пясцехін і іншыя. У іх быў стымул расці, і на рэпетыцыях яны працавалі з поўнай аддачай.

Калі прэм'ера спектакля (а гэта была «Кармэн-сюіта») прайшла з поспехам, усе астатнія паглядзелі на нас, і перш за ўсё на мяне, ужо са здзіўленнем і цікавасцю, а магчыма, нават з нейкай доляй зайздрасці. І таксама пацягнуліся да мяне.

— Сямнаццаць гадоў, з 1992 да 2009-га, вы былі дырэктарам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага тэатра балета Беларусі. Ці ўсё з задуманага за гэты час удалося рэалізаваць?

— Не ўсё. Жыццё, як заўсёды, уносіць у нашы планы свае карэктывы. Але многае ўсё ж было зроблена. Удалося не толькі ўтрымаць колькасны склад трупы, але і палепшыць яе якасць. Што, у сваю чаргу, адбілася на павышэнні мастацкага ўзроўню нашых спектакляў. У гэты няпросты час яны заўсёды ішлі з аншлагамі. Акрамя таго, мы шмат гастралявалі. А гэта дадатковы і дастаткова важкі даход. Адзін наш спектакль за мяжой каштуе ў разы больш, чым тут.

Магчыма, пэўныя страты я меў толькі ў асабістым плане. Аддаючы шмат часу адміністрацыйнаарганізацыйнай рабоце, я менш увагі надаваў уласнай творчасці. Хоць як сказаць. Тры гады мы з кампазітарам Андрэем Мдзівані вельмі шчыра працавалі над гістарычный пастаноўкай «Страсці», ствараючы яе абсалютна з нуля. У 1998 годзе адбылася прэм'ера балета «Жар-птушка» на музыку Стравінскага. У 2001 годзе ў маёй пастаноўцы выйшаў балет Чайкоўскага «Прыгажуня, якая спіць».

У гэтыя ж гады ажыццявіў новыя рэдакцыі існуючых балетаў «Вясна свяшчэнная» Стравінскага, «Стварэнне свету» Пятрова, «Легенда аб Уленшпігеле» Глебава. Некалькі спектакляў былі пастаўлены за мяжой: «Дон Кіхот» Мінкуса ў Стамбуле, «Спартак» Хачатурана ў Анкары, «Эсмеральда» Пуні ў Токіа. Так што і ў плане творчасці быццам грэх скардзіцца.

— Гром грымнуў нечакана. У 2006 годзе тэатр оперы і балета зачынілі на капітальны рамонт...

— Так, непрыемнасці, якія неўзабаве пайшлі за гэтым, былі для мяне зусім нечаканымі. Тры гады, пакуль ішоў рамонт, я цягнуў балет, не маючы ўласнай сцэны, без рэпетыцыйнай базы. У Палац Рэспублікі, куды часова ўладкавалі, нас пускалі толькі ў дзень спектакля. Цяпер я нават здзіўляюся, як мы выжылі...

Пры гэтым я стараўся ўнікаць у некаторыя, найбольш істотныя, праблемы рамонту. Так, напрыклад, я дабіўся, каб у сцэны з'явіўся нахіл, які дасць магчымасць палепшыць відовішчнасць спектакляў. Дарэчы, такі нахіл маюць сцэны ўсіх галоўных тэатраў свету.

У адстойванні сваіх патрабаванняў даводзілася весці дастаткова рэзкія дыялогі ў Міністэрстве культуры. І, магчыма, такая мая настойлівасць камусьці ў міністэрстве не спадабалася. Таму, калі рамонт скончыўся, мне прапанавалі ўсяго толькі пасаду галоўнага балетмайстра, хоць была абяцана пасада дырэктара — мастацкага кіраўніка ўсяго тэатра. Гэта значыць, хацелі мяне вярнуць да таго, з чаго я пачынаў трыццаць пяць гадоў таму. Але апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу майго цярпення, было рашэнне міністэрства прызначыць выконваючым абавязкі дырэктара тэатра чалавека, які нічым сябе не праявіў у мастацтве. І я напісаў заяву на звальненне.

Вяртанне

— Валянцін Мікалаевіч, а магчыма, вы дарма пагарачыліся, можа, трэба было самому пайсці да начальства, пагаварыць, паразумецца?

— Гэта значыць, пайсці на кампраміс з самім сабой? Не, мне гонар ніколі не дазволіў бы гэта зрабіць. Вядома, такое рашэнне далося мне нялёгка: пайсці з трупы, з якой звязана ўся мая творчая дзейнасць, парваць з тэатрам, якому быў адданы і лічыў сваім родным домам, — драматычны момант у маім жыцці. Але я не мог зрабіць інакш і не шкадую пра гэта рашэнне. Шкада толькі многіх нерэалізаваных творчых планаў. Дарэчы, я пайшоў з тэатра, але не з балета. Усе гэтыя дзевяць гадоў я быў запатрабаваны як харэограф, як балетмайстар. Выкладаў на кафедры харэаграфіі ў нашай Акадэміі музыкі, дзе, дарэчы, застаюся прафесарам і сёння.

— Знаходзячыся па-за родным тэатрам, вы, мяркую, усё ж сачылі за тым, што адбываецца ў яго сценах?

— Безумоўна. Стараўся бываць на ўсіх прэм'ерах — балетных і оперных. Але толькі па білетах. З 2009 года я ні разу не зайшоў у тэатр са службовага ўваходу. Проста мяне туды ніхто не запрашаў, як быццам я перастаў існаваць.

— Настаў 2017 год. Набліжаўся ваш 70-гадовы юбілей. І раптам прапанова правесці ваш творчы вечар...

— Гэта была ініцыятыва Міністэрства культуры. У ім змянілася кіраўніцтва, і, відавочна, змянілася стаўленне да мяне. Хоць дырэкцыя тэатра да апошняга супраціўлялася. Але, у рэшце рэшт, вымушана была саступіць. Мне нават далі не адзін вечар, а два. Прычым я настаяў, каб гэтыя вечары прайшлі на роднай сцэне, у тэатры оперы і балета.

Так і атрымалася. 31 кастрычніка я паказаў публіцы абноўлены «Спартак», а 2 лістапада адбыўся вялікі гала-канцэрт зорак беларускага і сусветнага балета.

— Пасля гэтых трыумфальных урачыстасцяў вам нарэшце прапанавалі вярнуцца ў тэатр… І як вас сустрэлі ў трупе?

— Сустрэлі вельмі добра. Добразычліва. Усе засумавалі па сапраўднай творчай рабоце. Выказалі пажаданне як найхутчэй навесці парадак у рэпертуарнай
палітыцы. Чым я, уласна, адразу ж і заняўся.

З моманту вяртання я паставіў ужо ў абноўленай рэдакцыі пяць спектакляў. Гэта — «Спартак», «Шчаўкунок», «Стварэнне свету», «Кармэн-сюіта» і «Рамэа і Джульета». І мне прыемна, што яны запатрабаваны, збіраюць поўныя залы.

Гутарку вёў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.