Вы тут

Рэйды, лісты, апавяшчальнікі


З наступленнем халадоў традыцыйна пагаршаецца пажарная статыстыка, і пытанні бяспекі настойліва «просяцца» на парадак дня. У сельсаветах у пачатку восені актывізуюцца наглядныя камісіі, ладзяцца рэйды зацікаўленых службаў ў домаўладанні ўразлівых і праблемных катэгорый грамадзян. Асаблівая ўвага аддаецца адзінокім вяскоўцам і тым, хто з пажылых пражывае адзінока. Пра гэта і не толькі — наша сённяшняя гаворка з кіраўнікамі мясцовай улады.


Фота: pixabay.com

Мікалай ЛІЧЭЎСКІ, старшыня Гараднянскага сельскага Савета Столінскага раёна:

— Такая праблема бярэ пачатак з дэмаграфічнай сітуацыі вёсак. Цяпер большую частку насельніцтва сельсавета складаюць пенсіянеры. Уявіце сабе, што яшчэ 30 гадоў таму на нашай тэрыторыі былі чатыры пачатковыя школы і адна сярэдняя з колькасцю вучняў пад тысячу. Сёння ў нашай сярэдняй школе займаецца 36 хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1970—1980-я гады, калі будаваліся заводы, развівалі ўсе галіны прамысловасці ў гарадах, моладзь спрэс выязджала. А цяпер бацькам тых школьнікаў недзе каля 80-ці гадоў, многім і таго больш. Дзеці некаторых жывуць ва Украіне, у Расіі, а цяпер, у сувязі з абмежаваннямі ў зносінах, на малой радзіме бываюць рэдка, таму даводзіцца асаблівую ўвагу ўдзяляць пажылым жыхарам.

Пішам пісьмы, нагадваем, калі хто забываецца падправіць печ, замяніць праводку, уцяпліць жытло. Сёлета такіх пісьмаў было адпраўлена дзевяць. Варта сказаць, што нярэдка падобныя напаміны аказваюцца дзейсным інструментам. Адзін гараджанін, атрымаўшы пісьмо, вельмі хутка прыехаў да маці, адрамантаваў праводку, ды яшчэ прасіў прабачэння, што не зрабіў тое раней. Сын пенсіянеркі аказаўся электрыкам. Але здараецца, на жаль, і так, што пісьмы застаюцца без адказу і рэагавання.

Ёсць яшчэ адна праблема, — працягвае Мікалай Васілевіч, — на якую мы звяртаем увагу на сельскіх сходах, на розных нарадах. Гарадскія дзеці, калі праводзяць мадэрнізацыю ў кватэрах, старыя халадзільнікі, тэлевізары, мікрахвалеўкі, пральныя машыны часцяком вязуць у вёску бацькам. А ў тых праводка старая, пракладзеная ў 1960—1970-я гады, яна не заўсёды адпавядае патрабаванням бяспекі і не разлічана на некалькі прыбораў. На гэтыя факты асаблівую ўвагу звяртаюць супрацоўнікі МНС, якія абавязкова бяруць удзел у нашых рэйдах. У Гарадной ёсць свой пажарна-выратавальны пост, яго супрацоўнікі пастаянна трымаюць на кантролі праблемныя домаўладанні. Сёлета за кошт бюджэту пастаўлена 19 пажарных апавяшчальнікаў у дамах адзінокіх састарэлых пенсіянераў. У 25 апавяшчальніках замянілі элементы сілкавання.

Уладзімір ПЛЕСКАЦЭВІЧ, старшыня Ганчароўскага сельскага Савета Ляхавіцкага раёна:

— Заўсёды кажу, што лягчэй працаваць у вялікіх населеных пунктах, дзе шмат людзей, а не процьма пустых дамоў. У нашых 26 вёсках пражывае каля паўтары тысячы чалавек, ёсць такія вёсачкі, дзе засталася жменька людзей. Іх бяспека і выклікае найбольшую асцярогу, вымагае ўдзяляць асаблівую ўвагу гэтым населеным пунктам.

Два разы на месяц, па чацвяргах, мы з агляднай камісіяй, у склад якой звычайна ўваходзяць супрацоўнік МНС, медык, нярэдка прадстаўнік сацыяльнай службы, выязджаем у вёску, наведваем усіх яе жыхароў. На першы план, вядома, выступае гутарка, якой так чакаюць пажылыя людзі — цікавімся іх справамі, патрэбамі, медыцынскі работнік вымярае ціск, робіць агляд. Спецыялісты правяраюць стан праводкі і пячнога ацяплення. Бывае, справа даходзіць да прадпісання, далейшага кантролю, але найчасцей абмяжоўваемся вуснай формай, указаннем на неабходныя меры, якія трэба прыняць. Хачу сказаць, што ў большасці сваёй нашы людзі дысцыплінаваныя, недахопы выпраўляюць — у гэтым ім дапамагаюць дзеці і іншыя сваякі.

Ёсць яшчэ адна катэгорыя грамадзян, якія патрабуюць увагі. Апошнія зусім не пенсіянеры, але лад жыцця іх вымушае жадаць лепшага. І ў гэтым выпадку, як толькі аслабіш кантроль, яны гэта заўважаюць і паводзяць сябе адпаведным чынам. Да такіх стараемся зазірнуць кожны раз, як толькі збіраецца камісія. Асабліва, калі ў сям'і ёсць дзеці, сям'ю трымаем у полі зроку.

Валерый ЛУСЕВІЧ, старшыня Рэдзігераўскага сельскага Савета Лунінецкага раёна:

— Работа ў гэтым кірунку абумоўлена спецыфікай адміністрацыйнай адзінкі. Наш сельсавет — самы малы ў раёне. У чатырох населеных пунктах пражывае крыху больш за тысячу чалавек. Ад самай аддаленай вёскі да цэнтра сельсавета — усяго два з паловай кіламетры. Такім чынам, усё навідавоку. Мы размаўляем з вамі а палове на адзінаццатую, а я ўжо дзве вёскі аб'ехаў. Бываю тут не толькі з агляднай камісіяй, а практычна штодзённа, размаўляем са старастамі, з жыхарамі. Варта сказаць, што ў нас жывуць вельмі працавітыя, адказныя людзі. Няма такога, каб нейкія абібокі зранку каля магазіна стаялі. Усе занятыя на рабоце альбо сямейнымі справамі. Якраз на чатыры вёскі прыпадае тэрыторыя гаспадаркі «Рэдзігерава-Агра», большасць працаздольных жыхароў працуе там. Ну, а ўсе пытанні бяспекі вырашаем у рабочым парадку. Ёсць у нас, як і ўсюды, аглядная камісія, якая робіць рэйды па графіку, да гэтай работы прыцягваем і мясцовых дэпутатаў. У нас не бывае так, што нейкая праблема ў канкрэтным домаўладанні вырашаецца доўга, кантроль адкладваецца ад выезду да выезду камісіі. Калі ёсць праблема, вызначаецца тэрмін вырашэння і ажыццяўляецца праверка.

На тэрыторыі сельсавета сёння пражывае дзевяць адзінокіх грамадзян. Да іх домаўладанняў асаблівая ўвага. Сёлета адну жанчыну накіравалі на сацыяльны ложак. Бо стала відавочна, што зімаваць у сваёй хаце ёй будзе даволі складана. Астатніх рэгулярна наведваем, аказваем дапамогу па меры магчымасці і патрэбы. Асноўную работу з гэтымі жыхарамі праводзяць сацыяльныя работнікі.

Святлана МУХА, старшыня Любашаўскага сельскага Савета Ганцавіцкага раёна:

— У нашым прыгарадным сельсавеце большасць жыхароў працаздольнага ўзросту. Толькі адна вёска Боркі з насельніцтвам 130 чалавек мае большую палову жыхароў-пенсіянераў. Гэтаму населенаму пункту ўдзяляем найбольшую ўвагу ў ходзе работы аглядных камісій і разавых наведванняў. Бяспеку домаўладанняў мы разглядалі сёлета на пасяджэнні прэзідыума і сесіі сельскага Савета яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона. Асноўныя выезды камісіі праводзілі летам, цяпер з улікам эпідэмічнай сітуацыі стараемся радзей наведваць пажылых людзей. Толькі ў выпадку крайняй неабходнасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?