Вы тут

Лукашэнка ўручыў узнагароды Рому Кагадоўскаму і медыкам, якія яго выратавалі


28 красавіка. 19.56 вечара. Выратавальнікам паведамляюць пра ахоплены полымем драўляны дом у вёсцы Сідаровічы Мядзельскага раёна. У той час у ім знаходзяцца толькі двое — 12-гадовы Рома і яго двухгадовы брат Ваня. У лёсавызначальнай сітуацыі падлетак прымае рашэнне ратаваць з агню не толькі сваё жыццё, але і жыццё маленькага Вані — і выносіць яго на руках з пылаючага дому. З апёкамі, паразэмі рук і твару Рома адразу страціў прытомнасць, як перадаў брата падаспеўшым да пажару аднавяскоўцам...


У прытомнасць хлопец прыйдзе толькі праз некалькі тыдняў у Рэспубліканскім апёкавым цэнтры. Праз час яму раскажуць, як яго на вёрталёце даставілі ў Мінск, як ён знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці, як яго лячылі найлепшыя дактары сталіцы і іх расійскія калегі. За некалькі месяцаў Рома перанёс больш за 20 аперацый. Яго лячэнне ўвесь час знаходзілася на кантролі ў кіраўніка краіны, а 19 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі сваім указам узнагародзіў Рому Кагадоўскага ордэнам «За асабістую мужнасць». Урачы, што змагаліся за жыццё хлопца, таксама атрымалі ўзнагароды: загадчык дзіцячага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі (БХД) Ігар Зелянко, анастазіёлаг-рэаніматолаг БХД Марына Маркевіч — медалі «За працоўныя заслугі», галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Часнойць — медаль Францыска Скарыны, Падзякі Прэзідэнта ўдастоены загадчык аддзялення анастэзіялогіі і рэанімацыі БХД Ларыса Залатухіна і аперацыйная медыцынская сястра БХД Валянціна Казарэзава.

Сёння Прэзідэнт запрасіў Рому, яго маму і ўрачоў у Палац Незалежнасці ў госці і заадно ўручыў ім узнагароды. Цырымонія была не пампезнай, як звычайна, а больш сяброўскай, камернай. Аляксандр Лукашэнка павітаў гасцей, падзякаваў асабіста кожнаму ўрачу і ўручыў узнагароды дактарам і Раману.

Хлопчыка Прэзідэнт назваў героем і падкрэсліў асаблівую значнасць ордэн, што атрымаў Рома. «Гэты ордэн вельмі рэдка дарослыя атрымліваюць. Усяго некалькі ордэнаў у краіне ўручаныя вялікім, моцным мужыкам. Ты ў нас таксама моцны, герой. Я табе ўручаю гэты ордэн. Калі ты вырасцеш, зразумееш, што гэта за ордэн», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён адзначыў асаблівы ўнёсак міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча ў выратаванне жыцця Ромы. «Гэты чалавек, міністр, ён перажыў усё з табой, з урачамі разам. Ён і раніцай, і вечарам даклвадаў, як цябе лечаць, што ў цябе новага. Ён бываў у цябе. Нават калі ты нічога не бачыў, не чуў, ён да цябе прыходзіў», — паведаміў Прэзідэнт.

Паводле яго, урачы зрабілі ўсё, выратаваць хлопца, і гэта можна назваць подзвігам. «Мы будзем ганарыцца табой і імі. У складанай сітуацыю міністр і на захад тэлефанаваў, і на ўсход. Усе, калі даведаліся ўзровень гэтай хваробы, адмовіліся дапамагаць. Тады я сказаў: „Калі вы, урачы, нешта можыце, зрабіце“. І яны таксама здзейснілі подзвіг», — заявіў Прэзідэнт.

Па яго словах, урачы здзейснілі вялікую справу: «Цяпер можна смела казаць любым урачам у свеце, што мы ўмеем рабіць усё». Акцэнтаваў увагу Прэзідэнт на рабоце галоўнага пазаштатнага камбустыёлага Міністэрства аховы здароўя Аляксея Часнойця. «Гэта ён — галоўны кансультант. Як я сказаў, ён таксама ўмее рабіць усё», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падараваў Раману па памяць аб сустрэчы камп’ютар. Ён асабіста правёў для Ромы і яго маці эксклюзіўную экскурсію па сваім кабінеце, куды кіраўнік краіны запрашае толькі самых важных гасцей. Раман змог на нейкі час уявіць сябе Прэзідэнтам Беларусі і азнаёміцца, чым займаецца лідар краіны.

«Гэта працоўнае месца. Я тут працую. Гэта не толькі працоўны кабінет. Сюды да мяне начальнікі прыходзіць, за мой стол. Міністр (Дзмітрый Піневіч, аховы здароўя — „Зв.“) часам прыходзіць сюды, але ён не любіць да мяне хадзіць. Трэба ж трымаць справаздачу, як ён лечыць. Таму начальнікі не хочуць сюды прыходзіць, але я іх запрашаю часам», — паведамляе Аляксандр Лукашэнка.

Раман змог не толькі адчуць сябе Прэзідэнтам, але і заняць яго месца... «Гэта мой малодшы — Коля. Мабыць, ты чуў пра яго, — паказаў кіраўнік краіны здымак свайго сына. — Калі ён быў зусім малы, нават меншы, чым ты, ён на гэтым крэсле не сядзеў. Ты першы. Раман першы сядзіць у крэсле Прэзідэнта».

Аляксандр Лукашэнка паказаў стос папер на сваім стале і агучыў свой графік на гэты тыдзень. «Вось гэта мне неабходна на гэтым тыдні на памяць вывучыць. Вось глядзі: па Канстытуцыі ў нас будзе мерапрыемства, будзем і з Пуціным весці ў ан-лайн рэжыме (па тэлевізары) перамовы. Таксама матэрыялы неабходна вывучыць. Гэта — у Магілёўскую вобласць паеду адкрываць з міністрам бальніцу новую. Усё трэба на памяць вывучыць за тры дні», — паведаміў Прэзідэнт.

Ён паказаў падлетку дзве асаблівыя рэчы ў кабінеце — Слуцкі пояс, сатканы з залатой ніткі, і першы экземпляр беларускай Канстытуцыі. «Скора будзе рэферэндум. Людзі хочуць памяняць Канстытуцыю. Я з імі згадзіўся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт растлумачыў, калі людзі прагаласуюць за новую Канстытуцыю, яе экземляр таксама зойме месца ў кабінеце кіраўніка дзяржавы. У канцы экскурсіі не забылі пра галоўны элемент сустрэчы — фота на памяць.

«Рома, трымайся. Ты малайчына, мужык! Шмат чытай. Будзеш шмат чытаць, будзеш шмат ведаць», — завяршыў сустрэчу Прэзідэнт.


Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Раман Кагадоўскі паразмаўляў з журналістамі і расказаў пра свае пачуцці ад знаёмства з кіраўніком краіны і наведвання Палаца Незалежнасці.

«Тут вельмі прыгожа. Я крыху баяўся. Прэзідэнт мне паціснуў руку. Страшна вельмі было, калі ён выходзіў. Сэрца моцна білася. Думаў, зараз быццам выскачыць», — кажа герой.

Журналісты пытаюцца: ці будзе ён ордэн насіць, не здымаючы? «Ну, так», — усміхаецца Раман.

І, канешне, карэспандэнты цікавяцца здароўем. «Адчуваю сябе нармальна, — адказвае хлопчык. — Я з другой чвэрці буду вучыца». Мама Марыя Стадольнік дадае, што далучыцца Рома да вучобы па відэасувязі з дома, каб пазбегнуць інфекцый. 

Тыдзень таму хлопчык выпісаўся з бальніцы і знаходзіцца дома з сям’ёй. Усе яго вельмі чакалі. З успамінаў пра трагедыю засталося ў памяці, расказвае Рома, толькі, як яго забірала хуткая дапамога. «Калі ў рэанімацыі ляжаў, прачнуўся, я тады не мог размаўляць, я крыху шаптаў, з мамай спрабаваў размаўляць. Але есці не мог, шмат піў, спаў, — дзеліцца хлопчык і дадае: урачам. — Я хачу сказаць дзякуй усім урачам. Калі б не яны, мяне б тут не было».

«Залатая пяцёрка» —верагодна, так магчыма назваць тых медыкаў, якія прысутнічалі сёння ў Палацы. Менавіта яны праявілі асаблівую мужнасць і прафесіяналізм, калі, здавалася б, ніхто ўжо не верыў у цуд.

Дэкан хірургічнага факультэта БелМАПА, галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей ЧАСНОЙЦЬ адзначае, што высокая адзнака Прэзідэнта мае асаблівае значэнне для ўсёй камбустыялагічнай службы краіны. «Гэта быў крайне складаны клінічны выпадак. Вялікая плошча паражэння скуранога покрыва, амаль усё глыбокае. Таму перад намі была вялікая праца па яго выратаванні. І гэта было магчыма толькі дзякуючы зладжанасці нашага калектыва, кожны член якога гатовы і днём, і ноччу прыйсці на дапамогу пацярпеламу. На самой справе, гэта подзвіг, бо насколькі клінічна складаны выпадак нам не сустракаўся з такім вынікам», — дадае спецыяліст.

Кансультатыўную дапамогу ў лячэнні аказвалі расійскія калегі, якія амаль адразу падключыліся да выратавання. «З першых дзён былі анлайн-кансультацыі, два разы яны прыязджалі ў нашу клініку, глядзелі. Пераканаўшыся ў тым, што адпавядае сусветным стандартам наша тактыка, і наша абсталяванне, і прафесіяналізм урачоў, мы сышліся ў адзіным меркаванні, як лячыць Рамана», — расказвае Аляксей Часнойць.

Валянціна КАЗАРЭЗАВА, медыцынская сястра аперацыйнага блока Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі адзначыла: за 17 гадоў яе працы ў апёкавым аддзяленні выпадак Рамана быў самым складаным з усіх, што яна бачыла. «Калі паступаюць дзеці, мы вельмі перажываем, як за сваіх. Кожны раз, калі нешта яму рабілі, радаваліся. Самае галоўнае было, каб толькі жыў», — успамінае медсястра. Па яе словах, шматлікія аперацыі цягнуліся па чатыры і больш часоў, працавалі брыгады з некалькіх чалавек, сачылі за імі кіраўнікі медустаноў.

Марына МАРКЕВІЧ, урач-анестэзіёлаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі кожны дзень сачыла за станам Рамана, калі ён ляжаў у рэанімацыі. «Рома да нас паступіў у канцы красавіка. Мы яго перавялі ў діцячае апёкавае аддзяленне 10 жніўня. Гэты прамежак часу з мая да жніўня ён знаходзіўся ў нас», — паведамляе анастазіёлаг.

Па яе словах, свой мужны характар герой выявіў з першых дзён лячэння. «Рома паказаў з першых дзён, што ён змагар за жыццё, за сваё здароўе. І той выпадак, які адбыўся, паказвае цвёрдасць яго характару. На нас ляжала вялікая адказнасць», — адзначыла Марына Маркевіч.

Уважлівае і чуллівае стаўленне калектыў праяўляе да ўсіх пацыентаў незалежна ад узросту, бо мэта аб’ядноўвае. «Да ўсіх адносіны аднолькавыя, у кожнага стаіць мэта — дапамагчы. Паралельна з Ромам ляжаў яшчэ адзін хлопчык, у якога было 70 працэнтаў апёкаў. Мы сачылі, як Рома змагаецца, як Вадзім змагаецца з дадзеным захворваннем», — кажа медык.

Нагадаем, медыкі Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі прыклалі свае намаганні ў лячэнне яшчэ аднаго складанага юнага пацыента. Вадзім Пальчанка з Мсціслава ў красавіку зачапіўся вудай за правады і атрымаў апёкі 70% паверхні цела. Пасля лячэння ў Мінску ён быў пераведзены ў магілёўскую бальніцу на рэабілітацыю і ў жніўні выпісаны дадому.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.