Вы тут

Кіраўнік НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў: Бюджэтныя сродкі — гэта дзяржаўны заказ для навукі


Нацыянальная акадэмія навук Беларусі павінна ставіць і вырашаць самыя амбіцыёзныя задачы. Сціпласць у навуцы зусім не да месца. У гэтым упэўнены яе кіраўнік, старшыня Прэзідыума, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ. Атамная і аднаўляльная энергетыка, аэракасмічная галіна, робатызацыя і штучны інтэлект, біятэхналогіі і фармацэўтыка, высокадакладнае машынабудаванне і электратранспарт, ІT-сфера і стварэнне новых матэрыялаў... Акадэмічныя вучоныя ўдзельнічаюць у буйных сістэмных праектах, якія ствараюць аснову неаіндустрыяльнай эканомікі. Між іншым, жыццё працягвае ставіць перад навукоўцамі ўсё новыя задачы. Пра тое, як ім удаецца трымаць руку на пульсе, Уладзімір Гусакоў расказаў у інтэрв’ю журналісту «Звязды».


Новае слова ў мікрабіялогіі

— Уладзімір Рыгоравіч, дзякуючы навуковым прарывам у свеце біятэхналогій за апошняе дзесяцігоддзе яны па інвестыцыйнай прыцягальнасці даганяюць ІТ-індустрыю. Менавіта біятэхналогіі адкрылі масу новых магчымасцяў у сельскай гаспадарцы, экалогіі, харчовай прамысловасці і медыцыне. А якімі дасягненнямі ў гэтай галіне могуць пахваліцца беларускія вучоныя?

— Пры навуковым суправаджэнні Акадэміі навук у рамках рэалізацыі Канцэпцыі развіцця фармацэўтычнай і біятэхналагічнай прамысловасці на 2011–2015 гады і на перыяд да 2020 года ў краіне была створана і зараз актыўна развіваецца біятэхналагічная галіна. Агульны аб’ём выпуску яе прадукцыі ацэньваўся ў 2020 годзе на ўзроўні 365 млн рублёў. Толькі за мінулы год у рамках розных праграм было распрацавана 57 біятэхналогій, якія з’яўляюцца асновай для вытворчасці шырокага спектра новых відаў біятэхналагічнай прадукцыі.

Акадэмічная навука ў дадзеным кантэксце — самы непасрэдны ўдзельнік, прычым не толькі ў якасці метадалагічнай і даследчай асновы, але і як уладальнік развітой прамысловай базы. Напрыклад, у мінулым годзе ў Інстытуце мікрабіялогіі мы адкрылі ўжо другі пускавы комплекс Навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій. Ён аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем для ферментацыі мікраарганізмаў-прадуцэнтаў і атрымання розных таварных форм біяпрэпаратаў. Аб’ём выпушчанай біятэхналагічнай прадукцыі і паслуг перавысіў 800 тысяч рублёў.

Прарывам у геннай інжынерыі сталі трансгенныя жывёлы (козы), якія прадуцыруюць малако з аналагам лактаферыну чалавека. Мы развіваем гэты кірунак, ствараючы новыя элементы біятэхналагічнай галіны, а таксама вытворчасць біялагічна актыўных дабавак.

Створаны ў НАН Рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр «Клеткавыя тэхналогіі» з банкам ствалавых клетак і вытворчасцю клеткавых прадуктаў аказвае паслугі па лячэнні трафічных язваў канечнасцяў, прапаноўваючы ўнікальныя рашэнні ў дадзенай галіне.

На падставе не маючых аналагаў біятэхналогій з выкарыстаннем ферментатыўнага арсенала сінтэзаваны ліпануклеазіды — новыя формы лекаў, у тым ліку супрацьпухлінныя, з павышанай біядаступнасцю і ўстойлівасцю ва ўнутраным асяроддзі арганізма.

У інтарэсах развіцця аграпрамысловага комплексу распрацаваны біятэхналогіі, якія служаць асновай для вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. У іх ліку — геномныя тэхналогіі ацэнкі і адбору селекцыйнага матэрыялу трыцікале і соі, біяпрэпарат «Мульціфаг-З» супраць бактэрыёзу агароднінных культур, прабіятычная кармавая дабаўка для пчол, полівідавыя замарожаныя і сухія канцэнтраваныя закваскі для тварагу і сыроў галандскай групы і многае іншае.

У 2020 годзе ў Інстытуце генетыкі быў адкрыты мадэрнізаваны Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій: ім ужо выканана больш за 24 тысячы аналізаў па ДНК-тэсціраванні генаў, адказных за індывідуальныя асаблівасці чалавека. У бягучым годзе там жа створаны Цэнтр мікрабіёму, нацэлены на вырашэнне шэрагу фундаментальных і прыкладных задач.

У найбліжэйшыя гады ў выніку рэалізацыі праграмы ў галіне генагеаграфічных і геномных тэхналогій ідэнтыфікацыі асобы будуць створаны самыя сучасныя ДНК-тэхналогіі ў крыміналістыцы. Яны павысяць раскрывальнасць злачынстваў, а таксама дадуць інструментарый для стварэння баз даных для прагназавання дынамікі змены генафондаў насельніцтва ў мегаполісах.

Контуры новай эканомікі

— Яшчэ адзін амбіцыйны праект Нацыянальнай акадэміі навук — стварэнне акадэмічнага ІТ-града. Патлумачце, калі ласка, якія задачы ён будзе вырашаць?

— Наша мэта — аб’яднаць намаганні і кампетэнцыі арганізацый, якія працуюць у галіне інфармацыйных тэхналогій, для вырашэння актуальных задач сацыяльна-эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця нашай краіны. У адрозненне ад ПВТ асноўныя намаганні «ІT-града «Акадэмічны» будуць накіраваны на забеспячэнне навукаёмістымі лічбавымі тэхналогіямі рэальнага сектара эканомікі. На гэты момант такая форма інтэграцыі і каардынацыі інавацыйнага навукова-тэхнічнага патэнцыялу аб’ядноўвае ўжо 9 арганізацый.

Гэта кластарная структура будзе спецыялізавацца на распрацоўцы імпартазамяшчальных суперкамп’ютарных і воблачных тэхналогій, цэнтраў апрацоўкі і захоўвання даных, размеркаваных вылічэнняў, аналізе даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, геаінфармацыйных і навігацыйных сістэм. Сфера яе інтарэсаў — інтэлектуальныя сістэмы маніторынгу таварна-транспартных патокаў на аснове сучасных міжнародных стандартаў у галіне лічбавізацыі бізнес-працэсаў гандлю, блокчэйн-тэхналогій і інтэрнэту рэчаў.

Плануецца, што цэнтр будзе займацца лічбавым праектаваннем і камп’ютарным мадэляваннем. Сферы прымянення распрацовак ІT-града ўключаюць энергаэфектыўныя і экалагічна бяспечныя тэхналогіі і тэхнічныя сродкі, апараты і прыборы для энергетыкі і машынабудавання, электроннай, радыётэхнічнай, касмічнай галіны, а таксама аграпрамысловага комплексу і будаўнічай індустрыі, медыцыны, хімічнай, харчовай прамысловасці, транспарту і лагістыкі, здабычы і перапрацоўкі прыродных рэсурсаў. Дарэчы, ІТ-град — ужо трэцяя тэхнапаркавая структура ў НАН Беларусі, пасля «БелБіяграда» і «Акадэмтэхнаграда».

Цяпер мы працуем па праблематыцы штучнага інтэлекту, які стане асновай для разумных сістэм у самых розных галінах — ад смарт-энергетыкі і разумных гарадоў да задач, звязаных з прыняццем кіраўніцкіх рашэнняў і аўтаматызацыяй адміністрацыйных працэдур.

Сярод ужо атрыманых яркіх вынікаў я б назваў офісны суперкамп’ютар «СКІФ-ГЕА-ЦАД РБ» мае прадукцыйнасць больш за 100 трлн аперацый у секунду. Гэта ў 10 разоў больш, чым у папярэдняй мадэлі. На аснове акадэмічных суперкамп’ютарных тэхналогій цяпер функцыянуюць комплекс для правядзення выпрабаванняў элементаў аўтатранспартных сродкаў, сістэма мадэлявання і інжынернага аналізу карданных перадач, сістэма разліку гідрамеханічных трансмісій, тэлемедыцынская сістэма дыстанцыйных кансультацый па лічбавых флюараграфічных даследаваннях, цэнтралізаваная сістэма электроннай выпіскі лекавых сродкаў і іншае.

Намі створаны Рэспубліканскі суперкамп’ютарны цэнтр калектыўнага карыстання на базе суперкамп’ютарных канфігурацый СКІФ і базавая інфраструктура для выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у сферы діягностыкі і стварэння новых лекавых форм; праграмныя сродкі для пошуку радовішчаў вуглевадародаў і калійных солей, інфармацыйна-тэхналагічная сістэма аналізу геолага-геафізічнай інфармацыі для разведкі радовішчаў нафты і газу, а таксама многія іншыя аб’екты, якія задаюць контуры новай эканомікі.

Пошук у нанамаштабе 

— З развіццём нанатэхналогій звязваюць пяты і шосты тэхналагічны ўклады: такія тэхналогіі хоць і патрабуюць вялікіх укладанняў, але даюць адчувальны вынік. Ці не адстае наша краіна ад сусветнай нанарэвалюцыі?

— Цікавасць да вынікаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне нанатэхналогій і нанаматэрыялаў з боку прамысловасці і бізнесу пастаянна расце. Прадпрыемствы і вытворцы, якія хочуць заставацца канкурэнтаздольнымі, цяпер вядуць пошук у нанамаштабе. Многія краіны ўключыліся сёння ў гонку па распрацоўцы новых матэрыялаў, каб не ўпусціць глабальнага тэхналагічнага лідарства. Калі пры выкарыстанні традыцыйных матэрыялаў людзі дасягнулі пэўных меж, то нанамадыфікаваныя матэрыялы дазваляюць зрабіць якасны скачок у пошуках адказаў на глабальныя выклікі, якія паўстаюць перад чалавецтвам.

У галіне нанатэхналогій і нанаматэрыялаў у нас створаны сэнсары магнітнага поля для прымянення ў вырабах ракетна-касмічнай тэхнікі, праграмна-апаратны комплекс для зборкі і маніпулявання мікра- і нанааб’ектамі на парадак таннейшы за замежныя аналагі, тэхналогіі і тэхніка кантролю і сертыфікацыі нанапамерных матэрыялаў і кампазітаў на іх аснове і інш.

Атрыманыя распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў прамысловасці. Напрыклад, гэта ўнікальнае навукова-даследчае абсталяванне для правядзення трыбатэхнічных выпрабаванняў, лінейка антыфрыкцыйных і зносаўстойлівых матэрыялаў, якія прымяняюцца ў кавальска-штамповачнай вытворчасці і пры вырабе аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Даследаванні працэсаў спякання крэмнію і вугляроду з нанадабаўкамі дазволілі сфарміраваць канструкцыйныя элементы для стварэння палегчаных падкладак аптычных люстэркаў вялікага памеру для сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Сярод уведзеных у эксплуатацыю ў 2020 годзе ў Нацыянальнай акадэміі навук дзевяці вытворчасцяў я б адзначыў асваенне прамысловай вытворчасці ўнікальнага мікраўгнаення «Нанаплант» для шырокага прымянення ў раслінаводстве, якое не толькі абараняе расліны, але і павышае іх прадукцыйнасць.

Распрацаваны нанакампазітныя мембраны на аснове наначасціц алюмасілікату, якія могуць выкарыстоўвацца для дэгідратацыі арганічных растваральнікаў у хімічнай, фармацэўтычнай і харчовай прамысловасці.

У інтарэсах развіцця электратранспарту створаны матрычны кампазітны матэрыял з трохмернай вугляроднай сеткай з мадыфікаванага нанапорыстага шкловугляроду, і на яго аснове выраблены лабараторны тэставы суперкандэнсатар з удзельнай магутнасцю 360,6 Вт/кг для прылад бесперабойнага сілкавання, якія патрабуюць хуткай зарадкі элементаў сілкавання.

Сінтэзаваны новыя метал-паўправадніковыя нанаструктуры з выкарыстаннем паўправадніковых нанакрышталяў — квантавых кропак і наначасціц золата рознай формы для прымянення металічных нанаструктур у святловыпрамяняльных прыладах, уключаючы святлодыёды і дысплеі.

З выкарыстаннем тэхналогій вышэйшых укладаў намі створаны айчынныя ахоўныя электрамагнітныя экраны, устаноўленыя ў японскім касмічным апараце, які 1 кастрычніка гэтага года зрабіў першыя здымкі Меркурыя.

Такім чынам, мы не толькі не адстаём ад сусветнай навукі па шэрагу ключавых напрамкаў, але і з’яўляемся лідарамі.

Медыцынская бяспека краіны

— Некалькі месяцаў таму было абвешчана аб стварэнні прататыпу айчыннай вакцыны супраць каранавіруса. Агучу пытанне, якое цікавіць многіх. Навошта нам было вынаходзіць веласіпед, калі на фармацэўтычным рынку ўжо ёсць шэраг вакцын, што даказалі сваю эфектыўнасць?

— Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з першых дзён распаўсюджвання пандэміі актыўна ўключылася ў працэсы вырашэння праблемы. Былі задзейнічаны шматлікія нашы кампетэнцыі, у тым ліку ўменне знайсці міждысцыплінарнае рашэнне. Падкрэслю, што распрацоўка вакцыны — прынцыпова новая для Беларусі задача. На парадку дня — біялагічная і медыцынская бяспека, бяспека чалавека і краіны ў цэлым. І тут мы не павінны залежаць ні ад каго.

Акрамя атрымання сродку для медыцынскай прафілактыкі COVІD-19, не менш важная стратэгічная задача — сфарміраваць міждысцыплінарны калектыў і навуковую школу, якія будуць здольныя аператыўна распрацоўваць лекавыя сродкі супраць новых небяспечных інфекцый, што могуць з’явіцца. Мы стварылі Цэнтр вірусалогіі, каб засцерагчы краіну на перспектыву.

Па ініцыятыве Акадэміі навук створана і функцыянуе рэспубліканская Міжведамасная рабочая група па пераадоленні COVІD-19. Гэта, па сутнасці, каардынацыйны цэнтр па выпрацоўцы аператыўных дзеянняў, накіраваных на вывучэнне каранавіруса і супрыцьстаянне яму. У рабочую групу ўвайшлі больш за 30 вядучых спецыялістаў, якія прадстаўляюць акадэмічную і вузаўскую навуку, навукоўцаў і арганізатараў сістэмы аховы здароўя. Створана і актыўна працуе спецыяльная група вядучых вучоных у галіне вірусалогіі, імуналогіі, генетыкі і клетачнай інжынерыі па распрацоўцы айчыннай вакцыны.

Наладжана ўзаемадзеянне акадэміі з Міністэрствам аховы здароўя па пытаннях вытворчасці дыягнастычных тэст-сістэм, прымянення ствалавых клетак у лячэнні COVІD-19, вытворчасці антысептыкаў і іншых.

Вакцына створана. У цяперашні час вядуцца яе даклінічныя даследаванні з выкарыстаннем розных тэхналогій, у тым ліку даследаванні імунагеннасці ва ўмовах іn vіtro. У далейшым сумесна з Міністэрствам аховы здароўя будуць праведзены клінічныя выпрабаванні вакцыны, адпрацаваны пытанні яе бяспекі, пераноснасці, імуналагічнай і клінічнай эфектыўнасці, а таксама дазіравання і кратнасці. Завершыцца дадзены этап рэгістрацыяй вакцыны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Акрамя таго, створаны ўнікальныя прафілактычныя і лячэбныя прэпараты. Асабліва хацелася б звярнуць увагу на сродкі дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі і лекі для барацьбы з яе наступствамі, такія як «Рываксан».

— Інавацыйная медыцына, ці медыцына будучыні. Што ўкладваюць у гэта паняцце беларускія вучоныя?

— Будучыня медыцыны будзе вызначацца міждысцыплінарным характарам даследаванняў і распрацовак на стыку навук. Калі інтэгруюцца не толькі веды аб чалавечым арганізме, але і спосабы і метады дабратворнага ўздзеяння на яго. Для беларускай сістэмы аховы здароўя вучонымі Акадэміі навук распрацаваны базавыя элементы тэлемедыцыны, дыстанцыйнага кансультавання і дыягностыкі, уключаючы камп’ютарныя медыцынскія карты і многае іншае. Ствараюцца і вырабляюцца найноўшыя лекавыя прэпараты, біясумяшчальныя матэрыялы з зададзенымі ўласцівасцямі для трансплантацыі мезенхімальных ствалавых клетак, іншыя прадукты бія-і хімфармсінтэзу. Напрыклад, прадпрыемства «Акадэмфарм» выпускае каля 40 найменняў найноўшай фармпрадукцыі.

Працягвае развівацца медыцынская інфармацыйная сістэма з функцыямі падтрымкі прыняцця рашэнняў урачоў на аснове сродкаў штучнага інтэлекту для ўстаноў аховы здароўя стацыянарнага тыпу. Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя да інфармацыйнай сістэмы «Электронны рэцэпт» падключана ўжо больш за 600 устаноў аховы здароўя і больш за 2 тысячы аптэк. Толькі за 2020 год выпісана больш за 10 мільёнаў электронных рэцэптаў.

Працягваюцца і сур’ёзныя фундаментальныя даследаванні, у выніку якіх, напрыклад, устаноўлены шэраг новых уласцівасцяў і ўмоў росту пухлінных клетак, якія надзвычай важныя для стварэння новага пакалення арыгінальных лекавых сродкаў. Распрацаваны высокаадчувальны метад распазнання паталагічных клетак чалавека з выкарыстаннем біясэнсараў для дыягностыкі анкагематалагічных захворванняў.

Укаранёны ў практычную ахову здароўя метад персаналізацыі лячэння псіхічных расстройстваў і расстройстваў паводзін з прымяненнем аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы клінічнай інтэрпрэтацыі вынікаў фармакагенетычнага тэсціравання з улікам індывідуальных генетычных асаблівасцяў пацыента.

На крайнім Поўдні

— З’яўленне ў Антарктыдзе сваёй палярнай станцыі, якая забяспечыць круглагадовую прысутнасць там нашых навукоўцаў, не саступае па сваёй значнасці стварэнню нацыянальнай касмічнай сістэмы. Скажыце, а якія інтарэсы ў беларусаў на Паўднёвым полюсе Зямлі?

— Нашы вучоныя праводзяць сістэмныя даследаванні ў Антарктыцы. Мы працуем у пастаянным узаемадзеянні з расійскімі калегамі па многіх пытаннях: ад лагістыкі і ўласна навуковай часткі да інфраструктурнага забеспячэння.

Пры ўзвядзенні антарктычнай станцыі выкарыстоўваліся канструкцыі, распрацаваныя і вырабленыя ў Беларусі. Першы аб’ект з’явіўся ў 2015 годзе — лабараторна-жылы модуль кантэйнернага тыпу з секцыяй кіравання сувязі і навігацыі. Далей адбывалася паступовае нарошчванне інфраструктуры. Фарміраванне другога аб’екта — васьмісекцыйнага лабараторна-жылога модуля — завяршылася падчас 12-й экспедыцыі. Там ёсць навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, тэхналагічны модуль кантролю электраэнергіі, санітарна-гігіенічная секцыя, міні-кухня, секцыя-саўна з пакоем для адпачынку, медыцынскі блок.

У 2018 годзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі была прынята асацыіраваным членам Навуковага камітэта па вывучэнні Антарктыкі. А ў 2020 годзе над Беларускай антарктычнай станцыяй «Гара Вячэрняя» ўжо трынаццаты раз быў узняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў гонар адкрыцця новага антарктычнага сезона. Цяпер сфарміраваны склад 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Адзначу, што мы працуем у рамках чацвёртага этапу Дзяржаўнай праграмы даследаванняў палярных рэгіёнаў Зямлі: першы этап стартаваў у 2006 годзе, а ў жніўні 2021-га мы адзначылі 15-годдзе праграмы.

Трэба сказаць, што беларуская навука не проста дэманструе «эфект прысутнасці» на Паўднёвым полюсе. Мы вядзём актыўныя навуковыя даследаванні, каштоўнасць якіх вельмі высокая з прычыны ўнікальнасці гэтага кантынента. У прыватнасці, на аснове комплекснага геалагічнага аналізу магнітных даследаванняў пабудаваны карты прагнозу мінеральна-сыравіннай базы вячэрнягорскай пляцоўкі.

З выкарыстаннем Беларускага касмічнага апарата праведзена здымка тэрыторыі ў раёне станцыі і атрыманы новыя даныя спектраў адлюстравання снежнага і лядовага покрыва ў раёне станцыі з дапамогай Альдометра AS-A. Адабраны ўзоры іхтыяфаўны для біялагічных даследаванняў у інстытутах НАН Беларусі. У рамках беларуска-фінскага супрацоўніцтва ў Антарктыцы арганізавана перадача даных праз спадарожнік для навуковай грамадскасці. І такіх вынікаў даследаванняў немалая колькасць.

У цэлым можна канстатаваць, што Беларусь — краіна, якая ў Антарктыцы ўсур’ёз і надоўга.

Адмоўны вынік — таксама вынік

— Ёсць меркаванне, што навука «сядзіць на шыі» у дзяржаўнага бюджэту. Ці можна лічыць Акадэмію навук самадастатковай у фінансавым плане?

— Лічу падобныя сцвярджэнні катэгарычна няслушнымі і нават дэструктыўнымі. Чалавецтва ўсёй сваёй гісторыяй даказала: навука — гэта і грамадскае дабро, дасягненні якога ў роўнай меры павінны належаць усім, а апошнім часам — і вядучы драйвер эканамічнага росту. Пандэмія выразна паказала, што без навукі, без самаадданай працы навукоўцаў і медыкаў наступствы маглі быць катастрафічныя для цывілізацыі. Таму ўсе дзяржавы, разумеючы надзвычайную важнасць найноўшых ведаў, укладваюцца ў навуку. Натуральна, наяўныя рэсурсы не ва ўсіх аднолькавыя. Але праблема нарошчвання фінансавання навукі можа вырашацца рознымі шляхамі. Напрыклад, з аднаго боку, па лініі акумулявання кадравага патэнцыялу, матэрыяльна-тэхнічнай базы і грашовых сродкаў на прарыўных праектах будучыні, з якімі звязваюцца найбольшыя выгады. З іншага боку — трэба максімальна шырока выкарыстоўваць перавагі работы на кааперацыі з калегамі па ўсім свеце.

Цяпер у акадэмічнай навуцы доля сродкаў дзяржавы складае прыкладна адну траціну. А дзве траціны — прыцягнутыя ў рамках камерцыйных кантрактаў і арганізацыі вытворчасцяў самімі навукоўцамі. Падкрэслю: бюджэтныя сродкі не прыходзяць у навуку як манна нябесная. Яны строга прывязаны да выкананых праграм і праектаў, у якіх прапісаны канкрэтныя вынікі. Кажучы іншымі словамі, бюджэтныя рэсурсы — гэта аплачаны дзяржавай заказ навуцы, у тым ліку і па тых напрамках, якія не паддаюцца прамой камерцыйнай ацэнцы: я маю на ўвазе харчовую і інфармацыйную бяспеку, сацыякультурнае развіццё, гістарычную памяць, нацыянальную культуру.

У цэлым, у Акадэміі навук мы ўзялі курс на развіццё пазабюджэтных форм прыцягнення сродкаў: ад работы па заказах, у тым ліку замежных, да фарміравання ўласнай вытворчай базы і актывізацыі ўдзелу вучоных у камерцыялізацыі вынікаў іх даследаванняў. Мяркую, што нашы намаганні дастаткова плённыя. За апошнія гады ў краіне амаль на чвэрць вырасла колькасць асвоеных навінак і больш як удвая (да больш як 10 млрд долараў) павялічыўся аб’ём выпуску навукаёмістай і інавацыйнай прадукцыі, атрыманай у выніку ўкаранення распрацовак навукоўцаў.

Нацыянальная акадэмія навук уяўляе сабой прыклад эфектыўнай інтэграцыі даследчага і вытворчага складнікаў: гэта буйны даследчы цэнтр, які развіваецца па тыпе навукова-вытворчай карпарацыі. Практычна кожная акадэмічная арганізацыя мае вытворчыя «пункты росту» — участкі, якія выпускаюць запатрабаваную прадукцыю.

Практычна ў кожнай навуковай арганізацыі акадэміі створаны камерцыйныя і дзяржразліковыя структуры. Напрыклад, на поўную магутнасць запрацаваў хіміка-фармацэўтычны кластар, які стварае і выпускае фармсубстанцыі «пад ключ».

Цяпер у арганізацыях НАН Беларусі функцыянуе больш як 100 вытворчасцяў, а таксама 17 галіновых лабараторый. Дзейнічае больш як 100 дагавораў аб супрацоўніцтве з акадэміямі навук, навуковымі цэнтрамі з 65 дзяржаў. Нашы арганізацыі выконваюць камерцыйныя кантракты з партнёрамі з 59 дзяржаў. Працуюць 38 міжнародных даследчых цэнтраў і лабараторый.

— У апошнія гады бюджэты многіх інвестыцыйных інавацыйных фондаў не выкарыстоўваліся цалкам з-за высокага ўзроўню рызыкі і звязанай з гэтым адказнасці. Як лічыце, ці мае права вучоны на памылку?

— Усім зразумела, што поле дзейнасці навукоўца — гэта «сфера інкогніта», вобласць неспазнанага. І рух па ёй, як ні ў якай іншай дзейнасці, спалучаны з рызыкамі і верагоднасцю памылак. Тым не менш добра вядома, што адмоўны вынік, асабліва ў фундаментальнай навуцы, — таксама вынік, які сігналізуе аб бесперспектыўнасці таго ці іншага кірунку, прынамсі, на ўзроўні сучасных уяўленняў аб заканамернасцях светабудовы. Гэта дазваляе ў будучыні пераарыентаваць паток рэсурсаў у больш перспектыўнае рэчышча навуковага пошуку.

Таму лічу, што «права на памылку» — гэта не тое, што можа быць дазволена або не дазволена вучонаму, а тое, што іманентна ўласціва яго роду дзейнасці. Гісторыя навукі мае шмат прыкладаў як памылак, так і бліскучых поспехаў. Важна не абсалютызаваць ні тое, ні іншае. Трэба толькі працаваць з поўнай аддачай, імкнуцца да пазнання і ўдасканалення свету.

Па сутнасці, вы маеце рацыю, згадаўшы гэту праблему ў кантэксце выкарыстання інавацыйных фондаў і фінансавання дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Думаецца, ёсць спосабы ўдасканаліць існуючы механізм, у рамках якога нават аб’ектыўныя абставіны могуць трактавацца не на карысць вучонага. Гэта датычыцца і галін, дзе простага жадання вучонага недастаткова. Маецца на ўвазе ўкараненне, якое адносіцца да кампетэнцыі заказчыка.

Жыццё не стаіць на месцы, і актуальнасць механізмаў «тонкай падладкі» інавацыйнай сістэмы да сучасных трэндаў застаецца на парадку дня. Думаецца, што трэба прадоўжыць прапрацоўку пытанняў сістэмнага стымулявання прыцягнення сродкаў, перш за ўсё прыватных інвестыцый, у навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную сферу. Вызначыць крытэрыі адбору высокарызыкоўных, але адначасова патэнцыйна высокаэфектыўных, навуковых і навукова-тэхнічных праектаў, прадугледзеўшы «права на рызыку» для навукоўцаў, роўна як і магчымасць прапановы ім аб’ектыўна неабходных прэферэнцый.

Фарміраванне грамадзянскасці

— Вынікі навуковых даследаванняў у грамадазнаўча-гуманітарных навуках не прыносяць імгненных змен і эканамічнай выгады. Пры гэтым яны з’яўляюцца вызначальнымі для грамадскага развіцця. Сусветныя працэсы глабалізацыі ўжо зараз ставяць перад беларускім грамадствам цэлы комплекс праблем. У першую чаргу гэта датычыцца неабходнасці захавання ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці, культурных і духоўных каштоўнасцяў беларускага народа…

— Я рады, што вы асабліва адзначылі значэнне айчынных вучоных-гуманітарыяў. Бо менавіта чалавек, яго духоўны свет фарміруюць наш заўтрашні дзень. А нацыянальная гісторыя і культура, мова і літаратура, філасофія і сацыялогія — найважнейшыя інструменты фарміравання грамадзянскасці, патрыятызму і духоўна-светапогляднага падмурку асобы.

Акадэмічная сацыялогія паспяхова вывучае спецыфіку функцыянавання гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці, а таксама сацыяльныя наступствы і рызыкі працэсаў лічбавізацыі асноўных сфер беларускага грамадства. Найбольш запатрабаванымі з боку дзяржавы сёння з’яўляюцца сацыялагічныя даследаванні, якія даюць магчымасць прымаць узважаныя кіраўніцкія рашэнні для дасягнення сацыяльна-палітычнай стабільнасці грамадства і эканамічнага росту.

Філосафы прапанавалі канцэптуальную мадэль развіцця беларускай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. Яны паказалі асаблівасць і ўнікальнасць айчыннай інтэлектуальнай культуры ва ўзаемасувязі з заходняй і ўсходняй традыцыямі. Вядзецца работа па фарміраванні працы «Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі», якая асвятляе развіццё інтэлектуальнай культуры Беларусі ў эпохі Сярэднявечча, Рэнесансу, Рэфармацыі і барока, Асветы. Хутка ўбачыць свет фундаментальная праца па гістарычнай мудрасці беларускага народа.

Вучонымі-гісторыкамі падрыхтавана і апублікавана ўнікальная пяцітомная фундаментальная праца «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Упершыню ў гісторыі беларускай археалагічнай навукі поўнасцю даследавана гарадзішча «Абчын» у Любанскім раёне, якое адносіцца да мілаградскай культуры жалезнага веку. У Нацыянальным парку «Белавежская пушча» створаны першы ў нашай краіне археалагічны музей пад адкрытым небам. У 2019 годзе адкрылася для наведвальнікаў першая чарга гэтага ўнікальнага аб’екта.

Мы актыўна ўдзельнічаем у рэалізацыі праекта «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас». На сёння апублікавана 16 выпускаў. Гэта найбуйнейшае пачынанне ў гісторыі сусветнай лінгвагеаграфіі, над якім працуюць мовазнаўцы 12 славянскіх краін і Германіі. Практычна ўся навуковая база ў галіне гуманітарных навук у краіне — гэта распрацоўкі навуковых арганізацый і вучоных НАН Беларусі.

Стаўка — на моладзь

— Уладзімір Рыгоравіч, ці падзяляеце вы думку, што наперад навуку рухаюць маладыя? Наколькі рэдкая з’ява для нашай краіны — малады доктар навук? Ці можна сёння выжыць, займаючыся толькі навукай?

— Кадрам, і асабліва моладзі, мы надаём асаблівае значэнне. Гэта наша будучыня. Але мэтавым крытэрыем для нас з’яўляецца не колькасць, а прафесіяналізм і якасны патэнцыял. У адрозненне ад іншых сфер, ад нас таленавітая моладзь не сыходзіць, а з задавальненнем і творча працуе. Мы прымаем у склад акадэміі штогод 320–350 лепшых выпускнікоў ВНУ, рыхтуем іх праз магістратуру, аспірантуру, дактарантуру і саіскальніцтва. Сярэдні ўзрост навуковых работнікаў Акадэміі навук зараз складае 46,3 года, тады як яшчэ зусім нядаўна ён набліжаўся да 60 гадоў. Доля даследчыкаў ва ўзросце да 29 гадоў вырасла за апошнія пяць гадоў з 18 да амаль 30 працэнтаў ад усяго складу акадэміі. З іх 13 працэнтаў — гэта маладыя кандыдаты навук.

Пытанні мы вырашаем комплексна, ствараем магчымасці для самарэалізацыі, хуткай публікацыі і ўкаранення вынікаў даследаванняў, замежных стажыровак і іншага. У нас дзейнічае праект «Малады вучоны «пад ключ», прынята разгалінаваная сістэма прэміравання.

Магчымасці зарабіць дадаткова практычна неабмежаваныя: праз дамовы з прадпрыемствамі, міжнародныя гранты, прамыя продажы прадукцыі, работы па тэматыцы ў лабараторыях і іншыя формы. Вырашаем праблему з жыллём, якое будуецца амаль штогод. Нейкай сур’ёзнай чаргі зараз няма.

Праводзяцца адкрытыя конкурсы на саісканне стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, на 2021 год такія стыпендыі прызначаны 97 таленавітым маладым вучоным і 66 аспірантам. Са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі кожны год вылучаюцца заахвочвальныя стыпендыі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

У рамках Акадэміі навук ёсць таксама шэраг прэмій і грантаў, праводзіцца конкурс сярод дактарантаў, аспірантаў і саіскальнікаў на атрыманне грантаў Прэзідыума НАН Беларусі для выканання навукова-даследчых работ па тэме дысертацыі. Летась уладальнікамі такіх грантаў сталі 34 маладыя вучоныя.

На сістэматычнай аснове праводзім конкурс «100 маладых талентаў НАН Беларусі» і па яго выніках штогод абнаўляем адпаведны банк даных. Удзельнічаць у ім могуць маладыя навукоўцы, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў.

Акрамя таго, у 2019 годзе былі заснаваны некалькі імянных прэмій для маладых навукоўцаў: прэмія імя акадэміка Жарэса Алфёрава (у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук), акадэміка Васілія Купрэвіча (у галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны і аграрных навук) і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага (у галіне гуманітарных і сацыяльных навук).

— А на якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе?

— У нас на пастаяннай аснове праводзяцца навукова-папулярныя лекцыі, майстар-класы для адораных школьнікаў, працуюць школы юных, а таксама арганізоўваецца наведванне навукова-даследчых арганізацый. Але важна выйсці на новы ўзровень па выяўленні і суправаджэнні таленавітых даследчыкаў пачынаючы са школы. У сувязі з гэтым ставім задачу стварэння сеткі базавых, «акадэмічных» школ, гімназій і ліцэяў.

Многія школьнікі цікавяцца навукова-даследчай дзейнасцю. І вельмі важна не ўпусціць гэты момант, каб у будучыні маладыя людзі прысвяцілі сябе вялікай навуцы. Асноўным рухавіком маладзёжнай палітыкі ў Акадэміі навук з’яўляецца Савет маладых вучоных. У яго складзе — 2200 чалавек. То-бок, гэта практычна кожны чацвёрты навуковы работнік акадэміі. А мерапрыемствы, якія арганізоўваюцца Саветам маладых вучоных, ужо сталі вядомымі брэндамі не толькі ў нашай краіне, але і на міжнароднай арэне: гэта міжнародная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Моладзь у навуцы», форум навуковай моладзі «Шлях у навуку», рэспубліканскі маладзёжны форум «Беларусь інтэлектуальная», Міжнародны турнір сярод студэнтаў і магістрантаў краін Еўропы «Студэнцкі турнір навуковых перспектыў».

Паспеў стаць добрай традыцыяй для многіх дарослых і дзяцей міжнародны «Фестываль навукі», які праводзіцца Акадэміяй навук у пачатку кожнага вучэбнага года. Напрыклад, у верасні бягучага года фестываль расцягнуўся ў часе на цэлы тыдзень: гасцей чакалі на сваіх пляцоўках універсітэты, музеі, школы робататэхнікі і нават тыя лабараторыі Акадэміі навук, у якія ў звычайны час не пускаюць старонніх. І такіх мерапрыемстваў шмат. У Акадэміі навук кожны дзень адбываецца нешта новае. Хто хоць аднойчы сур’ёзна сутыкнуўся са светам навукі, той ужо становіцца поўным яе апалагетам…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота дадзена прэс-службай НАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».