У Выдавецкім доме «Звязда» — чарговая кніжная навінка для самых юных чытачоў: выйшаў зборнік вершаў Ніны ГАЛІНОЎСКАЙ «У казачным лесе», адрасаваных дашкольнікам і вучням малодшых класаў.
«У лесе схавалася казка./ На елцы яна ці сасне./ Напэўна, зялёная маска/ Хавае яе ад мяне./ І доўга я казку шукаю — / Нідзе непаседы няма./ Вось зараз вазьму пагукаю — / Адклікнецца, можа яна...» Вядомая беларуская дзіцячая пісьменніца Ніна Галіноўская захоплена, маляўніча расказвае пра свае ўражанні ад сустрэч з лясным сябрам. Вавёркі, зайкі, вожыкі, воўк, мурашы... З усімі з іх у юнага чытача ёсць цудоўная магчымасць пагутарыць, сустрэцца, разгледзець іх на малюнках таленавітага кніжнага графіка Алены Карповіч.
А колькі розных з’яў, відовішчаў разгортваецца перад увагай чытачоў і слухачоў!.. «Мурашыны бой» — гэта проста драматычнае дзеянне, якое варта сцэнічнай увагі дзе-небудзь на школьнай сцэне, у тэатры, зарыентаваным на юнага гледача.
У арэшыны гора:
Ненаедны абжора
Нішчыць лісце каварна.
І сварыцца з ім марна.
Але будзе збавенне —
Мурашы ў наступленні,
У вялікім паходзе.
— Хто арэшыне шкодзіць?
Ах ты, Вусень-нягоднік,
Лесу нашага шкоднік,
За паганую справу
Паспяшай на расправу!
Ды і на ўроку малявання (верш «Заняткі») дзея няхай сабе і не ваяўнічая, але не меней захапляльная. Бацька Зай выступае ў ролі настаўніка малявання, «раздае маленькім гліну», дае заданне вылепіць машыну. У вершы — і настаўніцка-бацькоўскі прыклад Зая, і вясёлая гульня, поўная добрага гумару, і так патрэбная мастацкаму слову лаканічнасць, калі вершаваныя радкі фарміруюць сапраўднае дзейства, калі казачныя, фантазійныя элементы набліжаны да сапраўднага жыцця.
Некаторыя творы зборніка «У казачным лесе» дапамогуць выхавацелям і іх дзеткам добра правесці час, стануць асновай маленькіх і сімпатычных спектакляў. Як і ў пярэдадзень навагодніх святаў, так і ў іншыя часіны года.
Ужо гэтымі днямі кніга Ніны Галіноўская прыйшла ў кнігарні краіны, займае сваё годнае месца на паліцах бібліятэк. Будзем спадзявацца, што яна знойдзе свайго чытача ў дзіцячых садках і школах. Як і папярэднія зборнікі твораў вядомай пісьменніцы, якая нарадзілася на Магілёўшчыне, у Шклоўскім раёне, і летась, у 2020 годзе, адзначыла сваё 85-годдзе з дня нараджэння, — «Давайце пазнаёмімся», «Размова сняжынак», «Сяргейкаў параход», «Кніжчыны сябры», «Мой дзень», «Восень едзе ў магазін», «Незвычайны карагод»...
Мікола БЕРЛЕЖ
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.