Вы тут

Нашы людзі на арбіце


На борце Міжнароднай касмічнай станцыі закончылася “зорная камандзіроўка” Алега Навіцкага. І змяніў нашага земляка, героя Расіі на адказнай пасадзе камандзіра МКС Антон Шкаплераў – таксама Герой Расіі, у якога моцныя беларускія родавыя карані.


Сустрэча на арбіце. Кастрычнік 2021 года. Пётр Дуброў, Антон Шкаплераў, Юлія Перасільд, Клім Шыпенка і Алег Навіцкі. Фотаздымак з сацсеткі https://vk.com/anton_astrey – афіцыйнай публічнай старонкі касманаўта “Роскосмоса” Антона Шкаплерава.

На нашых вачах творыцца “касмічная кінагісторыя”. Прычым з самым непасрэдным удзелам нашых супляменнікаў. Безумоўна, першы ў гісторыі кінапраект са здымкамі ў касмічных караблях, на МКС выклікаў велізарную цікавасць у свеце. Ды вывеў зноў касмічную тэму на, можна сказаць, высокую арбіту грамадскага інтарэсу. І пакуль расійскі кінаэкіпаж – актрыса Юлія Перасільд і рэжысёр Клім Шыпенка – купаюцца ў промнях славы, яе водбліскі падсвечваюць і касманаўтаў Антона Шкаплерава ды Алега Навіцкага. Якія, дарэчы, сыгралі свае ролі для мастацкага фільма “Выклік”. Бо першы, мы ведаем, узначаліў “кінаэкспедыцыю” на МКС, дапамагаў актрысе з рэжысёрам у паскораным рэжыме, з нуля за тры месяцы падрыхтавацца да палёту і працы ў космасе, а потым сам і даставіў кінагрупу на арбіту. Прайшла інфармацыя: у фільме Шкаплераў будзе ў ролі касманаўта Антона. Цікава, ці знайшлася роля Алегу Навіцкаму, камандзіру карабля “Союз МС-18”? Гэта ж дзякуючы яму кінаэкіпаж паспяхова вярнуўся з арбіты, прызямліўся 17 кастрычніка пад казахстанскім Джэзказганам.

Наколькі адказнай была праца ў Алега Віктаравіча (якому, дарэчы, у часе працы на арбіце – 12 кастрычніка – споўнілася 50 гадоў) – сведчыць такі факт. Аказваецца, калі прызямлялася 19 чэрвеня 1963 года наша супляменніца, першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова (пазыўны “Чайка”), то спускальны апарат з-за збою ў сістэме кіравання карабля “Союз-6” занесла ў Алтайскі край. Быў гэта Баеўскі раён, паблізу сяла Мурашкіна. “Ого, куда я просвистела...” – сказала вяскоўцам Чайка, як даведалася, што прызямлілася не ў Казахстане.

Здымачная група беларускага Агенцтва тэленавін – карэспандэнт Святлана Карульская і аператар Віталь Моцін – былі побач, калі Алега Навіцкага падымалі са спускальнага апарата. Ураджэнец горада Чэрвеня на гэты раз прабыў на арбіце 191 дзень, і гэта па яго просьбе і землякоў-беларусаў падключылі ў пошукавую экспедыцыю на Зямлі, дапусцілі да касманаўта ў першыя мінуты пасля вяртання з арбіты. У інтэрнэце ёсць эксклюзіўны рэпартаж АНТ. Алег Навіцкі праходзіць рэабілітацыю, а ў снежні абяцаў наведацца дадому, у Беларусь.

Што да Шкаплерава, то стартаваў ён у космас, ужо чацвёрты раз, 5 кастрычніка: у якасці камандзіра карабля “Союз МС-19”, суправаджальніка кінаэкспедыцыі – і кінагероя. Праца яго на МКС прадаўжаецца ў складзе 66-й працяглай экспедыцыі. Калі ўсё пойдзе па плане, то і Антон Мікалаевіч сустрэне там сваё 50-годдзе: 20 лютага ў 2022-м. Хоць нарадзіўся ён у Севастопалі (дакладней, у Балаклаве), ды мае па бацьку беларускія родавыя карані. На адной з прэс-канферэнцый на пытанне, кім сябе лічыць, украінцам ці рускім, Антон Мікалаевіч адназначна адказаў, што ён беларус (Гл. : “З Быхаўшчыны – у космас” – ГР, 25.04.2013; “Быхаўскія карані Антона Шкаплерава” – ГР, 19.09.2018); “Шляхі да зорак” – (ГР, 01.10.2018).

Іван Ждановіч

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Нашы людзі на арбіце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.