Вы тут

Халодныя гульні. Што чакае ўкраінцаў узімку?


Ва Украіне ў найбліжэйшы час адбудзецца масавае закрыццё сацыяльных аб'ектаў, а насельніцтва пяройдзе на ацяпленне кізякамі (сушаным гноем), лічыць кіраўнік Незалежнага прафсаюза шахцёраў Украіны, дэпутат Вярхоўнай рады Міхаіл Валынец. Паводле яго слоў, гэта здарыцца з-за недахопу энергарэсурсаў. «Трэба папярэдзіць людзей, каб у сельскай мясцовасці хаця б кізякі збіралі і сушылі. Таму што трэба спадзявацца толькі на сябе, а не на такую ўладу», — сказаў парламентарый у эфіры тэлеканала «Наш». Як вядома, сёлета ва Украіне тарыфы на цяпло і гарачую ваду вызначаюць мясцовыя адміністрацыі, а не цэнтральная ўлада. У Хмяльніцкай, Адэскай, Закарпацкай, Львоўскай і Івана-Франкоўскай абласцях абвясцілі надзвычайную сітуацыю з-за недахопу блакітнага паліва для бюджэтных устаноў. У Кіеве дапусцілі абмежаванне спажывання электрычнасці ўзімку. Патавая сітуацыя складаецца таксама з вугалем. Кіраўнік украінскай партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка заявіла, што ў краіне разгортваецца поўнамаштабны энергетычны крызіс. На яе думку, неабходна ўвесці надзвычайнае становішча ў энергетыцы. Што ж чакае ўкраінцаў падчас ацяпляльнага сезона?


Газавая «арыфметыка»

Украінская ўлада па-ранейшаму не можа вырашыць два жыццёва важныя пытанні: дзе ўзяць газ і дзе ўзяць на яго грошы, піша ўкраінская газета «Вести».

З-за высокіх цэн на блакітнае паліва мясцовыя Саветы па ўсёй краіне адзін за адным аб'яўляюць надзвычайную сітуацыю. Але куды больш трывожна выглядае фізічны недахват энергарэсурсаў — як газу, так і вугалю. У такіх умовах, як адзначаюць эксперты, нават двухтыднёвыя маразы могуць абярнуцца халоднымі батарэямі і веернымі адключэннямі святла. Улады тым часам ужо складаюць аварыйныя планы адключэнняў паставак рэсурсаў для прамысловых прадпрыемстваў.

Ледзь еўрапейцы змаглі ачомацца пасля рэкорднага за ўсю гісторыю росту цэн на газ, як з'явілася новая праблема — яго фізічны дэфіцыт. Сезон запампоўвання блакітнага паліва змяніўся сезонам адбору. Як вынік, Еўропа пачала адбіраць з падземных сховішчаў больш газу, чым туды запампоўваць. Пры гэтым узровень запасаў у еўрапейскіх ПСГ знаходзіўся на гістарычна мінімальным узроўні (77 працэнтаў), што на 14 пунктаў ніжэй за сярэдні паказчык за апошнія пяць гадоў.

Для Украіны, якой запасаў газу нібыта і хапае для праходжання халадоў «на мінімалках», сітуацыя ў Еўропе ставіць пад сумненне ў выпадку моцных халадоў магчымасць аператыўнага імпарту патрэбнага аб'ёму газу. Так, напрыклад, паводле даных «Нафтагаза», ва ўкраінскія ПСГ па стане на сярэдзіну кастрычніка было запампавана 18,7 мільярда кубоў газу. У той час як для праходжання ацяпляльнага сезона патрэбна 13 млрд куб. Але тут ёсць адзін важны нюанс: газ ва ўкраінскіх ПСГ не ў поўным аб'ёме належыць дзяржаве.

«У нас каля 4 млрд куб. м газу ў падземных сховішчах нерэзідэнтаў. Яны афіцыйна заявілі, што пачынаюць яго адбіраць. У кастрычніку ў іх у планах было адабраць 500 млн куб. м газу. Прычым на продаж у ЕС, а не ва Украіну, як нам гаварылі. Яшчэ 4,6 мільярда кубоў — гэта тэхнічны газ. У выніку нам застаецца 9,5—10 мільярдаў кубоў газу. І тое структура ўласнасці астатняга газу — гэта таямніца «Нафтагазу» за сямю пячацямі. Верагодна, што сярод яго яшчэ нейкая колькасць належыць рэзідэнтам, няхай 1 млрд куб. м. Адпаведна, можна зыходзіць з таго, што застаецца 8 млрд куб. м газу. А яшчэ ёсць 3 млрд — гэта страхавы запас. Гэта газ апошняй надзеі, які «Нафтагаз» не мае права адбіраць. У сухім астатку ў аператыўным спажыванні знаходзіцца каля 5 млрд куб.м. А для праходжання ацяпляльнага сезона трэба 13 млрд», — расказаў «Вестям» энергетычны эксперт Валянцін Зямлянскі. Такая вось несуцяшальная газавая «арыфметыка». Таму, паводле меркавання эксперта, для паспяховага праходжання асенне-зімовага перыяду Украіне, верагодна, давядзецца дакупляць значныя дадатковыя аб'ёмы.

Не схільны да аптымізму і кіраўнік Усеўкраінскай энергетычнай асамблеі, колішні міністр паліва і энергетыкі Украіны Іван Плачкоў. Паводле яго слоў, праблемы ў энергетычным комплексе могуць пачацца, калі тэмпература паветра апусціцца да 12—15 градусаў марозу і пратрымаецца так на працягу двух тыдняў. «Мы будзем або адбіраць з трубы (газ, які Украіна транспартуе ў Еўропу), або павінны купляць у Славакіі», — адзначыў Іван Плачкоў.

Пры гэтым, як заўважыў энергетычны эксперт Дзмітрый Маруніч, калі Еўропу накрыюць працяглыя маразы, то вялікая верагоднасць таго, што ўзяць дадатковыя аб'ёмы газу проста не будзе адкуль. «Калі будзе халодная зіма, то ёсць усе рызыкі перабояў з забеспячэннем газам краін Усходняй Еўропы, асабліва тых, у якіх няма ўласнага рэсурсу. Лагічна выказаць меркаванне, што калі ў Цэнтральнай Еўропе не будзе хапаць газу, то, адпаведна, і па рэверсе ва Украіну можа нічога не трапіць. Проста фізічна пампаваць не будзе чаго. Плюс спад аб'ёмаў уласнай здабычы нясе дадатковыя рызыкі», — сказаў Дзмітрый Маруніч.

Надзвычайная сітуацыя

Тым часам улады традыцыйна поўныя аптымізму, спадзяюцца на ЗША і прапаноўваюць вельмі нестандартныя варыянты вырашэння праблемы. Так, напрыклад, кіраўнік праўлення «Нафтагазу Украіны» Юрый Вітрэнка заявіў, што ў выпадку крызісных сітуацый Украіна будзе браць газ «з трубы». «Калі нам раптам не будзе хапаць 20—30 мільёнаў кубоў у суткі, то, па-першае, нашы магутнасці па імпарце з Еўропы складаюць 30—60 млн куб.м. А, па-другое, калі мы рыхтуемся да халадоў, то запампоўваем у трубу крыху больш газу. А потым, калі ідуць халады, мы можам змяншаць ціск і адбіраць уласны газ назад», — сказаў Юрый Вітрэнка.

Але сёння сітуацыя выглядае вельмі парадаксальна. Як адзначае экс-кіраўнік праўлення «Нафтагаза» Андрэй Кобалеў, замест імпарту газу Украіна яго экспартуе. «Па 15 мільёнаў кубаметраў газу за суткі ідзе ў напрамку Еўропы. Трэба зрабіць усё, каб гэта спыніць», — адзначыў Андрэй Кобалеў. Зрэшты, як заўважыў Дзмітрый Маруніч, у тым, што з Украіны пачаўся адток газу, няма нічога дзіўнага. «Трэйдары запампоўвалі газ яшчэ ў мінулым годзе па $100. Цяпер цана ў 10 разоў большая. Яны хочуць яго прадаць», — растлумачыў эксперт.

У той жа час пакуль газавыя трэйдары атрымліваюць звышпрыбыткі, у некаторых украінскіх абласцях мясцовыя ўлады абвясцілі надзвычайную сітуацыю з-за адсутнасці газу для ацяплення камунальных і бюджэтных устаноў. У прыватнасці, у Закарпацці на пазапланавым пасяджэнні рэгіянальнай камісіі па пытаннях тэхнагенна-экалагічнай бяспекі і надзвычайных сітуацый (ТЭБ і НС) прынялі рашэнне лічыць сітуацыю ў вобласці надзвычайнай. Так вырашылі ў сувязі з адсутнасцю паставак прыроднага газу бюджэтным установам на асенне-зімовы перыяд 2021—2022 гадоў. Становішча класіфікавалі як надзвычайную сітуацыю тэхнагеннага характару дзяржаўнага ўзроўню.

Паводле даных мясцовых улад, пастаўшчыкі, якія раней выйгралі таргі і заключылі дагаворы на пастаўку газу, цяпер адмаўляюцца гэта рабіць, спасылаючыся на рэзкі рост рыначных цэн на паліва. Надзвычайную сітуацыю з-за адсутнасці газу для бюджэтных устаноў увялі і ў Івана-Франкоўску. Як паведаміў у Facebook мэр горада Руслан Марцінкіў, без газу засталіся ўстановы аховы здароўя, школы і дзіцячыя сады. Аналагічнае рашэнне прыняла рэгіянальная камісія па пытаннях ТЭБ і НС у Хмяльніцкай вобласці. На Палтаўшчыне і ў Краменчугу таксама абвясцілі надзвычайную сітуацыю для падачы ацяплення. Падобная сітуацыя ў Чарнігаўскай, Адэскай і Днепрапятроўскай абласцях.

Менш за мінімум

Вельмі трывожная сітуацыя і з вугалем. «Штодня аб'ём толькі скарачаецца. Гэта катастрафічна мала. Трэба праводзіць растлумачальную работу. Мы павінны падрыхтавацца. Калі будуць пікавыя нагрузкі, каб не дапускаць веерных адключэнняў, мы павінны расцягнуць спажыванне, каб зменшыць гэтыя пікі. Магчыма, варта пераносіць пачатак працоўнага дня на вялікіх прадпрыемствах на розны час, падрыхтаваць графікі аварыйных адключэнняў і ўзгадніць іх на ўзроўні абшчын для абмежавання работы прамысловых прадпрыемстваў. Украіна — гэта не поўнач Францыі, тут зімы бываюць вельмі халодныя, у тым ліку з веернымі адключэннямі», — адзначыў Іван Плачкоў. На яго думку, адзіны варыянт нармальнага праходжання ацяпляльнага сезона — гэта набыццё вугалю ў «дзяржрэзерв». У той жа час ён выказаў сумненне ў здольнасці Украінскай чыгункі перавезці неабходны аб'ём паліва па прычыне недастатковай колькасці вагонаў.

У той жа час, як заявіў намеснік міністра энергетыкі Максім Нямчынаў, на ўзроўні ведамства ствараюцца спісы прадпрыемстваў, якім, верагодна, давядзецца абмежаваць падачу газу і электраэнергіі пры надыходзе крызісных з'яў. «Сітуацыя не вельмі простая. Мы разлічваем на стабільную работу атамнай генерацыі. Гэтай зімой будуць працаваць 13-14 блокаў, а ў выпадку неабходнасці і 15-ы. Я разумею, што гэта складана, але такі сцэнарый мы ўзялі ў разлік», — заявіў Максім Нямчынаў.

Пры гэтым напрыканцы мінулага тыдня стала вядома, што на складах як мінімум сямі цеплавых электрастанцый Украіны — Курахаўскай, Запарожскай, Прыдняпроўскай, Зміеўскай, Вуглягорскай, Трыпальскай, Славянскай — не выконваліся нормы гарантаваных запасаў вугалю. «Гэта мінімальныя запасы, якія абавязкова павінны быць захаваны згодна з умовамі вядзення ліцэнзійнай дзейнасці», — патлумачыў кіраўнік камітэта Вярхоўнай рады па пытаннях энергетыкі і ЖКП Андрэй Герус. Паводле даных кіраўніка Незалежнага прафсаюза шахцёраў Украіны Міхаіла Валынца, на складах цеплавых электрастанцый напрыканцы мінулага тыдня было 565 тысяч тон вугалю, што на 88 тыс. т менш за мінімальна дапушчальны ўзровень. Сітуацыя, якая склалася, перакананы Валынец, будзе вельмі цяжкай для ўкраінскага насельніцтва і прамысловасці. У цэлым складанасці ў энергетычнай галіне, на думку кіраўніка прафсаюза шахцёраў, Украіна адчувае з 2014 года. Ён таксама выказаў меркаванне, што ўлада можа сутыкнуцца ў гэтым ацяпляльным сезоне са стыхійнымі пратэстамі насельніцтва з-за павышэння тарыфаў. Некаторыя рэгіёны ўжо паведамілі аб павышэнні цэннікаў на пастаўку энергарэсурсаў. У Чарнаўцах тарыфы на ацяпленне вырастуць на 70 %. У Кіеве і Палтаве за цяпло ў доме давядзецца плаціць на 40% больш. Адэса ўзняла тарыфы на 30 %, а Крамянчуг — на 53 %, а ў Вінніцы расцэнкі ўзрастуць на 25—30 %.

Па спіралі самаразбурэння

Па словах Юліі Цімашэнкі, энергетычны крызіс ва Украіне паглыбляецца не толькі з-за некампетэнтнасці ўлады, але і карупцыйных махінацый з перапродажам украінскага газу. Наступствы гэтага крызісу адчуюць усе без выключэння грамадзяне і бізнес. «Мы ведаем, што сабекошт украінскага газу складае 1 грыўню, людзям яго прадаюць па 7, бюджэтнай сферы — па 13. Пасрэднікі апанавалі гэтую сістэму, і карупцыя сёння дасягнула апагею ў перапродажы ўкраінскага прыроднага газу. Для прамысловасці цана даходзіць да 50 грыўняў за кубаметр, таму літаральна праз месяц мы атрымаем цэны на прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці, якія будуць недаступныя для людзей. Інфляцыя дасягне самых высокіх узроўняў», — перасцерагла Юлія Цімашэнка.

Энергетычны крызіс на Украіне перастае быць з'явай чыста эканамічнага характару і ўжо пачаў непасрэдна прыводзіць да гібелі людзей, адзначыў eadaіly.com. Яскравым прыкладам падобнай трагедыі стаў выпадак у горадзе Бровары ў Кіеўскай вобласці, дзе загінула цэлая сям'я: маці і бацька сталага ўзросту і іх маладая дачка. Усе яны атруціліся ўгарным газам. Як пішуць украінскія СМІ, верагодней за ўсё ў кватэры загінулых яшчэ не ўключылі ацяпленне, і людзі спрабавалі сагрэцца з дапамогай газавай пліты альбо іншай прылады, магчыма, самаробнай. Раней партал «Грамадскі» паведаміў, што ва ўкраінскім горадзе Крапіўніцкі двухгадовая дзяўчынка атрымала пераахаладжэнне з-за адсутнасці ацяплення ў дзіцячым садку.

Па віне свайго палітычнага істэблішменту Украіна ідзе па спіралі самаразбурэння. Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных у эфіры YouTube-канала «Галоўны. Тур». Цяжка не пагадзіцца. Таму маразоў украінцы чакаюць з жахам.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.