Вы тут

Кніжны гасцінец. Аднаўляючы разбітыя вітражы


Беларускае апавяданне 1920—1930-х гадоў. Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Т. 21. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021


Вы ўяўлялі, якой магла б быць беларуская літаратура, каб з яе штучна не выкраслілі дзясяткі выдатных імёнаў і сотні арыгінальных твораў? У 1920—1930-х гадах у яе прыйшло магутнае пакаленне, у асноўным дзеці вяскоўцаў, якія атрымалі доступ да адукацыі. Калі іх знішчыла рэпрэсіўная машына 1930-х, яны былі толькі на самым пачатку творчага шляху, у пошуку. Асабліва тое датычыцца празаікаў, творчая спеласць якіх, пераход на буйныя, эпічныя формы, звычайна адбываецца ў сталым узросце. Нават тыя, хто ацалеў, не мелі ўжо такой свабоды ў эксперыментах і выказваннях. Таму чытанне гэтага тома папулярнай серыі, дзе сабраныя апавяданні 1920—1930-х, — адначасова і магчымасць разбурыць стэрэатыпы наконт «прымітыўнасці» нашай літаратуры, і падстава для тугі... Што б яшчэ мог напісаць Алесь Дудар, які загінуў у трыццаць тры, ці Лукаш Калюга, якому было дваццаць восем? Хоць у дваццаці пяці літаратараў зборніка розныя лёсы... Легендарная Зоська Верас, напрыклад, пражыла надзвычай доўгае жыццё... Але навела «Хворыя душы», напісаная маладой Людвікай, так і не стала зернеткам будучых кніг. Ян Скрыган, выдатны стыліст, прайшоўшы сталінскія лагеры і доўгую ссылку, вярнуўся на Беларусь ужо немаладым, змог аднавіць сябе як пісьменніка. Некаторыя імёны шырокаму чытачу невядомыя і стануць прыемным адкрыццём. Карціны вясковага жыцця і крывавыя перыпетыі рэвалюцыйнага часу, тонкі псіхалагізм, каларыт мовы... Усё закладзена тут. Вы нават знойдзеце беларускі варыянт гогалеўскага «Шыняля» — у апавяданні Сымона Баранавых «Боты», напісанага з той жа сумнай іроніяй, спачуваннем да маленькага чалавека і болем за ягоную абмежаванасць. Маладая задзірыстасць і вера ў будучыню адчуваюцца ў многіх творах... Што ж, беларуская літаратура, нягледзячы ні на якія вытоптванні, не спыніла існаванне. І хай гэты том дадасць яшчэ адно шкельца ў яе вітраж, што аднаўляецца.


Джон Роскін. Лекцыі аб мастацтве. «Азбука-классика», Масква, 2021.

«Джон Роскін — адзін з найвыдатнейшых людзей не толькі Англіі і нашага часу, але і ўсіх краін і часоў. Ён адзін з тых рэдкіх людзей, які думае сэрцам, і таму думае і гаворыць тое, што ён сам бачыць і адчувае і што будуць думаць і гаварыць усе ў будучым».

Так казаў Леў Талстой.

Пра будучае ён не памыліўся. Тое, што ідэі Роскіна прынялі такія розныя людзі, як Оскар Уайльд, Махатма Гандзі і Марсэль Пруст, сведчыць аб іх універсальнасці. Хоць, здавалася б, нашто сёння перачытваць маралізатара віктарыянскай эпохі з цяжкім стылем і дзіўнымі на погляд сучаснага чалавека меркаваннямі? Але ж нездарма ў аўдыторыі Оксфардскага ўніверсітэта, дзе ён чытаў лекцыі, набівалася студэнтаў пад завязку. Вядома, частка ягоных лекцый адрасавана менавіта мастакам. Роскін адкрыў творчасць Цёрнера, якога не разумелі, стаў «хросным бацькам» прэрафаэлітаў... Як любы таленавіты чалавек, быў складаны ў зносінах. Ажаніўся з маладой прыгажуняй Эфі Грэй — але нешта яму ў новаспечанай жонцы падалося агідным... І праз пяць гадоў Эфі з ім развялася, бо шлюб так і не быў фізічна пацверджаны. Выйшла замуж за ўлюбёнага вучня Роскіна, Міле, даўшы сюжэт шматлікім мастацкімі творам пра іх «любоўны трохвугольнік». Потым яшчэ адзін скандал — Роскін закахаўся ў адзінаццацігадовую Розу ля Туш, вельмі рэлігійную, як і ён сам, дачакаўся яе паўналецця, зрабіў прапанову — але сям'я, параіўшыся з Эфі, адмовіла... Розі хутка памерла. Роскін псіхічна захварэў...

Роскін палка гаворыць пра бядотнае становішча простых людзей і заганную сквапнасць і бяздзейнасць багацеяў. Тады, калі ўсе пісалі ўмоўныя прыгожанькія краявіды Старажытнай Грэцыі і Італіі, называе самай прывабнай рысай мастакоў «асаблівае захопленае пачуццё ў адносінах да роднага ландшафту, які з'яўляецца для іх нейкім напамінам». У той час, калі мастацтва лічылася заняткам разбэшчаных маргіналаў, даказвае: «Мастацтва як галоўная прадукцыйная і стваральная сіла краіны ёсць дакладны паказчык яе маральнага жыцця».

Што ж, Роскін верыў у два галоўныя пачуцці — Гармоніі і Дабра. Шкада, жыццё не абмяжоўваецца гэтымі катэгорыямі. Але нішто не замінае імкнуцца да іх.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прапанаваныя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.