Вы тут

Вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ўвядуць у 2022 годзе


Вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ўвядуць да канца наступнага года. З ходам работ сёння азнаёміўся намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Тэхнапарк уключае ў сябе тры аб’екты: вучэбна-лабараторны корпус (пад яго прыстасоўваюць адзін з вытворчых будынкаў БНТУ, які не выкарыстоўваецца) з сучасным абсталяваннем і ўласнай трансфарматарнай падстанцыяй, інтэрнат на 300 месцаў і агульнаадукацыйную школу на 750 месцаў. Усе яны размесцяцца ў Першамайскім раёне, на тэрыторыі паміж 15-м корпусам БНТУ і жылым комплексам «Магістр».

Школа прыняла першых вучняў 1 верасня бягучага года — гэта 450 дзяцей з мікрараёна каля ЖК «Магістр», асобныя памяшканні выдзелены для заняткаў па праграмах тэхнапарка. «Плануецца, што 300 вучняў дзіцячага тэхнапарка з 1 верасня 2022 года тут будуць праходзіць агульнаадукацыйную праграму, — расказаў Ігар Петрышэнка. — Мы яшчэ паглядзім і абмяркуем элементы дааснашчэння школы для гэтага».

Намеснік прэм’ер-міністра наведаў і будаўнічую пляцоўку вучэбна-лабараторнага корпуса. Яму паведамілі, што будаўніча-мантажныя работы ідуць у адпаведнасці з графікам (уладкаванне маналітных перакрыццяў, кладка знадворных сцен, тынкавальныя, электрамантажныя і сантэхнічныя работы), але ўзніклі затрымкі з асваеннем сродкаў на закупку абсталявання. Віцэ-прэм’ера запэўнілі, што аб’ект увядуць у верасні 2022 года.

Ідзе работа і на суседняй пляцоўцы, дзе ўжо залілі катлаван пад будынак будучага інтэрната, цяпер забіваюць палі. Планавалася, што аб’ект здадуць у 2023 годзе, але будаўнікі ўзялі на сябе абавязацельства справіцца да снежня 2022-га. Гэта будзе комплекс з 4-5-павярховай жылой часткі і 1-2-павярховага цэнтра адпачынку са сталовай на 200 пасадачных месцаў, буфетам, гульнявой спартыўнай і трэнажорнай заламі, раздзявальнямі, актавай залай, бібліятэкай, зонамі каворкінгу і інш.

Арыенціровачны кошт вучэбна-лабараторнага корпуса — Br67 млн (фінансаванне прадугледжана са сродкаў інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама), інтэрната — Br28 млн (на роўна долевых умовах са сродкаў рэспубліканскага бюджэту і бюджэту Мінска).

Пасля агляду пляцовак адбылася нарада аб ходзе работ на аб’ектах і кантролю за гэтым.«Каб была зладжаная работа і не было адставання ад графіка — і ў наступным годзе мы здалі і адзін аб’ект, і другі», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Ідэя Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка пабудавана на прынцыпе спалучэння ў адзіным комплексе зручнага асяроддзя для вучобы, працы і атрымання тэхнічных навыкаў, а таксама пражывання і адпачынку з забеспячэннем культурнага і спартыўнага правядзення вольнага часу. Яго галоўная мэта — рэалізацыя ў вочнай і дыстанцыйнай формах новых адукацыйных праграм, праграм дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, выяўленне і развіццё ў вучняў здольнасцей да навукова-даследчай работы, вынаходніцтва і рацыяналізатарства.

З бягучага года дзіцячы тэхнапарк пачаў ужо працаваць — як цэнтр дадатковай адукацыі для матываваных і адораных дзяцей. Гэта месца, дзе школьнікі могуць папрацаваць на самым сучасным лабараторным абсталяванні, пазнаёміцца з вучонымі, супрацоўнікамі ПВТ, пазаймацца з выкладчыкамі ВНУ.

База для заняткаў — лабараторныя пляцоўкі БДУ, БДУІР і БНТУ. Пераважна ў тэхнапарку праходзяць навучанне вучні 9-11-х класаў у групах ад 7 да 10 чалавек. На гэты год запланавана 9 змен для 270 старшакласнікаў. І 7 ужо адбылося, навучанне прайшлі 210 юнакоў і дзяўчат. Цяпер пачалася 8-я змена. Кожная доўжыцца да 24 дзён з далейшай самастойнай работай вучняў, якую выкладчыкі будуць суправаджаць дыстанцыйна. Прапануецца тры напрамкі: «Зялёная хімія», «Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі» і «Робататэхніка». З лістапада адкрыты новы напрамак — «Інжынерная экалогія». Для гэтага задзейнічана база БНТУ.

З уводам у эксплуатацыю вучэбна-лабараторнага корпуса пералік напрамкаў будзе пашырацца. Усяго іх плануецца 15 — усе перспектыўныя для эканомікі Беларусі. Напрыклад, дзеці зоймуцца праектамі ў сферы бія- і нанатэхналогій, энергетыкі, космасу.

Па выніках вучобы кожны навучэнец рэалізуе свой праект даследчага або вынаходніцкага характару. Важна, што юнакі і дзяўчаты атрымліваюць стымул да развіцця сваіх ведаў і талентаў у выбранай сферы. Дарэчы, 12 выпускнікоў школ і гімназій, якія прайшлі навучанне ў дзіцячым тэхнапарку, паступілі ў беларускія ВНУ на тыя напрамкі, па якіх займаліся ў час змены. А 8 творчых праектаў былі прадстаўлены навучэнцамі дзіцячага тэхнапарка на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «ТІБО-2021».

«Мы атрымлівалі зваротную сувязь ад бацькоў дзяцей, якія прайшлі навучанне ў тэхнапарку. Яны і на гэтым этапе задаволены ўмовамі пражывання і быту, тым, што разам з заняткамі дзеці могуць наведваць музеі. А са здачай у наступным годзе аб’ектаў магчымасцей для развіцця юных талентаў стане яшчэ больш», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, на конкурснай аснове навучэнцамі тэхнапарка становяцца юнакі і дзяўчаты з розных рэгіёнаў Беларусі, многія ўжо развіваюць свае праекты на базе тэхнапаркаў, цэнтраў дзіцячай творчасці ў сваіх гарадах. «Мы будзем рабіць усё, каб юнакі і дзяўчаты, якія прайшлі тут падрыхтоўку, паступалі затым у нашы ВНУ і развівалі нашу навуку, тэхналогіі, тыя сферы, якія запатрабаваны эканомікай, — дадаў віцэ-прэм’ер. — Думаю, мы прадугледзім у рамках рыхтуемай нарматыўнай прававой базы пэўныя элементы спрошчанага прыёму ў ВНУ хлопцаў і дзяўчат, якія паспяхова рэалізавалі свае праекты ў тэхнапарку».

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.