Вы тут

Як жыве творчая сям'я ў двух пакаленнях


Алесь і Юлія Шацілы — прадстаўнікі сферы культуры ў другім пакаленні. Яны сябры Беларускага саюза мастакоў. Алесь Пятровіч — скульптар. Працуе старшым выкладчыкам на факультэце архітэктуры БНТУ і навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Яго маці Тамара Сяргееўна Шаціла доўгія гады кіравала народнай выяўленчай студыяй у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а бацька Пётр Дзмітрыевіч працаваў там жа мастаком-афарміцелем. Юлія Уладзіміраўна — мастак-графік. Яна намеснік дырэктара Дзіцячай мастацкай школы № 3 Мінска і заснавальнік творчай майстэрні «Залаты птах». Юлія — старэйшая дачка беларускага пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка. Яе мама Марыя Рыгораўна шмат гадоў паспяхова займалася кнігавыдавецтвам. У Алеся і Юліі трое дзяцей: старэйшаму Міхасю — 18, Зосі — 13, Адаму — 6.


Алесь, Юля, Зося, Адам...

Уласным прыкладам і прыгажосцю

Пазнаёміліся Алесь і Юлія падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Да заканчэння вышэйшай установы ўжо ажаніліся. Яшчэ на самым старце сумеснага жыцця маладыя дамовіліся: у іх будзе як мінімум двое дзетак.

— Я ў бацькоў адзін і, колькі сябе памятаю, сумаваў без братоў і сясцёр. Таму не жадаў бы таго ж сваім дзецям, — прызнаецца Алесь. — Мне здаецца, сама атмасфера шматдзетных сем'яў пры ўмове, зразумела, здаровых зносін фарміруе менш эгаістычнага чалавека, які ўлічвае не толькі асабістыя жаданні і інтарэсы, але і іншых.

— Ведаю шмат прыкладаў, калі мастакі настолькі былі паглыблены ў творчасць, што не заўважалі, як растуць, чым цікавяцца і чым займаюцца іх дзеці, і ў выніку здараліся вялікія трагедыі, — працягвае Юлія. — Зразумела, што мы робім усё, каб пазбегнуць гэтага. Дзеці, іх выхаванне — наш прыярытэт у жыцці.

У сям'і Шацілаў шмат увагі ўдзяляюць адукацыі дзяцей. Свае працоўныя графікі муж і жонка заўсёды выстройвалі з улікам бацькоўскіх абавязкаў. Дзецьмі і бытам у большай ступені займалася Юлія, але і Алесь знаходзіць час дапамагчы па гаспадарцы, удзяліць увагу сынам і дачцэ.

Старэйшы, Міхась, скончыў гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, займаўся танцамі, умее іграць на фартэпіяна, баяне, гітары. Ён яшчэ шукае сябе і не вырашыў, у якім кірунку развівацца далей. Але ўпэўнены, што ў любым выпадку ў яго жыцці знойдзецца месца для мастацтва. Зося таксама іграе на фартэпіяна, малюе, любіць матэматыку, фізіку, цікавіцца робататэхнікай. Адаму падабаецца маляваць і слухаць казкі. З дапамогай мамы, бабуль і дзядуляў ён рыхтуецца зараз да школы.

Старэйшы сын Міхась.

— У нашай сям'і ўсе размаўляюць на роднай мове, — падкрэслівае Юлія. — Зразумела, у школе, з сябрамі дзеці камунікуюць і па-руску. Але для нас важна, каб яны ведалі сваю мову і цікавіліся спадчынай. Гэта наш свядомы культурны выбар. Другая, вельмі прынцыповая пазіцыя — выхаванне на падставе сапраўднай літаратуры, музыкі, жывапісу. Мне здаецца, неабходна знаёміць, вучыць разумець мастацтва. У доме павінны быць добрыя кніжкі, прыгожыя ілюстрацыі. Асабіста я без гэтага не ўяўляю жыцця.

Дачка пісьменніка Юлія ў дзяцінстве на сабе адчула ўплыў цікавых асоб і суразмоўцаў — адбітак ад сустрэч з імі назаўжды застаўся з ёю. Зараз самой бывае дзіўна, калі ўспомніць, што некалі яе гладзіла па галаве пісьменніца, паэтка і мастачка Зоська Верас, якая ведала Максіма Багдановіча. Беларускі графік Алена Лось у свой час намалявала партрэт старэйшай дачкі Уладзіміра Ягоўдзіка ў юнацтве, а зараз Юлія працуе ў яе майстэрні. Такія выбітныя асобы вельмі ўзбагацілі яе ўнутраны свет. Таму і жыццё сваіх нашчадкаў мастачка імкнецца насычаць радасцю чалавечых зносін, асалодай чытання, прыгажосцю прыроды.

— Чалавек — істота культурная, і яго фарміраванне можа адбывацца ці на падставе сапраўднай культуры, ці на прыкладах маскультуры, — заўважае Алесь. — Калі не стаіш на пазіцыі чагосьці грунтоўнага, становішся перакаці-полем. На жаль, масавая культура, лічбавы электронны свет зараз вельмі моцна ўплываюць на дзяцей. Таму мы стараемся стварыць альтэрнатыву: знаёмім іх з дасягненнямі сусветнай і нацыянальнай культуры.

Летам бацькі разам з дзецьмі часта адпраўляюцца на пленэры. Юлія разам з Міхасём і Зосяй неаднойчы бралі ўдзел у міжнародных конкурсах дзіцячага малюнка. Гэта дазваляла пабачыць свет, пазнаёміць сына і дачку з сусветным жывапісам, архітэктурай. Вельмі любіць сям'я Шацілаў вандраваць па Беларусі.

— І маё, і Алесева дзяцінства прайшло ў вёсках. Мы ведаем увесь цыкл сялянскай працы і хочам, каб нашы нашчадкі таксама бачылі, як жывуць вясковыя людзі, — дзеліцца Юлія.

І мама, і тата стараюцца заставацца шчырымі з дзецьмі і выхоўваць не маралізатарствам, а ўласным прыкладам, калі словы не разыходзяцца са справай. Здаецца, гэта ў іх паспяхова атрымліваецца.

Па словах Зосі і Адама, больш строгая з бацькоў мама: яна патрабуе дысцыпліны і парадку, прывучае дапамагаць па доме, не дазваляе шмат сядзець у гаджэтах. Але, нягледзячы на пэўныя забароны і абмежаванні, дзеці не адчуваюць, што іх «заціскаюць».

— Зразумела, што ў шматдзетнай сям'і даводзіцца часам ад нечага адмаўляцца, чымсьці ахвяраваць, — разважае Міхась. — Але гэта і вучыць жыць сярод людзей.
І, на мой погляд, мець бацькоў, сястру і брата — здорава, цікава і весела. Заўсёды ёсць з кім пагаварыць, параіцца, нешта абмеркаваць. Зося і Адам ніколі не даюць засумаваць!

Творчасці шмат не бывае

Алеся і Юлію Шацілаў аб'ядноўваюць дзеці і мастацтва. Яны некалькі разоў ладзілі сумесныя выстаўкі, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Муж і жонка не згодны з тым, што два творчыя чалавекі на адну сям'ю — гэта шмат. Уся іх сям'я вельмі крэатыўная, і яны лічаць гэта сваім плюсом. Агульнасць светапоглядаў не перашкаджае кожнаму ісці сваім творчым шляхам, шукаць галоўную тэму і сродкі выяўлення.

— Мая асноўная тэма ў мастацтве — чалавек. Мне цікавыя людзі, якім падабаецца жыць і рабіць нешта добрае на зямлі, — адзначае Алесь.

«Лірнік», «Дудар», «Шляхціч», «Гарманіст», «Музыкант» — у скульптурах Алеся Шацілы ўвасоблены асобы, якія маюць свае нацыянальныя карані, але ж гэта і вобразы людзей на ўсе часы.

Для Юліі знакавая тэма — драматычны лёс вёскі, якая паступова сыходзіць. Гэтаму прысвечаны яе карціны «Адыходзіць час», «Смутак», «Пад небам», «Развітанне», «Рэквіем». Разам з самотнай нотай у творчасці мастачкі ёсць і іншая — вельмі жыццесцвярджальная і светлая. «Лілеі», «Цюльпаны», «Нацюрморт з вінаградам», «Прыйшла вясна», «Ліпеньская ноч» — сапраўднае любаванне навакольным светам, цудам прыроды, якое даступна кожнаму для натхнення і адчування сілы прыгажосці.

«Асенні нацюрморт» Юліі Ягоўдзік.

Ні Алесь, ні Юлія не пакутуюць ад адчування таго, што цяпер складана быць мастакамі. Яны стараюцца як могуць забяспечваць сям'ю і пакідаць пэўны час для творчасці. Хаця, зразумела, гэта няпроста. Юля не хавае, што бываюць перыяды, калі на ўласную творчасць у яе амаль не застаецца часу. Але ж пасля перапынкаў апетыт да працы толькі ўзрастае. Зразумела: сям'я — таксама вялікая праца. Але ж гэта і крыніца натхнення.

— Я і студэнтам часам кажу ў якасці прыкладу: вось у нас з жонкай трое дзяцей, — прызнаецца Алесь. — Зразумела, бывае цяжка. Але мы перажываем такое шчасце, якога не зведалі б, калі б мы не знайшлі адно аднаго і ў нас не было б Міхася, Зосі і Адама.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.