Вы тут

Дэпутат расказала школьнікам, чаму мы можам ганарыцца нашай медыцынай


Медык — самая гуманная і бескарыслівая прафесія ва ўсім свеце. Яе важнасць усе мы асабліва ўсвядомілі падчас пандэміі COVІD-19. І калі дарослым тлумачыць значэнне сучаснай дыягностыкі, новых тэхналогій і метадаў лячэння, наяўнасці кваліфікаваных урачоў не трэба, то з дзецьмі — крыху іншая гісторыя. Данесці, як важна сачыць за сваім здароўем, своечасова звяртацца да доктара, весці актыўны спосаб жыцця, а таксама ведаць і ганарыцца тымі дасягненнямі ў медыцыне, якія маюцца сёння, — такая мэта аднаго з тэматычных урокаў адукацыйнага праекта ШАГ (Школа Актыўнага Грамадзяніна). У сталічнай школе № 165 госцем такога ўрока для васьмікласнікаў стала дэпутат, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, доктар медыцынскіх навук Людміла Макарына-Кібак.


Людміла Макарына-Кібак уручыла школьнікам кнігі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь»

— Я ўрач, доктар медыцынскіх навук, 31 год працую тым доктарам, якога прынята называць «вуха-горла-нос». Я шмат працавала і вось стала дэпутатам нашага парламента. Сёння я смела магу казаць пра тое, што гонарам нашай нацыі з'яўляецца ахова здароўя, — пачала ўрок на зразумелай для школьнікаў мове парламентарый.

Старшыня камісіі распавяла пра работу службы отарыналарынгалогіі, якую яна ўзначальвала цэлае дзесяцігоддзе. Гэта і развіццё кахлеарнай імплантацыі (калі дзеткам з частковай ці поўнай стратай слыху дзякуючы пратэзаванню ўдаецца аднавіць здольнасць чуць), і слухапратэзаванне, і магчымасць выяўлення парушэнняў слыху ў нованароджаных дзяцей.

— Я сама была ўражана, калі ўпершыню ўбачыла чатырохмесячнае дзіця, якога мы пратэзавалі: яно яшчэ не размаўляе, а мы разумеем, наколькі добра яно чуе.

Таксама парламентарый распавяла пра зніжэнне мацярынскай і дзіцячай смяротнасці, лячэнне нованароджаных і дзяцей ад розных захворванняў, у тым ліку і анкалагічных.

— Мы ганарымся, што сёння дзеткі, якія маюць анкалагічныя хваробы крыві, амаль у 100 % выпадкаў папраўляюцца. Мы сёння можам аперыраваць сэрца дзіцяці, якое пакуль не нарадзілася і знаходзіцца ў маміным жываце, — адзначыла Людміла Макарына-Кібак. А таксама расказала пра аперацыі на сэрцы для дарослых, якіх паспяхова лечаць пры інфарктах: або з дапамогай кропельніц, або выконваючы эндаскапічныя аперацыі, калі праз сасуд уводзіцца стэнт.

Закранула парламентарый і тэму каранавіруснай інфекцыі, а таксама расказала, як яе ад COVІD-19 лячылі студэнты.

— Мы ганарымся той медыцынскай дапамогай, якая ў нас ёсць. Менавіта падчас эпідэміі мы зразумелі, як правільна зрабілі, што захавалі ложкавы фонд і тую школу падрыхтоўкі кадраў, якая гатовая ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу пацыенту. Я лічу, што наша сістэма падрыхтоўкі медыкаў — найлепшая ў свеце. Я таксама перахварэла на каранавірусную інфекцыю. І да мяне з паліклінікі прыходзілі студэнты 6 курса, якія цудоўна ведалі, што і як рабіць. І мне прыемна, што іх досведу і навыкаў хапіла, каб вылечыць такога сур'ёзнага ўрача, як я, — пажартавала Людміла Макарына-Кібак.

Развіццё службаў анкалогіі, кардыялогіі, транспланталогіі, прадстаўнікі якіх выконваюць аперацыі не толькі беларусам, але і выязджаюць за мяжу, каб падзяліцца сваім досведам і напрацоўкамі, аснашчэнне бальніц і паліклінік высокатэхналагічным абсталяваннем — тое, што таксама сёння з'яўляецца прадметам гонару.

Падзяліліся ўражаннямі пасля такога ўрока і школьнікі.

— Я лічу, што мы можам ганарыцца нашымі медыкамі, якія цяпер, падчас пандэміі каранавіруса, змагаюцца за здароўе людзей. У мяне вельмі цяжка хварэла бабуля, яе вылечылі, і цяпер усё добра. Нашы ўрачы лечаць і ад іншых страшных хвароб. У нас добрыя хірургі, якія аперыруюць нават маленькіх дзетак, яны выязджаюць за мяжу і прадстаўляюць нашу краіну на розных міжнародных семінарах і канферэнцыях, — падзялілася Паліна Ігнацёнак, вучаніца 8 «Г» класа.

— Калі мы будзем расказваць дзецям у школах, над чым працавалі апошнія дзесяцігоддзі і што нам ёсць чым ганарыцца, яны дакладна вырастуць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, — рэзюмавала парламентарый у размове з журналістамі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».