Вы тут

У вёсцы Пласток ў гонар фірмовага квасу ужо чацвёрты год ладзяць фестываль


Сёння ва ўсім свеце расце і памнажаецца колькасць нацыянальных гастранамічных свят. Выбірай на любы густ: дзень эскімо, дзень шакалада, дзень спагецці, дзень маркоўнага торта і нават дзень аўсянкі! А жыхары вёскі Пласток Любанскага раёна сваёй фірменнай стравай зрабілі грыбны квас і ў гонар яго ладзяць ужо чацвёрты год вясёлы сельскі фестываль.


Ініцыятарам свята «У Пласток на квасок» стаў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Сяргей Выскварка, для якога вёска Пласток з'яўляецца малой радзімай. Асноўныя мерапрыемствы адбываюцца на «Сядзібе Паўла і Марылі», дзе раней жылі яго прадзеды. А стравы з грыбоў – звыклы смак з дзяцінства для любога вяскоўца. Таму нядзіўна, што кулінарным брэндам тут выбралі разнавіднасць гарачага грыбнога супу.

Фестываль праходзіць з традыцыйнымі народнымі гульнямі і песнямі-карагодамі, завадатарамі ў якіх выступаюць самадзейныя артысты з фальклорных калектываў Любаншчыны: «Беражніца», «Непарачка», «Павалякі». Музычнае суправаджэнне – дуэт «Любанскі гармонік" у складзе Васіля Семашкевіча і Мікалая Юніцкага. Зрэшты, часам песенная ініцыятыва пераходзіць да мясцовых бабуль, якія шчаслівыя ўспомніць маладосць і вясковыя вячоркі. Ну, а калі пачынаюцца танцы пад гармонік – тут усе пускаюцца ў скокі!

А вось у конкурсе па гатоўцы грыбнога квасу ўдзельнічаюць толькі гаспадыні з Пластка. Каторы год іх «квасок» нават у спрактыкаваных у кулінарных далікатэсах членаў журы выклікае шчырае захапленне. Жанчыны гатуюць кожная па сваім рэцэпце: хтосьці дадае і расол, і квашаную капусту, іншыя ўсё аздабляюць мясам або нават рыбай… І ў кожнай гаспадыні смак супу адметны – з пікантнай кіслінкай, густым наварам і далікатнымі ноткамі грыбоў. Дэгустацыя – цэнтральная падзея гастранамічнага фестывалю.

– Здаецца, добра знаёмая мне з дзяцінства страва, але заўсёды адкрываю ў ёй новае і дзіўлюся майстэрству нашых сельскіх гаспадынь, – кажа Сяргей Выскварка. – Вёсцы патрэбна такое свята, каб у сэрцах людзей засталася цеплыня, звязаная з роднымі мясцінамі. Сельскі фестываль – гэта магчымасць захаваць спрадвечныя традыцыі, і гэта нагода сустрэцца з аднавяскоўцамі, наведаць сваю малую радзіму. У мяне часта пытаюцца, чаму я не перабраўся ў Мінск. Магчыма, там сапраўды для мяне адкрыліся б новыя прафесійныя гарызонты. Але і тут мне хапае працы. Хто ж будзе клапаціцца аб фальклорным мастацтве маёй Любаншчыны, на каго я пакіну маіх бабуль-спявачак, народных майстроў, танцораў?

Сяргей Выскварка напісаў шмат артыкулаў па фальклорным мастацтве, выдаў зборнік «Казка з быллю напалову» (казкі, запісаныя ў Любанскім раёне), кнігу «Маляваныя сны Паўла Марціновіча» пра маляванкі Любаншчыны. Асаблівым гонарам для яго з'яўляецца кніга «Беларускі танцавальны фальклор. Методыка работы з дзіцячым фальклорным калектывам».

Наш квас гэта клас!

У славянскіх народаў кіслыя супы сустракаюцца часта, іх рыхтавалі ў асноўным на бурачным або хлебным квасе, часам з даданнем кісламалочных прадуктаў. А ўсё таму, што пры адсутнасці халадзільнікаў толькі кіслае асяроддзе дапамагала захаваць прыгатаваную ежу даўжэй. Асабліва гэта важна было, калі ў гаспадыні кожная хвіліна дарагая: вясновыя пасадкі, нарыхтоўка кармоў для жывёлы, пры ўборцы ўраджаю.

У старабеларускай кухні найперш вядомыя супы на аўсянай заквасцы (жур), але таксама часта ў якасці асновы выкарыстоўвалі агурочны ці капусны расол.

У Пластку адзін з сакрэтаў цудоўнага смаку грыбнога квасу – яго рыхтуюць на капусным расоле з драўлянай бочкі (як і квасілі капусту ў даўніну). Акрамя таго, бяруцца сушаныя ў печы баравікі, з імі квас атрымліваецца нашмат смачней, чым са свежымі. Калі няма баравікоў, можна ўзяць махавікі або лісічкі.

Дакладна рэцэптаў грыбнога квасу гаспадыні з Пластка не раскрываюць: усё ж штогод тут праходзіць конкурс і працуе журы! Аднак вядома, што вараць такі суп традыцыйна ў чыгунку ў печы, дадаючы пярлоўку – гэтыя крупы заўсёды падкрэсліваюць смак грыбоў. А вось бульбу не дадаюць, яе падаюць на стол асобна. А найлепш да квасу пасуюць бульбяныя піражкі.


Беларускі грыбны квас

Гэты рэцэпт грыбнога квасу мы знайшлі ў кнізе старадаўніх беларускіх страў.

Інгрэдыенты: 1 л капуснага расолу, 1/4 невялікага качана квашанай капусты, 2 ст. л. пярловых круп, 3-5 шт. сушаных грыбоў, 1 морква, 1 цыбуліна, 5 зубчыкаў часнаку, дробка сухога кропу, трохі насення гарчыцы, соль.

У чыгунок (2 л) наліць расол «капуснік» і 1 стакан вады, усыпаць прамытыя крупы, буйна нарэзаныя капусту і гародніну, а таксама здрабнёныя грыбы. Пры жаданні можна пакласці мясную костачку. Дадаць зубчыкі часнаку і вострыя прыправы, пасаліць. Рыхтаваць у печы не менш за гадзіну.

Алена ЦЯРЭНЦЬЕВА

Фота Альфрэда МІКУСА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.