Вы тут

Чаму месячнік па прыбіранні, добраўпарадкаванні і азеляненні Мінска працягнуты да 15 лістапада


— Самае, бадай, цікавае, што прапановы на гэты конт сталі паступаць ад мінчан у раённыя адміністрацыі горада, як гаворыцца, з месцаў. Людзі казалі, што яны толькі разгарнуліся і ўвайшлі ў смак, а тут трэба ўжо заканчваць, хаця надвор'е дазваляе яшчэ пагаспадарыць на зямлі, у прыватнасці, лістоты на дрэвах яшчэ шмат, на яе прыбіранне спатрэбіцца дадатковы час. Гэта, відаць, як апетыт, які прыходзіць падчас ежы, — кажа старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй БУГРОЎ. — Дэпутаты гарсавета разам з кіраўнікамі раённых адміністрацый Мінска абагульнілі гэтыя прапановы і выйшлі з адпаведнай ініцыятывай у гарвыканкам. Там ідэю падтрымалі. Такая вось гісторыя працягу месячніка, і аніякай інтрыгі тут няма.


Гэта тэма атрымала развіццё падчас нядаўняй сустрэчы спікера верхняй палаты парламента Наталляй Качанавай з прадстаўнікамі мясцовых улад сталіцы, на якой былі ўсебакова абмеркаваны пытанні яе далейшага добраўпарадкавання. На думку Андрэя Бугрова, тая грунтоўная размова ў значнай ступені стымулявала ўлады Мінска ўнесці істотныя змены ў планы па добраўпарадкаванні сталіцы.

Нагадаем, яшчэ на вясенняй сесіі гарсавета быў зацверджаны план дзеянняў на бягучы год па навядзенні парадку на тэрыторыі горада. Аднак жыццё ўнесла карэктывы. З цягам часу высветлілася, што ў дакуменце не атрымалася ахапіць вырашэнне ўсіх праблемных пытанняў па добраўпарадкаванні і азеляненні. А такія пытанні паўсталі гэтай восенню. Адказам на іх стаў праект рашэння Мінгарвыканкама «Аб добраўпарадкаванні г. Мінска». Мэты па-ранейшаму тыя ж, а вось падыходы новыя.

У час падрыхтоўкі праекта дакумента ўлічваецца самы розны спектр меркаванняў і прапаноў, у тым ліку жыхароў мікрараёнаў, дэпутатаў, прадстаўнікоў гарадскіх арганізацый і службаў, раённых адміністрацый. Што прапаноўваецца? Напрыклад, новыя падыходы ў знешнім архітэктурным афармленні канкрэтных вуліц і азеляненні сталіцы ўвогуле, больш актыўнае прыцягненне да ўдзелу ў гэтай рабоце таленавітых студэнтаў тэхнічных ВНУ, адкрыццё дадатковых зон адпачынку гараджан, распрацоўка новых падыходаў па сучасным вячэрнім асвятленні будынкаў, удасканаленні сістэмы святочнай ілюмінацыі і г. д. Карацей, усё тое, што будзе садзейнічаць стварэнню прывабнага выгляду сталіцы.

— Рэалізацыя гэтага дакумента ў поўным аб'ёме дапаможа мясцовым уладам выйсці на новы, больш высокі ўзровень добраўпарадкавання Мінска, — упэўнены суразмоўнік.

Дзеля справядлівасці адзначым, што мінчанам ёсць чым ганарыцца ў справе навядзення парадку ў горадзе. Дастаткова прыгадаць станоўчы досвед рэалізацыі праекта «Зялёны двор разам!». Яго задача — азеляненне прасторы каля шматкватэрных жылых дамоў з удзелам іх жыхароў. У выніку сёлета было абноўлена амаль 800 дваровых тэрыторый сталіцы. Толькі апошнім часам высаджана каля 36 тысяч дрэў і 122 тысяч кустоў, змайстраваны сотні кветкавых кампазіцый. Датэрмінова перавыкананы гадавы план па рамонце дарожнага пакрыцця вуліц і дваровых праездаў. Адрамантавана прыкладна паўтары тысячы фасадаў дамоў. І такіх прыкладаў вельмі шмат.

У гэтых здабытках ёсць немалы ўнёсак і дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета. Сёння яны імкнуцца не толькі асабістым прыкладам матываваць выбаршчыкаў удзельнічаць у суботніках, але і пастаянна працуюць у сваіх выбарчых акругах з кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, пераконваюць іх фінансава садзейнічаць упрыгожванню навакольных тэрыторый.

Падтрыманне парадку ў вялізарным горадзе, яго пастаяннае добраўпарадкаванне — працэс няспынны. Скажам, мала вывезці бытавыя адыходы, смецце, кубаметры апалай лістоты — яе яшчэ трэба правільна ўтылізаваць. Ужо нямала зроблена ў гэтым кірунку. Андрэй Бугроў расказвае пра ўнікальную на постсавецкай прасторы станцыю кампаставання лістоты, дробных галінак дрэў і кустоўя. Там штогод прыкладна 70 тысяч тон гэтай арганічнай субстанцыі ператвараецца ва ўрадлівы кампост з далейшым яго выкарыстаннем у якасці карыснага ўгнаення.

У гарадскіх улад ёсць пэўныя планы па ўзвядзенні за межамі Мінска вытворчага высокатэхналагічнага комплексу па перапрацоўцы гарадскіх адходаў, дзе, акрамя экалагічна бяспечнай утылізацыі, быў бы і эканамічны эфект.

Леанід ТУГАРЫН

Фота Ірыны СІДАРОК

Загаловак у газеце: Чысціня навокал — справа агульная

Выбар рэдакцыі