Вы тут

Апошні палёт землякоў...


Колькасць загінулых пры крушэнні самалёта пад Іркуцкам павялічылася з сямі да дзевяці — па апошніх звестках, гэта ўсе, хто быў на борце. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дзень трагедыі накіраваў спачуванне родным і блізкім экіпажа Ан-12 авіякампаніі «Гродна». «З глыбокім болем успрыняў сумную навіну аб крушэнні транспартнага самалёта беларускай авіякампаніі «Гродна» пад Іркуцкам, у выніку якога загінуў экіпаж паветранага судна, які складаўся з грамадзян Беларусі, Расіі і Украіны», — гаворыцца ў спачуванні.


Ад імя беларускага народа і ад сябе асабіста Аляксандр Лукашэнка выказаў сем'ям загінулых членаў экіпажа шчырыя словы спачування і падтрымкі ў сувязі з цяжкай, незаменнай стратай. Кіраўнік дзяржавы пажадаў родным і блізкім загінулых мужнасці і стойкасці ў гэты цяжкі час.

У Гродзенскай вобласці акажуць неабходную падтрымку сем'ям загінулых землякоў. Аб гэтым 4 лістапада паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

«Гэта трагедыя не толькі для блізкіх, але і для ўсіх нас. Ужо ўчора з сем'ямі двух членаў экіпажа, якія былі жыхарамі Гродзенскай вобласці, звязаліся псіхолагі, каб аказаць падтрымку. Звесткі аб сям'і яшчэ аднаго члена экіпажа з Гомельскай вобласці перадалі сваім калегам з гэтага рэгіёна. Мы гатовы аказаць усю неабходную падтрымку сем'ям загінулых», — сказаў Уладзімір Каранік. Ён падкрэсліў, што ў рэгіёне акажуць дапамогу і следству для высвятлення прычын трагедыі, а таксама для таго, каб такое больш ніколі не паўтарылася.

Ранкам 4 лістапада, па інфармацыі Усходне-Сібірскай транспартнай пракуратуры, стала вядома, што знойдзены другі самапісец самалёта Ан-12, які разбіўся пад Іркуцкам (пра першы паведамлялася напярэдадні). «Знойдзена два самапісцы — маўленчы і параметрычны. Маўленчы канфіскаваны. Параметрычны знаходзіцца ў хваставой частцы самалёта, падлягае канфіскацыі».

Спецыялісты па правядзенні генетычнай экспертызы, якія зоймуцца даследаваннем астанкаў загінулых пры крушэнні грузавога самалёта Ан-12, могуць пачаць работу на працягу найбліжэйшых трох дзён. Пра гэта паведаміў учора кіраўнік Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў.

«Сёння мы вызначыліся, што на працягу двух дзён будуць праведзены ўсе следчыя дзеянні, каб далей ужо займацца пытаннямі, звязанымі з дастаўкай цел загінулых. Акрамя таго, мы прыцягваем спецыялістаў па правядзенні генетычнай экспертызы, і сёння нам пацвярджаюць, што гэта магчыма на працягу трох дзён», — сказаў Ігар Кабзеў.

Ён таксама растлумачыў, што працу следчых на месцы ўскладнялі снегапад і завіруха, таму ў ходзе пасяджэння камісіі па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і забеспячэнні пажарнай бяспекі Іркуцкай вобласці намеснік кіраўніка Усходняга міжрэгіянальнага СУ СК РФ на транспарце Аляксандр Кароткіх папрасіў улады аказаць дапамогу ў расчыстцы снегу, адзначыўшы, што першасны агляд месца здарэння неабходна завяршыць да вечара чацвярга. «Там знаходзяцца не менш як 50 чалавек. Вызначымся цяпер з інструментам, я думаю, яны гэта зробяць. Нічога складанага ў гэтым няма», — адзначыў Ігар Кобзеў. Да ліквідацыі наступстваў прыцягнуты 296 чалавек і 76 адзінак тэхнікі.

Надаем, што 3 лістапада ў 11.34 пры сыходзе на другі круг у аэрапорце Іркуцка ў складаных метэаралагічных умовах (снег з дажджом, ледзяны дождж) самалёт «Авіякампаніі Гродна» АН-12БК EW-518TІ пацярпеў катастрофу ў раёне населенага пункта Піваварыха за сем кіламетраў ад Іркуцка. Сярод версій крушэння паветранага борту следства разглядае памылку пілатавання, умовы надвор'я, а таксама тэхнічную няспраўнасць самалёта.

Паветраным суднам кіраваў вопытны экіпаж, у склад якога ўваходзіла сем чалавек: два грамадзяніны Расійскай Федэрацыі, два — Украіны і тры — Рэспублікі Беларусь. Камандзір меў агульны налёт больш чым 12 тысяч гадзін, у тым ліку на тыпе Ан-12 — больш чым 7 тысяч. Гэта ўжо інфармацыя ад нашага Міністэрства транспарту і камунікацый.

Калі першапачаткова была інфармацыя пра тое, што на борце паветранага судна груз адсутнічаў, дык потым з'явілася паведамленне: ляцеўшы з Якуцка ў Іркуцк, самалёт Ан-12 перавозіў прадукты, і два чалавекі з дзевяці загінулых былі прадстаўнікамі авіякампаніі «Запаляр'е», якія яго суправаджалі.

Між тым Дэпартаментам па авіяцыі прынята рашэнне аб прыпыненні камерцыйнай эксплуатацыі самалётаў Ан-12 да атрымання вынікаў расследавання. Беларускія самалёты Ан-12 не будуць эксплуатавацца да заканчэння расследавання прычын крушэння аналагічнага судна пад Іркуцкам. Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі. Ён дадаў, што прычыны крушэння пасля заканчэння расследавання агучыць спецыяльна створаная камісія.

Упаўнаважаныя прадстаўнікі Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый 4 лістапада адправіліся ў Іркуцк для ўдзелу ў расследаванні авіяцыйнага здарэння з самалётам Ан-12. Беларускі бок праінфармавалі аб знойдзеных чорных скрынях з борта, нумары якіх супалі са звесткамі Дэпартамента па авіяцыі.

«У шэрагу СМІ адзначаюць, што самалёт, які разбіўся, нібыта не праходзіў супрацьабледзяняльную апрацоўку пры вылеце з Якуцка. Хочам растлумачыць, што дадзеная апрацоўка праводзіцца толькі для забеспячэння вылету паветранага судна, а ў палёце экіпажам уключаецца супрацьабледзяняльная сістэма», — сказалі ў Мінтрансе.

У міністэрстве таксама падкрэслілі, што цяпер пры актыўным узаемадзеянні з расійскімі калегамі арганізоўваецца дастаўка цел загінулых.

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.