Вы тут

Ісачанка: Сістэма прафесійнай адукацыі рыхтуе высакакласных спецыялістаў


Такога меркавання прытрымліваецца віцэ-спікер Савета Рэспублікі, які сёння разам з навучэнцамі Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа наведаў прадпрыемства БЕЛДЖЫ ў Барысаўскім раёне. 


Фота: sb.by

Па яго ініцыятыве была арганізавана экскурсія для маладых людзей па вытворчых цэхах гэтага прадпрыемства. 

— Лепшай формай папулярызацыі рабочых прафесій у моладзевым асяроддзі з’яўляюцца менавіта экскурсіі па айчынных прадпрыемствах, — перакананы намеснік старшыні Савета Рэспублікі. — Прыцягваць моладзь да працы, праводзіць прафарыентацыю, паказваць лепшыя вытворчасці нашай краіны — гэта не проста важна, а звыш важна. Па-першае, мы паказваем дасягненні, што ёсць у краіне. Па-другое, гэта свайго роду патрыятычнае выхаванне. Нам ёсць чым ганарыцца і трэба гэта паказваць моладзі.

Ён адзначыў, што БЕЛДЖЫ сёння — гэта годнае прадпрыемства, прадукцыя якога запатрабавана як унутры краіны, так і за яе межамі. 

Па меркаванні Анатоля Ісачанкі, важна разбурыць стэрэатыпы, якія існуюць у маладзёжным асяроддзі і датычацца яны працы на заводах. 

— Не трэба забывацца аб тым, што ва ўсім свеце запатрабаваныя рабочыя спецыяльнасці, і добра, што ў Рэспубліцы Беларусь захавалася сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — перакананы ён. — Маладыя людзі праходзяць курс навучання і маюць магчымасць паглядзець такія прадпрыемствы. Але трэба дакладна разумець, што сёння патрэбны не проста рабочыя рукі, а высокаадукаваныя, высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія могуць працаваць з лічбавым праграмным забеспячэннем, не важна, у якой галіне ты працуеш. Калі браць сельскую гаспадарку — гэта сістэма дакладнага земляробства, на гэтым прадпрыемстве патрэбна праграмаванне і ўменне працаваць з робатамі.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Анжэліка СМАЛЯК Мар’інагорскага каледжа лічыць, што нягледзячы на сельскагаспадарчы профіль установы адукацыі, навучанне не павінна быць вузкапрофільным:

Фота: sovrep

— Навучэнцы павінны арыентавацца па ўсіх кірунках і быць спецыялістамі шырокага профілю, — кажа яна. — Гэта вельмі важна для далейшага развіцця эканомікі і краіны ў цэлым. 

Сапраўды, сёння маладыя людзі на ўласныя вочы пабачылі, што прадпрыемства БЕЛДЖЫ — гэта яскравы прыклад сучаснай вытворчасці, дзе многія працэсы аўтаматызаваныя, а для работнікаў створаны максімальна камфортныя ўмовы працы і гарантуецца салідны сацыяльны пакет.

Анатоль Ісачанка звярнуў увагу журналістаў на тое, што маладыя людзі, якія атрымалі прафесійную адукацыю, маюць высокі ўзровень ведаў і навыкаў і гэта дазваляе ім быць запатрабаванымі на айчынных прадпрыемствах. 

Ён упэўнены ў неабходнасці папулярызацыі такой формы работы і зносін з моладдзю: 

— У планах у нас наведванне іншых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчага профілю, і іншых кірункаў. Мы павінны працаваць з моладдзю — гэта аснова любой дзяржавы, гэта наша будучыня, ад таго, як мы яе выхаваем, так і будзем будаваць сваю краіну, — падкрэсліў віцэ-спікер.

Напрыканцы адзначым, што дыялог віце-спікера Савета Рэспублікі з навучэнцамі і педагогамі Мар’інагорскага каледжа носіць сістэмны характар. Раней Анатоль Ісачанка сумесна з прадстаўнікамі гэтай установы адукацыі заклалі яблыневы сад, у якім прадстаўлены розныя сарты яблынь, дзякуючы чаму каледж атрымаў рэальны навуковы дапаможнік для сваіх навучэнцаў. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.