Вы тут

XXVІІ кінафестываль «Лістапад» у хуткім часе пачне работу


«Звязда» працягвае сачыць за навінамі айчыннай кінаіндустрыі. На гэтым тыдні адбылася сустрэча з арганізатарамі галоўнага кінафестывалю Беларусі «Лістапад». Падчас прэс-канферэнцыі дырэкцыя распавяла аб асноўных зменах, якія адбудуцца ў гэтым годзе.


Першае — змяніліся даты правядзення. Раней фестываль стартаваў прыкладна на пачатку месяца, зараз жа ён пройдзе з 20 да 26 лістапада пад слоганам «Кіно — сімфонія адзінства». Як адзначыў дырэктар «Кінавідэапракату» Мінгарвыканкама Павел Скалабан, цана на квіткі будзе даступная: ад чатырох да сямі рублёў.

Але адбыліся і больш глыбокія змены: лагатып фестывалю, а таксама статуэткі, прызначаныя пераможцам у намінацыях, будуць мець іншы выгляд. Аб тым, што XXVІІ «Лістападам» цяпер кіруе дырэкцыя «Беларусьфільма», было вядома раней. Дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі адзначыў:

— Мы запрашаем да ўдзелу ў нашым форуме ўвесь свет. Мы заяўляем, што Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва і там, дзе не могуць справіцца палітыкі і прадстаўнікі бізнесу, мастацтва, а ў прыватнасці кіно, дапамогуць. Невыпадкова быў абраны і такі слоган: мы спадзяёмся, што кіно стане мастком для яднання людзей з усяго сусвету. Хачу ўсіх парадаваць: нягледзячы на тое, што мы позна абвясцілі аб зборы заявак, нам даслалі каля 300 фільмаў з 54 краін. На сёння ў конкурснай і пазаконкурснай праграмах прадстаўлена 100 фільмаў.

Важнай навіной стала і тое, што ў «Лістапада» змяніўся старшыня. Гэтую пасаду заняў народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў:

— Шмат чаго змянілася. Але засталося галоўнае — надзея, што падчас фестывалю мы сустрэнемся з добрым і якасным кіно, — паабяцаў ён.

Насычаная Праграма

Арганізатары прыадчынілі заслону таямніцы і распавялі аб некаторых стужках, якія можна будзе ўбачыць падчас фестывалю. Па іх словах, удзел прыме 30 краін. Прадугледжана чатыры секцыі: асноўны конкурс, падчас якога можна будзе пазнаёміцца з работамі айчынных і замежных рэжысёраў; кіно маладых — у гэтай секцыі ўдзел прымуць 24 фільмы з Азербайджана, В'етнама, Нігерыі, Індыі і іншых краін; дакументальнае кіно: у гэтай катэгорыі ад Беларусі будзе прадстаўлена стужка «Страла» беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч. І, канешне ж, «Лістападзік» — секцыя дзіцячага кіно, у якой пакажуць 14 работ іранскіх, эстонскіх, кітайскіх і расійскіх творцаў. А фільмам адкрыцця стане карціна «Зоркі сёмага неба» Алены Туравай.

Не трэба забывацца і аб пазаконкурснай праграме. У яе арганізатары плануюць уключыць рэтраспектывы фільмаў Віктара Турава, майстар-класы, круглы стол па пытаннях кінематаграфіі. Таксама будзе адзначацца і юбілейная дата: 50-годдзе беларускай анімацыі.

Сябры журы

Як адзначыў Уладзімір Карачэўскі, у гэтым годзе сябрамі журы сталі як беларускія, так і замежныя акцёры, рэжысёры, кіназнаўцы і прадзюсары. Старшынёй журы ігравога кіно стаў Рэнат Даўлет'яраў (Расія). Секцыю дакументальнага кіно ўзначаліць Наталля Марынава (Беларусь). За «Лістападзік» будзе адказваць Юсуп Разыкаў (Узбекістан), а маладзёжнай секцыяй зоймецца Аляксей Цяльноў (Расія).

Таксама сярод сяброў журы можна будзе ўбачыць сербскіх, украінскіх, грузінскіх спецыялістаў.

Лакацыі фэсту

Галоўнымі арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. З гэтай нагоды ўдзельнікі сустрэчы засяродзілі ўвагу на тым, што падчас правядзення «Лістапада-2021» менавіта Мінск стане яго асноўнай пляцоўкай.

— Шэраг творчых сустрэч адбудзецца ў Музеі гісторыі Мінска, — адзначыў Уладзімір Карачэўскі.

З конкурснай і пазаконкурснай праграмай «Лістапада» гледачы змогуць пазнаёміцца ў наступных кінатэатрах: «Масква», «Цэнтральны», «Піянер», «Беларусь» і «Дом кіно».

Дырэктар кінастудыі падкрэсліў, што будуць выконвацца ўсе правілы, неабходныя для захавання здароўя гасцей фестывалю. Прадугледжана магчымасць прагляду фільмаў анлайн, таксама некаторыя з сяброў журы будуць удзельнічаць у конкурсе дыстанцыйна.

Але арганізатары прапаноўваюць не баяцца віруса і запрашаюць усіх далучыцца да свята кіно.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.