Вы тут

Іх прозвішча стала назвай мора: Род братоў Лапцевых цягнецца з Віцебшчыны


Продкі братоў Лапцевых, чыё прозвішча ўвекавечана ў назве мора, сцвярджалі, што каля вытокаў іх роду стаяў знакаміты касожскі князь Радзедзя ці Радэга. Спадчыннікам яго, маўляў, быў князь Глеб Саракавумаў, сына якога Варфаламея клікалі Лапаць. Аднак гэта ніякімі крыніцамі не падмацавана. У сапраўднасці гэтыя Лапцевы (ёсць некалькі адгалінаванняў роду) паходзілі з паўночных раёнаў Віцебшчыны. Фальваркі іх бацькоў знаходзіліся паміж Себежам і Невелем, сёння тэрыторыя Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.


Харытон Лапцеў.

Некалі гэтыя землі належалі Вялікаму Княству Літоўскаму. Некаторы час уваходзілі ў склад Маскоўскай дзяржавы. Себеж і Невель былі і павятовымі гарадамі Полацкага намесніцтва. А з 1802 да 1924 года знаходзіліся ў Віцебскай губерні.

Старэйшы Харытон нарадзіўся ў 1700 годзе ў фальварку Покарава тады Вялікалукскага павета. Малодшы Дзмітрый, яго стрыечны брат, годам пазней па суседстве ў фальварку Болатава. У 1715 годзе адначасова паступілі ў Марскую акадэмію. Скончыўшы яе, трапілі на флот гардэмарынамі. Праз шмат гадоў, ужо лейтэнантам, Харытон камандаваў прыдворнай яхтай «Дэкронэ». Аднак яго вабілі далёкія дарогі, неабследаваныя тэрыторыі.

Мара ажыццявілася, калі прызначылі начальнікам аднаго з атрадаў чарговай Вялікай Палярнай экспедыцыі для працягу вывучэння і апісання ўзбярэжжа паміж вусцямі рэк Лены і Енісея. Перад гэтым пагаварыў з братам. Дзмітрый якраз вярнуўся пасля даследавання марскога берага на ўсход ад Лены. З сабой прывёз журналы, справаздачы і карты. Харытону даў некаторыя практычныя парады.

Сталіцу пакінулі разам. У Казані забралі такелаж для суднаў. У Іркуцку атрымалі на дарогу грошы, правіянт, падарункі для туземцаў. Харытон папрасіў паклапаціцца аб сабаках і аленях для запрэжак, бо на ўзбярэжжы іх знайсці няпроста. Нарыхтаваць у вусці рэк Таймыры, Хатангі і Анбары рыбы. Для магчымай зімоўкі падрыхтаваць жыллё.

У канцы мая 1739 года атрад сабраўся ў Якуцку. А 5 чэрвеня на дубель-шлюпцы «Якуцк» адправіўся ўніз па Лене. У вусці рэчкі Алянёк напаткалі першы лёд. Покрыва было не суцэльнае, аднак рух замарудзіўся. У асобных месцах ішлі на вёслах. Пры з’яўленні ветру — пад ветразямі. Невялікія льдзіны рассоўвалі шастамі. Пры трывалым насце прабівалі яго пешнямі. Але цяперашні востраў Вялікі Бегічаў з-за тоўстага лёду, які пралягаў не на адну мілю, абышлі.

У Хатангскі заліў увайшлі з поўначы. Пасля ўздоўж берага паплылі на захад. А мароз усё мацнеў. Было відавочна, што пройдзе не так шмат часу, і вада цалкам замерзне. Узяліся шукаць такое месца для зімоўкі, дзе было б шмат плаўніку. Аднак яго ў дастатковай колькасці не аказалася, таму давялося вяртацца да Хатангскага заліва. Па рацэ Хатанзе дасягнулі яе прытоку. Там пражывалі некалькі сем’яў тунгусаў. Знайшоўшы з імі паразуменне, засталіся зімаваць.

З тунгусамі развіталіся толькі 13 ліпеня. Для выхаду ў мора спатрэбіўся яшчэ месяц. На шляху было шмат ільдзін, што замаруджвала прасоўванне наперад. А вось у моры, пакуль не падышлі да вялізнай паласы лёду, спачатку ўсё складвалася добра. Паплылі па самым краі яе. Але нечакана напрамак ветру змяніўся. Зрушыўшыся з месца, лёд з усіх бакоў пачаў сціскаць дубель-шлюпку. Напор яго быў настолькі моцны, што для таго, каб судна не перакулілася, агароджвалі барты бярвеннем. Толькі і гэта мала дапамагала. Да ўсяго з'явілася цеча.

Каб «Якуцк» стаў лягчэйшы, выгрузілі гарматы і правіянт. Але гэта ўжо не магло вырашыць праблему. Насавая частка дубель-шлюпкі, не вытрымаўшы напору лёду, зламалася. Харытон Пракопавіч у такой надзвычайнай сітуацыі прыняў адзіна правільнае рашэнне. Загадаў камандзе тэрмінова пакідаць «Якуцк». Ды прырода паднесла яшчэ адзін нечаканы сюрпрыз.

З месца зрушыўся прыпайны, пакрыты снегам, лёд. Ад рэзкага руху ён уздыбіўся, гатовы вось-вось пачаць крышыцца. Усе, спатыкаючыся, кінуліся на выратавальны бераг. Своечасова! Толькі апынуліся на ім, як плынь падхапіла льдзіны. Ад берага «Якуцк» ужо аддзяляла шырокая паласа са снежналёдавага месіва.

Тыя, хто раней сышоў на бераг, паспяшаліся даставіць туды і знятае з дубель-шлюпкі. Баяліся прамарудзіць, бо лёд, на якім яно заходзілася, мог пачаць ламацца. Пашанцавала… Ды і зямлянка ўжо была ўзведзена. Тут і размясціліся. А 31 жніўня 1740 года назаўсёды развіталіся з «Якуцкам». З болем назіралі, як ён тоне літаральна на вачах. Раней з нецярпеннем чакалі ўскрыцця Хатангі. Цяпер, наадварот, трывожыла, каб рэкі хутчэй замерзлі — да той жа Хатангі можна дабрацца па лёдзе. Ведалі, што там жыве прамысловец Васіль Сазаноўскі. Разлічвалі, што з яго дапамогай перазімаваць прасцей. Загадзя накіравалі да яго пасланцоў. Аднак яны вярнуліся засмучаныя. Шлях перапыніла губа шырынёй каля двух вёрст. Не ведаючы, што яна ўпадае ў мора, паспрабавалі абысці. Як высветлілася, марна пераадолелі 30 вёрст.

Не здагадваліся, што ёсць прычына і радавацца — выпадкова адкрылі невядомую бухту! Пазней яе нанясуць на карты як бухту Марыі Прончышчавай. Толькі калі б і ведалі пра гэта, настрой наўрад ці палепшыўся б. На падыходзе была арктычная зіма — доўгая, з лютымі маразамі. Жытло ў іх — звычайныя зямлянкі. Ды яшчэ і выкапаныя наспех. Замест страхі — нацягнутыя старыя ветразі. І цесна, і холадна, яшчэ і вільготна. Хоць палілі безупынку, цяплела не надта. З-за сырасці, нізкай тэмпературы многія захварэлі.

Каб перабрацца на процілеглы бераг, з нецярпеннем чакалі трывалага лёду. Для павелічэння ўмяшчальнасці палатак знізу прышылі парусінавыя падстаўкі. Гэта рабіла іх больш аб’ёмнымі. Але вецер часта ўзмацняўся. Ад прадування станавілася яшчэ халадней. Паспрабавалі пераправіцца праз уваходную частку бухты на плытах з плаўніку. Каб такая думка прыйшла крыху раней, магчыма, і атрымалася б. Аднак вада пачала ўжо замярзаць. З’явіўся шарош — дробны крохкі, кашападобны лёд. На плытах не паплывеш, а паспрабаваць ісці не менш небяспечна.

Карта Таймыра, зробленая Харытонам Лапцевым па выніках экспедыцыі

Ды ўсё адно рана ці позна, але перапраўляцца давядзецца. Таму склаўшы рукі не сядзелі. Да магчымай пераправы на нартах-валакушах, якія зрабілі самі, падвозілі правіянт. Штодня шэсць вёрстаў туды, шэсць — назад. Тыя, хто заставаўся ў палатцы, рэгулярна правяралі трываласць лёду.

Для адпраўкі да Хатангі Харытон Лапцеў падрыхтаваў тры групы. Калі прыбудзе менш людзей, то ў невялікіх прамысловых зімоўях размясціцца прасцей. Першая група з 8 салдат і сабачай запрэжкі, на якой везлі прадукты і палатку, накіравалася да найбліжэйшага зімоўя Канечнага з просьбай аб дапамозе. На другі дзень адправілася асноўная група — 15 чалавек з Лапцевым. Назаўтра — трэцяя з 10 чалавек, таксама з правіянтам і палаткамі.

Да зімоўя — 120 кіламетраў. Ды настолькі вынослівымі былі, што такую немалую адлегласць, прытым у неспрыяльных умовах, пераадольвалі прыкладна за пяць дзён. Крыху адпачыўшы і пакінуўшы аслаблых, рухаліся да наступнага зімоўя. Некаторыя ў дарозе не развітваліся з памерлымі. Пасля прыбыцця на Хатангскую базу іх пахавалі з воінскімі ўшанаваннямі.

Паводле інструкцыі, для далейшага абследавання ўзбярэжжа там, дзе не прайсці на судне, дазвалялася рухацца па сушы. Такая сітуацыя і склалася. Ды яшчэ і надзвычайная. Судна ж увогуле не было. Як быццам, ніякай праблемы. Але ж у інструкцыі было і ўдакладненне. Сухапутнае вымярэнне глыбіні ў вусцях рэк і паблізу берагоў дазвалялася толькі летам.

Тыя, хто даваў падобныя рэкамендацыі, не ведалі, што ў паўночных раёнах у гэты час бездараж. На сабаках не паедзеш. Для аленяў яшчэ не вырас корм. А на сабачых запрэжках можна рухацца ўжо ў красавіку. Пра гэта Харытон Платонавіч і паведаміў у марское ведамства ў Пецярбург.

Чакаючы адказу, «чтоб всуе время не прошло», зноў стварыў тры групы. Кожная з 3—4 запрэжак і 3—4 чалавек. Каб з вусцяў рэк Хатангі, Ніжняй Таймыры і Пясіны рухаліся яны адзін аднаму насустрач. У навакольных зімоўях падабраў найлепшых сабак. Для іх прамысловікі мінулагоднім летам удосталь нарыхтавалі сушанай рыбы — юколы.

Свая назва і ў вяленай аленіны — улікта. Найлепшы прысмак для саміх падарожнікаў! Яе, а таксама сметанковага масла, розных круп, сухароў, солі назапасілі ўдосталь. Як і шмат іншага, без чаго не абысціся ў дарозе. Асабліва там, дзе зімоўяў няма.

Да паходу падрыхтавалі нарты, паходныя чумы. Шмат хто набыў у якутаў і тунгусаў мясцовую апратку. Наколькі яна цёплая і зручная, даўно ўпэўніўся і Харытон Лапцеў. Таксама прыдбаў сабе. Планаваў абследаваць унутраныя раёны ўсходняй часткі Таймырскага паўвострава, на ім выйсці ў вусце ракі Таймыр.

Як і дагэтуль, вёў дзённік, робячы невялікую справаздачу. Пісаў коратка, але інфармацыю падаваў важную. Напрыклад: «По обе стороны реки берега каменные, утесные, щеки называются». Ці такі запіс: «здесь закончились утесные берега. Подкаменные называются для того, что в высокой каменной стене сделано яко пещера в длину сажен на 5, поперек сажени на 3, вверх саженей на 6. Сия гора утесная состоит из черного камня, подобно аспиду, меж слоями белый шов, подобно алебастру». Гэта быў унікальны помнік прыроды. Ён вядомы сёння як гара Міддэндорфа. У дзень пераадольвалі па 50 і нават больш вёрстаў. Ехалі ўздоўж усходніх берагоў незнаёмага архіпелага. Цяпер ён называецца архіпелагам Нордэншэльда. Экспедыцыя доўжылася амаль дзесяць гадоў. У некаторых месцах затрымліваліся падоўгу. Як на паўвостраве Таймыр.

Праўда, атрад Лапцева першапраходцам не быў. Пра гэты паўвостраў рускія паморы ведалі яшчэ ў пачатку ХVІІ стагоддзя. Аднак, аб’ехаўшы Таймыр на сабачых запрэжках, Харытон Пракопавіч склаў першую даволі дакладную карту. Першы зрабіў і геаграфічнае даследаванне паўвострава. Уразілі і запомніліся аганькі. Так на Таймыры называюць кветкі жаркі. Падобныя на ружы, яны не баяцца таймырскай вечнай мерзлаты. Агеньчыкамі запальваюцца ў маі і не патухаюць да канца жніўня.

Карабель-разведчык ССВ-503, названы ў гонар Харытона Лапцева.

Тады знаходкі мамантаў не былі рэдкасцю. У сваіх нататках «Берег между Леной и Енисеем. Записки Лейтената Харитона Прокофьевича Лаптева» засведчыў: «На сей тундре находятся рога, весом в 10 пудов. А на иных реках здешней тундры из берегов вымывает и целые звери мамонты, с обоими рогами. На них кожа толщиною в 5 дюймов, а шерсть и тело истлели. А протчие кости, кроме помянутых рогов, весьма дряблые. Голова подобно лошадиной, зубы плоские, толстые, не выше трех дюймов». Пад рагамі меў на ўвазе біўні.

З матэрыяламі экспедыцыі ў жніўні 1743 года прыбыў у Пецярбург. Прапанавалі зрабіць вытрымку з іх. Узяўся за працу з усведамленнем, што «оное Описание при сем представляется для известия предкам, что знать каждому можно, где какие вещи водою или сухим путем без лишней утраты интересов меж помянутой рекою Леной и Енисея». Памылкова замест «потомкам» напісаў «предкам».

Харытона Пракопавіча «определили в здешнюю корабельную команду». Ні ў кога не з’явілася думка павысіць яго ў вайсковым званні ці неяк узнагародзіць. Успомнілі толькі ў канцы 1745 года, калі стваралася «Генеральная карта к Сибирским и Камчацким берегам». Сабралі разам былых кіраўнікоў атрадаў Палярнай экспедыцыі.

Пасля гэтага камандаваў рознымі караблямі. Наступны чын — капітана — атрымаў толькі ў 1752 годзе. Якраз адкрыўся марскі кадэцкі корпус. Прызначылі памочнікам дырэктара. Такое вайсковае званне павінен быў мець па штатным раскладзе. Аднак лёс да яго стаў больш спагадлівы. Удзельнічаючы ў Сямігадовай вайне з Прусіяй, закончыў яе ў чыне капітана 1 рангу. У пяхоце гэта адпавядала палкоўніку. Быў прызначаны… з аднаго заходу і вымавіць цяжка, лепш чытаць па складах…. обер-штэркрыгкамісарам Балтыйскага флоту. Прасцей кажучы — галоўным інтэндантам забеспячэння флоту.

Але шматгадовае знаходжанне ў паўночных шыротах сказалася на здароўі. Вярнуўся ў Покарава, дзе і памёр 21 снежня 1763 года.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».