Вы тут

Качанава прыняла ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ў Мінску дзіцячага садка


Яна падкрэсліла, што напярэдадні свята 7 лістапада па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы традыцыйна робяцца падарункі для жыхароў нашай краіны. І сёння ва ўсіх рэгіёнах адкрываюцца новыя абекты і тыя, якія прайшлі мадэрнізацыю, рэканструкцыю, капрамонт. «І гэты падарунак вельмі значны, таму што ён — для нашых дзетак. Бо, як вядома, у нашай краіне велізарная ўвага надаецца семя’м, якія выхоўваюць дзяцей», — адзначыла Наталля Качанава. 


Спікер верхняй палаты парламента выказала словы падзякі кіраўніцтву Мінгарвыканкама, калектыву будаўнічага трэста № 35, дзякуючы намаганням якога ў даволі сціслыя тэрміны — прыкладна за паўтара года, у жылым мікрараёне з’явіўся самы сучасны ў сталіцы дзіцячы садок. 

На думку старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, сам факт адкрыцця садка такога ўзроўню гаворыць аб многім, у тым ліку і аб тым, што наша краіна паспяхова развіваецца, клапоціцца аб дзецях. А кожны новы дзіцячы садок — гэта паказчык таго, што ў Беларусі ёсць будучыня. Ён выказаў упэўненасць у тым, што і ў гэтай дашкольнай установе малых навучаць не толькі чытаць і пісаць, але і паважаць бацькоў, людзей, любіць сваю краіну. І гэта правільна, што адкрываюцца такія садкі, сказаў мэр сталіцы.

І сапраўды, гэты новы яслі-сад № 578 ў пэўным сэнсе ўнікальны аб’ект. Яго будаўніцтва абышлося (з улікам індэксацыі) амаль у 10 млн рублёў. Узводзіўся сад не па тыпавым праекце. У трохпавярховым будынку па вуліцы Аэрадромная ўдалося стварыць усе неабходныя ўмовы для камфортнага знаходжання дзетак і плённай выхаваўчай работы персанала. 

Мяркуйце самі. Акрамя прыгожага, шчыра скажам, шыкоўнага басейна з падагрэвам, душавымі і іншымі выгодамі, тут вытрыманы ўсе патрабаванні да безбар’ернага асяроддзя (электрычны пад’ёмнік і пандусы на ганку галоўнага ўваходу, паніжаныя барты на выхадах, прылада санвузлоў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі на першым паверсе. А пакрыццё падлогі на ўсіх паверхах гамагеннае і няслізкае). 

У кожнай групе — асобныя спальні, санвузлы, раздзявалкі. У двары — ценявыя падстрэшкі з каморамі для захоўвання цацак, малыя архітэктурныя формы, фізкультпляцоўка, зона гімнастычнага комплексу — і ўсё з гумовым пакрыццём.

Бяспецы дзяцей тут нададзена асаблівая ўвага. Тэрыторыя садка агароджана, па перыметры ўсталяваны камеры відэаназірання. 

Яшчэ ў садку ёсць дзве ўніверсальныя музычныя залы з сучаснай акустычнай сістэмай, зала для заняткаў фізічнай культурай, камп’ютарны пакой, маніторы і інтэрактыўная дошка, пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху. А для дарослых кабінеты для персаналу, псіхолагаў і дэфектолагаў, сучасны харчавы блок з дапаможнымі памяшканнямі і ліфтам для падачы ежы. 

Гэты дзіцячы садок стаў 467-й дзяржустановай у сетцы дашкольнай адукацыі Мінска. У яе ўваходзяць не толькі ўстановы агульнага прызначэння, але яшчэ і 14 дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, 25 санаторных устаноў, 13 спецыяльных. Іх правільнае і эфектыўнае выкарыстанне не такая ўжо і простая задача.

На думку старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэя Бугрова, які таксама ўдзельнічаў ў цырымоніі адкрыцця, зараз неабходна і надалей праводзіць гнуткую палітыку па выкарыстанні дзіцячых садкоў у вялікім горадзе. Ён спаслаўся на гісторыю мікрараёна Серабранка. Там пасля яе забудовы ў пэўны перыяд нават адбыўся бэбі-бум, бо засяляліся ў новыя кватэры пераважна маладыя сем’і. Узнік дэфіцыт месцаў у дашкольных установах. Іх пачалі актыўна ўзводзіць. Мінуў час, дзеці выраслі і атрымаўся лішак месцаў. Таму трэба праектаваць і будаваць такія дзіцячыя садкі, у якіх па меры неабходнасці частку будынка можна будзе без асаблівых выдаткаў пераабсталяваць, скажам, у адукацыйны цэнтр для дашкольнікаў ці пад іншыя патрэбы для работы з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, лічыць Андрэй Бугроў.

Тое, што адкрыццё садка на вуліцы Аэрадромная адбылося напярэдадні свята, надало падзеі ўрачыстасць і адметнасць, а бацькам яго выхаванцаў моцна ўзняла настрой. 

Леанід ТУГАРЫН

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.