Вы тут

Юрый Цішкоў: Фігурнае катанне — спецыфічны від спорту


Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне яшчэ не пачаліся, але ўжо ўвайшлі ў гісторыю беларускага спорту. Упершыню з 2002 года на Алімпіяду едуць беларускія фігурысты. Прадстаўляць краіну на галоўным старце будуць Канстанцін Мілюкоў у мужчынскім адзіночным катанні і Вікторыя Сафонава ў жаночым. Такі поспех — вынік вялікай працы, якую Беларускі саюз канькабежцаў актыўна праводзіць апошнія некалькі гадоў. Пра падрабязнасці «Звяздзе» расказаў Юрый Цішкоў, старшыня дырэктарата па фігурным катанні Беларускага саюза канькабежцаў.


— Юрый Мікалаевіч, умоўны адлік новага сезона ў беларускім фігурным катанні вядзецца з турніру Іce Star. Гэты год не стаў выключэннем. Што паказаў турнір сёлета?

— Праводзіць турніры на высокім узроўні мы ўжо навучыліся, і практыка гэта даказвала. Але другі год самая вялікая праблема пры арганізацыі Іce Star — ва ўмовах пандэміі арганізаваць прыезд замежных удзельнікаў. Але, тым не менш, гэтым разам у нас было 13 краін-удзельніц, што ва ўмовах пандэміі даволі добра. На гэтым турніры нашы спартсмены спаборнічалі з рознымі сапернікамі. Некаторыя былі мацнейшыя. Напрыклад, у мужчынскім адзіночным катанні Канстанцін Мілюкоў уступіў толькі чэмпіёну свету сярод юніёраў Андрэю Мазалёву. І разам з тым Косця паказаў вынік, блізкі да яго асабістага рэкорду. І дай бог, калі б ён так жа паспяхова выступаў увесь сезон. Мы разлічваем, што за тры месяцы, якія засталіся да Алімпійскіх гульняў, ён удасканаліць сваю форму. Сярод юніёраў першым стаў Васіль Барахоўскі, ён абыграў расійскага фігурыста, які лічыўся фаварытам. І на трэцім месцы таксама беларус — Ілья Сцепанькоў. У жаночым адзіночным катанні на высокім узроўні была Вікторыя Сафонава, яна абыграла Настассю Гулякову, вучаніцу Аляксея Мішына. І ў мінулым, і ў гэтым годзе паміж імі была інтрыга, і два разы наша Вікторыя выходзіла пераможцай. Гэта дае надзею, што ў алімпійскім сезоне ўсё будзе добра. У спаборніцтвах танцавальных і спартыўных пар на першых месцах былі беларускія фігурысты.

— Асабліва радуе поспех спартыўных пар...

— У нас стварыліся дзве новыя пары, і гэта работа працягваецца. На Іce-Star перамаглі Кацярына Юрава і Дзмітрый Бушланаў. На другім месцы былі Багдана Лукашэвіч і Аляксандр Сцяпанаў, якія ўжо ўдзельнічалі ў адборы на алімпіяду. Яны паказалі свежае, задорнае катанне. І вельмі добра, што паміж парамі пачалося саперніцтва. Адзначу, што пара Багданы Лукашэвіч і Аляксандра Сцяпанава ідзе першай запасной на Алімпійскія гульні. І калі здарыцца, што нейкая федэрацыя не зможа выставіць пару (нікому не хочацца такога жадаць), то наша пара ідзе наступнай. І таму трэба быць максімальна падрыхтаванымі і сабранымі. У нас ёсць і дзве юніёрскія пары. Раней была адна, і гэта зніжае матывацыю. А нядаўна склалася пара з вельмі моцным скачковым кантэнтам. Для такой невялікай краіны, як Беларусь, унутраная канкурэнцыя ў парным катанні — вельмі рэдкая з'ява.

— Вікторыя Сафонава, Канстанцін Мілюкоў — легіянеры. А хто з маладых беларускіх фігурыстаў падае вялікія надзеі?

— Задума з запрашэннем замежных спартсменаў заключалася ў тым, каб яны былі арыенцірам, на які маглі б раўняцца нашы маладыя спартсмены. І прагрэс юніёрскай кагорты можна вызначыць рознымі спосабамі. Можна даваць абстрактную адзнаку, што спартсмены сталі лепш катацца, лепш выконваць скачкі. А можна ўзяць пратаколы спаборніцтваў і параўнаць, што было раней і што ёсць. І мы ўбачым вялікую розніцу ва ўзроўні майстэрства. На чэмпіянаце Беларусі 2018 года двое з трох спартсменаў, якія занялі прызавыя месцы, не выканалі ні аднаго трайнога скачка за ўвесь сезон. А цяпер трайныя выконваюць дзяўчынкі, якім па 11 гадоў. А юніёры ўжо робяць па два, па тры, па пяць трайных, і гэта міжнародны ўзровень. Мы іх пакуль прытрымліваем ад масавага выступлення на міжнародных стартах, бо хочацца ўварвацца на міжнародную арэну шырокім фронтам. І можна смела заявіць, што сённяшнюю юніёрскую каманду нельга параўнаць з той, што была некалькі гадоў таму. З пратаколамі на руках гэта немагчыма аспрэчыць.

— А калі казаць персанальна, якія новыя імёны з'явіліся ў жаночым адзіночным катанні?

— Саша Малашка, Агата Старыкава... Ніколь Дворнікава — самы вялікі сюрпрыз, напрыканцы года добра калі адзін трайны мела, а зараз выконвае самыя складаныя трайныя, за лета яна сабрала ўсё, што можна было сабраць. Злата Баленда пакуль не дайшла да юніёрскага ўзросту, але катаецца на ўзроўні кандыдатаў у майстры спорту. Маладзейшыя за іх і вельмі перспектыўныя Злата Амельянюк, Сафія Рахуба, Насця Анацка.

— Ідзём далей — мужчынскае адзіночнае катанне...

— Саша Лебедзеў вывучыў трайны аксель, гэты элемент дазваляе не згубіцца на міжнародным узроўні. Спадзяёмся, ён яго стабілізуе, і мы будзем бачыць яго ў добрым свеце. Яўгена Пузанава пераследуюць траўмы, хваробы. Летам ён хварэў і няўдала прайшоў кантрольныя пракаты. Інтэнсіўна рыхтаваўся да юніёрскага Гран-пры, але ў яго памёр трэнер, і ён за два тыдні да старту застаўся адзін. Ён многае рабіў сам, але атрымаў траўму. Кароткую праграму на турніры вытрымаў на абязбольвальных леках, а адвольную ўжо не выцерпеў і паказаў слабы вынік. Прагрэсіруе Васіль Барахоўскі. У канцы 2020 года ў яго быў адзін трайны скачок, а потым ён выстраліў — вывучыў пяць трайных, выйграў усе спаборніцтвы сезона.

— І танцавальныя пары...

— Танцавальныя дуэты растуць у масе, іх цяпер стала шмат. Вырасла ўнутраная канкурэнцыя. Некаторыя выступаюць і сярод юніёраў, і сярод дарослых. З'явілася пара, якая трэніравалася ў Расіі, але мае беларускія пашпарты, — Кацярына Андрэева і Іван Дзесятаў. Яны на Гран-пры занялі пятае месца, і гэта вышэй, чым калі-небудзь узнімаліся нашы дуэты. Таксама новы арыенцір задалі.

— Юрый Мікалаевіч, столькі маладых перспектыўных фігурыстаў — гэта вынік чаго?

— Упэўнены, справа ў тым, што наша каманда правільна зрабіла стаўку. У спартсменаў павінна быць унутраная матывацыя, каб станавіцца лепшымі. На дадзеным этапе развіцця беларускага фігурнага катання максімальнае дасягненне, якое бачылі перад сабой спартсмены, — удзел у міжнародных стартах, проста само выступленне. І аўтаматычна ехалі туды пераможцы кантрольных пракатаў. Узровень гэтых пракатаў вялікага значэння не меў. Два гады таму мы ўвялі такое правіла: мала выйграць кантрольныя пракаты — трэба паказаць вынік, які дазволіць прэтэндаваць на месца ў дзясятцы міжнароднага турніру. Правілы ўскладніліся, і не ўсім гэта спадабалася. Да гонару нашага трэнерскага саставу, знайшліся людзі, якія ўнутрана гэтага хацелі і такія новаўвядзенні падтрымалі. Яны растлумачылі сваім спартсменам, што трэба працаваць больш, і спартсмены сталі больш матывавана працаваць на вынік, інакш яны не маглі б выехаць на міжнародны старт. І ў выніку мы атрымалі плеяду юніёраў, якія калі не ў гэтым, то ў наступным годзе будуць канкурэнтаздольныя на міжнародных стартах.

— Юрый Мікалаевіч, як фігурнае катанне развіваецца ў рэгіёнах?

— Гэта цяжкае пытанне. Самы моцны рэгіён — гэта Мінск. Тут большая колькасць баз, спецыялістаў і, што вельмі важна, вышэйшыя матэрыяльныя магчымасці ў бацькоў дзяцей, якія займаюцца. Сёння, асабліва ў малодшых разрадах, ды і ў старэйшых таксама, вынік дасягаецца не столькі якасцю трэніровак, але і іх аб'ёмам. Калі адзін фігурыст катаецца два разы на тыдзень, як гэтага патрабуе праграма, а другі — два гэтыя разы і яшчэ пяць дадатковых за грошы бацькоў — дзеці знаходзяцца ў няроўных умовах. І атрымліваецца, што матэрыяльныя магчымасці бацькоў вырашаюць вынік спаборніцтваў. А здараецца, што дзіця таленавітае, але ў яго бацькоў няма магчымасцяў аплачваць дадатковы лёд. Кіруючыся такой думкай, мы адкрылі на базе вучылішча алімпійскага рэзерву аддзяленне, куды могуць прыязджаць дзеці з рэгіёнаў і займацца ў кваліфікаванага трэнера, гэта таксама частая праблема рэгіёнаў. Да гэтага праекта адносіліся з асцярогай, як і да іншага новага праекта. Але знайшліся самыя смелыя і самыя моцныя. Некаторыя прыехалі з рэгіёнаў, некаторыя перайшлі са сталічных школ. Трое з іх — Настасся Анацка, Радзівон і Георгій Казлоўскія — ужо занялі лідарскія пазіцыі. А астатнія раней былі на 16—18 месцах, цяпер уваходзяць у дзясятку. І калі глядзець аб'ектыўна, можна сказаць, што праект перспектыўны. І, дарэчы, пасля адкрыцця гэтага аддзялення многія рэгіянальныя школы знайшлі магчымасць даваць фігурыстам дадатковы лёд, каб не губляць дзяцей. І гэта добры фактар развіцця фігурнага катання.

— Калі выйсці за межы Мінска, якія яшчэ рэгіёны можаце адзначыць?

— Вынікова працуе трэнер Вольга Уважаная ў Пружанах. У Івацэвічах трэнер па сямейных абставінах пераехаў у Пінск (там таксама адкрылася аддзяленне), і пакуль замену не знайшлі. У самім Брэсце лёду мала, бо там прэваліруе хакей. Але аддзяленне там трымаецца. Падобная сітуацыя ў Віцебску, там мала лёду, але ёсць трэнеры. Мы адкрылі ў Гродне аддзяленне па пачатковым катанні на каньках, калі адкрыўся новы каток. Горад вялікі, фігурнага катання там не было ніколі, а ахвотных было шмат. Спадзяёмся, знойдзем добрага трэнера ў Гродне. У Гомелі быў невялікі перыяд заняпаду, калі трэнер Аляксандр Марозаў перавёўся ў Мінск, а пасля ў адзін год тры іншыя трэнеры сышлі ў дэкрэтны адпачынак. І вельмі шмат людзей засталіся на зменных трэнерах, якім фізічна не хапала на ўсіх сіл. Ну, але такую сітуацыю немагчыма было прадбачыць. Мы праводзілі там заняткі, запрашалі замежных спецыялістаў. Напрыклад, на збор прыязджаў Аляксей Жалезнякоў, харэограф групы Этэры Тутберыдзэ. Але паступова дзяўчаты вяртаюцца на працу, і ў Гомелі ўсё ўстае на кругі свае. У Магілёве пакуль няма фігурнага катання, але адкрылася першая школа ў Бабруйску. У рэгіёнах самая вялікая праблема — гэта трэнеры.

— Юрый Мікалаевіч, алімпійскі сезон больш цікавы, чым звычайны. Чаго, на вашу думку, варта чакаць усім аматарам фігурнага катання?

— Фігурнае катанне — спецыфічны від спорту, і вялікае значэнне для выніку на Алімпіядзе мае расстаноўка сіл напярэдадні. І выступленні нашых спартсменаў на міжнародных стартах будуць уплываць на іх рэпутацыю. Спадзяюся, яны гэта разумеюць і расслабляцца не будуць. Алімпійскія гульні — вельмі непрадказальная, але заўсёды цікавая падзея. Будуць і новыя рэкорды, і новыя імёны.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларускі саюз канькабежцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».