Сталічнаму дому на Партызанскім праспекце ўжо 54 гады, і ў ім дагэтуль не было капрамонту. У доме ў мікрараёне Серабранка не грэюць ўбудаваныя ў сцяну батарэі, з-за чаго гэтыя месцы намакаюць, і па шпалерах ідзе цвіль. У Першамайскім раёне адзін з жыхароў зрабіў сабе сістэму «цёплая падлога», і цяпер у суседзяў недаграваюцца батарэі, а ў пакоі +16°С. Прадпрыемству «Белпчалярства», крама якога знаходзіцца ў доме на праспекце Незалежнасці, дзе маецца ўласны цеплавузел, увогуле адключылі ацяпленне, бо грошы за паслугу чамусьці не былі пералічаны ў цеплазабяспечвальную арганізацыю. Гэта толькі некалькі прыкладаў праблем, з якімі звярталіся беларусы на гарачую лінію Камітэта дзяржкантролю па тэме «Якасць аказання паслуг цеплазабеспячэння ў Мінску».
Даць жыхарам магчымасць выказацца, што яны думаюць пра паслугі цеплазабеспячэння, прадстаўнікі Камітэта Дзяржкантролю вырашылі ў межах праверкі стану спраў у рабоце сістэмы цеплазабеспячэння Мінска і найбуйнейшага камунальнага прадпрыемства ў сферы цеплаэнергетыкі — «Мінсккамунцепласетка».
— У асноўным людзі скардзіліся на тое, што ім холадна або ва ўсёй кватэры, або толькі ў адным з пакояў, дзе не грэюць батарэі. Некаторыя адзначалі, што ў доме, наадварот, надта горача, тэмпература больш за 30°С, што таксама нязручна, — заўважыў Віктар ЯКАЎЛЕЎ, начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі галоўнага ўпраўлення кантролю па Мінску Камітэта дзяржкантролю.
У Камітэте дзяржкантролю найперш звярнулі ўвагу на стан цеплатрас, каля 60 % з якіх на дадзены момант уладкаваны перадізаляванымі трубамі, якія вызначаюцца задавальняльным станам цеплаізаляцыі і маюць невялікія цепластраты. Зношанасць такіх труб — каля 20 %. Асноўная праблема — са стальнымі трубамі, якіх у сталіцы звыш як 550 кіламетраў. Менавіта ў гэтых месцах падчас транспарціроўкі губляецца найбольшая колькасць цяпла, бо зношанасць такіх труб — больш як 70 %.
— Перад кіраўніцтвам горада і арганізацыямі ЖКГ стаіць задача, каб страты былі не вышэйшыя за 5 %. Аднак, як мы пабачылі падчас кантрольных мерапрыемстваў, гэтае даручэнне выконваецца не паўсюль. На розных участках страты цяпер складаюць ад 4 % да 12 % і больш. Камунальнікам трэба прымаць больш актыўныя меры па мадэрнізацыі трубаправоднага парка.
Прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка» абслугоўвае больш як 4600 абанентаў і больш як 1300 кіламетраў камунікацый. Каля 85 % з гэтай колькасці — аб'екты сацыяльнай сферы. Штогод у сталіцы павінна мяняцца каля 4 % зношаных участкаў цепласетак, а гэта каля 54 кіламетраў. Прычым справа гэта не танная — замена аднаго кіламетра абыходзіцца ў 300—400 тысяч рублёў.
Замена цеплатрас не заўжды рытмічная. Летам выконваецца 30—40 % ад даведзенага задання, а многія работы выконваюцца ўвосень і зімою, што выклікае абгрунтаваныя нараканні жыхароў. Яно і зразумела, бо рамонтныя работы суправаджаюцца адключэннем цеплазабеспячэння. Акрамя таго, вялікая ўвага падчас кантрольных мерапрыемстваў Камітэта дзяржкантролю аддаецца таксама аптымізацыі сабекошту цеплаэнергіі, паведаміў начальнік упраўлення:
— Мы бачым, што і сабекошт розны, і тарыфы для юрыдычных асоб не заўжды аднолькавыя, што выклікае пытанні ў абанентаў. Не заўжды страты, што нясуць арганізацыі ЖКГ, абгрунтаваныя. Існуе праблема пасрэдніцтва, бо многія работы выконваюцца падраднымі і субпадраднымі арганізацыямі. Па завышаных цэнах часта набываюцца і матэрыялы. У выніку зацягваюцца тэрміны выканання работ, расце іх кошт.
Па аператыўнай інфармацыі Мінсккамунцепласеткі, 3 лістапада, напрыклад, праводзіліся работы на чатырох участках сталіцы: тры ў Маскоўскім раёне і адзін — у Заводскім. Здаецца, сухая статыстыка — чатыры кропкі з рамонтам, а на справе гэта 53 жылыя дамы, чатыры дзіцячыя садкі, адна школа і буйная крама, якія былі адключаны ад цеплазабеспячэння на працягу дня. Камунальнікам неабходна так наладжваць працу, каб на халодную пару прыходзіўся мінімальны аб'ём работ, лічыць Віктар Якаўлеў.
Некаторыя пытанні, з якімі звярнуліся жыхары сталіцы, вырашыліся на месцы. У прыватнасці, гэта датычылася тэрмінаў завяршэння выканання рамонтных работ або тлумачэнняў, чаму раптоўна адключылі цяпло праз аварыйныя здарэнні.
— Інжынерная сістэма сама па сабе няпростая. Па ўсіх пытаннях мы выедзем на месца і ліквідуем праблемы ў самыя кароткія тэрміны, — паабяцаў Вячаслаў БАТУРА, намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жылфонду і вытворчых пытаннях Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, які таксама прысутнічаў на гарачай лініі.
Да некаторых зваротаў трэба ставіцца крытычна, упэўнены спецыялісты. Здараецца, жыхары прыязджаюць у кватэру толькі на выхадныя, і калі ў гэты дзень ім падалося, што ў жыллі холадна, паступае скарга, што няма ацяплення ўжо цэлы месяц.
— Пакуль не выедзеш на месца, нельга казаць, працуе ацяпленне ці не. Амаль усе дамы аснашчаны сістэмай аўтаматычнага рэгулявання, і ў сонечнае цёплае надвор'е, калі батарэі знаходзяцца ў рэжыме прапальвання, як цяпер, мала хто з жыхароў здольны навобмацак вызначыць, што батарэя грэецца. Яна здаецца ім халоднай, — заўважыў намеснік гендырэктара. — Трэба глядзець, як адбываецца разбор цяпла на месцы. Гэтаксама як і высвятляць, чаму не грэюць батарэі ў асобных пакоях. Акрамя таго, што працуе адзіная дыспетчарская служба 115, можна звярнуцца з пытаннямі і ў раённыя ЖЭСы, службы ЖКГ, а таксама напрамую ў аварыйную службу.
Званілі жыхары і наконт высокага налічэння кошту за паслугі, якія аказвалі работнікі жыллёва-камунальнай службы, і наконт зламаных дзвярэй у пад'ездзе. Адны прасілі ўцяпліць дом, бо ў ім холадна, другія скардзіліся на неабходнасць адрэгуляваць сістэму падачы цяпла, бо ў кватэры горача.
Усе звароты на гарачую лінію былі зафіксаваны, і ў Дзяржкантролі паабяцалі, што кожнае пытанне будзе накіравана ў адпаведныя ведамствы для разгляду і рэагавання. Многія праблемы сапраўды чамусьці нельга вырашыць праз службу 115, бо заяўкі часта атрымліваюць статус «выканана» пасля тлумачэнняў уласніку яго пытанняў па тэлефоне, без праверкі факта яго скаргі на месцы. А цеплавыя абследаванні пакояў наконт холаду ў іх чамусьці часта робяцца не ў маразы, а вясной, калі тэмпература ўжо дасягае 18°С, што з'яўляецца нормай.
На многія звароты ад ведамстваў часта прыходзяць простыя адпіскі пра немагчымасць праверкі, і такая сітуацыя цягнецца гадамі, ад аднаго ацяпляльнага сезона да наступнага. А праблема немагчымасці стварыць аднолькава камфортныя тэмпературныя ўмовы для жыхароў тарцовых кватэр і тых, што знаходзяцца ў сярэдзіне, пакуль не будзе зроблена пакватэрная рэгуліроўка цяпла, вырашыцца, напэўна, толькі калі завершацца ўсе работы па мадэрнізацыі жылля ў краіне...
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.