Вы тут

Як правільна клапаціцца аб валасах з маленства і да сталасці? Парады ад мадэльера па прычосках


Шыкоўныя і шаўкавістыя... Валасы — гэта наша багацце. З іх дапамогай можна лёгка падкрэсліць прыгажосць, і ў той жа час схаваць пэўныя хібы. Стан валасоў важны скаднік не толькі знешнасці, але і сур’ёзны маркер здароўя арганізма, які залежыць ад гарманальнага фону, экалогіі і ўзросту. 


Мадэльер па прычосках Кацярына Каленская ведае пра валасы ўсё і нават крыху больш. Як прафесіянал, Кацярына атрымлівае сапраўдную асалоду ад работы са ЗДАРОВЫМІ валасамі: тады нават самыя складаныя прычоскі ствараюцца хутчэй і трымаюцца даўжэй. З чытачамі сеткавага выдання ZVIAZDA.BY Кацярына з задавальненнем дзеліцца цікавымі фактамі і карыснымі парадамі ў доглядзе за валасамі. 


Цікавыя факты пра валасы

  • Валасы на 80 % складаюцца з кераціну, на 10-15 % з вады і на 5-10 % з пігментаў. 
  • Колер валасоў вызначаецца колькасцю каляровага пігменту ў валасяным фалікуле. Чым менш пігменту ўтрымліваецца ў валасах, тым святлейшым будзе іх колер. Ад колеру залежыць і колькасць валасоў. А вось таўшчыня валасоў вызначаецца генетычна.
  • За месяц валасы вырастаюць на 1-2 см. Максімальная даўжыня ад 40 да 80 см. Асобны валасок можа вытрымаць вагу да 100 г.
  • Выпадзенне валасоў у норме складае ад 30 да 100 валаскоў у дзень. Асобны валасок застаецца на галаве ад 6 да 8 гадоў, а потым выпадае. Пры моцным выпадзенні сярэдняя працягласць жыцця валасоў скарачаецца да 3-4 гадоў.

Нягледзячы на тое што стымуляваць рост валасоў даволі складана, даглядаць за імі трэба старанна ды сістэматычна. У гэтай справе ёсць свае асаблівасці, якія залежаць ад узросту. 

Догляд за валасамі «0+»

Догляд за дзіцячымі валасамі павінен быць акуратным і асцярожным, бо валасяныя фалікулы яшчэ фарміруюцца. Каб не нанесці ўрон валасам, неабходна выкарыстоўваць спецыялізаваную дзіцячую касметыку і шампуні з нейтральным pH. Мыць дзіцячыя валасы не часцей за адзін раз у 7-10 дзён. Акрамя таго, трэба падабраць правільную расчоску, а стрыгчы валасы па меры неабходнасці. Дзяўчынкам па магчымасці не рабіць тугія хвосцікі ды коскі, каб не парушаць кровазварот. Ад гэтага валасы становяцца больш слабымі. 

Догляд за валасамі «12+»

У юным узросце аб здаровых валасах клапаціцца вельмі лёгка. Шавялюра яшчэ не паспела назапасіць рэчы ад шматлікіх афарбовак і іншых працэдур, пасля якіх валасы слабеюць. У гэты перыяд можна паступова пераходзіць з дзіцячых шампуняў на дарослыя, карыстацца бальзамамі і кандыцыянерамі. Мінімальныя доглядавыя працэдуры — гэта мыццё валасоў шампунем па меры забруджвання (два разы запар) і абавязковае расчэсванне кожны вечар. Стрыгчы канцы валасоў пажадана раз на тры месяцы.

Догляд за валасамі «25+»

Звычайна на гэты ўзрост прыпадае росквіт эксперыментаў з афарбоўкай валасоў. Трэба памятаць, што пасля хімічнага ўздзеяння, валасы неабходна насыціць і ўвільгатніць. Абавязкова выкарыстоўвайце спецыялізаваныя сродкі за доглядам афарабаваных валасоў. Гэта шампунь з нізкім утрыманнем pH, бальзам і маска. Не лішнім будзе дадаць да гэтага незмываемыя спрэі, якія ўвільгатняюць і насычаюць валасы. 

Догляд за валасамі «40+»

У гэтым узросце валасы пачынаюць сівець. І прычына таму — дэфіцыт мелатаніну, які надае валасам колер. Аднак ёсць і іншыя прычыны, якія спрыяюць з’яўленню сівых валасоў, такія як стрэс, незбалансавая ежа, недахоп сну. І, калі сівыя валасы лёгка афарбаваць, нельга забывацца на тое, што пасля гэтага іх трэба аднаўляць і ўмацоўваць. 

Догляд за валасамі «50+»

У гэтым узросце валасы становяцца больш тонкімі. На гэты працэс ўплывае шэраг фактараў: сістэматычная афарбоўка, з’яўленне хранічных захворванняў, спажыванне медыкаментаў. У гэты перыяд у жанчын назіраецца менапаўза: адсутнасць эстрагену запавольвае рост валасоў. Патрэбна тэрапія на аснове кераціну — бялку, з якога ў асноўным складаюцца валасы. Лінейкі доглядавых сродкаў з утрыманнем кераціну дапамогуць захаваць валасы здаровымі як мага дольш. 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Кацярыны Каленскай, рixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.