Вы тут

На кітайскай выставе — больш за сотню ўнікальных беларускіх распрацовак


Нацыянальная экспазіцыя нашай краіны шырока прадстаўлена на чацвёртай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту (CIIE), якая праходзіць да 10 лістапада ў Шанхаі.


У складзе нашай экспазіцыі прымаюць удзел прадпрыемствы харчовай прамысловасці, сферы інфармацыйных тэхналогій, а таксама міністэрствы, медыцынскія, навуковыя і навукова-вытворчыя ўстановы і ўніверсітэты. Яны дэманструюць сваю прадукцыю і найноўшыя распрацоўкі, якія могуць быць запатрабаваныя сярод кітайскіх спажыўцоў.

Самым маштабным у Нацыянальным павільёне стаў стэнд Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам». Ён прэзентуе прадукцыю 16 вытворцаў кандытарскай, алкагольнай, алейнатлушчавай, піваварнай, цукровай і кансервавай прадукцыі. У прыватнасці, прадстаўлены асартымент гарэлак, спецыяльна распрацаваны для Кітая, з утрыманнем спірту 69 і 77 %, выраблены з крынічнай вады з павышаным утрыманнем іёнаў срэбра. Цікавымі, для кітайцаў, будуць спецыяльныя гатункі піва з водарам трапічных садавіны ды рэзкіх затавак, шакаладныя цукеркі прэміум-сегменту, дыетычнае харчаванне для дзяцей, узбагачанае жалезам, печыва з вітамінамі і мінераламі ды іншая прадукцыя.

У нацыянальнай экспазіцыі ўдзельнічаюць таксама кампаніі «Баймен біятэхналогіі», «Белмытнясэрвіс» і «Экзон». Тэхналогіі і распрацоўкі кітайскім партнёрам дэманструюць Міністэрства адукацыі нашай краіны, уключаючы дзяржуніверсітэты і, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, уключаючы шэраг навуковых інстытутаў і навукова-вытворчых арганізацый.

Айчынныя распрацоўшчыкі прадставілі дастаткова цікавыя інавацыйныя прапановы для кітайскіх спажыўцоў ад беларускіх кампаній і ўстаноў. Сярод іх — «разумныя» вадкакрысталічныя вокны, здольныя змяняць узровень празрыстасці ў залежнасці ад асвятлення і абараняць ад ультрафіялету. Вельмі карысная будзе, на сучасным этапе, тэхналогія камп’ютарнага мадэлявання патэнцыйных лекаў ад COVID-19 і перадавая методыка апрацоўкі паверхняў для высокатэхналагічных галін прамысловасці. Усяго на выставе прадстаўлена больш за сотню ўнікальных распрацовак.

Варта адзначыць, што айчынныя кампаніі ўдзельнічаюць у нацыянальнай экспазіцыі на выставе CIIE 2021 у дыстанцыйным фармаце. Яна прадугледжвае працу ў Шанхаі прадстаўнікоў выставачнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП, якія ў выпадку зацікаўленасці кітайскіх наведвальнікаў у прадукцыі або паслугах беларускіх прадпрыемстваў звязваюць бакі па відэасувязі. Такім чынам, забяспечваецца правядзенне паўнавартасных бізнес-перамоваў у загадзя абумоўлены і зручны для ўдзельнікаў час.

Акрамя таго, да 10 лістапада ўключна для анлайн-наведвальнікаў выставы даступны віртуальны стэнд нашай краіны, выкананы з выкарыстаннем 3D-тэхналогій. Акцэнт зроблены на інвестыцыйную прывабнасць Беларусі, спрыяльны бізнес-клімат, працу ў Мінску і іншых гарадах сусветна вядомых кампаній, багатыя культурныя традыцыі, турыстычны сектар і поспехі ў спорце. Падрабязна апісаны IT-сфера, працэс рэалізацыі транзітнага патэнцыялу smart-платформы, а таксама асобныя галіны, такія як сельская гаспадарка, машынабудаванне і дрэваапрацоўка.

Дадзеная экспазіцыя арганізавана Беларускай гандлёва-прамысловай палатай. Выставачны аператар — выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП.

Асобна варта заўважыць, што Кітайская міжнародная выстава імпарту (CIIE) — найбуйнейшая шматпрофільная выставачная падзея гэтай краіны. Выстава праходзіць з 2017 года і ўключае дзясяткі спадарожных дзелавых мерапрыемстваў: семінары, канферэнцыі, бізнес-форумы. Арганізатарамі выставы выступаюць Міністэрства камерцыі КНР і народны ўрад Шанхая. У 2021 годзе ўдзел у выставе прымаюць кампаніі з больш чым 120 краін свету.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?