Вы тут

Нататкі на палях гісторыі


Стварэнне Статутаў Вялікага Княства Літоўскага было надзвычай важнай, унікальнай спробай кадыфікацыі права: яго нормы сабралі ў адным дакуменце, у межах аднаго вялікага акта. Яны тычыліся самага важнага — кіравання дзяржавай і размежавання ўлады.


Фрагмент экспазіцыі, прысвечанай Статуту.

Выстаўка, якая нядаўна адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прысвечана 455-годдзю прыняцця другога Статута Вялікага Княства Літоўскага. Яна аб’ядноўвае друкаваную і віртуальную версіі выданняў. Першая з іх размешчана ў зале прававой інфармацыі, а другая даступна кожнаму на партале бібліятэкі. Увазе наведвальнікаў кніжніцы і аматараў гісторыі і культуры прадстаўлена вялікая колькасць ілюстрацыйнага матэрыялу: паўнатэкставыя, у тым ліку старадаўнія, дакументы, прысвечаныя Статутам, даследаванні. Бібліятэка мае ў фондах факсімільныя выданні і электронныя версіі Статутаў ВКЛ, і друкаваных, і рукапісных, якія заўжды даступны для чытачоў.

— Правядзенне тэматычных выставак для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала традыцыяй. Рэалізавана ўжо каля 10 праектаў, прысвечаных Статутам Вялікага Княства Літоўскага. Але, акрамя кніжных выставак, былі і канферэнцыя «Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні», і круглыя сталы, і віртуальны праект, прысвечаны найперш ІІІ Статуту, — дзяліўся падчас экскурсіі намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Статуты Вялікага Княства Літоўскага — знакамітыя акты заканадаўчага характару, якія сталі выключнымі падзеямі ў гісторыі ўсёй Еўропы, а не толькі краіны, дзе былі выпрацаваны і прыняты. Грунтаваліся яны на прававой спадчыне нашых папярэднікаў, на нормах традыцыйнага права, знакамітым Судзебніку Казіміра, які ўзнік больш чым на стагоддзе раней ад І Статута.

Статуты доўга рыхтаваліся вялікай камісіяй. Адным з найбольш актыўных удзельнікаў працэсу стварэння І Статута ВКЛ быў Альбрэхт Гаштольд.

— Ёсць верагоднасць, што да працы над дакументам мае дачыненне і Францыск Скарына, — перакананы А. Суша. — Шэраг сваіх прававых ідэй першадрукар выклаў у некаторых прадмовах да кніг Бібліі.

Перад тым, як быў зацверджаны ІІ Статут, работа па перапрацоўцы гэтага нарматыўнага дакумента ішла на працягу 15 гадоў. Створаную камісію ўзначаліў палітычны і грамадскі дзеяч Мікалай Радзівіл Чорны. У другой рэдакцыі былі ўмацаваны выключна важныя і па сёння нормы заканадаўства, больш дэталёва прапісаны такія прынцыпы, як прэзумпцыя невінаватасці і падзел улад.

Калі зацвярджалі І Статут ВКЛ у 1529 годзе, вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары меў намер ажыццявіць выданне дакумента. Планавалася выданне і ІІ Статута, аднак так і не адбылося — абодва захаваліся ў рукапісах на старабеларускай, лацінскай, польскай і іншых мовах.

У Беларусі не захавалася ніводнай арыгінальнай версіі ні І, ні ІІ Статута. У часы Расійскай імперыі існавалі цэнтры збірання даўніны і ў Вільні, і ў Санкт-Пецярбургу. Туды скіроўваліся шляхі многіх кніжных помнікаў, там і сёння можна адшукаць многія рарытэтныя выданні нашай прававой культуры. Для бібліятэкі ж вельмі важна не толькі захоўваць спадчыну, але і папулярызаваць яе праз адукацыйныя і навуковыя мерапрыемствы. Так, сутнасць «Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў» заключалася ў тым, каб сабраць за адным сталом даследчыкаў Статутаў — гісторыкаў права, мовазнаўцаў, кнігазнаўцаў, мастацтвазнаўцаў — і абмеркаваць гэтую ўніверсальную з’яву культуры.

Адукацыйныя праекты, якія актыўна ажыццяўляе нацыянальная кніжніца, прызначаны дзецям і навучэнцам. У Музеі кнігі праводзяцца заняткі ў межах школьнай праграмы, дзе прадстаўлены і прававыя помнікі ВКЛ. На аснове факсімільных выданняў Статутаў распрацаваны гістарычныя квэсты, размалёўкі старых гравюр — так дзецям становяцца больш блізкія і зразумелыя гэтыя помнікі.

Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 гг.

Апошнім часам шмат зроблена для вывучэння і папулярызацыі нашай кніжнай спадчыны, у тым ліку і Статутаў. Яшчэ ў 1980-я гады быў падрыхтаваны выпуск Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, прысвечанай Статуту ВКЛ 1588 года, які ўключаў факсімільнае ўзнаўленне помніка з перакладам на сучасныя мовы. Пазней пабачылі свет выданні тэкстаў усіх Статутаў, у тым ліку ў перакладзе на сучасную беларускую мову. Маецца шмат даследаванняў, у тым ліку дысертацый у розных галінах навукі. І ўсё гэта можна пабачыць калі не ў кніжных арыгіналах, то ў электронных версіях на партале бібліятэкі — многае даступна анлайн.

— Ёсць ідэя стварэння віртуальнай калекцыі, прысвечанай Статутам ВКЛ, каб з усіх краін свету, дзе захоўваюцца рукапісныя спісы, а таксама экзэмпляры старых выданняў, сабраць іх электронныя копіі, — распавядаў Алесь Суша.

Спісы Статутаў, дарэчы, не аднолькавыя — ёсць адрозненні па змесце. Апошні са Статутаў, які дзейнічаў два з паловай стагоддзі, штогод выкарыстоўваючыся ў судах, увесь час дапрацоўваўся, дапаўняўся і перавыдаваўся.

У перавыданнях мянялася стылістыка мастацкай аздобы, шрыфты. Першыя апублікаваны скорапісам, што адрознівала кнігі ад царкоўных і маскоўскіх выданняў, потым выходзілі гатычным шрыфтам з гатычнымі гравюрамі, пасля — барочныя з хрысціянскай стылістыкай, яшчэ пазней — класіцыстычныя, асветніцкія. Акрамя таго, захаваліся надзвычай цікавыя надпісы на старонках Статутаў: судовыя работнікі нешта падкрэслівалі альбо каментавалі падчас чарговага разбіральніцтва, пазначалі на палях адсылкі да іншых норм права — чыстых зборнікаў амаль не захавалася. Маргіналіі і запісы на палях нярэдка з’яўляюцца больш цікавымі, чым тэкст самога Статута. Запісы гэтыя сведчаць і пра тое, у якіх бібліятэках і зборах захоўваліся кнігі, хто працаваў з рукапісамі і выданнямі Статута, хто імі карыстаўся. На палях маглі быць запісаны самыя розныя тэксты, часам нават паэтычныя. Так, у адным са спісаў Статута ВКЛ на адным з першых аркушаў быў знойдзены запіс верша Яна Казіміра Пашкевіча з прызнаннем у любові да беларускай мовы. Запіс датуецца пачаткам XVII стагоддзя і сведчыць пра беларускую як пра мову, што дамінавала ў сістэме вялікакняжацкіх зносін у краіне.

Яна БУДОВІЧ

Выказваем падзяку Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі за інфармацыйную падтрымку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. Надыходзіць дастаткова актыўны, напоўнены падзеямі тыдзень.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.