Вы тут

Не шкадаваць, а дапамагаць. Як магчымасць працаваць мяняе жыццё


Больш за 100 інвалідаў, у тым ліку з інтэлектуальнымі парушэннямі, знайшлі працу з дапамогай трох асістэнтаў па працаўладкаванні за шэсць гадоў рэалізацыі праекта «Даступная праца для людзей з інваліднасцю». Аб гэтым расказала падчас міжнароднай канферэнцыі «Суправаджальнае працаўладкаванне ў перыяд COVІD-19. Новыя выклікі і новыя рашэнні» старшыня Цэнтральнага савета грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Алена Цітова.


Фота: pixabay.com

Алена Цітова ўзначальвае праект «Даступная праца для людзей з інваліднасцю», які працуе на базе Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІіМІ) з 2012 года. Гэта вельмі важны праект, бо магчымасць працаваць дазваляе людзям з інваліднасцю больш актыўна ўключацца ў соцыум, павышаць свой сацыяльны статус і паляпшаць якасць жыцця.

«Спачатку я і мае калегі вучыліся, як арганізаваць працу па суправаджэнні, набывалі патрэбныя навыкі, — расказвае Алена Цітова. — Дзесьці з 2014 года пачалося непасрэдна суправаджэнне людзей на свабодны рынак працы. Больш за сто чалавек ад 18 да 31 года мы працаўладкавалі. Не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, хоць там менш. Гэта вялізная колькасць за шэсць гадоў, асабліва калі ўлічыць, што такую справу зрабілі ўсяго тры асістэнты».

Спецыяліст растлумачыла, што прапанаваны арганізацыяй варыянт запаўняе нішу ў дзяржаўнай сістэме. Справа ў тым, што працаўладкаванне людзей з інваліднасцю пачынаецца з выдачы рэкамендацый МРЭК. Толькі пасля гэтага яны ідуць у цэнтр занятасці, а той дае накіраванні на працоўныя месцы да наймальнікаў, якія таксама далёка не заўсёды рады «незразумеламу» працаўніку, якому патрэбны «асаблівыя» ўмовы. Пасля некалькіх адмоў у саіскальніка проста апускаюцца рукі. Гэта першы нюанс. Другі — людзі з інтэлектуальнымі парушэннямі, якім якраз асістэнт па працаўладкаванні асабліва патрэбен, у прынцыпе не вельмі разлічваюць на працоўную рэкамендацыю ад МРЭК. Ды і сапраўды, каму можа прыйсці ў галаву, што чалавек з сіндромам Даўна, напрыклад, зможа быць памочнікам афіцыянта? А БелАДДІіМІ даказала, што гэта магчыма.

«Калі наш асістэнт, ужо дамовіўшыся з наймальнікам, прыходзіць з падапечным на камісію, члены МРЭК ідуць насустрач, — адзначыла Алена Цітова. — Любога чалавека з інваліднасцю мы даводзім да гэтага працоўнага месца, размаўляем з наймальнікам і прапануем яму дапамогу ў суправаджэнні такога работніка пры засваенні неабходных навыкаў. Наймальніку за гэта не трэба плаціць. Наш вопыт паказаў, што максімум аднаго-двух тыдняў суправаджэння дастаткова, каб чалавек з інваліднасцю асвоіўся, адаптаваўся і мог далей цалкам самастойна выконваць свае абавязкі на працоўным месцы. Даўжэй за ўсё, мабыць, наш асістэнт па працаўладкаванні суправаджала трох чалавек падчас працы ў атэлі — паўтара месяца», — дадала Алена Цітова.

Сяргей Галакоў дзякуючы праекту знайшоў работу ў атэлі DoubleTree By Hіlton у Мінску.

— Для мяне гэта стала сапраўдным шанцам, — прызнаецца Сяргей. — Маючы групу інваліднасці, я адчуваў вялікія цяжкасці з працаўладкаваннем. Цяпер я рабочы чалавек, і мне вельмі прыемна знаходзіцца ў такой прыязнай атмасферы, якая створана ў атэлі.

— Да таго, як уладкавалася працаваць, я была вельмі няўпэўненая, — расказвае Ганна Ануар, маладая дзяўчына, якая пасля ДТЗ атрымала інваліднасць. — Праца зрабіла мяне больш адкрытай і ўсмешлівай, бо адчуваю сябе патрэбнай. У мае абавязкі ўваходзіць рэкрутынг, я шукаю ў базе кандыдатаў, праглядаю рэзюмэ, абзвоньваю кандыдатаў і прызначаю сустрэчу на сумоўе.

Разам з тым Алена Цітова са шкадаваннем адзначыла, што ўсе гэтыя гады работа па суправаджэнні вядзецца выключна ў якасці праектнай дзейнасці — пры падтрымцы донараў.

«Мы не маем магчымасці атрымліваць дзяржаўнае фінансаванне, што я лічу вялікім мінусам. Так, не ва ўсіх гарадах патрэбны такія спецыялісты — асістэнты па працаўладкаванні. Але там, дзе гэта неабходна, дзяржава магла б купляць паслугу ў тых, хто гатовы суправаджаць людзей з інваліднасцю на свабодны рынак працы. Пакуль мы толькі аднойчы рэалізавалі такі дзяржаўны сацзаказ — у Маскоўскім раёне Мінска. Адзін наш асістэнт працаўладкаваў на працягу года трох чалавек з вельмі цяжкай інваліднасцю (у тым ліку аднаго хлопца з сіндромам Даўна). На жаль, далей справа не пайшла, таму што пакуль няма разумення, што гэты вынік добры», — сказала спецыяліст.

Важны нюанс праекта: гэта не толькі непасрэдна суправаджэнне, але яшчэ і падрыхтоўка да яго. З кандыдатам на працаўладкаванне спачатку знаёмяцца, даведваюцца пра яго здольнасці, інтарэсы, патрэбы, спецыялісты працуюць і з яго бацькамі, каб яны таксама падключаліся і дапамагалі растлумачваць важнасць працаўладкавання, узнімалі каштоўнасць будучай працы.

А яшчэ Алена Цітова лічыць, што адукацыя ў краіне павінна быць «заточана» пад рынак працы ў большай ступені.

«Асабліва гэта датычыцца людзей з інваліднасцю. Для іх важна не проста набыць прафесію, а засвоіць навык на практыцы. Гэта значыць, навучанне павінна адбывацца непасрэдна на рабочым месцы. У гэтым нам больш дапамагаюць наймальнікі», — дадала спецыяліст.

Як правіла, такія магчымасці адкрывае супрацоўніцтва з буйным бізнесам, напрыклад атэльным. Там гатовы браць людзей з інваліднасцю не толькі на існуючыя вакансіі, але і ствараць новыя ўнікальныя працоўныя месцы — у залежнасці ад магчымасцяў кандыдата. У цэлым людзям з ментальнымі парушэннямі даступная работа з выкананнем простых функцый: упакоўшчык, прыбіральшчык памяшканняў, маркіроўшчык, зборшчык вырабаў (напрыклад, у паліграфічнай майстэрні), памочнік афіцыянта, памочнік кухара і падобныя.

Што да падрыхтоўкі будучых асістэнтаў, то БелАПДІіМІ за гэты час правяла навучанне каля 60 чалавек. Паводле Алены Цітовай, будучыня такога кшталту паслуг — за маладымі, што ўжо зараз даказвае плённае супрацоўніцтва з Мінскім дзяржаўным каледжам сферы абслугоўвання.

На канферэнцыі шмат гаварылі і аб працаўладкаванні людзей з інваліднасцю ва ўмовах COVІD-19. Спікеры з розных краін свету сярод іншага адзначылі цікавы нюанс: пандэмія ў Еўропе выявіла, з аднаго боку, сур'ёзны разрыў у даступнасці да сучасных тэхналогій і інтэрнэт-рэсурсаў у грамадстве — людзі з ментальнымі парушэннямі карыстаюцца гэтымі рэсурсамі ў значна меншай ступені. З іншага боку, тая прыкладная дзейнасць, у якой яны занятыя, нават калі ва ўсіх каранцін, паказала важнасць і неабходнасць такіх працоўных месцаў.

Каб пашыраць магчымасці сваіх падапечных, БелАДДІіМІ таксама ва ўмовах ковіду зрабіла нямала. Па-першае, усе трэнінгі былі пераведзены ў анлайн-фармат вэбінараў. Людзі з інваліднасцю навучаліся працоўнаму этыкету, камунікацыі, замацоўвалі веды, здымалі напружанасць з псіхолагам. Праводзіліся заняткі і па тэме COVІD-19 — на аснове распрацаваных на яснай мове брашур: што гэта за інфекцыя, як сябе паводзіць, каб не заразіцца, як праяўляецца хвароба і што ў гэтым выпадку рабіць, чаму патрэбны маскі і санітайзеры. Таксама за кошт праектных сродкаў 63 чалавекі з інваліднасцю па ўсёй краіне былі забяспечаны гаджэтамі — камп'ютарамі і планшэтамі.

«Паўгода мы навучалі іх працаваць на гэтай тэхніцы, каб павысіць шанцы на працаўладкаванне. І проста каб яны пашыралі веды аб розных сферах, у якіх могуць сябе прымяніць», — сказала Алена Цітова.

У гэты ж перыяд была складзена праграма падрыхтоўкі асістэнтаў, якая зараз апрабоўваецца. Паралельна працягвалася і само суправаджэнне.

Дарэчы, колькасць прадпрыемстваў, заснаваных арганізацыяй па ўсёй краіне з мэтай працаўладкавання, у тым ліку асоб з інтэлектуальнымі парушэннямі, вырасла да пяці. Так, у Наваполацку ў кастрычніку адкрылася прадпрыемства «Цёплы хлеб», дзе выпякаюць дамашнія булачкі і хлеб, ёсць свой гандлёвы пункт і кафэ. Таксама ў горадзе Барань існуе ўнітарнае прадпрыемства «Бараньскія Арабескі» (швейная вытворчасць), у Століне — прадпрыемства «Дарога ў жыццё» (выраб керамічных сувеніраў) і салон аператыўнай паліграфіі «Мая перспектыва» ў Лунінцы. Прадпрыемствы адносяцца да катэгорыі так званых сацыяльных, дзе працаўладкоўваюць людзей з інваліднасцю. Яны існуюць для вырашэння такой праблемы, як працоўная рэабілітацыя і адаптацыя людзей з інваліднасцю.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».