Вы тут

Як Чырвоны Крыж арганізуе вакцынацыю для праблемных катэгорый насельніцтва


За вакцынацыю зараз агітуюць у інтэрнэце і СМІ, у працоўных калектывах, вучэбных класах. А як быць з тымі людзьмі, якія не з'яўляюцца членамі калектываў, не глядзяць тэлебачанне, не маюць старонкі ў сацсетках. Скажаце, няма такіх. Ёсць, і іх не так мала. Напрыклад, асобы без вызначанага месца жыхарства альбо людзі, якія нядаўна вызваліліся з месцаў адбывання пакарання і страцілі многія сацыяльныя кантакты.


Ёсць таксама нямала тых, каму надзвычай цяжка дабрацца да медыцынскай установы. Напрыклад, чалавек жыве ў аддаленай вёсцы, слабы здароўем, адзінокі. Як высветлілася, праблемных катэгорый грамадзян хапае. І ўсе яны, несумненна, маюць права на ахову ад каварнай хваробы ў выглядзе прышчэпкі. Зараз такімі людзьмі займаецца Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. У пілотны праект названай арганізацыі «Вакцынацыя супраць COVІD: пачатковы этап» уключана пяць рэгіёнаў Брэстчыны: абласны цэнтр, Ганцавіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Столінскі раёны.

Як паведаміла спецыяліст Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алёна САЕВІЧ, у Брэсце ўжо адбылася другая па ліку акцыя вакцынацыі бяздомных. Правялі яе ў двары дома па вуліцы Карбышава. Названае месца добра вядомае людзям з гэтай праблемнай катэгорыі. Актывісты праваслаўнай службы дапамогі «Міласэрнасць» кожны дзень а 12 гадзіне раздаюць гарачае харчаванне тым, хто ў ім мае асаблівую патрэбу. Вось тут гарадская арганізацыя Чырвонага Крыжа ўсталявала палатку, дзе размясціліся медыцынскія работнікі з паліклінікі № 1. Працэдура звычайная: чалавека аглядае доктар, яму мераюць тэмпературу, ціск, пытаюць пра самаадчуванне, затым медсястра ўводзіць вакцыну. Выкарыстоўвалі аднакампанентны прэпарат «Спадарожнік Лайт». Яно і вядома, прышчэпку лепш зрабіць адзін раз, бо сабраць другі раз прадстаўнікоў такога спецыфічнага кантынгенту ў вызначаны тэрмін не надта проста.

Варта сказаць, што многія кліенты «Міласэрнасці» пасля кароткай лекцыі медыка ахвотна пагадзіліся на прышчэпку. Такім чынам было вакцынавана 45 чалавек. Мабыць, для некаторых стаў стымулам і той факт, што ў горадзе з'явілася магчымасць цывілізавана адпачываць. У Брэсце зусім нядаўна адкрыта аддзяленне начнога знаходжання для бяздомных. І хоць вакцынацыя не названая абавязковай умовай для чыстага і цёплага начлегу, людзі разумеюць, што з яўнымі прыкметамі хваробы, хутчэй за ўсё, у аддзяленні не пакінуць.

Паводле слоў Алёны Саевіч, зараз яны актыўна працуюць з УУС аблвыканкама на прадмет выяўлення асоб, якія вызваліліся з месцаў адбывання пакарання. Тыя, хто зусім нядаўна прыйшоў з калоній, як правіла, прышчэпленыя, бо там праводзілі вакцынацыю. Важна знайсці людзей, якія вызваліліся раней і адчуваюць праблемы з сацыялізацыяй. Ім патрэбна дапамога. Пасля прышчэпкі такім пацыентам збіраюцца раздаваць прадуктовыя і гігіенічныя наборы, што можа стаць дадатковым стымулам.

Валанцёры Чырвонага Крыжа, паводле слоў Алёны, вялікую работу праводзяць па інфармаванні насельніцтва. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пажылым адзінокім людзям. Ім тэлефануюць, наведваюць па месцы жыхарства, раздаюць лістоўкі, адказваюць на пытанні пра вакцынацыю. Калі нехта абяцае падумаць і прыняць рашэнне пазней, ім пакідаюць нумары тэлефонаў, па якіх можна звязацца з медыцынскай установай альбо валанцёрам, які дапаможа правесці вакцынацыю. Гаворка найперш пра пажылых людзей, якія пражываюць у аддаленых вёсках. Для іх гатовыя арганізаваць транспарт і падвезці ў найбліжэйшую медыцынскую ўстанову.

Напрыклад Камянецкая раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа з першых дзён кампаніі праявіла высокую актыўнасць. Яе старшыня Галіна Пашкевіч і памочнікі-валанцёры спачатку аб'ехалі паўтара дзясятка арганізацый раёна з найбольш нізкім працэнтам вакцынацыі супрацоўнікаў. Праводзілі гутаркі аб інфекцыі, магчымых наступствах, цяжкіх ускладненнях захворвання, тлумачылі, чаму так патрэбна прышчэпка, рабілі акцэнт на тым, што большасць сусветных эпідэмій удалося спыніць з дапамогай прышчэпак. Тлумачылі, як небяспечна захварэць старым людзям, як цяжка бывае іх выратаваць, а амаль кожны з супрацоўнікаў камунікуе з пажылымі сваякамі і можа занесці ім вірус.

Варта сказаць, што працэнт вакцынаваных у тых арганізацыях, якія наведалі камянецкія актывісты, узрос. І, галоўнае, у раённую арганізацыю сталі званіць людзі з аддаленых вёсак з просьбай паспрыяць іх вакцынацыі. У рамках акцыі ў пяці раёнах, якія названы вышэй, ужо больш за 300 пажылых людзей атрымалі вакцыну.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Загаловак у газеце: Прышчэпка для бяздомных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».