Вы тут

Камунальныя стасункі. Што чакае ЖКГ у найбліжэйшую пяцігодку?


Стварэнне даступных і якасных паслуг для жыхароў. Павышэнне ўзроўню добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў і надзейнасці цеплазабеспячэння. Захаванне эксплуатацыйнай надзейнасці жыллёвага фонду і аднаўленне яго тэхнічных характарыстык і спажывецкіх якасцяў. Памяншэнне стварэння колькасці адходаў і павелічэнне іх другаснага выкарыстання, а таксама забеспячэнне чыстай вадой. Усё гэта кірункі праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе ў 2021—2025 гг.», на якую прадугледжана 18,5 млрд рублёў. Пра дасягненні і планы ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі расказалі спецыялісты.


Пітная, падземная, сцёкавая

Зніжэнне затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) і забеспячэнне спажыўцоў якаснай пітной вадой — два асноўныя паказчыкі, па якіх вызначаецца паспяховасць рэалізацыі праграмы. Для іх ажыццяўлення запланавана 32 мерапрыемствы, 20 з якіх ужо выконваюцца, расказаў міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ. У Беларусі, дарэчы, 90 % крыніц вады паверхневыя, і больш за 40 % усёй вады, якая выкарыстоўваецца, прыходзіцца на гаспадарча-пітныя патрэбы. Летась гэты паказчык быў 117 літраў у суткі на чалавека.

— У найбліжэйшую пяцігодку плануецца збудаваць больш як 800 станцый абезжалезвання. А больш за сотню населеных пунктаў перападключыць да існуючых сістэм водазабеспячэння з вадой пітной якасці. Неабходна таксама перавесці ўсіх мінчан на ваду з падземных крыніц і збудаваць каля 300 водазаборных свідравін. У межах праграмы прадугледжана і стварэнне каля 11,5 тысячы кіламетраў водаправоду і 11,2 кіламетра каналізацыі для цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення. А для павышэння якасці сцёкавых вод трэба збудаваць і рэканструяваць 70 ачысных збудаванняў сцёкавых вод па ўсёй краіне. Запланаваны ўвод у эксплуатацыю 186 станцый абезжалезвання, больш за 50 станцый будуецца, — падзяліўся планавымі лічбамі міністр.

Якасную пітную ваду, па яго словах, цяпер маюць 95,1 % жыхароў, а выкананне заданняў дзяржпраграмы дазволіць забяспечыць такой вадой яшчэ каля 110 тысяч чалавек, якія пераважна жывуць у сельскай мясцовасці. У той жа час да 2025 года якасная вада павінна быць у кожнага беларуса.

Сёлета да канца года павінна быць заменена 412 кіламетраў сетак водазабеспячэння і 177 кіламетраў водаадвядзення, рэканструявана восем ачысных збудаванняў сцёкавых вод, адрамантавана больш за тры тысячы прыдамавых тэрыторый.

Цяпло згубленае, сэканомленае, з МВП і АКЭ

Цеплазабеспячэнне, пэўна, — адна з найважнейшых і самая дарагая камунальная паслуга. 10 % ад кошту жыроўкі складае плата менавіта за ацяпленне і падагрэў вады, пры тым што гэта паслуга на 70 % субсідзіруецца дзяржавай. І менавіта ў гэтым сегменце хаваецца вялізны рэзерв эканоміі, мяркуе міністр. У прыватнасці, гэта памяншэнне страт пры транспарціроўцы цеплаэнергіі (згубленага цяпла павінна быць не больш як 5,8 % па горадзе). Немалую ролю ў гэтым працэсе іграе замена цепласетак.

— Дзякуючы сістэмнай рабоце па замене цепласетак можна сцвярджаць, што ступень іх надзейнасці дастатковая, і яна ўзрастае з кожным новым ацяпляльным сезонам. А прычына аварый, якія ўсё ж здараюцца, на нашу думку, — у няправільным падыходзе да эксплуатацыі. Трэба памяняць стаўленне да падобных інцыдэнтаў, каб пазбегнуць іх у будучыні, — упэўнены Андрэй Хмель.

У міністэрстве распрацавалі рэкамендацыі аб парадку збору і перадачы інфармацыі пры ліквідацыі аварый на аб'ектах ЖКГ. У дакуменце дакладна прапісана рэагаванне на пазаштатныя сітуацыі. Важна не толькі аператыўна ўстараніць наступствы, але і аб'ектыўна разабрацца ў абставінах таго, што адбылося. Для гэтага зроблена інструкцыя парадку тэхнічнага расследавання аварый і пашкоджанняў на аб'ектах ЖКГ.

Відавочна, што вытворчасць энергіі на мясцовых відах паліва (МВП) сябе цалкам апраўдала, бо яе сабекошт значна меншы, чым газу, сцвярджае Міхаіл МАЛАШАНКА, намеснік старшыні Дзяржстандарту, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці:

— У краіне працуе 3800 энергакрыніц, 2800 з якіх пераведзены на МВП. За першы квартал гэтага года сабекошт цеплаэнергіі з выкарыстаннем газу ў сістэме ЖКГ склаў 104 рублі, а са шчапой — 90 рублёў.

Выкарыстанне для цеплазабеспячэння ў асобных раёнах ці домаўладаннях аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) таксама прынясе станоўчы эфект, лічаць у Інстытуце ЖКГ НАН Беларусі, дзе намерваюцца выйсці з прапановай рэалізацыі комплекснай тэхналогіі па впасадцы дрэў, якія хутка растуць і якія можна будзе выкарыстоўваць для нарыхтоўкі шчапы.

— Замяшчэнне толькі 10 % цеплаэнергіі за кошт атрымання яе ад АКЭ дазволіць дасягнуць вельмі сур'ёзнага энергетычнага эфекту — 300 тысяч і больш т.у.п. І тут павінны быць задзейнічаны ўсе метады, у тым ліку і лічбавізацыя працэсаў, — мяркуе Вадзім КІЦІКАЎ, дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі.

Вышэйшы кошт — хутчэйшы рамонт

Штодня працуюць камунальнікі і над павышэннем якасці паслуг, каб было менш нараканняў ад насельніцтва і жыхары звярталіся не з прэтэнзіямі, а па тлумачэнні нейкіх момантаў. Дарэчы, пераважная частка скаргаў грамадзян звязана менавіта з утрыманнем і рамонтам жылля. Людзей хвалююць якасць і тэрміны правядзення работ капітальнага рамонту, што ў большай ступені і задае дынаміку работ у гэтым кірунку. Да канца 2021-га, дарэчы, капрамонт павінен быць выкананы на 3,540 млн м2 жылля, і гэты паказчык будзе дасягнуты, запэўніў Андрэй Хмель:

— Сёння выбудавана дакладная сістэма арганізацыі планавання і правядзення капрамонтаў, работы з насельніцтвам на падрыхтоўчай стадыі і падчас яго правядзення. Аднак пытанне арганізацыі гэтага працэсу з боку адказных асоб на месцах і нядобрасумленнасць падрадчыкаў застаецца злабадзённым.

Міністэрствам падрыхтаваны праект пастановы ўрада аб карэкціроўцы пастановы № 324, у якім з улікам практыкі прымянення ўдасканальваюцца падыходы пры планаванні, правядзенні і фінансаванні капрамонту. Для скарачэння тэрмінаў яго выканання спрашчаецца працэдура прыняцця рашэнняў па ўключэнні ў бягучы графік капрамонту жылых дамоў, кошт аднаго квадратнага метра ў якіх перавышае гранічную норму затрат на капрамонт. А таксама рашэнняў па змяненні аб'ёмаў фінансавання работ. Канкрэтызуюцца выпадкі, калі могуць прымацца такія рашэнні. У праектнай пастанове таксама ўдакладнены склад работ пры капрамонце за кошт мэтавых крыніц, дадаў міністр.

Палову — дзяржава, палову — жыхары

На шляху да інавацыйных тэхналогій і новага жылля камунальнікам даводзіцца вырашаць існуючыя праблемы ў старым жылфондзе, 91 % якога ў Беларусі неэнергаэфектыўны. Пры гэтым галіна ЖКГ спажывае 39,5 % усёй цеплаэнергіі, якая вырабляецца ў краіне (23 млн Гкал з 58 млн Гкал), абазначыў Міхаіл Малашанка:

— Новым будынкам класа А, А+ і Б на ацяпленне аднаго квадратнага метра плошчы патрэбна 60 кВт·г у год і менш. Аднак існуючаму жыллю трэба значна больш. Ёсць такія сегменты, якія спажываюць у чатыры-пяць разоў болей, чым гэта прадугледжана тэхнічнымі нарматыўна-прававымі актамі пры праектаванні і будаўніцтве новых дамоў.

У жыллі ў Літве былі падобныя да нашых праблемы. 66 % літоўцаў жывуць у шматпавярховіках, якія ўзведзены да 1993 года, а сучаснае энергаэфектыўнае будаўніцтва тут вядзецца невялікімі тэмпамі. Больш як чвэрць стагоддзя таму ў Літве вырашылі рабіць тэрмарэнавацыю існуючага жылля з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў непасрэдна ад саміх уласнікаў памяшканняў. 40 % жыхароў пры гэтым выступалі супраць укладання грошай у існуючае жыллё і схіляліся да думкі, што прасцей яго зруйнаваць і збудаваць новае энергаэфектыўнае. Цяпер у Літве да 30 % сродкаў на ўкараненне энергаэфектыўных мерапрыемстваў кампенсуецца дзяржавай. А ўласнік аплачвае не толькі тэрмарэнавацыю дома, але і ўсе рэгламентныя работы, прадугледжаныя капрамонтам (сеткі, дах, прылеглая тэрыторыя, водаадвядзенне). На квадратны метр пры правядзенні энергаэфектыўных мерапрыемстваў прыходзіцца траціць 180—190 еўра. Дзяржава пры гэтым дапамагае ўласнікам прыцягнуць ільготны крэдытны рэсурс пад фіксаваныя 3 % гадавых у першыя пяць гадоў з наступным пагашэннем на працягу 10—15 гадоў, расказаў Міхаіл Малашанка.

Для вырашэння праблем энергаэфектыўнасці існуючага жылля ў нашай краіне прадугледжана, што дзяржава, пры жаданні жыхароў, аплачвае кошт энергаэфектыўных мерапрыемстваў (ад тэрмарэнавацыі дома да пакватэрнага аснашчэння індывідуальнымі сістэмамі аўтаматычнага рэгулявання і індывідуальнымі прыборамі ўліку цеплаэнергіі) на 100 %. А ўласнік на працягу наступнага дзесяцігоддзя вяртае палову кошту затрат. Нягледзячы на гэта, ва ўсёй краіне тэрмарэнавацыя выканана толькі ў чатырох аб'ектах. На пакрыццё затрат уласнікі ў гэтых дамах трацяць штомесяц ад 16 да 20 рублёў. У 15 дамах укараняюцца энергаэфектыўныя мерапрыемствы, а ў 17 уласнікі пагадзіліся на правядзенне энергетычнага абследавання, распавёў дырэктар Дэпартамента і прывёў прагнозныя паказчыкі:

— Пры існуючай тарыфнай палітыцы аплата паслуг дзяржавы па ўкараненні энергаэфектыўных мерапрыемстваў можа падацца нявыгаднай для ўласніка. Аднак калі дапусціць, што пасля тэрмарэнавацыі ў доме будзе эканоміцца толькі на ацяпленні каля 40 % энергіі, то розніца ў аплаце цеплаэнергіі ў звычайным жыллі і доме, дзе зроблены энергаэфектыўныя мерапрыемствы, штомесяц складзе 7,4 рублі. Пакуль беларусы кампенсуюць толькі 20 % сабекошту цеплаэнергіі, аднак калі гэтая лічба вырасце да 50 %, то розніца ў аплаце за цяпло ў дамах без уцяплення і з ім складзе ўжо 20 рублёў.

Эксперты сведчаць, што нават рыначная цана квадратнага метра ў такіх дамах адрозніваецца на 10—20 %, што, на іх думку, — добрая падстава менавіта сёння ўкладаць грошы ў заўтрашні камфорт і эканомію.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.