Вы тут

Аляксей Талай прывёз у Брэсцкую крэпасць зямлю з Саур-Магілы


Сёлета Музею абароны Брэсцкай крэпасці спаўняецца 65 гадоў. Ён быў адкрыты 8 лістапада 1956 года ў адноўленай частцы абарончай казармы. Больш за чатыры тысячы экспанатаў расказваюць наведвальнікам пра гісторыю і сучаснасць цытадэлі.


Знакавай падзеяй у юбілейным годзе стала перадача зямлі з вяршыні Саур-Магілы, самай высокай кропкі Данбаса, дзе ў гады ваеннага ліхалецця ішлі кровапралітныя баі. У музейнай экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру» ў спецыяльнай крыпце захоўваюцца капсулы з зямлёй з тых месцаў, дзе ў вайну ішлі найбольш жорсткія і вызначальныя баі. Цяпер тут будзе на адну капсулу больш. Гэта стала магчымым дзякуючы члену Канстытуцыйнай камісіі, грамадскаму дзеячу, параалімпійцу Аляксею Талаю.

Вясной гэтага года з гуманітарнай місіяй Аляксей Талай наведаў Данбас. Яго галоўнай мэтай была падтрымка і дапамога дзецям, пацярпелым ад ваенных дзеянняў у гэтым рэгіёне. Але, як прызнаецца Аляксей, абмінуць увагай Саур-Магілу ён не мог. З 1941 да 1943 года Данбас быў акупіраваны нямецкімі войскамі. Два гады немцы ўзводзілі тут свае абарончыя збудаванні. Курган пад назвай Саур-Магіла меў для іх важнае тактычнае значэнне. Падчас баёў за ўзяцце Саур-Магілы ў жніўні 1943 года тут загінулі 23 тысячы савецкіх воінаў.

«Мы падняліся на гэтыя схілы, мы аддалі даніну павагі ўсім героям, якія змагаліся за вызваленне Саур-Магілы. Гэтая зямля палітая крывёй маладых людзей. І для нас вялікі гонар прывезці частачку гераічнай Данецкай зямлі сюды, у свяшчэннае для ўсіх месца — Брэсцкую крэпасць. Гэта знак і сімвал мужнасці, нязломнай волі і подзвігу нашага салдата. Брэсцкую крэпасць наведалі мільёны людзей. Экспанаты тут папаўняюцца кожны год, і цяпер будзе частка і ад нас. Гэтым мерапрыемствам мы выказваем даніну павагі тым, хто аддаў сваё жыццё, каб мы сёння жылі і памяталі», — падкрэсліў Аляксей Талай.

Цікава, што за некалькі месяцаў у шчыльна закрытым армейскім кацялку, без вады і святла, у зямлі з Саур-Магілы з'явіліся кволыя зялёныя парасткі. Як адзначыў Аляксей Талай, найлепшы сімвал жыцця і таго, што і на Данбасе будуць панаваць шчасце і любоў — уявіць цяжка.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк параўнаў баі на Саур-Магіле з абаронай Брэсцкай крэпасці ў першыя дні вайны. «Тут таксама як маглі абаранялі невялікі кавалак сваёй роднай зямлі. Я ўпэўнены, што капсула зойме дастойнае месца і яшчэ раз нагадае ўсім наведвальнікам Брэсцкай крэпасці, як трэба бараніць сваю зямлю. І не толькі бараніць, але і клапаціцца аб міры. Нездарма экспазіцыя называецца «Музей вайны — тэрыторыя міру», — адзначыў ён.

«Я як чалавек, які воляй лёсу на сабе спазнаў, што такое вайна, боль і пакуты, вельмі тонка адчуваю нябачную сувязь з нашымі воінамі-абаронцамі праз асобу свайго дзядулі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Трафімавіча Талая. Дзякуючы яму я сёння жыву, жывуць мае чацвёра дзяцей, існуе наша сям'я. Мы ўсе павінны ў поўнай меры ганарыцца тымі, нашчадкамі каго мы з'яўляемся. Мы павінны расказваць аб гэтым нашай моладзі, нашым дзецям, каб і яны памяталі. Тэма Вялікай Айчыннай вайны — гэта фундамент нашага народа, дзякуючы якому мы выстаялі ў цяжкі час і выстаім у будучыні. І нашы дзеці павінны пра гэта ведаць. Мы будзем развіваць гэту тэму і далей. І я маю на гэта поўнае права як удзячны нашчадак», — падзяліўся Аляксей Талай.

Дабрачынны фонд Аляксея Талая будзе і далей наведваць месцы ваеннай славы, супрацоўнічаць з музеямі, дапаўняць іх экспанатамі. І не толькі дзеля захавання памяці аб мінулай вайны, але і дзеля будучыні. Таму і дабрачынная місія на Данбас працягнецца. І з'явяцца новыя, у рэгіёны, дзе ад рознагалоссяў дарослых пакутуюць дзеці. «Для нас вайна, якая ідзе на Данбасе, — не пусты гук. І, разумеючы, што дзецям у першую чаргу патрэбен мір і жывыя вочы іх маці, мы будзем працягваць сваю справу. Мы, беларусы, добра ведаем, што толькі «талакой», толькі разам мы можам пераадолець усе цяжкасці і захаваць мір на нашай Зямлі», — заявіў грамадскі дзеяч.

Адразу пасля ўрачыстага мерапрыемства Аляксей Талай расказаў брастаўчанам, як сам пераадольвае цяжкасці. Матывацыйны спікер наведаў 38-ю асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду. А затым сустрэўся са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Тэма размовы з рознымі аўдыторыямі была аднолькавая — як не здавацца ў цяжкіх жыццёвых абставінах і быць шчаслівым нягледзячы ні на што. І гэта, бадай, самая важная тэма.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

г. Брэст

Загаловак у газеце: Гэта знак і сімвал мужнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.