Вы тут

Як выхаванцы гродзенскага дзіцячага дома вучыліся змешваць фарбы і спасцігаць таямніцы папулярных прафесій


Такую магчымасць для дзяцей і падлеткаў упершыню арганізавалі адразу некалькі ўстаноў і арганізацый. Завадатарам сустрэчы стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Ірына Луканская. Выхаванцы дзіцячага дома пазнаёміліся таксама з прадстаўнікамі Гродзенскай гарадской арганізацыі «Гродненчанка», якія набылі для дзяцей полівітамінныя комплексы. Ад РУП «Фармацыя» паступілі антысептыкі і сродкі індывідуальнай аховы.


Добры кантакт адбыўся з выкладчыкамі і навучэнцамі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання, а таксама з лаўрэатамі міжнародных конкурсаў цырульніцкага майстэрства, якія арганізавалі для дзяцей майстар-клас.

Такая сустрэча зладжана дзеля таго, каб пазнаёміць падлеткаў з цікавымі прафесіямі, дапамагчы ім вызначыцца з далейшым выбарам у жыцці.

Па словах дырэктара Панямуньскага дзіцячага дома Нэлі Стралкоўскай, зараз ва ўстанове пражывае 44 выхаванцы, перад якімі ў найбліжэйшы час паўстане пытанне выбару будучай прафесіі. Таму і было вырашана правесці такую першую сумесную сустрэчу па прафесійнай арыентацыі. У гэтым плане нямала карысных і запатрабаваных спецыяльнасцяў прапануе каледж бытавога абслугоўвання: цырульнік, кравец, майстар па манікюры, візажыст, закройшчык. Усе яны робяць чалавека прыгожым, таму і попыт на такія паслугі наўрад ці знікне. Хутчэй наадварот. А новыя тэхналогіі робяць гэтыя прафесіі яшчэ больш прывабнымі.

Каб зацікавіць дзяцей, цырульнікі-прафесіяналы правялі прэзентацыю самых модных прычосак для падлеткаў. Нават дарослыя маглі пазайздросціць ультрасучасным стрыжкам і афарбоўкам. Дарэчы, у якасці мадэляў выступілі дзеці саміх цырульнікаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі дэфіле і былі вельмі цёпла прыняты гаспадарамі сустрэчы. Многіх здзівіў незвычайны колер валасоў у некаторых мадэляў. Як расказалі майстры, такі колер называецца марсала. Яго можна атрымаць пры змешванні трох адценняў — сіняга, фіялетавага і чырвонага. Упэўніцца ў гэтым змаглі ўсе прысутныя. Кожны атрымаў невялікі лісток з каплямі трох колераў. Некаторыя падлеткі нават папрасілі пафарбаваць сабе невялікую пасму валасоў і былі гэтым вельмі задаволеныя.

— Мы прадэманстравалі тое, што дзецям зараз хацелася б, што ім падабаецца, — расказала майстар-мадэльер прычосак, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аксана Сураўцава. — Моладзь зараз не баіцца раскрыць сваю індывідуальнасць, гаварыць аб сабе, заяўляць праз знешнасць. А ўвогуле, дзеці хочуць быць яркімі. Таму і мы зараз прыйшлі, каб даць ім частку прыгожага свету.

Дарэчы, сярод былых выхаванцаў Панямуньскага дзіцячага дома нямала такіх, хто абраў спецыяльнасці, звязаныя з бытавымі паслугамі. Ёсць і прафесійныя цырульнікі. Хутка пытанне выбару прафесіі паўстане перад дзяўчатамі і хлопцамі, што прысутнічалі ў зале.

— Вядома, зараз многія дзеці задумваюцца аб тым, што яны будуць рабіць далей, — заўважыла Нэлі Стралкоўская. — Вось і сённяшняе мерапрыемства вельмі карыснае для дзяцей, бо носіць ідэю прафарыентацыі. Магчыма, некаторыя змогуць вызначыцца з будучай прафесіяй альбо пазнаёміцца з нейкай новай спецыяльнасцю. Напрыклад, зацікавяцца тым, як ствараць новыя прычоскі, рабіць стрыжкі. Зменяць сваё ўяўленне аб гэтай прафесіі ў лепшы бок.

Падобнае мерапрыемства па прафесійнай арыентацыі тут праходзіць упершыню. Хаця раней было нямала сустрэч, у тым ліку з грамадскімі арганізацыямі. Неаднойчы наведвала дзіцячы дом дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Луканская. Многім запомнілася сумесная лепка пельменяў і прыгатаванне піццы. Дырэктар установы адзначыла важнасць такіх сустрэч. На яе думку, гэта яшчэ адзін з элементаў сацыялізацыі. Такім чынам пашыраецца іх уяўленне аб свеце, дзеці бачаць новых людзей, новыя магчымасці.

— Вельмі важна, каб дзеці-сіроты не баяліся ўступіць у дарослае жыццё, яны павінны ведаць, на якую падтрымку могуць разлічваць. А дзяржава нямала робіць для іх дабрабыту, — заўважыла Ірына Луканская.

Яна адзначыла, што правы дзяцей-сірот рэгулююцца заканадаўствам. Ім аказваецца значная дапамога. Напрыклад, за імі захоўваецца жылая плошча, пакуль яны знаходзяцца ў дзіцячых установах. Калі памяшканне не прыдатнае да жылля, даецца сацыяльнае жыллё. У дарослым узросце дзеці-сіроты маюць права на льготны крэдыт для будаўніцтва кватэры. Праўда, у жыллёвым пытанні ёсць нюанс, над якім вядзецца работа сумесна з урадам. Справа датычыць аплаты даўгоў па камунальных паслугах — з-за нядбайных бацькоў выдаткі кладуцца на дзяцей. Яны ўступаюць у правы на кватэру з вялікай камунальнай запазычанасцю. Пытанне, якое знаходзіцца на стыку двух ведамстваў, павінна быць урэгуляванае, падкрэсліла Ірына Луканская. Па яе словах, хутчэй за ўсё гэтую плату возьме на сябе бюджэт.

Утрыманне дзяцей-сірот у дзіцячых дамах таксама знаходзіцца пад дзяржаўнай апекай. Пры гэтым не ўсе бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, але не могуць выконваць свае абавязкі з-за хваробы. Большасць дзяцей — сацыяльныя сіроты.
— У кожнага свая гісторыя. Многія з адной сям’і, есць такія, дзе дзяцей шасцёра, — расказала Нэлі Стралкоўская. — Усе яны тут пачынаюць раскрывацца, бо ім удзяляецца шмат увагі, з імі займаюцца, яны развіваюцца па сваіх інтарэсах, наведваюць гурткі, атрымліваюць дадатковую адукацыю. Стараемся прапанаваць ім нейкія новыя кампетэнцыі, адкрываем таленты. Вядома, усяго гэтага яны ў сваіх сем’ях не бачаць.

У дзяцей-сірот ёсць льготы як пры паступленні ў навучальныя установы, так і пры далейшай вучобе там. Напрыклад, у каледж яны паступаюць без экзаменаў, маючы бал атэстата не ніжэйшы за «4». Ёсць прэферэнцыі і для тых, хто імкнецца атрымаць вышэйшую адукацыю. Падчас вучобы дзецям-сіротам даецца стыпендыя, бясплатнае пражыванне, харчаванне. Два разы на год навучэнцы атрымліваюць матэрыяльную дапамогу на адзенне.

— Для дзяцей дзяржава робіць нямала, — зазначыла Ірына Луканская. — Можна сказаць усё, бо замяняе ім бацькоў. Галоўнае, чаго ім не хапае, — сям’і. І нам, грамадству, трэба імкнуцца, каб у кожнага дзіцяці была сям’я. Лепш, калі яны будуць на выхаванні сваіх родных. Трэба, каб людзі ведалі, што, калі дзіця прыйшло ў гэты свет, уся сям’я за яго ў адказе.
У Гродзенскай вобласці цяпер два дзяржаўныя дзіцячыя дамы, раней іх было значна больш. Цяпер аддаецца перавага прыёмным сем’ям і дамам сямейнага тыпу, дзе сіроты атрымліваюць станоўчы вопыт сямейных адносін. Але перш чым яны самі створаць сям’ю, ім патрэбна дапамога ў атрыманні адукацыі, прафесіі, каб стаць, што называецца, на ногі. Толькі тады ёсць гарантыя, што яны не паўтораць шлях сваіх бацькоў і кола інтэрнацкіх устаноў удасца разарваць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».