Вы тут

Ода радасці ды каханню


Прэм’ера балета «Канёк-Гарбунок» прайшла на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі 30 і 31 кастрычніка. Каманда пастаноўшчыкаў пад кіраўніцтвам харэографа, галоўнага балетмайстра тэатра, народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна прадставіла публіцы балет савецкага кампазітара Радзівона Шчадрына. Два дзеянні, паўтары гадзіны чыстага гучання, але што гэтаму папярэднічала? Пра падрыхтоўку, прэм’еру і ўражанні ад работы расказала творчая група Вялікага. Але спачатку пра вытокі…


Першакрыніца Пятра Яршова

Руская казка ў вершах напісана Пятром Яршовым у 1830-х гадах. Галоўныя персанажы — сялянскі сын Іван-дурань і чароўны Канёк-Гарбунок. Гэты класічны твор рускай дзіцячай літаратуры напісаны чатырохстопным харэем з парнай рыфмоўкай. Лёгкасць верша, мноства трапных выразаў, элементы сацыяльнай сатыры — усё гэта абумовіла папулярнасць казачнай паэмы і сярод дарослых, лічаць даследчыкі.

Пісьменнік задумаў свой твор, калі прачытаў казкі Аляксандра Пушкіна, якія тады толькі выйшлі. Вядома, што пазней будучы класік пахваліў «Канька-Гарбунка». Дарэчы, у 1910-я і 1930-я гады першыя чатыры радкі казкі ўключаліся ў зборы твораў Аляксандра Пушкіна, але пазней было вырашана не друкаваць іх разам, бо ранейшае сведчанне Аляксандра Смірдзіна, кнігапрадаўца і выдаўца, пра тое, што яны належаць Аляксандру Сяргеевічу, пачалі ўспрымаць толькі як удзел паэта ў рэдагаванні. Акрамя таго, ужо пасля смерці паэта Пётр Яршоў замяніў радок «Не на небе — на зямлі» на «Супраць неба — на зямлі». Калі б стваральнікам быў Пушкін, магчыма, Пётр Яршоў не адважыўся так зрабіць. Так ці інакш, дагэтуль існуе версія аб аўтарстве вялікага рускага паэта.

У 1843 годзе, пасля выхаду трэцяга выдання, казка была цалкам забаронена цэнзурай і 13 гадоў не перавыдавалася, забылася чытачом. Аднак у 1856 і 1861 гадах аўтар падрыхтаваў новыя выданні, аднавіўшы цэнзурныя пропускі і істотна перапрацаваўшы тэкст. Да канца XIX стагоддзя «Канёк-Гарбунок» стаў класікай. Між тым Пётр Яршоў выкарыстаў у творы мноства народных казак («Казка пра Івана-дурня», «Сіўка-Бурка», «Жар-птушка», «Васіліса-царэўна» і інш.), а сюжэт быў распаўсюджаны ў іншых культурах.

Балет Радзівона Шчадрына

Балет у 4 актах 8 карцінах з пралогам і эпілогам быў створаны для Вялікага тэатра СССР тады яшчэ аспірантам кансерваторыі, якому на той момант было крыху больш за дваццаць гадоў. Вядома, што папярэднічала з’яўленню музыкі паездка ў беларускую глыбінку, дзе кампазітару давялося пачуць шмат народных песень. Партытуру ён прысвяціў Маі Плісецкай, з якой пазнаёміўся якраз на першых рэпетыцыях гэтага спектакля. Знакамітая ўжо балерына стала яго жонкай у 1958-м. Прэм’ера ж «Канька-Гарбунка» прайшла ў 1960 годзе, а ў 1961-м яго пастаноўка была экранізавана.

Між тым у 1864 годзе на сцэне імператарскага Пецярбургскага Вялікага Каменнага тэатра ўжо з’яўляўся балет на той жа сюжэт і з такой жа назвай. Гэта быў паспяховы твор кампазітара Цэзара Пуні ў пастаноўцы галоўнага балетмайстра Пецярбургскай імператарскай трупы Артура Сен-Леона. Яго лічаць першым балетам на рускую нацыянальную тэматыку. Шмат гадоў ён уваходзіў у рэпертуар рускіх тэатраў, аднак савецкай уладзе быў не даспадобы.

Вынік Юрыя Траяна

За знакамітую алегарычную казку з выхаваўча-асветніцкім падтэкстам у мінскім Вялікім тэатры ўзяліся ўпершыню. Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэм’еры «Канька-Гарбунка», генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Вячаслаў Гарбузаў падкрэсліў:

— Упэўнены, што балет будзе цікавы не толькі дзецям, але і бацькам. Пастановачная група вельмі якасна падышла да харэаграфіі, касцюмаў, музычнага матэрыялу, сцэнаграфіі і святла. Атрымаўся вельмі добры, дастойны вынік. Спектакль стане ўпрыгажэннем нашага рэпертуару на многія гады.

У балетнай версіі кожны глядач, па задумцы пастаноўшчыкаў, разгледзіць нешта сваё: дарослыя — гісторыю, не пазбаўленую надзённасці, дзеці — цудоўныя ператварэнні і прыгожую карцінку. Спецыяльна для прэм’еры мастак па касцюмах Кацярына Булгакава стварыла тры сотні эскізаў. Папярэдне вывучыла дзясяткі карцін, у тым ліку творы самага знакамітага з рускіх ілюстратараў Івана Білібіна. Натхненнем паслужылі эскізы работ рускіх мастакоў, якія афармлялі балетныя спектаклі, у першую чаргу з «Мира искусства». У спектаклі, расказвае Кацярына Булгакава, існуюць два светы — свет людзей і казачных істот, якія ў рэшце рэшт дапамогуць галоўным героям знайсці сваё шчасце. Таму ўсе казачныя персанажы прыдуманы такімі, якімі іх можа ўявіць толькі дзіця: у смешных уборах, яркіх, як дзіцячая размалёўка.

За ператварэнні на сцэне адказвае каманда спецыялістаў на чале з мастаком Любоўю Сідзельнікавай. «Найперш мяне натхняла музыка Радзівона Шчадрына, — адзначае мастак-пастаноўшчык. — Неабходна было знайсці гармонію, каб афармленне спектакля спалучалася менавіта з музыкай. Таму я старалася стварыць не толькі народную гісторыю. Шукала нейкія матывы ў рускім мадэрне, чэрпала ідэі ў маёліцы Міхаіла Урубеля, у работах удзельнікаў Абрамцаўскага мастацкага гуртка».

Аўтар лібрэта, балетмайстар-пастаноўшчык спектакля Юрый Траян звяртае ўвагу, што «Канёк-Гарбунок» павінен зацікавіць гледачоў у тым ліку вобразнасцю і шматслойнасцю сэнсаў: «Галоўнае для нас — захаваць свет, атмасферу, дух рускай народнай казкі, — падкрэслівае балетмайстар-пастаноўшчык. — Уся гісторыя пачнецца ад… печкі. У рускай казцы гэта, мабыць, адзін з найважнейшых сімвалаў, за якім хаваецца мноства знакаў і сэнсаў».

— Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў асабіста знаёмы са Шчадрыным і атрымаў ад яго дазвол паставіць балет, — расказвае дырыжор-пастаноўшчык спектакля, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Калядка. — Радзівон Канстанцінавіч у свой час напісаў чатыры вялікія дзеянні: больш за тры гадзіны музыкі, таўшчэзныя тамы! Там і каралы танцуюць, і варыяцыі марскога рака… Але сёння чатыры гадзіны ніхто сядзець не будзе, і ні ў адным тэатры чатыры дзеянні не ставіліся! Таму мы не выправілі ніводнай ноты, але, вядома, скарацілі, бо ва ўсіх тэатрах робяць гэтыя купюры.

За аснову беларускай пастаноўкі ўзята рэдакцыя галоўнага дырыжора пецярбургскага Марыінскага тэатра Валерыя Гергіева. Насамрэч рэдагаваў партытуру і ўзгадняў яе са Шчадрыным не Гергіеў, а харэограф Дзмітрый Бранцаў, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Адбывалася гэта сорак гадоў таму, калі ў Кіраўскім тэатры (цяпер Марыінскім) упершыню ставіўся «Канёк-Гарбунок».

— У Юрыя Антонавіча каласальны драматургічны нюх! — з захапленнем працягвае Мікалай Калядка. — Я да яго прыслухоўваюся. Кажа: «А давайце, мы гэты марш крышку абрэжам або наогул прыбяром!» Спачатку я абураюся: «Як гэта прыбраць? Там аркестр выдатна гучыць!» А потым думаю: «Навошта ў канцы нам гэты камічны пахавальны марш? Мы лепш пяройдзем адразу да па-дэ-дэ — да радасці, да кахання!»

Што ж атрымалася ў выніку? На сцэне — сутыкненне дабра і зла, хітрасці і прастаты, кахання і жадання любымі сродкамі займець прадмет кахання. Галоўныя героі засталіся тыя ж, што і ў класічным творы: Іван, Канёк-Гарбунок, Цар-дзеўчына, Цар… Царства Жар-птушак вогненнае, палаючае… Жыхароў Падводнага царства адрозніваюць плаўныя рухі. Чуюцца нават гукі мора. У свеце людзей праходзяць шумныя кірмашы, плятуцца палацавыя інтрыгі. Цар, натуральна, любіць рускую печ і цацачнага канька, з якім бавіцца як малое дзіця. Размаляваныя ўзоры расцвітаюць не толькі ў дэкарацыях, але і амаль ва ўсім, што акружае герояў.

Эвен Капітэн выканаў ролю Івана. Французу няпроста было навучыцца танцаваць па-руску, таксама злавіць і ўвасобіць манеру паводзін, тым не менш усё атрымалася. Роля Канька-Гарбунка бліскуча ўдалася японцу Тара Курачы. Яго персанаж палюбіцца дзецям і дарослым за спрыт, знаходлівасць, вернасць. Ды і Цар у выкананні Юрыя Кавалёва атрымаўся не тыранам, а камічным, па-дзіцячы наіўным і капрызным. Дарэчы, рэжысёр-пастаноўшчык Юрый Траян падкрэсліў, што, калі б танцаваў у спектаклі, абраў бы ролю Цара: «Там вельмі шмат цікавых акцёрскіх момантаў, іх трэба ўвасобіць, аднак не перайграць».

— На жаль, не ўсе артысты балета, якія цудоўна танцуюць, выдатныя акцёры, а бывае, і наадварот. Маем тры саставы выканаўцаў, чацвёрты толькі фарміруецца. Кардэбалет танцуе кожны дзень, салісты мяняюцца. На жаль, каранавірус унёс свае карэктывы. Ёсць месцы, дзе мне давялося скараціць колькасць артыстаў, але, спадзяюся, гэтая справа часовая. Усё пройдзе, і будзем танцаваць у пашыраным саставе, — падкрэсліў Юрый Траян.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».