Вы тут

Sex-балясы.Эх, падман, адзін падман...


Чулі нядаўнюю гісторыю пра тое, як маскоўская «чыка» запрашала мужчын на спатканне ў кавярні, вячэрала на дзясяткі тысяч рублёў і прымушала іх плаціць? («Ты мне вельмі падабаешся. Я хачу ад цябе праблем».) На «развод» паскардзіўся адзін з падманутых кавалераў. 37-гадовы прыезджы пазнаёміўся з красуняй са сталіцы на сайце знаёмстваў. Спатканне было вельмі мілым і рамантычным. («Калі мужык захоча, ён зразумее намёк нават там, дзе яго няма».) Праўда, у канцы прынеслі рахунак на 27 тысяч. Новы кавалер, мякка кажучы, такога не чакаў і плаціць адмовіўся. Але яго хутка «пераканалі» — адзін з супрацоўнікаў установы прыгразіў нажом, некалькі разоў ударыў кулаком па твары і адабраў тэлефон. («— Не хвалюйся, каханая! Я жонку не кінуў і цябе не кіну!») А тая, з кім збіты нязмушана балбатаў падчас вячэры, прыхапіла яго банкаўскую картку і зняла з яе грошы. Засмучаны кліент звярнуўся ў паліцыю. Пасля гэтага затрымалі 26-гадовага супрацоўніка кавярні і тую самую 18-гадовую масквічку. Яна прызналася, што супрацоўнічала з установай — знаходзіла для іх наведвальнікаў за «бонусы». («— Дарагі, я знайшла тваю заначку і спусціла яе ў рэстаране з сяброўкамі». — «Нічога страшнага, дарагая, гэта я табе на новае футра збіраў».)


А вось вам яшчэ гісторыя пра падман. Вядомая маладая сексуальная байкерша з Японіі аказалася... 50-гадовым мужыком з жаночымі фільтрамі з дадатку FaceApp. («Гэта ў мяне баліць спіна таму, што цяжка насіць сваю прыгожую знешнасць, класны характар, яскравую харызму і круты гумар. Столькі вартасцяў на сабе цягну!») Аматарка язды на матацыкле мела шмат прыхільнікаў з-за сваёй мілай знешнасці. Але аднойчы фанат прыгледзеўся да аднаго з яе сэлфі і выявіў, што адлюстраванне ў люстэрку вельмі адрозніваецца ад рэальнасці. («Як гаворыць мой псіхіятр, калі ты адзін — гэта нармальна. Дрэнна, калі цябе двое».) Неўзабаве высветлілася, што гэта зусім не дзяўчына, а 50-гадовы японец. Ён не стаў нічога адмаўляць і проста прызнаўся. Мужчына патлумачыў, што яму хацелася паказаць людзям свой байк і месцы, дзе ён пабываў, але «ніхто не хацеў глядзець на 50-гадовага дзівака». Таму ён вырашыў пайсці на такую ??хітрасць. («Жаночая фраза «Я здымаю бялізну» да вяселля і пасля вяселля азначае зусім розныя рэчы».)

А ў Самарскай вобласці падчас ЭКА пацыентцы падсунулі сперматазоіды ад чужога мужчыны. («Кожная наша спрэчка з жонкай незалежна ад тэмы нейкім неверагодным чынам зводзіцца да таго, што яна нараджала нашых дзяцей, а я — не».) Так, муж і жонка ў 2015 годзе звярнуліся па медыцынскую дапамогу ў адну з клінік горада, дзе для бяздзетных пар праводзіцца працэдура экстракарпаральнага апладнення. («Усё складана» — гэта калі сядзіш і думаеш: трэба табе шукаць мужыка ці ён у цябе ўжо ёсць?») Першая спроба была няўдалая. Муж і жонка заключылі з клінікай новы дагавор. («Сужэнцкі доўг — гэта калі хочаш не хочаш, а трэба хацець».) Але пры гэтым мужчына даў афіцыйную згоду на правядзенне ЭКА толькі з яго генетычным матэрыялам. У выніку ён даведаўся, што народжанае дзіця не з'яўляецца яму родным, і развёўся са сваёй жонкай. Вырашыць праблему ўдалося толькі праз Вярхоўны суд Расійскай Федэрацыі. (« — Саша, я пакахала іншага». — «Лена, а як жа я?» — «Зусім забылася... Саша, як ты?») Мужчына мае намер займець з клінікі кампенсацыю ў пяць мільёнаў рублёў за «невыносныя маральныя пакуты». Але гэта хаця і непрыемная гісторыя, аднак яна не ідзе ні ў якое параўнанне з нашай сённяшняй «вішанькай на торце».

Цалкам выпадкова раскрылася службовае злачынства ўрача з Нідэрландаў Яна Карбаата. Вядома, што донарам трэба плаціць за атрыманы біялагічны матэрыял. Але навошта, калі і свайго хоць адбаўляй? («Чым каханне адрозніваецца ад сексу? Каханню ўсе ўзросты скараюцца».) Ян адразу сцяміў, дзе можна атрымаць профіт, і апладніў сваёй спермай мінімум 43 яйцаклеткі. Праўда, паліцыя мяркуе, што эпізодаў злоўжывання службовымі абавязкамі можа быць больш за 200, але спытаць няма каго — Карбаат памёр у 2017-м, на 89 годзе жыцця. («— Дзяўчына, колькі ў вас у жыцці было сексуальных партнёраў?» — «Тры... А, не, прыгадала адзін выпадак. Шаснаццаць».)

Як усё раскрылася? («Ён так радаваўся, што ў яго з'явілася палюбоўніца, што не стрымаўся і расказаў жонцы».) Адзін з жыхароў Нідэрландаў сядзеў увечары каля тэлевізара і выпадкова ўбачыў, што госць адной з медыцынскіх перадач мае з ім дзіўнае падабенства. («Дрэнна, калі дзіця падобнае на суседа, асабліва, калі сусед — ты».) Не паленаваўшыся зрабіць дарагую экспертызу ДНК, мужчына адразу ж знайшоў 26 блізкіх сваякоў у розных краінах Еўропы, пра якіх раней не ведаў. («Увесь у мяне» — гэта калі ваша дзіця вучыцца на адны «дзясяткі». «Увесь у бацьку» — калі ад яго зацяжарыла аднакласніца».) Гэтым зацікавілася паліцыя, і толькі пасля раскрыўся сакрэт генетычнага і вонкавага падабенства людзей. Усіх братоў і сясцёр аб'ядноўвала адна агульная дэталь: іх маці ў розныя гады былі пацыентамі ратэрдамскага цэнтра штучнага апладнення Bіdjorp. Такім чынам, былі знойдзены нашчадкі хітрага доктара узростам ад 9 да 43 гадоў. («— Доктар, я хачу пухлыя вусны, нос меншы, вейкі доўгія, валасы выпраміць і ў плацінавую бландзінку пафарбавацца». — «Добра. Запісваю: як ва ўсіх».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.