Вы тут

І тады з'яўляецца чалавек...


Прачытала аднойчы ў «Фотаслове» Яўгена Пясецкага:

Не вернеш ні за словы,

ні за грошы —

Асенняй прыгажосці

больш няма...

Зусім вось як цяпер: дрэвы стаяць амаль голыя, чорна-карычневыя, і насоўваецца з усіх бакоў шэрая непагадзь ды адпаведны настрой. Хоць і кажуць, што ў лістападзе сем пагод на двары, але лагодныя, сонечныя дні здараюцца рэдка. І ў рэдкі год затрымліваецца цяпло. Яшчэ радзей асенняе хараство нейкім цудам застаецца аж да канца месяца, фактычна да самай зімы.


Таму і запомнілася яно, што надзвычай доўга трымалася асенняя рознакаляровая лістота 12 гадоў таму. Мы пераязджалі ў новую кватэру 20 лістапада, а бярозкі ў двары былі жоўтыя, і на маладой рабінцы не апалі лісты. Дзень стаяў сонечны, лагодны, нібы ў верасні. Ды мне было не да любавання прыродай. Хто пераязджаў, той ведае. І не проста клопаты навасёлаў наваліліся — узніклі асаблівыя абставіны, якія вымушалі ўсё рабіць тэрмінова, шукаць машыну, людзей на дапамогу. Рэч у тым, што мы не проста куплялі кватэру, а мянялі жыллё на большае па плошчы: сваю двухпакаёвую кватэру прадалі, а чатырохпакаёвую купілі. Усё рабілі з пасрэдніцтвам аднаго агенцтва нерухомасці, дагаворы на куплю і продаж падпісвалі адначасова. І новая гаспадыня нашай былой кватэры ў агенцтве паабяцала пачакаць месяц, пакуль будзем рабіць рамонт у новай. Паабяцала на словах. А калі не прайшло і тры тыдні пасля здзелкі, раптам заявіла, што мы павінны вызваліць яе жылплошчу за тры дні. Так вось і прыйшлося ўсё рабіць у аўральным рэжыме. Нават знайсці фірму, якая дапаможа, у такі рэкордны тэрмін аказалася нерэальна. Грузавік муж выпісаў на рабоце, а памочнікаў шукалі сярод сяброў, знаёмых, іх знаёмых.

Адным словам, з ранейшай кватэры мэблю, тэхніку, рэчы вынеслі, пагрузілі, прывезлі, разгрузілі каля пад'езда. Самыя габарытныя прадметы мужчыны ўзнялі на паверх і аднеслі ў кватэру. Але ж усе спяшаліся, для кіроўцы грузавіка час — грошы. Ну і памочнікі: хто на некалькі гадзін адлучыўся з працы, каму трэба было па сваіх справах. Адным словам, у маленькім нашым дворыку каля бяроз і рабінкі ўтварылася даволі вялікая куча з мяккай мэблі, скрыняў з посудам, мяшкамі з адзеннем і рэчамі, валізкамі з кнігамі і процьмай іншай драбязы — здавалася, дзе толькі яно змяшчалася ў двухпакаёўцы. Пасля двух дзён напружанай работы па зборы гэтых рэчаў, клопату з арганізацыяй пераезду было цяжка нават глядзець на тую кучу. Стан мой быў недзе на мяжы разгубленасці і адчаю: «Што з усім гэтым рабіць — невядома, сіл, здавалася, больш не засталося». І тут падышоў чалавек, які да гэтага ў двары сядзеў на лавачцы, спытаў ці не патрэбна дапамога. Сказаў потым, што прыязджаў на вяселле, затрымаўся, потым укралі кашалёк, цяпер вось няма за што дадому заехаць, дык яму хоць бы на білет зарабіць. Ад нечаканасці я аж не знайшлася што адказаць у першы момант. Выручыла сяброўка, якая з усёй кампаніі засталася з намі пасля разгрузкі: «Бярыце во гэта крэсла ды панеслі!».

Адным словам, гэты дужы на выгляд, каржакаваты мужчына за нейкую гадзіну ўзняў на шосты паверх большую частку рэчаў і шчыра дзякаваў, калі я дала яму грошай не толькі на білет, але і на абед. І знік ён з поля зроку гэтак жа раптоўна, як з'явіўся.

Што гэта было і хто гэта быў — разважалі мы потым з Ірынай, калі спусціліся ўніз па апошнія пакеты. Той выпадковы чалавек аказаўся прыстойна апрануты і зусім не падобны на людзей адпаведнага кантынгенту, што гатовыя на нейкую паслугу за магчымасць зарабіць колькі рублёў на выпіўку. «Усялякае можа здарыцца і з прыстойным чалавекам, — па-філасофску заўважыла Ірына і дадала: — А табе сёння ён амаль што пасланнік нябёсаў, які можа з'явіцца толькі ў такі незвычайны для гэтай пары, прыгожы дзень». І тады мы, стомленыя, прыселі на лаўку, дзе дагэтуль сядзеў выпадковы памочнік, і заўважылі, якая рэдкая прыгажосць стаіць у канцы лістапада.

Таму і запомнілася. А згадала зараз, бо літаральна днямі ў сваёй групе з каляжанкамі мы абменьваліся рознымі здарэннямі з жыцця, якія можна назваць калі не цудамі, то праявамі незвычайнага. Амаль у кожнага ў жыцці бывала нешта ці з'яўляўся нехта, каб дапамагчы, калі разгубішся, калі ўзнікалі цяжкасці, калі, здавалася, не было адкуль чакаць дапамогі. І найчасцей такое здараецца ў лагодны, прыгожы дзень, гэта ўжо маё асабістае назіранне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.