Вы тут

Космас, электратранспарт. На што яшчэ замахнуліся беларускія навукоўцы?


«Сёння Акадэмія навук — гэта не толькі найбуйнейшы сучасны даследчы цэнтр новай фармацыі, а фактычна навукова-вытворчая карпарацыя. У нас паспяхова функцыянуе каля 80 навуковых арганізацый, працуе 12 прамысловых прадпрыемстваў, 4 сельскагаспадарчыя вытворчасці, 24 галіновыя лабараторыі, створаныя на базе НАН і профільных міністэрстваў (Мінпрама, Мінсельгасхарча, Мінпрыроды і іншых). Для таго каб маштабаваць нашы лабараторныя распрацоўкі, дзейнічае каля 230 уласных вытворчых участкаў, якія дазваляюць ствараць доследна-прамысловыя ўзоры, гатовыя да іх перадачы ў прамысловую эксплуатацыю. Гэта важнае сувязное звяно паміж фундаментальнай навукай, навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі і рэальным іх прымяненнем», — паведаміў на сустрэчы з журналістамі галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН, доктар хімічных навук Андрэй ІВАНЕЦ.


Сёлета беларуская акадэмічная навука адзначае свой векавы юбілей: гістарычны адлік вядзецца ад стварэння сто гадоў назад у Мінску Інстытута беларускай культуры.

— Пасля развалу Савецкага Саюза перад намі была пастаўлена задача — ажыццяўляць навуковае суправаджэнне галін эканомікі. Мы ўсе сёння нацэлены на практычны вынік, але трэба разумець, што без фундаментальнай навукі ў нас не будзе пошукавай думкі і ўніверсітэцкай адукацыі, — падкрэслівае першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН акадэмік Сяргей ЧЫЖЫК. — Цалкам без дзяржаўнай падтрымкі навука развівацца не можа, і прыкладна 15 працэнтаў ад усіх бюджэтных сродкаў, што накіроўваюцца ў навуку, ідзе менавіта на фундаментальныя даследаванні. Фінансаванне навукі адбываецца ў нас праз дзяржаўныя праграмы па стратэгічных напрамках — навукова-тэхнічныя і інавацыйнага развіцця. Усе гады мы выбудоўвалі сваю работу з арыентацыяй на праграмна-мэтавы спосаб фінансавання. Вучоны павінен адстаяць сваю тэму на экспертызе, прайсці конкурс і, атрымаўшы грошы на свае даследаванні, пасля іх завяршэння пацвердзіць, што яны былі выкарыстаны эфектыўна, што з'явіўся нейкі прадукт, ён укаранаяецца, і праз тры гады грошы ў выглядзе падатковых адлічэнняў вернуцца ў бюджэт. Канешне, мы не можам закрыць усе патрэбы ў фінансаванні навукі толькі за кошт бюджэтных сродкаў, таму і вядзём пошук іншых крыніц фінансавання.

Як адзначыў Андрэй Іванец, Акадэмія навук забяспечвае навуковае суправаджэнне напрамкаў першараднай важнасці: гэта авіякасмічныя даследаванні, бяспечная эксплуатацыя Беларускай атамнай электрастанцыі, развіццё біятэхналагічнай галіны, фармацэўтыкі ў плане распрацоўкі субстанцый лекавых прэпаратаў па айчынных тэхналогіях, стварэнне ІT-краіны і іншыя.

— Таксама сюды можна аднесці і вывучэнне палярных раёнаў Зямлі. У гэтым годзе мы адзначылі 15-годдзе з таго часу, як Беларусь у якасці незалежнай дзяржавы асвойвае Антарктыду, і зусім хутка будзем праводзіць на шосты кантынент нашу чарговую экспедыцыю палярнікаў, — расказаў галоўны вучоны сакратар НАН. — Сёння навука — найважнейшы рэсурс для развіцця эканомікі. Толькі ў бягучым годзе мы ажыццяўлялі ўкараненне больш як 290 навуковых распрацовак. Гэта вялізная лічба. Такія навінкі даюць значны штуршок для інавацыйнага развіцця цэлага шэрага нашых галін і прадпрыемстваў. Прычым мы працуем не толькі над тым, каб павялічвалася колькасць укаранёных распрацовак, але і над павышэннем іх эфектыўнасці, рэзультатыўнасці і эканамічнага эфекту.

Цяпер Акадэмія навук супрацоўнічае з усімі буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі краіны. Гэта ўвесь машынабудаўнічы комплекс, мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка, біятэхналагічныя вытворчасці. У прыватнасці, мы вельмі цесна працуем па навуковым забеспячэнні Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, якая выпускае новыя біяпрэпараты для сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці. Такая прадукцыя выкарыстоўваецца ўжо ў аграпрамысловым комплексе, яна арыентавана на экспарт, а таксама на закрыццё ўнутраных патрэб краіны ў тых таварах, якія пастаўляюцца з-за мяжы.

Увогуле, як адзначаюць вучоныя, апошнім часам навука сутыкаецца са шматлікімі новымі выклікамі: пандэмія, змяненне клімату, якое цягне змяненне ўмоў вядзення сельскай гаспадаркі, санкцыйны ціск на эканоміку.

— Мяркую, што беларускія прадпрыемствы як ніколі раней зацікаўленыя ў айчынных распрацоўках, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Мы, вучоныя, расцэньваем сённяшнюю сітуацыю як шанц для таго, каб нашы распрацоўкі больш актыўна ўкараняліся ў вытворчасць. Мы ствараем новыя перспектыўныя навуковыя напрамкі. Да таго ж нашы навукова-тэхнічныя распрацоўкі запатрабаваныя ў 39 краінах. Экспарт паслуг складае каля 50 мільёнаў долараў ЗША штогод, і мы паступова павялічваем гэту лічбу.

У першую дзясятку краін па аб'ёмах экспарту арганізацый НАН уваходзяць Расія, Саудаўская Аравія, Кітай, ЗША, Украіна, Іран, Латвія, Казахстан, Вялікабрытанія і Германія. У мінулым годзе на базе арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук дзейнічалі 43 міжнародныя даследчыя цэнтры, сумесныя лабараторыі, праводзіўся комплекс мерапрыемстваў па стварэнні яшчэ пяці міжнародных даследчых цэнтраў і лабараторый.

Сёння мы ганарымся сваімі поспехамі ў галіне аэракасмічных даследаванняў, у прыватнасці, створаныя намі ахоўныя электрамагнітныя экраны выкарыстоўваюцца на міжнародных касмічных апаратах. Так, на японскім апараце, які дасягнуў Меркурыя, уся электроніка абаронена нашымі ахоўнымі экранамі, створанымі ў Навукова-практычным цэнтры па матэрыялазнаўстве Нацыянальнай акадэміі навук. Беларускае ўгнаенне «Нанаплант» (80 працэнтаў ад аб'ёмаў яго выпуску) экспартуецца ў Заходнюю Еўропу. Мы атрымалі адпаведны сертыфікат Еўрасаюза... Нашы вучоныя сабралі ўжо другі персанальны суперкамп'ютар, якім зацікавіліся кітайскія калегі.

У Акадэміі навук пачалі асвойваць выпуск арыгінальных фармацэўтычных субстанцый — гэта вельмі дарагія даследаванні, прычым расцягнутыя ў часе: на іх стварэнне можа сысці да дзесяці гадоў. Штогод вучонымі Акадэміі навук распрацоўваюцца 2-3 арыгінальныя субстанцыі, што дазволіла нам забяспечыць імпартазамяшчэнне шэрага дарагіх імпартных анкалагічных прэпаратаў. Да таго ж пасля выхаду на рынак беларускіх аналагаў кошт некаторых імпартных лекаў зменшыўся ў 5—10 разоў, а раней, калі яны былі манапалістамі на рынку, маглі дыктаваць нам свае цэны.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак — развіццё лінейкі электратранспарту.

— Пераход на электратранспарт — сусветны трэнд, — кажа Сяргей Чыжык. — Калі год-два назад у нас было ўсяго 300 электрамабіляў на ўсю краіну, то зараз іх налічваецца 4—4,5 тысячы. Не сумняваюся, што колькасць электракараў будзе павялічвацца. І мы як машынабудаўнічая краіна можам сказаць сваё слова ў гэтай сферы. Канешне, з «Тэслай», «Нісанам», «Аўдзі» ці «Міцубісі» мы канкурыраваць не збіраемся, а робім стаўку на камунальны электратранспарт. У Акадэміі навук ужо ёсць з дзясятак доследных узораў. Робіцца стаўка таксама і на развіццё беспілотнага транспарту, які забяспечць прынцыпова іншыя падыходы да вядзення сельскай гаспадаркі — размова ідзе пра дакладнае земляробства з апорай на інфармацыю, атрыманую з космасу і паветраных беспілотнікаў. Гэтая тэхналогія карэнным чынам мяняе традыцыйныя падыходы да сельскагаспадарчых работ. Прымяненне дакладнага земляробства дае магчымасць павысіць эфектыўнасць і прадукцыйнасць на кожным іх этапе, аптымізаваць колькасць матэрыялаў, што ўносяцца ў глебу, знізіць затраты і павялічыць ураджайнасць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота НАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».