Вы тут

Як нерухомасць мінулага служыць на карысць сёння


Нерухомасць у Віцебскай вобласці сёлета актыўна ўцягваецца ў гаспадарчы абарот. Прыдзвінскі край з'яўляецца лідарам па колькасці аб'ектаў, у якіх з'явіліся новыя гаспадары. Ёсць вельмі добрыя прыклады перакваліфікацыі функцыянальнасці сцен.


Былая сядзіба Корсакавых у Полацкім раёне. Цяпер тут будзе хоспіс.

Жыллё за базавую

Кіраўнікі мясцовай улады і асабіста старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў надаюць кантролю за пытаннем выкарыстання нерухомасці вялікую ўвагу. На нядаўнім пасяджэнні аблвыканкама было агучана патрабаванне наладзіць сумесную сістэмную работу ўсёй вертыкалі з прадпрыемствамі і інвестарамі, разгледзець усе магчымыя варыянты ўключэння маёмасці ў гаспадарчы абарот.

Паводле інфармацыі камітэта «Віцебскаблмаёмасць», сёлета больш за сто аб'ектаў нерухомасці рэалізавалі на аўкцыёнах або перадалі інвестарам для ажыццяўлення бізнес-праектаў. Ёсць магчымасць атрымаць будынак бясплатна, каб потым укласці ў яго сродкі для адкрыцця бізнесу. Можна па сімвалічнай цане купіць і жыллё. Вызначаны населеныя пункты Віцебскай вобласці, дзе жылыя дамы, якія пустуюць, будуць прадавацца за базавую велічыню на аўкцыёне і без аўкцыёну. Што цікава, на сёння пустыя жылыя дамы знаходзяцца не толькі ў аддаленых сельскіх населеных пунктах, але і ў самім Віцебску.

Важнасць вырашэння праблемы пустога жылля ў сельскай мясцовасці падкрэслена і кіраўніком дзяржавы, і ўрадам краіны. 24 сакавіка Прэзідэнт падпісаў Указ № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі». У жніўні аблвыканкам прыняў рашэнне № 415 «Аб адчужэнні пустых жылых дамоў у Віцебскай вобласці». Яно ўступіла ў дзеянне з канца верасня.

Дамы, якія суд прызнаў безгаспадарнымі і якія перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, могуць прадавацца на аўкцыёнах з пачатковай цаной, роўнай адной базавай велічыні, або адразу за базавую без правядзення таргоў. Акрамя таго, з улікам прапаноў гарадскіх і раённых выканкамаў вызначаны населеныя пункты, дзе такая нерухомасць можа ўключацца ў абарот толькі на таргах. Усяго ў гэты пералік уключана 380 населеных пунктаў у шаснаццаці раёнах Віцебшчыны, у тым ліку трынаццаць раённых цэнтраў, а таксама Віцебск і Наваполацк.

Будзе жыць... у сельсавеце

Прыдзвінскі край, які мяжуе адначасова з Еўрапейскім саюзам і Расійскай Федэрацыяй, становіцца ўсё больш прывабным для пакупкі тут нерухомасці. Нядаўна на аўкцыёне за 52 тысячы рублёў сышоў з малатка былы піянерскі лагер у Аршанскім раёне. Гэты аб'ект нерухомасці спрабавалі прадаць з 2014 года. Цяпер польскі інвестар плануе зрабіць тут турыстычную базу. Па ўмовах аўкцыёна на гэта даецца два гады.

Заслужаны артыст Расіі мастацкі кіраўнік гурта Global Cіrcus Мікалай Чалнакоў усяго за шэсць базавых велічынь купіў былую школу ў Глыбоцкім раёне. Ён мае намер адкрыць у ёй аграрную сядзібу з дзіцячай забаўляльнай паркавай зонай з элементамі лэндарту і клаўнарыумам. Новы ўласнік упэўнены, што гэта прыцягне турыстаў не толькі з Беларусі.

Набываюць на аўкцыёнах нерухомасць, якая раней выкарыстоўвалася ў розных мэтах. Нядаўна, у прыватнасці, быў прададзены былы будынак сельскага Савета ў Віцебскім раёне. Знаходзіцца ён недалёка ад абласнога цэнтра ў вёсцы Вялікія Лётцы. З канца 1990-х да 2017 года ў ім было паштовае аддзяленне, потым будынак здаваўся ў арэнду. На памяшканне прэтэндавалі аж чатыры пакупнікі. Стартавалі з цаны ў базавую велічыню, на шасцідзясятым кроку аўкцыёна будынак сельскага Савета разам з ацяпляльным абсталяваннем быў прададзены за 14 тысяч рублёў жыхару Віцебска. Новы ўласнік плануе пасля рэканструкцыі выкарыстоўваць аб'ект пад жыллё.

А ў Полацку ў жылыя дамы пераўтвараюцца былыя казармы. Першы 48-кватэрны дом ужо з жыльцамі. Улічваючы, што ў краіне нямала былых ваенных гарадкоў, такі падыход можа быць добрым прыкладам для пераймання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Сцены павінны «рухацца»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.